background

Якуб Колас і Узбекістан: творы ваеннай тэматыкі. Да 75-годдзя Вялікай Перамогі

08.05.2020

Напярэдадні Дня Перамогі хацелася б узгадаць творы Якуба Коласа ваеннай тэматыкі, большасць з якіх былі напісаны паэтам пад час цяжкіх год эвакуацыі ва Узбекістане.

Яны безумоўна маюць вялікую каштоўнасць, раскрываюць перад чытачом уласныя перажыванні паэта, а таксама адлюстроўваюць падзеі, звязаныя з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны. Вершы, паэмы, шматлікія публіцыстычныя артыкулы не страцілі свайго эмацыянальнага ўздзеяння і разам з хронікамі жыцця паэта ваеннага часу вяртаюць нас у цяжкія гады ваеннага ліхалецця.

Першы верш, які Якуб Колас напісаў у сувязі з нападам гітлераўскай Германіі на Савецкі Саюз 22 чэрвеня 1941 года, быў верш "Шалёнага пса на ланцуг!". Шэраг газет ("Звязда", "Советская Белоруссия", "Правда") тэрмінова змясцілі гэты верш у друку 23 і 24 чэрвеня:

Шалёнага пса – на ланцуг!
Дык так, пачалося. Забойца ў паходзе,
І спушчаны псы з ланцугоў.
У грознай навале, у цяжкай прыгодзе
Больш мірных няма берагоў.
Да зброі, народы раскутай краіны:
Разбойнік штурмуе наш дом!
Магутнаю раццю, патокам адзіным
Абрушым на ворага гром!
Той мусіць загінуць, хто меч узнімае
На голавы мірных трудзяг.
Няхай жа агорне ноч цёмна-нямая
Падступных падлюг і туляг!
Дык чуйце, народы: ў паход на бандыта.
На меч перакуйце наш плуг.
Захочам – і Гітлер, як пёс, будзе біты:
Шалёнага пса – на ланцуг!

22.06.1941

24 чэрвеня, праз два дні пасля нападу на нашу краіну гітлераўскіх войск, Якуб Колас з сям’ёй быў вымушаны пакінуць палаючы Мінск.

Старэйшы сын Якуба Коласа Даніла Міцкевіч успамінаў: "у 9 гадзін раніцы абвясцілі паветраную трывогу, а ў 9.30 праляцела каля 20 самалётаў, над нашым раёнам пачалі падаць бомбы. Мы схаваліся ў траншэі. Страшэнна грукацела, асыпалася зямля ў сховішчы. Некалькі невялікіх бомбаў упала непадалёку ад нашага дома і перабіла водаправод. У доме знікла вада. Для нас стала ясна, што трэба выбірацца з горада. Бацька ездзіў у Акадэмію навук БССР, дзе ён працаваў на пасадзе віцэ-прэзідэнта. Ён і прэзідэнт К.В. Гораў спрабавалі звязацца з начальствам, а таксама дастаць машыну, але безвынікова…".

З вялікім цяжкасцямі Якуб Колас разам з сям’ёю выбіраецца з Мінска, дабіраецца да Калодзішчаў, адтуль на цягніку накіроўваецца ў Оршу, дзе трапляе пад налёт нямецкіх самалётаў. З чыгуначнай канторы пазванілі Янку Купалу ў Ляўкі. "Даволі хутка прыехала цётка Уладзя на аўтамашыне Купалы, таксама "шэўрале". Нарэшце мы, змораныя і знясіленыя перажытым, знайшлі прыпынак у лепшага сябра. Там нас цёпла і сардэчна прынялі, гасцінна пачаставалі, і мы добра адпачылі" – успамінаў сын Якуба Коласа Даніла Міцкевіч. Затрымлівацца доўга не выпадала, рушылі далей, доўгае і складанае падарожжа скончылася ў Клязме пад Масквою ў сваякоў жонкі.

