background

Наша новая анлайн-выстаўка "Якуб Колас і Міхаіл Шолахаў: жыццёвыя і творчыя паралелі"

26.08.2020

Якуб Колас і Міхаіл Шолахаў па праву стаяць ў шэрагу самых магутных пісьменнікаў савецкай  літаратуры ХХ стагоддзя. Іх творы атрымалі ўсенародную любоў і прызнанне, іх майстэрствам захапляюцца новыя і новыя пакаленні чытачоў.

  • Наша новая анлайн-выстаўка "Якуб Колас і Міхаіл Шолахаў:  жыццёвыя і творчыя паралелі"
  • Наша новая анлайн-выстаўка "Якуб Колас і Міхаіл Шолахаў:  жыццёвыя і творчыя паралелі"
  • Наша новая анлайн-выстаўка "Якуб Колас і Міхаіл Шолахаў:  жыццёвыя і творчыя паралелі"
  • Наша новая анлайн-выстаўка "Якуб Колас і Міхаіл Шолахаў:  жыццёвыя і творчыя паралелі"
  • Наша новая анлайн-выстаўка "Якуб Колас і Міхаіл Шолахаў:  жыццёвыя і творчыя паралелі"
  • Наша новая анлайн-выстаўка "Якуб Колас і Міхаіл Шолахаў:  жыццёвыя і творчыя паралелі"
  • Наша новая анлайн-выстаўка "Якуб Колас і Міхаіл Шолахаў:  жыццёвыя і творчыя паралелі"
  • Наша новая анлайн-выстаўка "Якуб Колас і Міхаіл Шолахаў:  жыццёвыя і творчыя паралелі"
  • Наша новая анлайн-выстаўка "Якуб Колас і Міхаіл Шолахаў:  жыццёвыя і творчыя паралелі"
  • Наша новая анлайн-выстаўка "Якуб Колас і Міхаіл Шолахаў:  жыццёвыя і творчыя паралелі"
  • Наша новая анлайн-выстаўка "Якуб Колас і Міхаіл Шолахаў:  жыццёвыя і творчыя паралелі"
  • Наша новая анлайн-выстаўка "Якуб Колас і Міхаіл Шолахаў:  жыццёвыя і творчыя паралелі"
  • Наша новая анлайн-выстаўка "Якуб Колас і Міхаіл Шолахаў:  жыццёвыя і творчыя паралелі"
  • Наша новая анлайн-выстаўка "Якуб Колас і Міхаіл Шолахаў:  жыццёвыя і творчыя паралелі"
  • Наша новая анлайн-выстаўка "Якуб Колас і Міхаіл Шолахаў:  жыццёвыя і творчыя паралелі"
  • Наша новая анлайн-выстаўка "Якуб Колас і Міхаіл Шолахаў:  жыццёвыя і творчыя паралелі"
  • Наша новая анлайн-выстаўка "Якуб Колас і Міхаіл Шолахаў:  жыццёвыя і творчыя паралелі"
  • Наша новая анлайн-выстаўка "Якуб Колас і Міхаіл Шолахаў:  жыццёвыя і творчыя паралелі"
  • Наша новая анлайн-выстаўка "Якуб Колас і Міхаіл Шолахаў:  жыццёвыя і творчыя паралелі"
  • Наша новая анлайн-выстаўка "Якуб Колас і Міхаіл Шолахаў:  жыццёвыя і творчыя паралелі"
  • Наша новая анлайн-выстаўка "Якуб Колас і Міхаіл Шолахаў:  жыццёвыя і творчыя паралелі"
  • Наша новая анлайн-выстаўка "Якуб Колас і Міхаіл Шолахаў:  жыццёвыя і творчыя паралелі"

Якуб Колас пакінуў беларускай літаратуры “Новую зямлю”, якую называюць энцыклапедыяй сялянскага жыцця канца ХІХ-пачатку ХХ стагоддзя. Ён жа аўтар лірычнай і філасофскай паэмы “Сымон-музыка”, у якой раскрываецца тэма непаразумення паміж сапраўдным мастаком і простым народам,  а таксама незавершанай і ва многім недаацэненай паэмы-рамана аб падзеях Першай сусветнай вайны “На шляхах волі”. У апошняй аўтар узняў праблему бежанства і яскрава паказаў праяўленне гэтага феномена пад час вайны.

