background

Да Дня беларускага кіно. Анлайн-выстаўка "Народны паэт” – унікальная дакументальная стужка"

17.12.2020

“Народны паэт” – кінастужка, якая была знята да 70-годдзя аднаго з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры Якуба Коласа.

  • Да Дня беларускага кіно. Анлайн-выстаўка "Народны паэт” – унікальная дакументальная стужка"
  • Да Дня беларускага кіно. Анлайн-выстаўка "Народны паэт” – унікальная дакументальная стужка"
  • Да Дня беларускага кіно. Анлайн-выстаўка "Народны паэт” – унікальная дакументальная стужка"
  • Да Дня беларускага кіно. Анлайн-выстаўка "Народны паэт” – унікальная дакументальная стужка"
  • Да Дня беларускага кіно. Анлайн-выстаўка "Народны паэт” – унікальная дакументальная стужка"
  • Да Дня беларускага кіно. Анлайн-выстаўка "Народны паэт” – унікальная дакументальная стужка"
  • Да Дня беларускага кіно. Анлайн-выстаўка "Народны паэт” – унікальная дакументальная стужка"

    Стужку можна ахарактарызаваць як насычаны інфармацыяй фільм-парадны партрэт, фільм навукова-папулярная лекцыя. Стужка ўключае расказ пра жыццё і дзейнасць Якуба Коласа, этапы яго біяграфіі, сувязі з рэвалюцыйным рухам у Беларусі, работу ў першыя пяцігодкі савецкай улады, творчасць падчас Вялікай Айчыннай вайны. Гэты фільм створаны родапачынальнікам беларускага кіно Юрыем Тарычам, можна разглядаць і як гістарычны “помнік” сваёй эпохі, і як неацэнную каштоўнасць – першы і адзіны прыжыццёвы кінапартрэт народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Кінастужка здымалася хутчэй па канонах мастацкага фільма – як дакументальна-мастацкая інсцэніроўка.

Але ж на экране быў сам пісьменнік, жывы Якуб Колас, - і з гадамі гэты экранны рарытэт набывае ўсё большую значнасць. У фільме паэт палівае градкі, разбірае пошту, сустракаецца з пісьменнікамі і рабочымі трэста “Аўтапрамбуд”, расказвае пра творчыя планы маладым аўтарам. А паралельна з гэтым ідзе ўрок у школе, прысвечаны коласаўскай “Новай зямлі”, спектакль па аповесці “Дрыгва”, друкуюцца кнігі Песняра, адбываецца выстава яго твораў.

Цікавыя ўспаміны пра стварэнне фільма можна прачытаць у лістах самога Якуба Коласа да знаёмых і сяброў. Напрыклад, у лісце ад 20 ліпеня 1952 года да Сяргея Гарадзецкага народны паэт піша: ”Мне приходится время от времени выступать в роли киноартиста. Готовится документальный фильм. Говорят, получается неплохо. 22/ VII мне придется еще раз выступить в киностудии». Праз пару месяцаў Якуб Колас апісвае іншыя акалічнасці здымак кінастужкі да сваёй знаёмай Марыі Прозаравай (8 верасня 1952 г., Мінск): “Несколько раз ездил в Болочанку. Два раза ночевал там. Собирался поехать сегодня, но меня связывают киношники. Они делают фильм к моему семидесятилетию. Снимали меня и в Королищевичах с писателями, снимали и в Болочанке с колхозницами и колхозниками, снимали и на тракторном заводе, а сегодня хотят снимать в библиотеке Ленина – встреча с читателями. Эти и прочие снимки были очень частыми и вероятно ещё будут”.  У аповесці-эсэ Максіма Лужаніна “Колас расказвае пра сябе” ёсць радкі, якія апісваюць адзін з кадраў фільма: “Ледзь прыкметная сцежка ў лесе паблізу Балачанкі. Старая хвоя разгалінавалася ў два бакі, тоўстыя лапы вычварна выгнуліся, утварылася нешта падобнае да пастаўленай канцамі ўгору дугі. У развіліне сядзіць Канстанцін Міхайлавіч, у нагах у яго кошык, амаль пусты. Гэтакі кадр потым удалося зняць для фільма “Народны паэт”. Такі 20 секундны ўрывак можна ўбачыць пры падрабязным знаёмстве з фільмам, у другой палове кінанарыса. Менавіта ў фільме мы можам пабачыць яшчэ гібрыдны дом у якім жыў Якуб Колас да сярэдзіны 1952 года, што складаўся з драўлянай часткі, а таксама двухпавярховай мураванай прыбудовы, дзе на першым паверсе размяшчаліся гаспадарчыя пакоі, а на другім – кабінет і спальня пісьменніка. Каштоўнасць стужкі заключаецца і ў тым, што ў фільме можна ўбачыць працоўны кабінет Канстанціна Міцкевіча, а таксама выгляд родных мясцін народнага паэта: краявідаў Мікалаеўшчыны, сядзібы Альбуць і Смольню. У пачатку і канцы кінастужкі таксама прысутнічаюць кадры Мінска пачатку 1950-х гг. а менавіта сённяшняга праспекта Незалежнасці.