 

Часова пражываючы ў Клязьме (з 5 ліпеня па 6 жніўня 1941 года) Якуб Колас звяртаецца да асэнсавання  і апісання падзей першых дзён вайны, з’яўляюцца вершы "Душою і сэрцам мы з вамі, героі","На абарону", "Фашысцкім бандытам", "Развітанне". Апошні верш прысвечаны Ігнату Юр’евічу Міцкевічу, стрыечнаму дзядзьку паэта, з якім разам выехалі з Мінска, але развіталіся ў Калодзішчах, бо ён накіраваўся ў Балачанку да сваёй жонкі:

Разышліся мы у трывожны час
Пад напевы сірэн і матораў.
Ясны летні дзень плыў на захад, гас,
А наступны прарочыў нам гора…


Падымаўся дым. Грозны бляск, як кроў,
Слуп агністы выводзіў за хмары.
Пад павевамі гразавых вятроў
Горад тлеў у злавесным пажары.


Я на ўсход пайшоў, ты ж павёў свой шлях
Па знаёмай мясціне ступою.
Развіталіся, і сляза ў вачах
Заблішчала тужлівай расою.


І не знаем мы адзін аб адным
Нічагусенькі, дружа зычлівы!
Як салодак мне родных хатак дым,
Араматы лясоў нашых, нівы!


Як бы я хацеў паглядзець, зірнуць
На чароўныя родныя гоні,
І паветрам іх яшчэ раз дыхнуць,
І да іх прыхіліць свае скроні!.


І не будзе мне ні на моман-міг
Ні спакою, ні радасці, браце
Покі вораг злы, зграя псоў чужых,
Чыніць ліха-бяду ў нашай хаце…

7-га жніўня 1941 года з Казанскага вакзала Масквы на цягніку сям’я Якуба Коласа выязджае ва Узбекістан.

14 жніўня 1941 года Якуб Колас прыязджае  з сям’ёй у Ташкент, куды была пераведзена Акадэмія Навук БССР. Некалькі дзён жыве ў гасцініцы "Узбекістан". З 17 жніўня да 8 кастрычніка жыве ў невялікім пакойчыку на ўскраіне Ташкента па вул. Фаменка, 5, у пенсіянераў Андрэевых. Жылі нязручна, у цеснаце, адсутнічала мэбля. У лісце да жонкі Пятра Броўкі паэт пісаў: "Я живу очень неважно. Тесная комнатушка на окраине. Никаких средств не имею. Моя сберегательная книжка и все облигации займов остались в Минске. Кое-что прирабатываю в местной прессе…" 

8 кастрычніка Якуб Колас атрымлівае кватэру па вул. Пушкінскі праезд, дом № 13 у Русаўскіх, пераязджае разам з сям’ёй у больш прасторны пакой.

Якуб Колас актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці горада, выступае на мітынгах, сустрэчах. Так 6 лістапада 1941 года выступае на вечары на хімічным факультэце Ташкенцкага педінстытута, 2 снежня прымае ўдзел  у вечары разам з А.Ахматавай, С.Гарадзецкім, С.Кірсанавым, узбекскімі пісьменнікамі Х.Алімджанам, Г.Гулямам і іншымі.

У Ташкенце ў 1941 годзе напісана шмат вершаў: "Сваім бліжнім", "Над магілай партызана", "На восі Рым – Берлін", "Абаронцам роднай зямлі", "Эзэль", "Народу-барацьбіту", "Майму другу",  "Маскве", "Засада", "Крумкачы",  "На звера", "У цяжкую часіну", "Дуб", "Нямецкі бінокль", "Фюрэр і Дучэ", "Сорак другі", "Голас зямлі" і інш., а таксама апавяданні: "Сустрэча з ворагам", "Санітарка Таня", "У разведцы".

