background

"Колас. Дзень за днём. Ліпень"

13.07.2022

Працягваем друкаваць матэрыялы нашай рубрыкі "Колас. Дзень за днём".

  • "Колас. Дзень за днём. Ліпень"

Надвор'е гэтымі днямі дажджлівае, і не надта радуе тых, хто хоча пагрэцца пад летнім сонейкам ды паплаваць у рачушцы. Але Канстанцін Міхайлавіч быў бы вельмі рады такому клімату: ён марыў, каб дожджык ішоў у свой час і паліваў дрэвы, кветкі, траўку. З трывогай кожную раніцу пазіраў ён на барометр: ці пакажа, што неба заплача.

Фота Аліны Грыгор'евай

 

У сваім вершы "З майго летапісу" з гумарам Якуб Колас апісвае разважанні на конт доўгачаканага дажджу і яго адсутнасці.

З майго летапісу

Стаіць мая хата між хвой кучаравых,

І купіна жыта на клумбе пры ёй.

Свая ў мяне пожня, і дрэўцы, і травы,

Пляцоўка, і двор свой, і я сабе свой.

 

Выходжу з хаціны, спынюся спачатку

Ды вокам акіну скляпенне нябёс:

А можа там вецер пагнаў сваё статка,

Дажджлівыя хмары ў маланках панёс?

 

Не радуе неба, бяздушнае, злое,

І хмар кучаравых нідзе не відаць,

Не ў той бок махае галінамі хвоя, –

І марна пра дождж той сягоння гадаць!

 

У сэрцы трывога, і злосць мне на вецер:

Чаму не нагоніць жаданых нам хмар?

Журботна калыша бярэзінка вецце,

І лёгкі пылок ёй кладзецца на твар.

 

Хаджу ад дубкоў я да яблынек кволых,

Што летась саджаў яшчэ з ранняй вясны,–

Гібеюць, нябогі, і я невясёлы,

Успомню і мары былыя і сны.

 

Не раз я, бывала, у дні сухавеяў

Таксама душою і сэрцам хварэў

І неба, і хмары, і ўсіх дабрадзеяў

Маліў, каб на ласку змянілі свой гнеў;

Каб дожджык застукаў сялянству на ўцеху;

Каб вырасла жыта, гарох, ярына;

Каб гумны заклалі пад самую стрэху

І каб распірала сусек ад зярна;

 

Каб лес аж загніўся пад восень грыбамі,

Каб нам ураджай на іх быў, ды такі,

Што людзі іх проста б вазілі вазамі...

Эх, баравікі вы!.. Эх, баравікі!

 

Хаджу я, пануры, ад градак да дрэва,

І сіл не хапае мне іх паліваць.

А вецер бясплодныя будзіць напевы...

І як жа з вятрамі, скажы, ваяваць?

 

Іду на барометр зірнуць, ці не кажа

Пра дожджык жаданы, пра радасць маю.

А ён – не зрухнецца, стаіць, сіла ўражжа!

Барометру пстрычку са злосці даю...

 

І помню – я раз узлаваўся зацята:

Чаго ён, нягоднік, як ідал, стаіць?

Пра дожджык чаму не варожыць, пракляты?

Я ў рэчку хацеў яго несці тапіць.

 

Цяпер не такі я: гады ўгамавалі

Маю нецярплівасць і порсткі настрой,

Гляджу, як філосаф, на сінія далі –

Чаго спадзявацца старэчай парой?

 

А ўсё ж калі вецер з дажджыстага боку

Пагоніць чароды клубястыя хмар,

Я зноў тады ў тым жа даўнейшым патоку,

Калі маё сэрца захоўвала жар.

 

Тады і панурасць, як цень, сходзіць з твару,

І я весялею, нібы той юнак.

Люблю тады неба, і вецер, і хмару,

Што з поўдзеня з громам узнікне няўзнак.

 

Глядзіш – і барометр для шчасця зямелькі

Наніз хіліць стрэлку пад гоман вятроў.

Тады я, вясёлы, іду да бутэлькі:

– За дожджык, Якубе! Ну, будзь жа здароў!

 

28 мая 1947

У 1951 годзе, 17 ліпеня, Колас піша ліст да М. Прозаравай. З ліста: "Лето не радует меня: сухое, жаркое. Мне больно смотреть, как сохнут травы, увядают растения и безвременно созревают хлеба. С мольбой во взоре смотрю на небо, не встают ли благодатные тучи, готовые утолить жажду земли…»

Дзеліцца з Маргарытай Мікалаеўнай сваімі назіраннямі над парай мухаловак, якія зляпілі гняздо на ваконнай раме сталоўкі.

Фота Аліны Грыгор'евай

Паколькі нанесены матэрыял не трымаўся, спаўзаў, назіральнік прыбіў невялікую планку, і справа ў птушак пайшла на лад. Ва ўзведзенай хатцы хутка з’явіліся чатыры пячужкі, якія адна за другой пачалі самастойна вылятаць з гнязда, што выклікала вялікі клопат і трывогу ў бацькоў. “Но они соберут своих детишек. Через дня три все они мухоловьей фамилией будут ловить мотыльков”.