background

#Коласасэлфі

20.01.2023

Добры дзень, сябры! Тым часам наша акцыя #Коласасэлфі працягваецца. Слухайце яшчэ адну цікавую гісторыю...

На ўваходзе ў наш музей кожны наведвальнік можа паглядзецца ў тыя самыя люстэркі, закаваныя ў дубовыя панэлі, у якія глядзеўся і сам Колас, пакінуць свае рэчы на тых самых вешалках, дзе пакідалі рэчы госці і жыхары гэтага дома. 

 

Але мала хто ведае, што гэтая прыхожая захоўвае сапраўдную дэтэктыўную гісторыю пра зборнік алегарычных апавяданняў “Казкі жыцця”. У літаратурнай спадчыне Коласа гэты цыкл займае асаблівае месца, для паэта гэта быў не збор асобных казак, а адзіны твор. Першая казка “Дудар” выйшла ў 1906г., і хоць і з перапынкамі, але да канца апошніх дзён жыцця класік працягваў дапісваць гэты цыкл - апошняя “Страказа” была напісаная ў 1956г. Колас рупліва дапісваў, вычытваў і перайначваў “Казкі”, але нарэшце быў гатовы здаць іх на машынку і ў друк.

 

Але… Але далей прадаставім слова М.Лужаніну:

“Недзе раніцай на самым пачатку чэрвеня 1956 года Канстанцін Міхайлавіч дастаў папку з «Казкамі жыцця», «не чытаў, каб не спаткнуцца на чым», як ён казаў пазней, пагартаў толькі і блаславіў у дарогу: на машынку і ў друк.

І тут — рукапіс знік. Перавярнулі шуфляды, абшукалі кніжныя шафы, зазірнулі ва ўсе магчымыя і немагчымыя сховішчы — няма!

— Я засмуціўся,— расказваў Канстанцін Міхайлавіч.— Няўжо такая няўдача, як некалі з «Сымонам»? Але тады на чамадан паквапіліся, і справа на вакзале была. А то ў сваёй хаце: трымаў у руках і раптам — растала, нідзе ніякага следу!

Каб не адкладаць задуманага, Канстанцін Міхайлавіч узяў кніжку, дзе правіў, перачытваючы, асобныя мясціны. Пасядзеў над ёю вечар, дадаў, што ўспомніў, і — хай друкуецца. Знойдзецца прапажа, можна будзе перанесці адтуль і астатнюю праўку.

Рукапіс адшукаўся хутка і да смешнага проста. Напярэдадні, выпраўляючыся да машыністкі, Канстанцін Міхайлавіч спыніўся каля вешалкі надзець плашч. Папку прыпёр на бар’ерчык дубовай панелі, апрануўся, хацеў рушыць, а ўвагу перабілі: тэлефонны званок, пасля нечаканы наведвальнік.

Выйшлі ў сад пагаварыць, тым часам — абед, гадзіна адпачынку. Клопат з перадрукам адсунуўся, забыўся, а калі прыгадаўся — пачаліся пошукі.

— Дапамог мне, як і заўсёды чалавеку, дождж,— пасмейваецца Канстанцін Міхайлавіч.— Нехта з хатніх прыйшоў на абед, ускінуў дажджавік на крук і завесіў папку. Так яна і ляжала б, каб зноў не нахмарыла, а то давялося ўзяць адзежыну... Нарабілі мне турботы, дасюль з рук не збуду.”

На жаль, гэты зборнік, над якім паэт так рупіўся, пабачыў свет толькі ў 1960 годзе, праз 4 гады пасля смерці паэта.

#KolasMuseumSelfie, #MuseumSelfie, #Коласасэлфі