У гэтых творах Якуб Колас выказвае свой гнеў, абурэнне, нянавісць да акупантаў, якія нясуць смерць, разбурэнні і пакуты роднай зямлі:

Я чую голас несціханы –
Зямля мая мяне заве
І кроіць сэрца мне на раны,
Звініць, як звон касы у траве.
І шум дубровы, і стогн пушчы,
І рэк усхліп, і плач крыніц
І немы зрок балотнай тлушчы
Нясуць мне весць пра чужаніц.
Я бачу постаці тэўтонаў–
Халодны твар,звярыны від.
Не знае жалю, ні законаў
У сталь закованы капыт.
О, каб я меў такія рукі,
Зямля, абняў бы я цябе,
Каб сцішыць гора тваё, мукі
І сілу даць у барацьбе!
Зямля мая, мая краіна!
Я чую твой прызыўны звон.
Прымі ж хоць слова твайго сына –
Не доўгі будзе твой палон…

"Голас зямлі", 1941 г.

Пісьменнікі Узбекістана, якія былі знаёмы з творчасцю беларускага паэта пісалі, што яны ганарацца мужнасцю беларускага народа і што ў яго барацьбе з ворагам мужна гучыць голас Якуба Коласа, голас народнага песняра, які чуе ўвесь свет.

У 1942 годзе сям’я Якуба Коласа пераехала  ў чатырохпавярховы дом на вул. Пушкінская, 84 (пакой № 39, трэці паверх).

Месца жыхарства знаходзілася блізка ад Саюза Пісьменнікаў Узбекістана і ад рэдакцый газет "Фрунзевец" (орган Сярэднеазіацкай ваеннай акругі) і рэспубліканскай "Правды Востока", з якімі супрацоўнічаў Якуб Колас. Так, рэдакцыйныя паэты газеты "Фрунзевец", частым госцем якой быў беларускі паэт,  склалі пра яго наступныя жартоўныя радкі:

С головы Якуба Коласа
Не должно упасть и волоса.
Отдадим Якубу Коласу
Всю вторую полосу!

На старонках газеты друкаваліся такія коласаўскія артыкулы, як "Воінам Чырвонай Арміі", "Дзве стратэгіі", "Слава вам, героі!", "Байцу-ваенкору", а таксама вершы і апавяданні ваеннай тэматыкі. Напрыклад, у артыкуле "Дзве стратэгіі" Колас піша пра вялікую ролю партызанскага руху на Беларусі: "Кожны дзень ляцяць пад адхон нямецкія ваенныя эшалоны з войскам і баявой тэхнікай, гараць склады з боепрыпасамі, амуніцыяй і бензінам. Тысячы нямецкіх акупантаў у адзіночку і групамі, цэлыя гарнізоны і падраздзяленні гінуць пад меткім агнём народных мсціўцаў. З дня ў дзень падрываюць партызаны чыгуначныя масты, закладаюць міны пад рэйкі і г.д. Партызанскі рух у тыле ворага – дадатковы шырокі фронт вайны на той жа тэрыторыі. На гэтым фронце вораг нясе велізарныя страты" ("Фрунзавец", 1942, 30 ліпеня).

Добрыя адносіны ў Якуба Коласа склаліся з узбекскімі пісьменнікамі: Хамідам Алімджанам, Зульфіёй, Гафурам Гулямам, Уйгунам, Міртэмірам.

