background

Анонс віртуальнай выставы

20.04.2020

Сябры, сёння мы прыадкрыем для вас завесу адной тайны… Дом-музей Якуба Коласа рыхтуе незвычайную віртуальную выставу вядомага беларускага мастака Анатоля Бяляўскага.

  • Анонс віртуальнай выставы
  • Анонс віртуальнай выставы

Яго карціны карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод калекцыянераў, многія размяшчаюцца ў вядомых айчынных і заходніх калекцыях. Пейзаж "Ручэй", на стварэнне якога мастака натхніў аднайменны верш Якуба Коласа, знаходзіцца ў калекцыі жывапісу малодшага сына Песняра Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча.

Дзякуючы сучасным тэхналогіям, разам з вамі мы зазірнем туды, куды звычайным людзям уваход забаронены – завітаем у святая святых: сапраўдную майстэрню творцы, якая размяшчаецца ў мансардзе, пад самым дахам старадаўняга дома! Узнімемся па рыпучай драўлянай лесвіцы на самы верх і нарэшце адчуем сябе героямі оперы "Багема" альбо аперэты "Фіялка Манмартра"!

Анатоль Іванавіч распавядзе цікавыя гісторыі аб сваім жыцці, творчасці, раскрые таямніцы сваёй адухаўлёнай, чароўнай, але такой нялёгкай працы.

Мастак працуе ў розных жанрах. Цікавыя яго пейзажы, партрэты, карціны з глыбокім філасофскім сэнсам, а таксама створаныя на гістарычныя тэмы. Усе працы аб’яднаны любоўю да сваёй роднай зямлі і яе загадкавай прыгажосцю.

Анатоль Бяляўскі шмат працуе ў жанры беларускага пейзажу. Свіслач, Палессе, Нарач – іх краявіды натхнялі і Якуба Коласа! Мастак не піша шэранькія замалёўкі. Яго творы нясуць экспрэсію, яны яркія, выразныя, насычаныя эмоцыямі, быццам музыка, злучаная з паэзіяй.

Аўтар тонка адчувае прыроду, адлюстроўвае яе ўнутраную сутнасць. Неба на яго карцінах жывое, неспакойнае, аблокі ў руху, прамень сонца б’е наводмаш…

Анатоль Іванавіч шмат падарожнічае, але лічыць, што «вобразы мілыя роднага краю» самыя лепшыя. І, гледзячы на карціны мастака, з гэтым нельга не пагадзіцца.

Такім чынам, сачыце за навінамі на нашым сайце і ў сацсетках.