background

Яна перакладала Якуба Коласа

22.04.2020

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа прадстаўляе онлайн выстаўку да дня нараджэння англійскай паэткі, журналісткі і перакладчыцы Веры Рыч. Выстаўка створана на аснове матэрыялаў з фондаў музея і прыватнага архіва ўнучкі Якуба Коласа Марыі Міцкевіч, якая на працягу доўгіх гадоў была знаёма і сябравала з перакладчыцай.

 

Сапраўднае імя паэткі Элізабет Фэйф Рыч. Нарадзілася яна 24 красавіка 1936 года ў Лондане. Другое імя паэткі Фэйф акурат і перакладаецца як Вера, а яе прозвішча Рыч – як багацце. Вера Рыч і сапраўды адкрыла багаты свет беларускай літаратуры англамоўнаму чытачу. Найбольш уражвае тое, што Вера Рыч не мела славянскіх каранёў (у яе радаводзе – англічане, ірландцы і датчане), ніколі спецыяльна не вывучала беларускую мову, але пры гэтым з’яўляецца адной з найлепшых перакладчыц беларускай паэзіі.

Пачатак яе творчай дзейнасці адносіцца да 10-гадовага ўзросту, калі яна пачала складаць вершы, на школьных занятках па французскай мове і лаціне рабіла вершаваныя пераклады з гэтых моў, а ў 15 гадоў надрукавала свае паэтычныя спробы ў  часопісе для маладых аўтараў «The Voice of Youth» (“Голас моладзі”),  які выдаваўся Супольнасцю паэтаў Вялікабрытаніі.

2.Вера Рыч

Да перакладаў паэзіі са славянскіх моў Вера Рыч звярнулася выпадкова. Перакладчыца ўспамінала, што ў дзень яе двадцацігоддзя   студэнт-выпускнік з Украіны, якога яна трошкі ведала, запытаў ў яе, ці праўда, што яна можа перакладаць паэзію, і калі так, ці не хацела б яна перакладаць украінскіх паэтаў.  Вера Рыч адказала, што яна і сапраўды  перакладае, але не ведае ўкраінскай мовы. Студэнт запэўніў яе, што яна лёгка вывучыць гэту мову, і Вера вырашыла паспрабаваць.

Першым яе апублікаваным перакладам з украінскай мовы стаў «Moses. Prologue» – пралог да паэмы І. Франка «Маісей», які быў надрукаваны ў 1957 годзе ў лонданскім выданні «The Ukrainian Rewiew» (“Украінскі агляд”). Пад час плённай перакладчыцкай дзейнасці Вера Рыч пераклала каля 50 украінскіх аўтараў, сярод якіх Т.Шаўчэнка, П. Тычына, М. Рыльскі і іншыя.

У 2011 г. у Львове выйшла манаграфія Ганны Косіў, дзе разглядаецца творчасць Веры Рыч у кантэксце англа-ўкраінскіх літаратурных узаемасувязей, асаблівасці творчай стратэгіі Веры Рыч, творчы метад перакладчыка. У кнізе падаецца падрабязная бібліяграфія перакладаў Веры Рыч твораў украінскіх пісьменнікаў, узоры перакладаў і асабістай паэзіі Веры Рыч.

 

Цікавасць да беларускай мовы і літаратуры прыйшла да паэткі нечакана. У інтэрв’ю тыднёвіку «Ніва» Вера распавядала, што калі яшчэ вучылася ў школе, ксёндз рымска-каталіцкай парафіі, да якой Вера належыла, завёў групу моладзі ва ўніяцкую  беларускую царкву «Марыян Хаўс» у Лондане, каб пазнаёміць з царкоўным абрадам. «І я сама не ведаю чаму, – адзначала Вера, – але ўсходні абрад і стыль малітвы зрабіў на мяне вялікае ўражанне, і з таго часу, падобна як пасля мая маці, я прыходзіла маліцца ў царкву і ўдзельнічала ў хоры». У той час святаром у беларускай царкве быў айцец Чэслаў Сіповіч. Ён і прапанаваў Веры перакладаць беларускую паэзію.

Першы пераклад з беларускай мовы «To a Brother in Exile» — верш Янкі Купалы «Брату ў чужыне», быў надрукаваны ў 1958 г. у эміграцыйным часопісе «Бацькаўшчына». Зацікаўленасць паэзіяй і перакладамі з розных моў у Веры Рыч узмацнілася пад час навучання ў Бедфардскім каледжы ў Лондане (1958–1961), нягледзячы на тое, што Вера вывучала матэматыку.

Рэдкім выданнем з’яўляецца першы зборнік паэзіі Веры Рыч «Outlines» (“Абрысы”), які выйшаў у Лондане ў 1960 годзе. Кніга атрымала добрыя водгукі ад крытыкаў і чытачоў, увесь яе наклад вельмі хутка разыйшоўся. У зборнік увайшлі дваццаць пяць асабістых вершаў маладой паэткі і два пераклады: урывак з першай часткі паэмы «Сымон-музыка» Якуба Коласа «Song of the Bells» (“Песня аб званох”) і «The Caucasus» – пераклад паэмы «Каўказ» Тараса Шаўчэнкі.

