background

Каштоўны дар

15.07.2020

Шаноўныя сябры! Сёння мы дзелімся з вамі радаснай навіной: Наталля Іванаўна Інсарава, дачка міністра аховы здароўя БССР Івана Анісімавіча Інсарава, перадала ў фонды Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа рукапісы лістоў Якуба Коласа да свайго бацькі. Трэба адзначыць, што Наталля Іванаўна многія гады сябруе з сям'ёй Міцкевічаў. Ва ўрачыстым мерапрыемстве ўзялі ўдзел дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Аляксандр Васільевіч Храмы, Вера Данілаўна і Аляўціна Цімафееўна Міцкевічы, а таксама галоўны захавальнік фондаў музея Васіліна Валер'еўна Міцкевіч.

  • Каштоўны дар
  • Каштоўны дар
  • Каштоўны дар
  • Каштоўны дар

Іван Анісімавіч Інсараў нарадзіўся 8 лютага 1903 года ў вёсцы Селішча Слуцкага павета Мінскай губерні ў сялянскай сям'і. Пасля заканчэння медыцынскага факультэта БДУ ў 1927 годзе працаваў урачом у вёсцы Магільнае Уздзенскага раёна, быў армейскім лекарам. У 1930–1937 гадах неўрапатолаг Інсараў загадваў Барысаўскай амбулаторыяй і працаваў у гарадской клініцы. З 1937 па 1941 год працуе ў Мінску ўрачом-ардынатарам, загадчыкам неўралагічнага стацыянара Беларускага навукова-даследчага інстытута фізіятэрапіі, артапедыі і неўралогіі. Падчас Вялікай Айчыннай вайны Іван Анісімавіч кіраваў эвакашпіталямі, узначальваў санітарную службу Беларускага штаба партызанскага руху. Па ваенна-медыцынскай тэматыцы ў 1948 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю.

У 1948–1966 гадах І. А. Інсараў займаў пост міністра аховы здароўя БССР. Ён быў вельмі ініцыятыўным і патрабавальным як да сябе, так і да падначаленых кіраўніком, але ў той жа час тактоўным, чалавечным і добрым.

У 1951–1967 гадах Іван Інсараў выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, у 1953–1966-х — у ЦК КПБ. 

Жыццёвыя шляхі Івана Інсарава і Якуба Коласа перасякаліся і на дзяржаўным, і на сяброўскім узроўнях, а таксама на ўзроўні «ўрач-пацыент».  

Да Якуба Коласа як да народнага паэта і дэпутата звярталася шмат людзей з рознымі просьбамі, у т. л. і па медыцынскіх пытаннях.

У асабістым архіве песняра, што захоўваецца ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі, ёсць ліст на афіцыйным бланку Міністэрства аховы здароўя за подпісам І. А. Інсарава, дзе вырашаецца пытанне ўладкавання інваліда ІІ групы Айчыннай вайны ў Магілёўскі шпіталь інвалідаў. Захоўваецца таксама ліст-запрашэнне да Якуба Коласа на Рэспубліканскую канферэнцыю хірургаў Беларусі за подпісам міністра.

Па ўспамінах Наталлі Іванаўны Інсаравай, Іван Анісімавіч быў знаёмы і сябраваў не толькі з Якубам Коласам, але і Петрусём Броўкам, Анатолем Астрэйкам і з акцёрамі Купалаўскага тэатра. Ён выдатна ведаў беларускую і рускую літаратуру, любіў музыку.

У архіве, якім апякуецца дачка былога міністра, знаходзяцца тры лісты Якуба Коласа. 

Ад 5 жніўня 1954 года:

«Тав. І. А. Інсараву.

Дарагі Іван Анісімавіч!

Перасылаю Вам паступіўшую на маё імя заяву ўрача Г. А. Сакаловай. Прашу ўважыць яе просьбу і назначыць урачом пры Мінскай абласной бальніцы.

