background

Экспазіцыя музея Якуба Коласа ў Мінску

Музей Якуба Коласа быў створаны Пастановай ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР ад 16 жніўня 1956 года і адчынены для наведвальнікаў 4 снежня 1959 года. Размешчаны ў доме, дзе правёў апошнія гады свайго жыцця народны паэт Беларусі Якуб Колас. Двухпавярховы дом і прылягаючы да яго сад плошчай 0,4 га размешчаны на тэрыторыі Акадэміі Навук Беларусі. Музей захоўвае дакументы аб жыцці, творчасці і грамадскай дзейнасці Якуба Коласа (Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча, 1882 – 1956).Агульная плошча экспазіцыі 319 кв. м. Музей мае 10 экспазіцыйных залаў, у двух з якіх захаваны прыжыццёвы інтэр’ер пакояў дома Якуба Коласа: гэта рабочы кабінет і спальня.

Літаратурна-дакументальная экспазіцыя створана на аснове сцэнарнай канцэпцыі, распрацаванай калектывам навуковых супрацоўнікаў музея, і па замыслу аўтараў павінна быць "паэтычным уступам" у мемарыяльную частку музея. Гэты дом, у тым выглядзе, які ён мае зараз, быў пабудаваны 1952 годзе да 70-цігоддзя Якуба Коласа і аформлены ў адпаведнасці з грамадскім статусам гаспадара. Наведвальнікі музея, асабліва тыя, хто мала знаёмы з жыццём і творчасцю паэта, мусяць скрозь манументальнасць яго сцен і ўбранства пакояў разгледзець цяністы жыццёвы шлях, якім прайшоў вясковы хлопчык Костусь Міцкевіч, перш чым стаў народным паэтам Беларусі Якубам Коласам.

Сённяшняя экспазіцыя рыхтавалася да 120-ці годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа і храналагічна з’яўляецца чацвёртай па ліку (пачынаючы з 1959 года). Яна ў многім наватарская па стылістыцы, крэатыўная па дызайну. З часу здачы папярэдняй экспазіцыі (1982 г.) мінула амаль чатыры дзясяткі гадоў – змяніліся шматлікія жыццёвыя рэаліі, абнавіліся ацэнкі некаторых грамадска-палітычных і літаратурна-мастацкіх з’яў, знакавых з пункту погляду нацыянальнай ідэі твораў, у тым ліку і Якуба Коласа. Навуковы калектыў супрацоўнікаў у саўтарстве з групай дызайнераў стварыў лаканічную і цэласную прастору літаратурна-дакументальнай экспазіцыі, максімальна наблізіўшы яе да архітэктуры і духоўнага жыцця мемарыяльнага дома.

Асаблівасцю экспазіцыі ў мемарыяльным музеі Якуба Коласа стала яе падкрэсленая карэктнасць у сценах гэтага дома – так, паэта даўно няма побач з намі, ён са шкадаваннем пакінуў гэты свет і свой дом, і сёння, кожны, хто ў яго заходзіць, міжволі павінен адчуць сябе ўтульна ў беражліва захаванай прасторы гэтага дома.

Больш за 300 фотаздымкаў і каля 500 дакументаў, уключаючы рукапісы і кнігі Коласа, удалося размясціць у чатырох залах музея дзякуючы дызайнерскай знаходцы – мабільнаму пласкасному модулю, стылізаванаму пад адрыўны каляндар. Стылістычна такі прыём падачы матэрыяла зрокава ўзмацніў эмацыянальны эфект канцэпцыі літаратурнай экспазіцыі: відавочна прачытваюцца і сувязь з кнігай, і даніна захапленню паэта (Колас доўгі час калекцыяніраваў адрыўныя насценныя календары), і падкрэсленае стаўленне да Часу, якое матэрыялізавана ў такім блізкім кожнаму чалавеку ў штодзённым побыце прадмеце. Усе гэтыя фактары разам узятыя і дапамагаюць наведвальніку ўбачыць і адчуць Якуба Коласа як чалавека, які некалі рэальна жыў: са сваімі праблемамі, сумненнямі і радасцямі, штодзённым укладам жыцця. Вельмі не хацелася б, каб любімы народам Пясняр успрымаўся сучаснікамі як забранзавелы літаратурны аксакал – вечны пераможца, заваёўнік паэтычнага Алімпу, які без сумненняў і расчараванняў 50 гадоў панаваў на літаратурных вяршынях.

