background

«Беларускаму люду»

15.03.2022

Шчыра запрашаем на прэзентацыю факсімільнага выдання зборніка Якуба Коласа «Водгулле»!

18 сакавіка 2022 года ў 13. 30 у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца прэзентацыя факсімільнага выдання «Водгулле».

Паэтычны зборнік Якуба Коласа «Водгулле» займае асобную старонку ў творчай спадчыне песняра. Гэта другі зборнік вершаў паэта пасля «Песняў жальбы» і першы, які выйшаў у Якуба Коласа пасля яго вяртання на Беларусь у 1921 годзе. Зборнік «Водгулле» аб’яднаў вершы, напісаныя не толькі падчас Першай сусветнай вайны і прабывання на Куршчыне, а значна большага перыяду. У яго ўвайшлі вершы 1908-1921 гадоў. Тэматыка паэтычных твораў розная: пачынаючы ад пейзажных і натурфіласофскіх вершаў і заканчваючы вершамі грамадзянскага гучання, звязанымі з палітычнымі і сацыяльнымі падзеямі таго часу. Якуб Колас таксама закрануў астрожную і рэвалюцыйную тэматыку, у якіх праяўляецца страх і няўпэўненасць аўтара ў будучыні, гучыць трывога паэта за лёс Беларусі ў новых гістарычных умовах.  

Зборнікам «Водгулле» Якуб Колас паказаў жыццё ва ўсёй яго шматграннасці і супярэчлівасці. Усе праявы рэчаіснасці – сумныя і радасныя, змрочныя і светлыя сталі прадметам яго паэтычнага адлюстравання. Тым не менш паэтычны зборнік, на жаль, не атрымаў заслужанай увагі. Гэта абумоўлена рознымі фактарамі і абставінамі, хоць паэтычныя творы зборніка «Водгулле» сведчылі пра творчае развіццё паэта, узрастанне буйнога коласа на беларускай паэтычнай ніве. Важна адзначыць, што на той час было рознае стаўленне да паэтычных твораў гэтага зборніку: ад моцнай крытыкі да ўхвальных выказванняў.

Вельмі сімвалічна, што факсімільнае выданне «Водгулле», прымеркаванае да 100-годдзя яго выхаду ў друк, прэзентуецца ў юбілейны год з часу нараджэння класіка айчыннай літаратуры Якуба Коласа. Гэта выданне зможа больш глыбока пазнаёміць з ранняй творчасцю Якуба Коласа і паказаць шырокую палітру вобразаў і тэмаў, што былі адлюстраваны ў паэтычных творах беларускага пісьменніка, а таксама багацце і сакавітасць беларускай мовы.

18 сакавіка ў прэзентацыі возьмуць удзел даследчыкі творчасці Якуба Коласа, а таксама родныя Песняра, прагучаць вершы са зборніка «Водгулле». Пачатак у 13.30.

Сардэчна запрашаем!

Кантактны тэлефон: (017) 270 17 02

Адрас: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

www.kolasmuseum.by; e-mail: info@kolasmuseum.by