Вядомы ўзбекскі паэт і драматург Уйгун пісаў: "Мы часта сустракаліся з Якубам Коласам у Доме літаратараў, жылі з ім адным адчуваннем — любоўю да Радзімы, нянавісцю да фашысцкіх акупантаў. Праз рускія пераклады мы даўно ўжо ведалі творчасць двух тытанаў беларускай літаратуры — Якуба Коласа і Янкі Купалы. Карціны народнага жыцця і прыроды, народная мудрасць, напеўнасць верша, прастата і сакавітасць, паэтычнасць мовы — усе гэтыя якасці іх творчасці захаплялі наша ўяўленне. У нейкай ступені яны нагадваюць нашых бахшы (народных песняроў), шырока папулярных у народзе і цесна звязаных з народам. Завочнае знаёмства з Якубам Коласам па яго творчасці стварыла ў нашай свядомасці вобраз мудрага, спакойнага і добрага чалавека. I калі ў сувязі з вайной Якуб Колас эвакуіраваўся ў Ташкент, наша ўяўленне аб паэце было пацверджана. Якуб Колас любіў нашых узбекскіх паэтаў, часта гутарыў з намі. Па ўзбекскаму звычаю мы яго клікалі "Якуб-ака", што ў перакладзе значыць "брат Якуб", і ў гэтай узбекскай форме звароту да беларускага паэта адлюстравалася наша пашана і наша братняя любоў".

У 1942 годзе папаўняецца сшытак вершаў "Ташкенцкая торба": напісаны верш "Песня пілота" з прысвячэннем байцам-узбекам, вершы "Вясною", "Песня партызан", "Ім няма месца ў грамадзе", "Родны шлях", "Рыцар Шыкльгрубер", "На Захад", "Да Германіі" і іншыя.

У Маскве выходзіць зборнік вершаў Якуба Коласа "Адпомсцім" (М., 1942).У Ташкенце выдадзены кнігі вершаў паэта на рускай мове "Голас зямлі" (Ташкент, 1942) і "Избранные стихи" (Ташкент, 1942) і ў перакладзе на узбекскую мову "Выбраныя вершы" [Таланган шерлар] (Ташкент, 1942, ўступны артыкул Хаміда Алімджана, перакл. Гафуг Гулям, Уйгун, М.Шэйх-задэ, Міртэмір, Хамід Гулям, Зульфія, Тураб Тула). У газеце "Фрунзавец" надрукаваны артыкул Я.Коласа "Воинам Красной Армии".

Балюча перажываў Якуб Колас смерць Янкі Купалы. Ён пісаў: "У асобе Янкі Купалы я страціў не вялікага паэта і чалавека, але і шчырага блізкага друга, з якім плячо ў плячо мы прайшлі наш жыццевы і літаратурны шлях, дзелячы папалам і радасць і смутак…". Колас піша верш "Над магілаю друга: памяці Янкі Купалы", і дасылае на адрас ТАСС водгук на смерць Я.Купалы.  У Ташкенце Якуб Колас наладжвае вечар памяці Я.Купалы (7 ліпеня, 1942), на якім прысутнічалі беларусы, рускія і ўзбекскія пісьменнікі і паэты.

Адклаўшы працу над празаічнымі творамі на будучае, Якуб Колас  засяродзіўся на вершаванай форме, з-пад пяра паэта выходзяць вершы "Нямецкаму звяр’ю", "Сяргею Гарадзецкаму", "Мае Мары", "Калі спакой", "Фрыцы", "Ціша і бура", "Бацьку Мінаю", "Невядомы хлопчык", "Што трэба?"  і інш. Некаторыя вершы друкуюцца ў газеце-плакаце "Раздавім фашысцкую гадзіну".

У верасні 1942 года разам з Прэзідэнтам АН БССР К.В.Горавым, віцэ-прэзідэнтам С.М.Ліпатавым, Наркамам асветы БССР Е.І.Уралавай Якуб Колас быў на прыёме ў Першага сакратара ЦК КП(б) Узбекскай ССР  У.Ю Юсупава.  У той жа дзень ЦК Узбекістана вынес рашэнне аб размяшчэнні Акадэміі навук БССР у Ташкенце. 90 супрацоўнікаў АН БССР прынялі ўдзел у зборы сродкаў на танкавую калону.

У кастрычніку 1942 г. Якуб Колас скончыў працу над  паэмай "Суд у лесе", якая прысвечана беларускім партызанам. Яна была апублікавана асобным выданнем у Маскве ў 1943 годзе.