Пры гэтым варта адзначыць, што стварэнне фільма адбывалася ў час  самага заката сталінскай эпохі, калі здымалі парадна-манументальныя стужкі, часта так званае “малакарцінне”. Кінапартрэтаў у даваенны (як і ў пасляваенны) час проста не існавала,  бо лічылася што трэба здымаць пра значную падзею ці калектыўную працу. Адпаведна фільм “Народны паэт” стаўся практычна першым дакументальным фільмам, прысвечаным выбітнай асобе беларускага краю. Сам Якуб Колас не прыдаваў вялікай увагі дакументальнаму фільму, што здымаў вядомы рэжысёр Юрый Тарыч. Адной з прычын несур’ёзнага стаўлення пісьменніка была ў тым, што класік айчыннай літаратуры наогул не надта любіў глядзець тэлевізар і, пэўна, кінематограф быў для Канстанціна Міцкевіча не такім цікавым мастацтвам як, напрыклад, тэатр. А тэлевізар “Тэмп-2”, які знаходзіўся ў гасцёўні Якуба Коласа, вельмі рэдка ўключаўся пісьменнікам, што значна больш любіў слухаць радыёпрымачы, якіх было ва ўласным доме некалькі.   

Разам з тым для аднаго з заснавальнікаў беларускага кінематографа Юрыя Тарыча здымкі дакументальнай стужкі “Народны паэт” адбываліся на закаце кар’еры. Фільм “Народны паэт” для знакамітага рэжысёра зразумела не стаў вяршыняй кар’еры, да і дакументальны жанр не быў блізкі Тарычу. Больш за тое, знакамітага рэжысёра заўжды цягнула ў ігравое кіно, але магчымасці займацца ўлюблёным жанрам у пасляваенны час не выпадала. Можна меркаваць, што менавіта падчас здымак фільма “Народны паэт” адбылося знаёмства Якуба Коласа і Юрыя Тарыча, якія дагэтуль ніколі не перакрыжоўваліся. Пра іх кантакты можа сведчыць тэлеграма, якая захавалася ў фондах музея, у якой Тарыч віншуе Якуба Коласа з 70-годдзем.

      Даследчыкі і аматары беларускага кіно пэўны час лічылі, што дакументальная стужка “Народны паэт” ёсць толькі ў рускамоўным варыянце. Такі варыянт фільма, напрыклад, ёсць у Беларускім дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў.

Аднак быў і беларускамоўны варыянт стужкі, які захоўваецца ў фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Адразу пасля выхаду кінастужкі ў 1952 годзе, ад кінастудыі "Беларусьфільм" і Міністэрства кінематаграфіі БССР Якубу Коласу падаравалі дакументальны фільм на 70-годдзе ў выглядзе скрынкі-футарала з двума боксамі, у якіх знаходзіліся дзве бабіны са стужкамі шырынёю 35 мм. Кожная бабіна змяшчае па 300 метраў стужкі. У сваю чаргу скрынка-футарал зверху абцягнута шарсцяной тканінай аксамітавага колеру, унутры - абклеена плюшам белага колеру. Зверху на ёй знаходзіцца этыкетка з тэкстам “На 70-годдзе народнаму паэту Беларусі”.

На сёння ў фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа захоўваюцца два дзясятка фотаздымкаў, якія не толькі адлюстроўваюць разнастайныя кадры самой кінастужкі, аднак і працоўныя моманты здымак фільма. Адзін з такіх надзвычай цікавых фотаздымкаў зроблены ў Балачанцы, дзе здымалі кадры паэта ў калгасным поле. На фотаздымку на пярэднім плане iдзе Якуб Колас, глядзiць на жытнёвае поле, левая рука ў кiшэнi, галава павернута ў левы бок. Побач (справа ад Коласа) - Канстанцiн Дзятка (сябар пісьменніка і тагачасны старшыня мясцовага калгасу). На пярэднiм плане рэжысёр Ю.Тарыч, а таксама аператар У.Акулiч. На фотавыяве Якуб Колас перад намі паўстае ў светлым гарнiтуры і цёмным капелюшы. Між іншым ёсць падобны фотаздымак з больш буйным планам Якуба Коласа і Канстанціна Дзятка гэтага моманту фільма. Захоўваюцца таксама некалькі цікавых фотаздымкаў, якія адлюстроўваюць кадры фільма, дзе Якуб Колас палівае свой уласны сад і разам са старэйшым сынам Данілам аглядаюць дрэвы на сваёй сядзібе.

Такім чынам, дакументальная стужка “Народны паэт” з’яўляецца не толькі цікавым помнікам эпохі, але і адзіным фільмам, на якім з’яўляецца жывы Якуб Колас. Нездарма кадры з гэтай стужкі траплялі ў дакументальныя фільмы пра Якуба Коласа ў далейшыя часы.

Асноўныя звесткі пра фільм-кінапартрэт “Народны паэт”

Фільм гукавы, чорна-белы, працягласць: 20 хвілін.

Вытворчасць кінастудыі «Беларусьфільм»,

Аўтар сцэнарыя - Максім Лужанін, тэкст -  Андрэй Макаёнак.

Рэжысёр - Юрый Тарыч, аператар - Уладзімір Акуліч.

Музыка Анатоля Багатырова, гукааператар: В. Дзёмін

 

Аляксандр Крыжэвіч

Старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага

літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа