background

Гісторыя музея

На тэрыторыі Акадэмгарадка (цяпер квартал Мінска, сумежны з праспектам Незалежнасці, вуліцамі Акадэмічнай і Сурганава) Якуб Колас пасяліўся пасля вяртання з эвакуацыі ў маі 1945 года. У спаленым горадзе цяжка было знайсці добрае жыллё, таму домік, прывезены з прыгараднай вёскі ў час вайны для патрэбаў нямецкага шпіталя і пастаўлены ў двары Акадэміі навук, стаў на той час адзіна магчымым вырашэннем жыллёвага пытання пісьменніка. Гэта быў драўляны домік памерам прыкладна 5х9 метраў, ён меў тры невялікія пакойчыкі і зусім маленькую кухню – 2х2 метры.

Водазабеспячэння ў доме не было. Затое гэта было зручнае  месца. Па-першае, у двары Акадэміі навук, дзе Якуб Колас працаваў віцэ-прэзідэнтам ад часу яе адкрыцця, па-другое, па ўспамінах старэйшага сына Данілы Міцкевіча, месца вельмі зручнае ў прыродных умовах – дом абступалі прыгожыя сосны – рэшткі загараднага лесу.

Гэты дом знайшоў сын Даніла адразу ж пасля вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і заняў яго з дазволу кіраўніцтва Акадэміі навук БССР. Сам Колас прыехаў у сталіцу ўпершыню пасля вызвалення 6 снежня 1944 года і некаторы час жыў у гэтым доме. Бываў і пазней наездамі, а канчаткова пераехаў з Масквы у маі 1945 года пасля смерці жонкі Марыі Дзмітрыеўны.

Паступова пачалі абжывацца на новым месцы. У канцы 1944 года вакол сядзібы зрабілі агароджу – час быў неспакойны. На працягу 1945-1946 гадоў пабудавалі пуню, гараж, склеп і лазню.

Улетку 1946 года дом песняра наведаў першы сакратар ЦК КПБ і старшыня СМ БССР Панцеляймон Панамарэнка. Ён быў шчыра здзіўлены больш чым сціплым побытам сям’і пісьменніка і, палічыўшы дом няўтульным і непрыгодным для жылля і працы народнага паэта, прапанаваў Коласу пабудаваць больш прасторны дом. Колас падзякаваў яму за клопат, але адмовіўся ад прапановы. Каля двух мільёнаў жыхароў рэспублікі жылі тады ў зямлянках, і народны паэт лічыў немагчымым для сябе ў той час жыць у раскошы.

Замест узвядзення новага будынка сям’я вырашыла абыйсціся частковай рэканструкцыяй старога. І ўжо ў 1947 годзе была зроблена двухпавярховая цагляная прыбудова, фактычна яшчэ адзін невялікі дом, дзе размясцілі кухню, туалетны пакой, маленькі пакойчык для хатняй работніцы на першым паверсе, а таксама кабінет і спальню пісьменніка на другім. У такіх умовах Колас з сям’ёй (сам, два сыны, нявестка) жыў на працягу пяці гадоў да 1952 года. І толькі ўлетку 1952 года, да 70-гадовага юбілею паэта, быў пабудаваны вялікі прасторны дом на падмурку старога (аўтар праекта – архітэктар Георгій Заборскі).

На першым паверсе размясціліся спальныя пакоі сыноў Коласа, гасцёўня, сталовая, веранда і кухня, а на другім – кабінеты сыноў Данілы і Міхася Міцкевічаў, кабінет і спальня Коласа, вялікая гасцёўня – усяго 319 м² жылой плошчы. У такім прыгожым і вялікім асабняку, адпаведным яго статусу, Колас пражыў амаль чатыры гады – з верасня 1952 па 13 жніўня 1956 года. Паэт памёр у сваім доме, у кабінеце за рабочым сталом.

Умовы для жыцця тут былі добрыя, пісьменнік шмат працаваў. Тут ён закончыў паэму "Рыбакова хата", трылогію "На ростанях", многія вершы, апавяданні, публіцыстычныя і крытычныя артыкулы, працаваў над завяршэннем цыкла "Казкі жыцця" і паэмы "На шляхах волі".

У доме часта бывалі госці. Дарагімі і жаданымі былі перш-наперш калегі – беларускія пісьменнікі Міхась Лынькоў, Максім Лужанін, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Кандрат Крапіва, Максім Танк, сват Янка Маўр (дачка Маўра Наталля стала нявесткай Коласа). Часта наведвалі Коласа і маладыя на тую пару пісьменнікі Янка Брыль, Іван Мележ, Іван Шамякін, Мікола Аўрамчык.
Калі ў Мінск прыязджалі з нагоды розных юбілейных дат пісьменнікі з Масквы, Ленінграда, Кіева яны знаходзілі сардэчны прыём у доме Коласа. Сярод іх былі Аляксандр Твардоўскі, Аляксандр Фадзееў, Сяргей Гарадзецкі, Сяргей Міхалкоў, Міхаіл Ісакоўскі, Максім Рыльскі, Мікола Нагнібеда і іншыя.

