background

Крочым у школу разам з Коласам

Музей Якуба Коласа прапануе музейна-педагагічны праект, які дапаможа Вашаму дзіцяці не толькі псіхалагічна падрыхтавацца да школы, але і  цікава і пазнавальна правесці час.

Практычна кожнаму сучаснаму дзіцяці неабходна эмацыйная і псіхалагічная падрыхтоўка да школы. Гатоўнасць да навучання ў школе  гэта не толькі неабходны ўзровень развіцця пазнавальных працэсаў:  увагі, памяці, мыслення, але і здольнасць наладжваць зносіны з іншымі дзецьмі і дарослымі, уменне кіраваць сваімі паводзінамі ў адпаведнасці з патрабаваннямі педагогаў, адчуваць упэўненасць у сабе і ў сваіх сілах, набыць здольнасць адэкватна выказваць свае эмоцыі.

ПРАГРАМА ЗАНЯТКАЎ:
 
Занятак 1. "Добры дзень, музей!"

Знаёмства з музеем Якуба Коласа, асноўнымі музейнымі тэрмінамі, а таксама  творамі пісьменніка для дзяцей. Інтэрактыўная гульня "Таямніцы дома Песняра", майстар-клас па фітажывапісу.

Занятак 2. "У Савосева суседа быў пярэсценькі каток…"

Знаёмства з творамі Якуба Коласа  і  іншых беларускіх  пісьменнікаў праз ката, як аднаго з галоўных  герояў беларускіх народных казак,  загадак, прыказак, вершаў. Цікавыя факты пра катоў. Сумеснае чытанне верша на беларускай мове. Лепка фігуркі ката (цеста/гліна).

Занятак 3. "Ты ўмееш маляваць?!" па тэхналогіі французскай майстэрні

Стварэнне асацыятыўных малюнкаў паводле вершаў  Якуба Коласа Аўтарскае выкананне верша паэта з запісам на дыск з дапамогай мультымедыйнага комплексу.

Занятак 4. "Дарагі мой каляндар, няхай наступны будзе ў дар!"

З гісторыі з’яўлення календара. Хобі Якуба Коласа – калекцыяніраванне настольных календароў. Майстар-клас па стварэнні вечнага календара.

Занятак 5. "Тэатр бывае розным…"

Знаёмства з гісторыяй лялечных тэатраў.

Выраб лялек для тэатра з пластыкавых лыжак.

Лялечнае прадстаўленне.

Занятак 6. "Паэтычная майстэрня"

Майстар-клас па стварэнню вершаў.

Занятак 7. "Творчая майстэрня"

З гісторыі паштовак. Паштоўкі пачатку XX стагоддзя з фондаў музея Якуба Коласа. Майстар-клас па вырабе паштовак.

Удзел у стварэнні сувенірнай музейнай паштоўкі з уласным фотаздымкам.

Занятак 8. Заключны занятак.

Падвядзенне вынікаў. Напісанне пажаданняў на паспяховы новы навучальны год пяром Коласа.

background

Запоўніце, калі ласка, форму, каб набыць квіткі