background

Cардэчна запрашаем!

17.12.2021

Урачыстае адкрыццё часовай экспазіцыі «Дружбы праменні: Якуб Колас і Казахстан»

22 снежня 2021 года ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца адкрыццё часовай экспазіцыі «Дружбы праменні: Якуб Колас і Казахстан»

Нягледзячы на вялікую адлегласць паміж Беларуссю і Казахстанам, беларускі класік Якуб Колас быў знаёмы і высока цаніў традыцыі казахскага народа. На казахскай зямлі Канстанціну Міцкевічу даводзілася бываць у цяжкі для ўсіх савецкіх людзей час – у перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Праз Казахстан ляжаў шлях падчас эвакуацыі сям’і Міцкевічаў ва Узбекістан.

Беларускі класік быў знаёмы з многімі пісьменнікамі Казахстана, сустракаючыся з імі падчас важных пісьменніцкіх з’ездаў і іншых публічных мерапрыемстваў. Народны паэт Беларусі ведаў класіка казахскай літаратуры Сабіта Муканава. Кніга “Сыр-Дарья” Муканава, што знаходзіцца ў асабістай бібліятэцы Якуба Коласа, яскрава пра гэта сведчыць. Менавіта Сабіту Муканаву належыць першае сістэматычнае выкладанне жыцця і творчасці вялікага казахскага паэта Джамбула Джабаева, а Якуб Колас, яшчэ ў далёкім 1938 годзе, напісаў паэтычные віншаванне акыну казахскага народа з нагоды 75-годдзя яго паэтычнай дзейнасці. Народны паэт Беларусі быў знаёмы і з вядомым казахскім пісьменнікам Мухтарам Ауэзавым. Абодва творцы былі ўзнагароджаны ў 1949 годзе Дзяржаўнай (Сталінскай) прэміяй. Мухтару Ауэзаву была прысуджана ў тым жа годзе Сталінская прэмія першай ступені за раман «Абай». Якуб Колас, у сваю чаргу, атрымаў Дзяржаўную прэмію за вершаваную паэму «Рыбакова хата», аднак  другой ступені.

У 1952 годзе, на 70-гадовы юбілей, Якубу Коласу ад імя ўсіх пісьменнікаў Казахстана быў дасланы змястоўны віншавальны адрас на рускай мове, які сведчыць пра глыбокую павагу да беларускага творцы. А вядомы казахскі паэт Таір Жарокаў падараваў юбіляру нацыянальны казахскі мужчынскі халат і цюбецейку, якія сталі адметнымі экспанатамі фондаў музея.

Важна адзначыць, што розныя паэтычныя творы былі перакладзены на казахскую мову. Асобнік кнігі Якуба Коласа па-казахску “Өлеңдер” (“Вершы”) зберагаецца і ў фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, падпісаны паэтам Халіжанам Бекко (Бекхажынам Каліжанам). Гэта кніга яскравы прыклад цесных сувязей беларускага класіка і казахскіх мастакоў слова.  

Ва ўрачыстым мерапрыемстве прымуць удзел прадстаўнікі Пасольства Рэспублікі Казахстан ў Рэспубліцы Беларусь, вядомыя беларускія літаратары і перакладчыкі, нашчадкі Якуба Коласа, прагучаць музычныя кампазіцыі на словы беларускага класіка, а таксама паэтычныя творы на беларускай, казахскай і рускай мовах.  Пачатак а 15 гадзіне.

Шчыра запрашаем!

 

Кантактны тэлефон: (017) 270 17 02

Адрас: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

www.kolasmuseum.by; e-mail: info@kolasmuseum.by