У 1962 г. Вера Рыч заснавала паэтычны часопіс «Manifold» (“Разнастайнасць”), які рэдагавала і выдавала да 1969 г. (адноўлены ў 1998 г.). За кароткі тэрмін часопіс стаў адным з лепшых з шасці невялікіх паэтычных часопісаў Вялікабрытаніі. На  яго старонках друкаваліся арыгінальныя вершы і пераклады, у тым ліку пераклады твораў Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Анатоля Вярцінскага, Ларысы Геніюш  і іншых беларускіх  паэтаў.

 

У 1963 г. у лонданскім выдавецтве «The Mitre Press» выйшаў другі зборнік вершаў Веры Рыч  «Portents and Images» (“Знакі і вобразы”), які ўключаў яе асабістыя вершы і пераклады. З беларускіх перакладаў: «Dedication» (уступ да  паэмы «Сымон-Музыка») Якуба Коласа  і «Romance» (“Раманс”), больш вядомы як «Зорка Венера», Максіма Багдановіча.

 

Праз ўніяцкую царкву «Марыян Хаўс» Вера Рыч  увайшла ў беларускае асяроддзе Лондана. Яна была сябрам Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі і Англа-беларускага таварыства, прымала актыўны ўдзел у працы гэтых арганізацый. Асноўная мэта  Англа-беларускага таварыства (заснавана ў 1954 г.) – пашырэнне ведаў аб Беларусі  ў брытанскім грамадстве. Таварыства арганізоўвала курсы англамоўных лекцый па гісторыі і культуры Беларусі і выдавала часопіс «The Journal of Belarusian Studies» (“Часопіс беларусазнаўства”). Выданне дасылалася ў 120 універсітэтаў, 50 бібліятэк і ў розныя арганізацыі Вялікабрытаніі, ЗША, Канады, Польшчы.  У першым нумары часопіса, які выйшаў у 1965 годзе, было надрукавана  даследаванне Веры Рыч «Максім Багдановіч у беларускай літаратуры», дзе былі змешчаны пераклады яго вершаў і таксама пераклад  часткі верша  Якуба Коласа «Нёман».

 

У 1962 г. ў Бірмінгеме ў праграме ўніверсітэта Вера Рыч чытала даклад «Два паэты-прарокі: Т. Шаўчэнка і Я. Купала». У 1968 г. на лекцыі ў памяшканні Брытанскай акадэміі мастацтваў і навук яна чытала даклад «Якуб Колас і эвалюцыя нацыянальнага эпічнага стылю ў беларускай літаратуры».  Вера Рыч чытала лекцыі, прысвечаныя славянскім літаратурам ва ўніверсітэце Бірмінгема, удзельнічала ў літаратурных вечарынах Лондана, Эдынбурга, Мюнхена, Парыжа, Нью-Йорка. Пра дзейнасць Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі і Англа-беларускага таварыства больш падрабязна можна даведацца з кнігі Наталлі Гардзіенка “Беларусы ў Вялікабрытаніі”, якая выйшла ў Мінску ў выдавецтве “Медысонт” у 2010 годзе.

 

У 1982 г. Англа-беларускае таварыства супольна з Бібліятэкай імя Ф. Скарыны ў Лондане (адчынена ў 1971 г.) правялі міжнародную канферэнцыю, прысвечаную 100-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. У яе працы ўдзельнічалі каля 60 асобаў з шасці краінаў свету. У межах канферэнцыі была арганізавана выстава, прысвечаная юбілярам і вечарына паэзіі, дзе гучалі творы класікаў у перакладах Веры Рыч. Асноўныя даклады канферэнцыі былі надрукаваны ў часопісе «The Journal of Belarusian Studies», 1982, № 2.

У лютым 2002 г. у Беларускім культурным і рэлігійным цэнтры ў Лондане ў гонар святкавання 120-годдзя Якуба Коласа праводзіліся чытанні з яго паэмы «Новая зямля». Урыўкі на англійскай мове прагучалі ў выканані Веры Рыч і яе сяброў, а на беларускай мове творы класіка чыталі дзеці з Беларусі, якія паехалі на аздараўленне ў Вялікабрытанію па запрашэнні айца Аляксандра Надсана і дзякуючы фонду “Духоўнага і культурнага адраджэння “Сакавік”, нязменным кіраўніком якога на працягу больш як 30-гадовага існавання з’яўляецца ўнучка Якуба Коласа Марыя Міцкевіч. Марыя Міцкевіч не раз адзначала, што ідэя з’яўлення фонда, задачай якога было дапамагаць дзецям і простым людзям, з’явілася дзякуючы жаданню працягнуць справу яе дзеда Якуба Коласа, які вядомы сваёй гуманітарнай дзейнасцю.