Пяру Міхаіла Шолахава належаць раман “Паднятая цаліна”, у якім ён яскрава паказаў працэс калектывізацыі, раман-эпапея “Ціхі Дон”, у якім аўтар здолеў адлюстраваць шырокую панараму жыцця данскіх казакоў пад час Першай сусветнай вайны. Менавіта за гэты твор у 1965 годзе яму была прысуджана Нобелеўская прэмія па літаратуры. Як у жыццёвых так і ў творчых лёсах гэтых пісьменнікаў шмат схожага.

Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч) і Міхаіл Шолахаў па паходжанню належаць да розных сацыяльных груп: бацькі беларускага пісьменніка – з малазямельных сялян, бацька Шолахава – прыказчык камерцыйнай крамы і  упраўляючы паравым млынам, а маці – з казацкага роду, яна доўгі час была прыслугай ў панскім маёнтку Ясенеўка. Дарэчы, бацька Якуба Коласа таксама быў на службе, працаваў аб’ездчыкам Акінчыцкага лясніцтва Нясвіжскай ардынацыі князя Радзівіла, стаў правобразам лясніка Міхала ў паэме “Новая зямля”.

Многія з твораў Якуба Коласа маюць аўтабіяграфічную аснову (паэма “Новая зямля”, трылогія “На ростанях”), у Шолахава таксама ёсць аўтабіяграфічны твор – апавяданне “Нахалёнак”, напісанае пісьменнікам у 1925 годзе. Сам аўтар называў яго “часткова аўтабіяграфічным”. Галоўны герой твора – сямігадовы хлопчык, які жыве са сваёй маці і дзедам у адной з казацкіх станіц, з’яўляецца аб’ектам кпінаў і насмешак з боку аднагодкаў, бо яго бацькі не былі абвенчаны, калі ён нарадзіўся. Справа ў тым, што бацькі Шолахава не былі ў шлюбе да 1913 года, маці будучага пісьменніка сілаю выдалі замуж за казацкага атамана, але яна сыйшла ад яго і ў хуткім часе стала жыць з Аляксандрам Шолахавым, іх сын нарадзіўся не ў шлюбе (у 1905 годзе) і нават меў прозвішча першага мужа да яго смерці, толькі тады бацькі пісьменніка змаглі абвянчацца. 

Абодва пісьменнікі спачатку вучыліся дома. Канстанцін Міцкевіч вучыўся у вясковага “дарэктара” (хлопчыка, які скончыў народную школу), потым у Мікалаеўскім народным вучылішчы і Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, стаў настаўнікам, выкладаў у пачатковай школе, пасля ў Белпедтэхнікуме і БДУ. Міхаіл Шолахаў вучыўся грамаце ў запрошанага на дом мясцовага настаўніка,  а потым у гімназіі (Маскоўскай, Багучарскай, Вёшанскай). Цікава, што некаторы час Міхаіл Шолахаў таксама працаваў настаўнікам –толькі не ў пачатковай школе, а па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослага насельніцтва на хутары Латышаў Каргінскай станіцы ( у 1920 г.).

У абодвух рана праявілася зацікаўленасць літаратурай. Свае першыя творы абодва пісьменнікі пачалі пісаць прыкладна ў адным і тым жа ўзросце. Першыя спробы пяра ў Шолахава адносяцца да часу, калі яму было 10 год – ён пачаў пісаць апавяданні і занатоўваў іх у сшытак.  Прыкладна ў 10-гадовым узросце пад уплывам твораў Івана Крылова Канстанцін Міцкевіч склаў байку “Варона і лісіца”, у 12 год  напісаў свой першы верш “Вясна”, за які атрымаў срэбраны рубель ад бацькі. Першы твор, які выйшаў у друку ў Якуба Коласа – верш “Наш родны край” (1906 год, газета “Наша доля”). Першы надрукаваны твор Шолахава – фельетон “Выпрабаванне” (1923 год, газета “Юношеская правда”). 

