Пачнем з сакавіка 1908 года. Што ж важнага адбывалася ў жыцці Песняра 114 гадоў таму?
У “Нашай ніве” надрукаваны пад псеўданімам Андрэй “Сацыяліст” апавяданне “Сацыяліст”. Падзагаловак – “З апавядання мужыка”. Пад рубрыкай “З Беларусі і Літвы” пад псеўданімам Дзем’янаў гуз – карэспандэнцыя “С[яло] Мікалаеўшчына Мін[скага] пав[ета] і губ[ерні]”.
1911
Сакавік, 1—12.
Напісана вершаванае апавяданне «Прапаў чалавек».
Упершыню — зб. «Прапаў чалавек» (Пб, 1913). Пад тэкстам апавядання, апрача даты: Мінск, астрог. Перапрацавана ў 1929 г.
Сакавік — май.
Напісана вершаванае апавяданне «Як дзядзька ездзіў у Вільню і што ён там бачыў».
Упершыню — «Вольная Беларусь», 1918, 21 і 28 крас. Падзагаловак: «З расказа «Новая зямля». Пад тэкстам: мінскі астрог.
Пазней апавяданне ў перапрацаваным выглядзе склала 27—29-ты раздз. паэмы «Новая зямля» («Па дарозе ў Вільню», «Дзядзька ў Вільні», «Сябры на Замкавай гары»).
1915
Сакавік, 19.
У «Нашай ніве» надрукаваны ўрывак з паэмы «Сымон-музыка» пад назвай «Людскія дарогі» («Гэй, дарогі ў чыстым полі») — канец 1-га раздз. 2-й ч.
1917
Люты, 14.
Атрымаў чын падпаручніка.
Сакавік, 27.
Прызначаны камандзірам 13-й роты.
Паводле паслужнога спіска: «Роту принял: 1917, марта 29».
1918
Вясна.
Калектывам Першага Таварыства драмы і камедыі ў Мінску пастаўлена п'еса «Антось Лата» (Пятровіч С. Якуб Колас і беларускі тэатр — Мн.: Маст. літ., 1975, с. 20).
1922
Сакавік.
Выйшаў зб. вершаў «Водгулле» (Адраджэнне, сш. № 1.— Мн.: Белкаапвыдавецкае т-ва Адраджэнне). Рэц.: П. Л. // Адраджэнне. 1922. Сш. 1; Т. Г. [Грыб Т.] // Перавясла. 1924. № 2.
Сакавік — красавік.
У часоп. «Зоркі», № 2—3 надрукавана алегарычная казка «Дудар» і апавяданне «Святая нядзелька» пад рубрыкай «Для маленькіх дзетак». Псеўданім Тарас Гушча.
1923
Да 8 сакавіка.
Унёс 100 руб. на пабудову аэраплана «Савецкая Беларусь» (Сав. Беларусь, 8 сак.).
1925
Сакавік, да 16.
Камандзіруецца Наркамасветы БССР у Калінінскую і Аршанскую акругі для чытання лекцый па беларусазнаўству. «Міцкевіч, — гаварылася ў выдадзеным яму 16 сак. пасведчанні, — мае чытаць лекцыі, весці гутаркі па гісторыі беларускай літаратуры, чытаць свае творы і іншыя ўзоры прыгожага беларускага пісьменства.
Народны Камісарыят Асветы БССР просіць усе савецкія і грамадзянскія ўстановы дапамагаць Міцкевічу ў выкананні ўскладзенага на яго задання» (ЦДАКР БССР, ф. 205, воп. 3, спр. 5563, л. 23).
1926
Сакавік, 21—23.
Прымае ўдзел у рабоце Усебеларускага з’езда селькораў «Беларускай вёскі». Абраны ў прэзідыум з’езда (Беларуская вёска, 23 сак.).
1927
Сакавік, 19.
На ўстаноўчым сходзе Беларускага таварыства культурнай сувязі з зарубежнымі краінамі абіраецца членам праўлення разам з М. Чаротам, Я. Купалам, Ц. Гартным (Полымя, № 2).
Сакавік.
У «Полымі», № 2 надрукаваны 1-шы акт п’есы «Вайна да пабеднага канца».
Аб гісторыі напісання п’есы гл.: 1931, кастр.— лістап.; 1934, 26 лют.; 1936, кастр.; 1937, 11 студз.
Вясна.
Пачынаецца будаўніцтва ўласнай хаты на Вайсковым завулку паміж цяперашняй вуліцай Фрунзе і тагачаснай агароджай парку «Прафінтэрн» (імя М. Горкага) (Міцкевіч Д. Любіць і помніць: Успамінае сын Якуба Коласа.—Мінск, 2000.—С. 15-16).