 

У 1971 г. пад патранатам ЮНЭСКА выйшла першая ў свеце анталогія беларускай паэзіі на англійскай мове «Like WaterLike FireAn Anthology of Byelorussian Poetry from 1828 to the Present Day» (“Як вада, як агонь: Анталогія беларускае паэзіі ад 1828 года да сучаснасці”). У кнізе апублікаваны творы 41 беларускага аўтара, у тым ліку 17 вершаў Максіма Багдановіча, 20 вершаў Янкі Купалы і паэма «Курган», 10 вершаў Якуба Коласа, урыўкі з  яго паэмы «Новая зямля» і уступ да трэцяй часткі паэмы «Сымон-музыка».

У рэцэнзіі на кнігу «Like Water, Like Fire: An Anthology of Byelorussian Poetry from 1828 to the Present Day» Аляксандр Надсан адзначаў, што асабліва ўдалымі з’яўляюцца пераклады твораў Багушэвіча, Багдановіча, Бядулі, а таксама ранніх твораў Купалы і Коласа. Перакладчыца здолела не толькі перадаць дакладны змест твораў, але і захаваць іх паэтычную форму.

Прэзентацыя гэтага выдання адбылася таксама і ў музеі Якуба Коласа, які перакладчыца з задавальненнем наведвала не адзін раз у розныя гады.

 

 

Некаторыя  вершы з гэтай кнігі перадрукоўваліся  рознымі іншымі выданнямі Вялікабрытаніі і ЗША. Напрыклад, урывак з  паэмы «Сымон-музыка» быў надрукаваны ў эміграцыйным часопісе «Byelorussian Youth», які выходзіў у ЗША.

Пераклады некаторых твораў прыводзіліся ў манаграфічным даследаванні «Гісторыя беларускай літаратуры ад яе вытокаў да сённяшніх дзён» вядомага брытанскага славіста Арнольда Макміліна.

Вера Рыч працавала карэспандэнтам па Усходняй Еўропе і СССР у часопісе «Nature» 20 гадоў. У сувязі са службовымі абавязкамі неабходнымі былі паездкі ў краіны Усходняй Еўропы і  СССР. Але першую візу ў СССР Вера атрымала толькі ў 1991 г., як удзельнік  першага Міжнароднага кангрэса памяці А. Д. Сахарава «Мір, прагрэс, правы чалавека», які праходзіў у Маскве. Як раз пасля Міжнароднага кангрэса ў Мінску 25–28 мая праходзіў Міжнародны кангрэс беларусістаў, у працы якога прымалі ўдзел даследчыкі болей чым з 10 краін. 26 мая ўдзельнікі кангрэса і аматары творчасці Максіма Багдановіча сабраліся ля помніка паэта, дзе адбывалася музычна-паэтычнае свята, прысвечанае паэту. Для Веры Рыч было спраўдным шчасцем чытаць свае пераклады вершаў Максіма Багдановіча. Так адбылася яе першая сустрэча з нашай краінай. З таго часу паездкі на Беларусь сталі рэгулярнымі.

Пад час свайго першага візіта на Беларусь Вера Рыч наведала Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа і пакінула ў кнізе ганаровых гасцей  акраверш «Jakub Kolas». Паэтка вельмі любіла незвычайныя паэтычныя формы. Вера Рыч падаравала музею некалькі сваіх аўтографаў – перакладаў твораў Якуба Коласа на англійскую мову.

Творчыя планы перакладчыцы і сапраўды былі велізарнымі, Веры Рыч збіралася перакласці «Тутэйшых» Янкі Купалы, усе творы Максіма Багдановіча, паэму «Сымон-музыка» Якуба Коласа. На працягу многіх гадоў яна  працавала над перакладам «Новай зямлі» Я. Коласа, які, на жаль, не быў завершаны. Вера Рыч лічыла, што ўзровень беларускай літаратуры ХХ ст. не ніжэйшы, чым узровень еўрапейскай літаратуры, і што Якуба Коласа можна лічыць паэтам сусветнага фармата, як Шэкспіра, ці Дантэ і што без такіх твораў, як «Новая зямля», сусветная літаратура была бы значна бяднейшая. Вера адзначала: «Паэтычнае пачуццё да зямлі робіць Коласаву “Новую зямлю” эпапеяй, еўрапейскай эпапеяй. І каб, прыкладам, набліжалася сусветная катастрофа і трэба было ўзяць творы ўнікальныя, то я бы ўзяла і “Новую зямлю”  Якуба Коласа».

 

На святкаванні дня роднай мовы ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў 2020 годзе была прэзентавана кніга “A Poetic Treasury from Belarus. A celebtation of the life and work of Vera Rich” (“Паэтычны скарб Беларусі. Свята жыцця і працы Веры Рыч”), у якую ўвайшлі пераклады Веры Рыч Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча. Частку кнігі, якая прысвечана Якубу Коласу, дапамагала рыхтаваць унучка класіка Марыя Міцкевіч. 

 

Спадзяемся, што гэта не апошняе выданне перакладаў Веры Рыч твораў класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа.

Матэрыял падрыхтавала

галоўны захавальнік фондаў музея

Васіліна Міцкевіч