Побач з цяперашнім музейным комплексам размясціўся дом, у якім сёння жывуць нашчадкі вялікага пісьменніка.

Дом знакамітага пісьменніка абступае мемарыяльны сад. Якуб Колас, геній якога ўзгадаваны на глебе народнай культуры, глыбей, чым хто іншы, не проста тонка разумеў, але і адчуваў духоўнае значэнне кожнай расліны. Адсюль – і яго імкненне акружаць сябе прыродай, жыць у суладдзі з ёю. Сядзібу заўсёды аздабляла і мноства кветак – ружы, півоні, касачы, лілеі, вяргіні. Квітнелі гваздзікі, нарцысы, цюльпаны. Ужо ў красавіку 1945 г. на сядзібе пасадзілі шмат дэкаратыўных дрэў, сярод якіх быў і любімы Коласаў вяз. Пад гэтым вязам паэт часта адпачываў, гутарыў з сябрамі. У хуткім часе пасадзілі з дзесятак яблыняў каля хаты. Неўзабаве ўзнік і пладовы сад: яблыні, вішні, чарэшні, слівы, грушы, кусты агрэсту, парэчак, маліны, а таксама дэкаратыўныя дрэвы і кусты: ліпа, клён, каштан, піхта, серабрыстая елка, арэхі, барбарыс, бэз, вінаград і інш. Колас садок свой дбайна даглядаў і бярог. Нават калі наспела неабходнасць пабудовы новага дома, ён не вельмі разгортваўся ўшыр, каб не прымусіць высякаць што-небудзь у садзе. Колас вельмі любіў кусты: з прыгараднага лесу быў прывезены ядловец і пасаджаны ў кампанію да барбарысу, язміну, бэзу. А пад адным з вокнаў Колас саджаў тытунь, але пасля таго, як дактары забаранілі пісьменніку курыць, ён быў бязлітасна вырваны. У 1952-1953 гадах паэт пасеяў у сябе пад акном жыта і нават зрабіў вядомы дослед па сумеснаму пасеву жыта і ячменю, пра які вычытаў у дарэвалюцыйным часопісе. Вынікі цікавага пісьменніцкага эксперыменту публікаваліся ў "Вестях АН БССР" і рэспубліканскіх газетах. Пра сваю сядзібу Колас нават напісаў верш "З майго летапісу":

Стаіць мая хата між хвой кучаравых,
І купіна жыта на клумбе пры ёй.
Свая ў мяне пожня, і дрэўцы, і травы,
Пляцоўка, і двор свой і я сабе свой.

На Коласавым падворку ці не кожная раслінка мела сэнс – ад блакітнавокіх незабудак да жыццястромкіх сосен. Асаблівае месца займала кампазіцыя з чатырох дубоў і бярозы – дрэў, якія сімвалізавалі сям’ю вялікага Песняра: жонку, сыноў і яго самога. Дрэвы, канешне, падбіраліся невыпадкова: каб сімвалізм быў і глыбокі, і разам з тым зразумелы чалавеку паспалітаму. Так, любімае Коласава дрэва дуб – гэта ўвасабленне цвёрдасці, моцы, здароўя, надзейнасці. Бяроза з’яўляецца перадусім сімвалам чысціні і цнатлівасці жанчыны, яе хараства, а таксама любові і кахання. У беларускай культуры бяроза атаясамілася яшчэ і з вобразам маці і радзімы.

Мінула болей паўвека, як не стала гаспадара, а сама сядзіба пераўтварылася ў музей. Але ўсталяваныя яшчэ за дзядзькам Якубам традыцыі супрацоўнікі ўстановы імкнуцца захаваць. Па сённяшні дзень кожнай вясной цвітуць незабудкі, у любую пару года імкнуцца да нябёсаў сосны, дружнай грамадою паўстаюць волаты-дубы.

У доме часта бывалі госці. Дарагімі і жаданымі былі перш-наперш калегі – беларускія пісьменнікі Міхась Лынькоў, Максім Лужанін, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Кандрат Крапіва, Максім Танк, сват Янка Маўр (дачка Маўра Наталля стала нявесткай Коласа). Часта наведвалі Коласа і маладыя на тую пару пісьменнікі Янка Брыль, Іван Мележ, Іван Шамякін, Мікола Аўрамчык.

background

Запоўніце, калі ласка, форму, каб набыць квіткі