З тав. прыв. Якуб Колас.

5 VIII 1954 г.»

Другі афіцыйны ліст Якуба Коласа напісаны 4 лютага 1956 года:

«Дарагі Іван Анісімавіч!

Вельмі прашу Вас аказаць дапамогу маёй сваячцы і зямлячцы Людміле Ўладзіміраўне Дземідовіч. Яна хворая туберкулёзам, яе трэба памясціць дзе-небудзь у адпаведнай бальніцы.

Не адмоўце ў маёй просьбе. 

З тав. прыв. Якуб Колас.

4 ІІ 1956 г.»

На той час сам вельмі хворы паэт апякуецца здароўем сваёй стрыечнай 34-гадовай пляменніцы.

Нарэшце, трэці ліст, датаваны 18 жніўня 1952 года:

«Дарагі Іван Анісімавіч!

Зварачаюся да Вас з наступнага поваду.

Урач Сяргей Іосіфавіч Ліяранцэвіч працуе ўжо сорак гадоў. Гэта 

адзін з лепшых дактароў-практыкаў. А таму ці не варта падумаць, як адзначыць яго беззаганную працу ў якасці ўрача, тым болей што Ліяранцэвіч атрымлівае невысокую зарплату і жыве болей чым скромна, і сам ён чалавек дужа скромны.

Буду вельмі ўдзячны Вам, калі Вы тым ці іншым спосабам паклапаціцеся адзначыць саракагоддзе плённай працы С. І. Ліяранцэвіча.

З тав. прыв. Якуб Колас.

18 VIII 1952 г.»

Якуб Колас турбаваўся пра лёс сціплага доктара, які  лячыў яго ў 1950-я гады. С. І. Ліяранцэвічу паэт прысвяціў шмат вершаў і жартаў. Пра гэта апавядае ў артыкуле «“Кроплі і слёзы” Якуба Коласа» малодшы сын паэта Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч («Полымя», 2007, № 11).

Іван  Анісімавіч Інсараў прымаў удзел у некалькіх кансіліумах, калі былі крытычныя моманты стану здароўя Якуба Коласа. Адзін з такіх кансілі­умаў у складзе прафесараў Ула­дзіміра Вікенцьевіча Бабука, Берты Маісееўны Сасіной, Барыса Іпалітавіча Трусевіча, Маісея Навумавіча Шапіры, дацэнта Мікалая Іванавіча Бобрыка і ў прысутнасці міністра аховы здароўя І. А. Інсарава пацвердзіў дыягназ вострага апендыцыту ў 2 гадзіны ночы 19 студзеня 1955 года. Аперацыя паспяхова зроблена выдатным хірургам, заслужаным урачом БССР Мікалаем Іванавічам Бобрыкам. А сітуацыя сапраўды была крытычная: пацыент дастаўлены ў хірургічнае аддзяленне з падазрэннем на востры апендыцыт праз 48 гадзін з моманту захворвання, узрост — 72 гады, поўны «букет» хранічных хваробаў…

Іван Анісімавіч Інсараў пасля адстаўкі з паста міністра працаваў прафесарам у БДУ і адначасова галоўным рэдактарам часопіса "Здравоохранение Белоруссии", быў сябрам Саюза журналістаў БССР. Акрамя дзясяткаў публікацый на медыцынскую тэматыку ў часопісе былі прадстаўлены матэрыялы па гісторыі аховы здароўя Беларусі, пра выдатных прадстаўнікоў медыцыны. У 1972 годзе у 12-м нумары часопіса выйшаў артыкул І. А. Інсарава пра народнага камісара аховы здароўя Беларусі ў 1921–1922 гадах Аляксандра Антонавіча Сянкевіча, сябра і паплечніка Якуба Коласа. 

У матэрыяле выкарыстана інфармацыя з артыкула Веры Міцкевіч “Народны паэт Якуб Колас і міністр Іван Інсараў”