background

"Колас. Дзень за днём. Лістапад"

03.11.2022

3 лістапада 1942 года... 60-годдзе Якуба Коласа...

У Ташкенце, у Доме Чырвонай Арміі, адбылося ўрачыстае пасяджэнне, прысвечанае 60-годдзю з дня нараджэння Я. Коласа. Пасяджэнне адкрыў прэзідэнт АН БССР К. В. Гораў. З дакладам аб жыцці і творчасці Я. Коласа выступіў К. Крапіва, які прыехаў з Масквы на святкаванне юбілею.

Юбіляра віталі старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Н. Я. Наталевіч, сакратар ЦК КП(б) Узбекістана Юлдашбаева, акадэмік У. І. Пічэта, паэты І. Сяльвінскі, Г. Гулям, Х. Алімжан.

Н. Наталевіч уручыў юбіляру падарунак - сярэбраны партсігар з гравіроўкай: "Народнаму паэту Якуба Коласу ў дзень 60-годдзя ад Ураду БССР".

Ад імя Савецкай Арміі, Ваеннай акадэміі і франтавікоў юбіляра павіншаваў начальнік кафедры інжынерных войск Ваеннай акадэміі імя Фрунзэ палкоўнік Я. Леашэня.

Колас выступіў з прамовай. "Я веру, - сказаў юбіляр, - што хутка вярнуся на родную зямлю, да свайго роднага народу. Усе свае сілы я аддам на аднаўленне і працвітанне Беларусі".