background

Дзень нараджэння М. К. Міцкевіча

31.01.2023

Сёння спаўняецца 97 гадоў з дня нараджэння малодшага сына Якуба Коласа Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча, знанага вучонага, доктара тэхнічных навук, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Якуб Колас прысвячаў сыну вершы, а таксама паэму "Міхасёвы прыгоды".

Калі сыну споўнілася 16 гадоў, бацька напісаў для яго верш-прысвячэнне.

Сыну

З табою разам я ў дзень гэты,

Хоць ты далёка ад мяне,

І грэеш ты мяне, як лета,

Цябе я бачу ў яве, сне.

 

У кожны міг ты прада мною,

Такі мне блізкі, дарагі,

Ты на мяне глядзіш вясною

Праз холад снежнае смугі.

 

На захад еду я ў трывозе

Адзін без вас. Што стрэну там?

Дзе паварот шляху, дарозе,

Каб зноў усім сысціся нам?

 

Адзін я тут, а думкі з вамі,

Тулю вас к сэрцу я здалёк.

Хоць многа легла вёрст між намі,

Я ж бачу кожны рух ваш, крок.

 

Вось ты сядзіш над кнігай дбала,

І твой від строг, чапаць не варт,

Ды знаю я свайго Міхала —

Скрозь строгасць пырсне раптам жарт.

 

Жыві ж, мой сын, расці шчаслівы!

У твой семнаццаты гадок

Дай, Божа, трапіць нам на нівы

У родны край, у свой куток!