Размова з наведвальнікамі пачынаецца не з таго, колькі твораў ён напісаў і якія ўзнагароды Радзімы ён насіў на лацкане пінжака, а з таго, як адчуваў сябе Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч у ролі вядомага ўсяму Саюзу паэта Якуба Коласа, якія рэальныя жыццёвыя факты прадказалі стварэнне брэндаў беларускай літаратуры паэм "Новая зямля" і "Сымон-музыка", хто натхніў немаладога ўжо паэта на філасофскія "Казкі жыцця" і чаму нават да гэтага часу мала хто знаёмы з яго тонкай любоўнай лірыкай.

Вобраз сардэчнага гаспадара, мудрага субяседніка і неабдзеленага ўвагаю ўладаў і простых людзей паэта арганічна аб’ядноўвае дзве нераўназначныя паводле храналогіі і іншых параметраў часткі экспазіцыі: літаратурна-дакументальную і мемарыяльную.

Уз’яднаць вобразы высокай паэзіі з прадметамі матэрыяльнай культуры дапамагаюць сімвалічныя фотакалажы. Яны стылістычна працуюць на расшыфроўку вобразу шляхоў-дарог. Вобраз гэты, абазначаны праз фотаздымкі роднага краю, стаў дамінантай усёй экспазіцыі. Такім чынам, жыццёвыя шляхі-дарогі Коласа відавочна выходзяць за межы яго жытла, адкрываюць нам тыя запаветныя куточкі зямлі, дзе ён бываў, і ўсё тое, што выклікала ў кожным асобным выпадку сваё чалавечае і пісьменніцкае ўражанне.

Сувязным звяном паміж дакументальнай (І паверх) і мемарыяльнай (ІІ паверх) часткамі экспазіцыі стала лесвіца ў доме (яна вядзе ў прыватныя пакоі пісьменніка), дзе прадстаўлены шэраг фотаздымкаў вядомых беларускіх і замежных дзеячаў навукі, культуры, літаратуры, палітыкі, якія гасцявалі ў свой час у доме Коласа.

У мемарыяльнай частцы ўзноўлены прыжыццёвы інтэр’ер дома сярэдзіны 1950-х гадоў на момант смерці Коласа (1956). Гэта і вялікая гасцёўня, дзе збіраліся госці і родныя, і сталовая з мэбляю чырвонага дрэва і ўзорамі сталовых сервізаў, і рабочы кабінет ранняга перыяду з пісьмовым сталом і рэдкімі кнігамі ХІХ стагоддзя. Асаблівую цікавасць нязменна выклікае асабісты кабінет Коласа, дзе на рабочым стале сярод іншага ляжыць недапісаны ліст паэта – над ім абарвалося яго жыццё. Гадзіннік зафіксаваў час, калі спынілася сэрца – 13.20, тут жа каляндар 1956 года, адкрыты на даце апошняга пражытага дня – 13 жніўня. Тут і унікальны пісьмовы прыбор, зроблены па заказу калег-пісьменнікаў у Ленінградзе ў 1947 годзе: чарнільніцы і падстаўка для алоўкаў выкананы ў выглядзе дубовых пянёчкаў, як памяць пра самае любімае дрэва пісьменніка.

З усходняга боку дома на ўзроўні другога паверха маецца адкрытая тэраса, якая ў цёплую пару года даступна для наведвальнікаў і з’яўляецца выдатнай пляцоўкай для агляду тэрыторыі і сядзібных пабудоў.

Экспазіцыя ў сталічным доме-музеі – як рэха. Рэха тых месцаў і таго часу, калі нараджаліся паэтычныя вобразы песняра. Рэха ў апусцелых пакоях дома, які некалі быў аазісам беларускай культуры.

Музей Якуба Коласа – гэта нацыянальны культурны цэнтр, у якім беражліва захоўваецца не толькі гісторыя жыцця і творчасці аднаго з заснавальнікаў беларускай літаратурнай мовы, а ў мастацкіх тэкстах – яго паэтычны свет, паэтыка беларускай мовы. Гэты паэтычны свет не абмяжоўваецца інтэр’ерамі мемарыяльнага дома, ён прасціраецца далёка за яго сценамі і жыве сваім уласным жыццём.

background

Запоўніце, калі ласка, форму, каб набыць квіткі