Свой юбілей Якуб Колас быў вымушаны адзначаць далёка ад радзімы. 3 лістапада ў Ташкенце, у Доме Чырвонай Арміі адбылося ўрачыстае пасяджэнне, прысвечанае 60-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа. З дакладам аб жыцці і творчасці юбіляра выступіў К.Крапіва. З прывітальным словам выступілі сакратар ЦК КП(б) Узбекістана Юлдашбаева, паэты І.Сяльвінскі, Г.Гулям, Х.Алімджан і інш. Радыёкамітэт наладзіў вялікую літаратурную перадачу "Народны паэт Беларускай ССР". Матэрыялы, прысвечаныя юбілею, друкуюцца ў газетах "Правда", "Савецкая Беларусь", "Правда Востока".

Каміль Яшэн успамінаў : "Якуб Колас выклікаў да сябе ўвагу і сімпатыю ўзбекскіх пісьменнікаў і ўсіх, хто меў да яго дачыненне, не толькі як вялікі мастак слова, але і як шчыры і адкрыты чалавек. Духоўныя кантакты з ім прыносілі людзям радасць. Яго дружба з узбекскім паэтам Хамідам Алімджанам стала тэмай для кнігі паэтэсы Святланы Сомавай "Паэма пра паэта". 

У Ташкенце Якуб Колас пачаў працу над новай паэмай "Адплата", якая  ўпершыню была надрукавана ў часопісе "Полымя" ў 1945 годзе.

1 лістапада 1943 года разам з сям’ёй паэт пакідае Узбекістан. На развітанне з краінай, якая прытуліла яго ў цяжкі час вайны суровай, паэт піша верш:

Прыйшоў мой час. Я пакідаю
Цябе, мой братні край,
І цяжка, ведай, ясны краю,
Сказаць табе –бывай!


Другое неба нада мною
Развесіць свой шацер.
Ты ж на мяне зірнеш вясною
Вачамі яркіх зор.


Я ўсім нутром, душой адчую
Тваіх яснот цяплынь.
Я промень сонца пацалую
З узбекскіх далячынь.


Успомню горад, шумны, звонкі,
І паркі, і сады,
Салар, узор арыкаў тонкі,
І топаляў рады.


Куточкі ўспомню зацішныя
І велічны Чымган,
І па табе душа заные,
Край-друг Узбекістан.


У цяжкі час вайны суровай
Ты даў прытулак мне,
З узбекам песню адной мовай
Складалі аб вайне.


І меч адзін мы з ім кавалі
На злы варожы стан.
Няхай жа ўзносяць вышай хвалі
Цябе, Узбекістан!


Павеяў вецер, бы ў прадвесне,
Над нашаю зямлёй.
На развітанне – з гэтай песняй
Прывет прымі ты мой.

"Узбекістану", 1943

Творы Якуба Коласа ваеннай тэматыкі, прасякнутыя любоўю да роднай зямлі і нянавісцю да нямецка-фашысцкіх захопнікаў,  чыталіся і перачытаваліся вайскоўцамі, партызанамі, удзельнікамі і сведкамі вайны. Урад высока ацаніў заслугі Якуба Коласа, узнагародзіўшы яго ордэнам Чырвонага Сцяга, медалямі: "Партызану Айчыннай вайны", "За абарону Масквы" і "За доблесную працу ў Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў".

За выдатныя творы, напісаныя ў час Вялікай Айчыннай вайны, Якубу Коласу прысуджана Дзяржаўная прэмія першай ступені. Творы класіка беларускай літаратуры, напісаныя пад час вайны, не страцілі сваёй актуальнасці і зараз, бо нагадваюць аб часе ваеннага ліхалецця і аб тых цяжкасцях і стратах, якія давялося перажыць беларускаму народу.

Матэрыял падрыхтавала галоўны захавальнік фондаў музея
Васіліна Міцкевіч