1929
Сакавік, 10.
На агульным сходзе пісьменнікаў Мінска разам з М. Грамыкам, В. Кавалём, К. Крапівой, I. Барашкам, В. Сташэўскім і інш. абіраецца членам праўлення Дома пісьменнікаў (Сав. Беларусь, 14 сак.).
Да 24 сакавіка.
Удзельнічае ў рабоце агульнага сходу пісьменнікаў, членаў літаратурнага аб’яднання «Полымя» (Звязда, 24 сак.).
1930
Пачатак сакавіка.
Разам з Я. Купалам, У. Ф. Луцэвіч, Я. Лёсікам, Грамковічам у гасцях у А. Смоліча. Купала паведаміў прысутным пра тое, што дзвюх яго «замужних сестер раскулачили и выслали в эшелоне вместе с детьми из Белоруссии». З паказанняў А. Смоліча ДПУ ад 28 ліпеня 1930 г.: «Купала разрыдался, чем привел всех в смущение. Он упрекал всех белорусов, что ему никто не хочет помочь <…> Купала, впрочем, обращался главным образом к Коласу, и тот обещал завтра же сходить по этому делу в СНК. Свое обещание Колас исполнил. Вскоре за тем высылка сестер Купалы была отменена» (ПЗТ. Т. 9. Кн. 2. С. 201).
Сакавік — красавік.
Выйшла аповесць «На прасторах жыцця» (сер. «Мастацкае слова — масам»). Пад псеўданімам Т. Гушча. (Летапіс друку..., № 2).
1931
Сакавік, 30.
Звяртаецца з лістом да А. М. Горкага, супраць якога ў буржуазным друку была ўзнята паклёпніцкая кампанія. Падтрымлівае М. Горкага як пісьменніка-грамадзяніна, «стойкага барацьбіта за новую эру чалавецтва» (Звязда, 31 сак.).
З ліста: «Ва ўсе канцы свету, дзе ёсць прыгнечаныя і абяздоленыя, разносіцца Ваш голас, асвятляючы працоўнаму люду яго адзіна правільны шлях, шлях змагання за свае вызваленне пад сцягам Камуністычнай партыі» (Зб. тв., т. II, с. 231).
1932
“Маладняк” №2-3 паведамляе: БДТ-2 рыхтуе да пастаноўкі п’есу “Вайна да пабеднага канца”
1934
Сакавік 20
Запаўняе “Анкету навуковага працаўніка БССР”, у якой апрача адказаў на традыцыйныя пытанні пра сацыяльнае паходжанне (сын сялін, земляробаў), членства ў партыях (беспартыйны) асвятляюцца і пытанні літаратурна-творчага характару: паведамляе пра намеры ў другую пяцігодку працаваць над праблемай “адбіцця сацбудаўніцтва ў мастацкіх творах”. Органам сталага супрацоўніцтва Колас называе часоп. “Полымя рэвалюцыі”. З’яўляецца членам “Саюза навуковых работнікаў” (СНР), (КСУ), мае сталую сувязь з “літарганізацыямі СССР”, у якасці грамадскай нагрузкі згадваецца членства ў прэзідыўме ЦК Чырвонага Крыжа, членства ў праўленні Дома вучоных. Агульны заробак (уключаючы ўсе крыніцы) вызначаны ў суме 1200 руб. (Купала і Колас, вы нас гадавалі: дакументы і матэрыялы. Кн. 1. 2010. С 183 – 185)
Сакавік 25
На вечары, які адбыўся ў Доме пісьменніка, падведзены вынікі конкурсу на лепшы мастацкі твор для дзяцей. Конкурс быў абъяўлены Народным Камісарыятам Асветы, ДВБ пры ўдзеле ЛКСМБ. З 30 пададзеных на конкурс твораў прэміяй адзначаны 11, сярод із – трэцяй прэміяй паэма Я. Коласа “Міхасёвы прыгоды”. (ЛіМ, 31 сакавіка)
1935
Сакавік 30
На вечары абароннай літаратуры ў Доме Чырвонай Арміі выступілі: Я. Колас, М. Зарэцкі, К. Крапіва, П. Броўка, А. Куляшоў
Чэрвень-ліпень
Удзельнічае ў Міжнародным кангрэсе пісьменнікаў у абарону культуры ў Парыжы.
1936
Сакавік 13 і пазней
Прысутнічае на нарадзе пісьменнікаў у Маскве, прысвечанай пытанням барацьбы з фармалізмам і натуралізмам.