background

“Мне сонцам свеціць Наднямонне…”

09.08.2021

часовая экспазіцыя мастацкіх работ Уладзіміра Сулкоўскага

З 9 жніўня па 19 верасня Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае на часовую экспазіцыю твораў вядомага беларускага мастака Уладзіміра Сулкоўскага (19.07.1950 – 16.05.2013).

Мастак Уладзімір Сулкоўскі яшчэ са школьных гадоў захапляўся літаратурнай творчасцю Якуба Коласа. Цікавасць да творчасці беларускага Песняра не знікла і ў больш сталыя гады. У 1986 годзе мастак  пачынае ствараць цэлую серыю карцін, прысвечаных родным мясцінам Якуба Коласа. Праца доўжылася тры з паловаю гады, усяго было напісана 23 карціны. Сам мастак так узгадвае тыя гады: “Каб кожны дзень бачыць Нёман, Высокі Бераг, Бервянец нават з вакна, я пераехаў на многія месяцы жыць у Смольню. Кожны прыезд ў гэтыя чароўныя мясціны – нібыта вяртанне да нечага роднага, добра знаёмага яшчэ з дзяцінства. Ходзіш навакольнымі сцяжынамі – і ў душы нарастае адчуванне: тут хадзіў сам пясняр, тут, на беразе Нёмана, нараджаліся неўміручыя радкі Коласавай паэзіі, тут марыў ён пра лепшую долю Бацькаўшчыны”.

Разам з краявідамі на Коласавай радзіме мастак пісаў і інтэр’еры, звязаныя з гісторыяй жыцця пясняра. Кожная карціна – асобная задумка майстра, свая, уласцівая толькі ёй, гісторыя стварэння. Вось што мастак пісаў пра працу над карцінай “Акінчыцы. Інтэр’ер”: “Я засяродзіў увагу на раскрыцці галоўнае тэмы: у вакно хаты заглянула сонейка, каб сваім  Боскім святлом саграваць будучага паэта, тонкімі праменьчыкамі люляць яго калыску…”.

На часовайэкспазіцыі “Мне сонцам свеціць Наднямонне”будуць прадстаўлены мастацкія работы, якія мастак напісаў у час свайго знаходжання на радзіме Песняра.

Сардэчна запрашаем!