background

Музейныя калекцыi

Асновай фонду з'яўляюцца экспанаты, перададзеныя у музей сынамі паэта. Сукупнасць музейных прадметаў шматлікая і разнастайная. У яе аснове – прадметы, якія адпавядаюць профілю музея. Яны з'яўляюцца асноўным фондам, які налічвае 31 222 адзінкі. У музеі маюцца ў наяўнасці і неарыгінальныя, дублетныя матэрыялы (рэпрадукцыі, копіі, муляжы), з іх створаны навукова-дапаможны фонд колькасцю 4 166 адзінак.

Згодна класіфікацыі ў музейным фондзе ёсць наступныя калекцыі:

  1. Асабісты архіў пісьменніка налічвае каля 7 000 адзінак матэрыялаў, абмежаваных часовымі рамкамі з 1941 па 1956 год. Гэта тэксты і стэнаграмы выступленняў, дакладаў пісьменніка, лісты да родных і знаёмых, рускіх і беларускіх пісьменнікаў – П. Броўкі, П. Глебкі, М. Лынькова, К. Крапівы, М. Лужаніна, Я. Мазалькова, С. Гарадзецкага і іншых. А таксама архіў, перададзены ў музей роднымі Якуба Коласа. Яго складнікамі сталі рукапісы і машынапісы разнастайных твораў, лісты, тэлеграмы Коласу ад розных асоб, запрашальныя білеты, выразкі з газет і часопісаў, сабраныя ім для працы.
  2. Рукапісы. Фонд налічвае больш за 2 500 адзінак. Сярод самых цікавых і каштоўных матэрыялаў фонду можна вылучыць цыкл дарэвалюцыйных вершаў Коласа, яго белетрыстыку, некаторыя празаічныя творы (раман "На ростанях"), фальклорныя сшыткі з запісамі казак, легенд, паданняў, замоў, народных песень, якія паэт зрабіў у перыяд вучобы ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі і ў гады настаўніцкай працы на Палессі ў 1899-1904 гадах, паэмы "Сымон-музыка", "Рыбакова хата", "Суд у лесе" і іншыя.
  3. Кінафотадакументы. Асноўны фонд налічвае 4196 адзінак. Крайнія даты – 1901-2005 гг. Сюды ўвайшлі фотаздымкі па біяграфіі Коласа: яго самога, родных, сяброў, мясцін, звязаных з жыццём і творчасцю, фотамерапрыемстваў па ўвекавечванню памяці паэта. А таксама магнітафонныя стужкі з запісам голасу К. М. Міцкевіча і кінастужкі  дакументальных фільмаў аб яго жыцці.

Сярод найбольш ранніх экспанатаў: фотаздымак Якуба Коласа 1901 года ў час вучобы ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі; фотаздымкі Якуба Коласа 1908-1913 гадоў з дарчымі надпісамі сябрам; фотаздымак Якуба Коласа з дзецьмі ў в. Сёмкава 1922 года; групавы фотаздымак выпускнікоў Белпедтэхнікума 1929-1930 гадоў (сярод настаўнікаў – Якуб Колас); арыгінальныя фотаздымкі Якуба Коласа 1920-1930 гадоў з дарчымі надпісамі А. Сенкевічу, Я. Дыле, М. Грамыку, М. Гарэцкаму, П. Мядзёлцы, С. Гарадзецкаму; фотаздымак Якуба Коласа 1928 года з сям'ёй; Якуб Колас сярод членаў Інбелкульта; партрэты Коласа работы фатографа Г. Вайля, негатывы, зробленыя ў 50-я гады фатографамі Каралёвым Р.Н., Рапасавым Я.П., Бугадзёнкам Г.К., Бегуном Г.В. і інш.

4. Фонд "Выяўленчае мастацтва" налічвае 1 348 адзінку. Большую яго частку складаюць графічныя работы мастакоў Рана Н.С., Купавы М.М., Агуновіча Э.К.,  і    іншых – 817 адзінак, жывапіс – 91 работа, 11 скульптурных партрэтаў і 138 прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сюды увайшлі партрэты Якуба Коласа работы В.В.Волкава, Н.І.Гусева і іншых; партрэты родных Коласа; работы з выявамі мясцін, звязаных з паэтам; ілюстрацыі да ягоных твораў работы Паплаўскага П.Г., Лапіцкага А.П., Лось А.П., Савіча В.П.

Выклікаюць цікавасць карціны, падараваныя Я.Коласу ў 1952 годзе да 70-годдзя  з дня нараджэння: Радзімаў П. "Зіма ў Беларусі", Гарэлава-Азгур Г.Г. "Нёман у ваколіцах Мікалаеўшчыны", прыжыццёвыя партрэты Я.Коласа, выкананыя мастаком Паўлоўскім З.С.  у 1940 і 1948 гадах, карціны Драздовіча Я.Н. "Гарадольская пушча" 1926 года і "Гара Гараватка" 1952 года, малюнкі кабінета паэта і дома, зробленыя ў 1954-1956 гадах мастаком Малкіным Б.Я., барэльеф Гумілеўскага Л.М. "Янка Купала і Якуб Колас. Смольня. 1992", мастацкія работы з серыі "Родны кут песняра" Сулкоўскага Ул.Я., графіка Кашкурэвіча А.М., Басалыгі М.С і інш.

5. Кніжны фонд налічвае 16 751 адзінку захавання. Сярод найбольш каштоўных экспанатаў першыя і амаль усе прыжыццёвыя  выданні твораў Якуба Коласа на беларускай і рускай мовах, адзінае уцалелае з усяго тыражу 4-е выданне паэмы "Новая зямля" 1941 года; газеты "Наша ніва", "Наша доля" – 1906, 1908, 1913 гг., газеты ваенных гадоў; часопісы 20-х-40-х гг.: "Вольны сцяг", "Маладая Беларусь", "Маладняк", "Полымя", "Саха", "Крывіч", "Калоссе", "Славяне". З кола чытання можна вылучыць выданні Інбелкульта, АН БССР – 20-х гадоў. Кнігі Карскага Я., Растаргуева П., Шэйна П. , Ластоўскага В., Лёсіка Я., Тарашкевіча Б., Гарэцкага М., Замоціна В., Чаржынскага В., Луцкевіча А., Станкевіча А. і інш.

6. Асобнай калекцыяй прадстаўлены ўзнагароды Якуба Коласа – ордэны, медалі, значкі (69 адзінак).

7. Фонд прадметна-рэчавых помнікаў налічвае 864 адзінкі. Гэта мэбля і прадметы інтэр'еру мемарыяльных пакояў дома паэта, якія экспануюцца ў музеі і яго філіялах. 68 з іх – прадметы адзення пісьменніка і яго асабістыя рэчы.

8. У фонд "Акружэнне паэта" сабраны матэрыялы (лісты, кнігі, дакументы) аб асобах, якія ведалі Коласа непасрэдна: удзельнікі нелегальнага настаўніцкага з'езду 1906 года, турэмнага заключэння 1908-1911 гадоў, Курскага перыяду 1918-1921 гадоў, па працы ў Інбелкульце і АН БССР 20-30 гадоў і інш.

background

Запоўніце, калі ласка, форму, каб набыць квіткі