Абодва пісьменнікі ўмелі граць на музычных інструментах. Якуб Колас навучыўся граць на скрыпцы ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, любіў слухаць народныя песні і царкоўныя хоры. Вучыцца музыцы Шолахаву не выпадала, але ён самастойна засвоіў ігру на мандаліне і фортэпіяна, нядрэнна спяваў, любіў слухаць казацкія і народныя спевы.

Цікава, што абодва пісьменніка былі фігурантамі судовых спраў. 31 жніўня 1922 года пад час працы станічным  налогавым інспектарам за перавышэнне ўлады Шолахаў быў арыштаваны і асуджаны да растрэлу. Дапамог бацька, які аддаў за сына вялікі грашовы  залог, а потым прывёз новую метрыку, у якой зрабіў сына на 2,5 гады маладзейшым. “Непаўнагадоваму” Шолахаву замянілі пакаранне да аднаго года папраўчай працы ў калоніі і накіравалі ў Болшава (пад Масквой). Якуба Коласа судзілі за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе, ён атрымаў тры гады турэмнага зняволення і адбываў пакаранне ў Мінскім астрозе з 1908 па 1911 год.

Абодва пісьменнікі жылі ў шлюбе. У 1913 годзе Якуб Колас ажаніўся з Марыяй Дзмітрыеўнай Каменскай, настаўніцай пачатковай школы, якая падаравала пісьменніку трох сыноў – Данілу, Юрку і Міхася. 

Жонку Міхаіла Шолахава таксама звалі Марыяй – Марыяй Пятроўнай, як і жонка Коласа яна працавала настаўніцай пачатковых класаў. Абедзьве Марыі былі першымі чытачкамі твораў, памочніцамі і дарадчыцамі для сваіх выбраннікаў. Абвянчаліся Шолахавы ў 1924 годзе, пражылі разам 60 год, у іх сям’і нарадзілася чацвёра дзяцей – Святлана і Марыя, Аляксандр і Міхаіл.

 Цікава, што нашчадкі абодвух пісьменнікаў займаюцца папулярызацыяй творчасці сваіх славутых продкаў. Старэйшы сын Якуба Коласа Даніла Канстанцінавіч Міцкевіч – стваральнік і першы дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, яго ўспаміны пра бацьку ўвайшлі ў кнігу “Любіць і помніць”. Малодшы сын Міхась Канстанцінавіч больш за 50 год адпрацаваў у Фізіка-тэхнічным інстытуце АН БССР (доктар тэхнічных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, аўтар шматлікіх вынаходніцтваў і распрацовак), пасля выхаду на пенсію – стаў навуковым супрацоўнікам, кансультантам музея Якуба Коласа, з’яўляецца аўтарам успамінаў “Пад бацькоўскім дахам”, укладальнікам шэрагу кніг аб жыцці і творчасці свайго бацькі. З 2001-2016 гг. дырэктарам музея Шолахава працаваў унук пісьменніка Аляксандр Міхайлавіч Шолахаў, дачка пісьменніка Святлана Міхайлаўна (1926 г.н.) таксама працавала ў музеі свайго бацькі, зараз у музеі працуе Шолахаў Пётр Аляксандравіч – загадчык выставачна-асветніцкага аддзела “Шолахаў-Цэнтр”. 

З 1941 года Шолахаў – палкавы камісар запаса, быў прызваны ў армію, працаваў спецыяльным карэспандэнтам газет “Правда” і “Красная звезда”, удзельнічаў у баях пад Смаленскам на Заходнім фронце, пад Растовам на Паўднёвым. У студзені 1942 г. атрымаў кантузію пад час няўдалай пасадкі самалёта на аэрадроме ў Куйбышаве. 6 ліпеня 1942 года Шолахаў прыехаў у Вёшанскае, а праз два дні нямецкая авіяцыя здзейсніла налёт на станіцу, адна з авіабомб трапіла ў яго дом, загінула маці Шолахава. Асабісты архіў пісьменніка з рукапісамі і яго бібліятэка былі страчаны, яны былі вывезены з дому, але пад час эвакуацыі зніклі невядома куды. У першыя дні вайны згарэў дом Якуба Коласа ў Мінску разам з асабістай бібліятэкай классіка беларускай літаратуры, рукапісы шэрагу твораў, у тым ліку неапублікаваных, былі страчаны назаўсёды. Пад час другой сусветнай вайны Якуб Колас знаходзіцца ў эвакуацыі ва Узбекістане, супрацоўнічае з газетамі “Фрунзевец” і “Раздавім Фашысцкую гадзіну”, працуе ў АН БССР (была эвакуіравана ў Ташкент) на пасадзе віцэ-прэзідэнта. Разам з іншымі супрацоўнікамі акадэміі збіраў грошы на танкавую калонну. Цікава, што Шолахаў таксама дапамагаў Савецкай арміі матэрыяльна, свой ганарар за Сталінску прэмію ён цалкам перадаў у Фонд абароны. Больш таго частку грошай за Нобелеўскую прэмію Шолахаў накіраваў на будаўніцтва школы ў Вёшанскай станіцы. А Якуб Колас дапамагаў будаваць школу на сваёй радзіме ў вёсцы Мікалаеўшчына.

Сакратар Шолахава падлічыў, што толькі з студзеня па май 1967 года да Шолахава звярнуліся з лістамі розныя людзі з просьбай аб матэрыяльнай падтрымцы на суму агульнай колькасцю 1,6 мільёна  рублёў. Якуб Колас таксама вядомы сваёй дабрачыннай дзейнасцю, свой першы ганарар за “Сымона-музыку” ў цяжкія дваццатыя гады паэт ахвяраваў дзіцячаму дому, пісьменнік дапамагаў дзіцячым дамам і пазней, акрамя таго у яго асабістым архіве сотні лістоў з просьбай аб дапамозе і сотні квіткоў грашовых пераводаў, як блізкім, так і зусім незнаёмым людзям.

З 1937 года Шолахаў дэпутат Вярхоўнага Савета СССР, з 1939 года – акадэмік Академіі навук СССР. Якуб Колас – дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1938-1956 гг.) і СССР (1946-1956 гг.), з 1928 года акадэмік, а з 1929 года і да канца жыцця – віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук БССР.

Вялікі ўнёсак у справу барацьбы за мір зрабілі абодва пісьменнікі. Якуб Колас – член Усеславянскага антыфашысцкага камітэта, старшыня Беларускага і член Савецкага камітэтаў абароны міру, аўтар шматлікіх артыкулаў, дзе выступаў за мір («Мир победит!», “За мир, за труд!”, “Да будет мир” і іншых), прымаў удзел у Міжнародным кангрэсе пісьменнікаў у абарону культуры, які адбыўся ў Парыжы ў 1935 годзе.

Шолахаў быў узнагароджаны залатым медалём “Барацьбіту за мір”, у 1975 годзе атрымаў Міжнародную прэмію міра ў галіне культуры Сусветнага Савета Міра, быў адным з удзельнікаў Вроцлаўскага кангрэса дзеячоў культуры ў абарону міра, стаяў ля вытокаў руху прыхільнікаў міру, вельмі многа зрабіў для аб’яднання дзеячоў культуры, выступаўшых за мір.   

Абодва пісьменнікі былі заядлымі курыльшчыкамі. Міхаіл Шолахаў паліў многа, заўсёды і ўсюды, нават галоўныя героі яго твораў амаль заўсёды паляць і сам працэс курэння ў яго творах апісаны вельмі яскрава. Захапленне палівам скончылася вельмі дрэнна – пісьменнік памёр ад рака горла ў 78-гадовым узросце. Якуб Колас курыў з юнацкіх гадоў. Гэта негатыўна сказалася на стане здароўя песняра. У лісце да сваёй сястры Алены Лойка (ад 16 красавіка 1956 года) пісьменнік скардзіўся, што за апошнія дзесяць год ён 26 разоў хварэў на запаленне лёгкіх. Дактары Якуба Коласа змаглі пераканаць яго ў неабходнасці кінуць паліць і у апошнія гады свайго жыцця ён адмовіўся ад гэтай дрэннай звычкі.

Па некаторых звестках, Міхаіл Аляксандравіч быў заядлым рыбаком-вудзільшчыкам. Колас таксама стаў такім, у часе адпачынку ў Тальцы (1933 г.), хаця ў паэме “Новая зямля” выказваўся здзекліва аб вудзільшчыках:

“Дзед меў да сецей нахіленне,

А вудзіць – не: не меў цярпення

І не любіў наогул вуды

І гэтай вудавай маруды

Бо вуды любяць больш паны

І, выбачайце, свістуны;

Хоць праўда, хлеб ядуць і з вуды,

Але не ўсе і не заўсюды”.

Пісьменнікі мелі і іншыя захапленні. Так, Міхаіл Аляксандравіч быў заядлым паляўнічым і, напэўна, трапным стралком. Канстанцін Міхайлавіч быў першым стралком з нагана ў сваёй роце і вельмі трапным стралком з малакалібернай вінтоўкі. Але ён быў ахоўнікам прыроды і цвёрда стаяў на тым, што адстрэльваць патрэбна толькі драпежнікаў. Відаць, здольнасці стральбы перадаліся ад бацькі сынам Якуба Коласа. Абодва хлопцы – Юрка і Міхась – адзначылі сваё майстэрства ва ўсесаюзных спаборніцтвах па стэндавай стральбе, дзе займалі прызавыя месцы.

Якуб Колас і Міхаіл Шолахаў мелі шмат узнагарод. Абодва – лаўрэаты Сталінскай прэміі. Якуб Колас атрымаў Сталінскую прэмію першай ступені ў 1946 годзе за вершы “Салар”, “Голас зямлі”, “На запад”, “Дарогай пабеды” і інш. Сталінская прэмія другой ступені была прысуджана Коласу ў 1949 годзе за паэму “Рыбакова хата”. Сталінскую прэмію першай ступені Шолахаў атрымаў у 1941 годзе за раман “Ціхі Дон”. Абодва пісьменнікі ўзнагароджаны ордэнамі Леніна, рознымі іншымі ордэнамі і медалямі.

Паміж імі былі і перакрыжаванні па некаторых адрасах, па якіх пражывалі пісьменікі і члены іх сямей. У 1944 годдзе Міхаіл Шолахаў з сям’ёй пасяліўся ў Маскве, у кватэры №44 дома нумар 19 па Стараканюшанным завулку. У гэтым жа пад’ездзе знаходзілася хворая Марыя Дзмітрыеўна, за якой даглядала знаёмая сям’і Валянціна Процька. Наведаць маці па гэтым адрасе прыязджаў малодшы сын Якуба Коласа Міхась, прыязджаў і Якуб Колас.

 Выдатная літаратурная і грамадская дзейнасць пісьменнікаў была шырока адзначана. Так у гонар абодвух пісьменнікаў: 1) названы вуліцы і пастаўлены помнікі ў гарадах Расіі і Беларусі, а таксама за іх межамі; 2) заснаваны прэміі па літаратуры: Міжнародная прэмія імя М. А. Шолахава ў галіне літаратуры і мастацтва заснавана і ўручаецца з 1992 года, Літаратурная прэмія імя Якуба Коласа заснавана ў 1959 годзе, з 1965 году прэміі нададзены статус дзяржаўнай. 3) Створаны і дзейнічаюць літаратурныя музеі пісьменнікаў.

Некаторыя творы абодвух пісьменнікаў былі экранізаваны. Самыя вядомыя экранізацыі па творах Шолахава – “Ціхі Дон” Сяргея Герасімава (1958 г.), “Ціхі Дон” (1992 г., выпушчаны ў 2006 г.)” і “Лёс чалавека” (1959 г.) Сяргея Бандарчука, “Паднятая цаліна” (1959-1961 гг.) Аляксандра Іванова, “Нахалёнак” (1961 г.) Яўгена Карэлава і многія іншыя. Экранізаваных твораў у беларускага пісьменніка значна менш: “Песня вясны” (1929 г.) па матывах аповесці “На прасторах жыцця” рэжысёра Уладзіміра Гардзіна, “Першыя выпрабаванні (1960 г.) па матывам трылогіі “На ростанях” рэжысёра Уладзіміра Корш-Сабліна, фільм-спектакль “Сымон-музыка” (1976 г.) рэжысёра Валерыя Мазынскага па матывах паэмы “Сымон-музыка”, “Новая зямля” (1982 г.) Уладзіміра Трэццякова па матывах аднайменнай паэмы, “Талаш” (2012 г.) рэжысёра Сяргея Шульгі па аповесці Якуба Коласа “Дрыгва”.

Цікава, што ў публіцыстычных творах і выступленнях Якуб Колас і Міхаіл Шолахаў часам узгадваюць адзін аднаго. У артыкуле “Адарванасць ад жыцця”, які ўпершыню быў надрукаваны ў газеце “Літаратура і мастацтва” ў 1938 годзе (№7 за 6 лютага)  Якуб Колас пісаў: “У практыцы пісьменніцкай работы ёсць прыклады, на якія варта звярнуць нам увагу. Усім вядомы высокамастацкія творы пісьменніка Шолахава і яго метады работы. Ці не варта было б узяць і нам з яго прыклад? Асноўнае, што стаўлю я ў загану нашым пісьменнікам гэта – іх адарванасць ад жыцця”. Аб сабе Колас піша: “мая адміністратарская работа страшэнна замінае маёй непасрэднай пісьменніцкай рабоце. Я шмат гадоў адчуваю патрэбу па-сапраўднаму ўзяцца за сваю работу, асвяжыць запас назіранняў над жыццём, над моваю, у якой мы творым, глыбей вывучыць аб’екты сваёй творчасці”.

Гэты артыкул пераклікаецца з выступленнем Міхаіла Шолахава на Другім Усесаюзным з’ездзе пісьменнікаў, які адбыўся ў Маскве ў 1954 годзе (15-26.12.1954). Сваю прамову М. Шолахаў прысвяціў пытанням павышэння пісьменніцкага майстэрства. Асноўная прычына сур’ёзных недахопаў у літаратуры, – па меркаванні Шолахава,–– крыецца ў паслабленні патрабавальнасці пісьменнікаў у адносінах да сваёй працы, у адарванасці іх ад рэальнага жыцця, а таксама ў паніжэнні ацэначных крытэрыяў з боку крытыкаў. Яго непакоіць серый поток бесцветной, посредственной литературы, который в последние годы хлещет со страниц журналов и наводняет книжный рынок.  Недахопы ў літаратуры Шолахаў звязвае не з дзейнасцю маладых пісьменнікаў, творчы рост якіх можна прасачыць ад кнігі да кнігі, а з творчасцю ўжо вядомых карыфеяў, якія “потеряв уважение к своему труду и к читателю, увядают на корню и в конце концов превращаются из мастеров в ремесленников”. Ён гаворыць аб тым, што пад час вайны, калі мастацкае слова служыла арміі і народу, у пісьменнікаў не было часу думаць аб создании крупных произведений, выношенных в тяжелых и долгих раздумьях, отточенных по языку, безупречных по стилю”. Многія пісьменнікі ў пасляваенны час працягваюць пісаць па інэрцыі “наспех, неряшливо, небрежно, и это обстоятельство не замедлило резко сказаться на  художественном уровне значительного числа произведений”. Такія няўдалыя творы Шолахаў называе “литературными выкидышами”.  У сваім выступленні ён гаворыць аб Коласе як аб адным з самых таленавітых пісьменнікаў сучаснасці, ставіць яго ў адзін шэраг з Фадзеевым, Паустоўскім, Упітам, Твардоўскім.

Разглядаючы пытанне крытычнай ацэнкі твораў, Шолахаў задае наступнае пытанне: “Была ли напечатана в нашей печати  хоть одна критическая статья, в полную меру, без всяких скидок, оговорорк и оглядок воздающая должное какому-либо литературному мэтру за его неудачное произведение?”. І сам жа на яго адказвае, што, на жаль, такога артыкула не было.

Напэўна, Якуб Колас і Міхаіл Шолахаў сустракаліся на з’ездзе, беларускі паэт таксама ў ім ўдзельнічаў, быў абраны ў прэзідыум і выступаў з прамовай, у якой разгледзеў тэму вобраза станоўчага героя, узняў пытанне здольнасці пісьменніка бачыць гістарычную перспектыву развіцця грамадства і праблему мастацкай даўгавечнасці літаратурнага твора. У сваім выступленні Якуб Колас адзначыў, што найбольш дарагімі творамі для народа, лепшымі ў літаратуры з’яўляюцца “Паднятая цаліна” М.Шолахава, “Маладая гвардыя” А. Фадзеева, “Васіль Цёркін” А. Твардоўскага, бо іх аўтары былі ў віры гістарычных падзей, якія яны апісвалі,  і таму змаглі дакладна перадаць абстаноўку, верна паказаць вобразы герояў. Як і Шолахава, Якуба Коласа вельмі непакоіць праблема крытычнай ацэнкі твораў. Беларускі паэт лічыць, што крытыка павінна дапамагаць пісьменніку ўдасканаліць твор, а не загубіць аўтара; яму не падабаецца, што крытыкі  звычайна аналізуюць творы 5-6 вядомых пісьменнікаў, а творы іншых застаюцца без разгляду, а таксама тое, што паблажліва ацэньваюцца творы пісьменнікаў, якіх прывыклі хваліць за прошлыя дасягненні. Прысутнічаць на з’ездзе да канца Якуб Колас не змог па прычыне хваробы, яму прыйшлося тэрмінова вярнуцца ў Мінск. 

У лісце да сябра і перакладчыка Яўгена Сямёнавіча Мазалькова ад 11 студзеня 1955 года Якуб Колас пісаў: Как расцениваете Вы выступление Шолохова на 2-м Всесоюзном съезде писателей? Я послал ему письмо и целиком, за некоторым исключением, поддержал его.  

З мэтай адшукаць гэты ліст я звярнулася ў Дзяржаўны музей-запаведнік М.А. Шолахава ў Растове-на-Доне, які з’яўляецца асноўным інстытутам па захаванні матэрыялаў, звязаных з жыццём і творчасцю рускага пісьменніка. Ліст не быў знойдзены ў фондах музея, можа ён не захаваўся ці чакае свайго часу, каб быць знойдзеным у іншых музеях ці архівах. Затое быў выяўлены цікавы дарчы надпіс Якуба Коласа на кнізе “На ростанях”, які дагэтуль быў невядомы коласазнаўцам: “Сердечно любимому, горячо уважаемому писателю советской земли Михаилу Александровичу Шолохову. Якуб Колас. 24.VIII.1955 г.”. Кніга захоўваецца ў асабістай бібліятэцы М. Шолахава. У поўным зборы твораў Якуба Коласа прыведзены 8 дарчых надпісаў Якуба Коласа на розных асобніках кнігі “На ростанях”. Гэта і апошняя кніга, якую паэт дарыў сваім сябрам і знаёмым, пакідаючы дарчыя надпісы. Сярод шчаслівых яе ўладальнікаў – сябры сям’і Якуба Коласа Гаўрыла і Ларыса Гарэцкія, сябар Коласа і перакладчык Я. С. Мазалькоў, беларускі пісьменнік і асабісты сакратар Якуба Коласа М. Лужанін, дырэктар Белдзяржвыдавецтва З.П.Матузаў, знаёмыя паэта Аляксандра Кетлер і Соня Ваўчок, таварыш па камеры царскай турмы, прататып аднаго з герояў трылогіі Аляксандр Голуб. Адну з кніг Якуб Колас падараваў музею Беларускага Палесся ў г. Пінску. Выяўлены асобнік з дарчым надпісам М. Шолахаву стаў дзевятым у гэтым шэрагу кніг. 

У фондах музея Якуба Коласа захоўваецца тэлеграма Якубу Коласу ад Шолахава з падзякай за дасланы ліст, а ў асабістай бібліятэцы пісьменніка – кніга “Паднятая цаліна”. 

Разглядаючы творчасць пісьменнікаў можна правесці некаторыя паралелі. Калі ўзяць за крытэрый час напісання твораў Якубам Коласам і М. Шолахавым, то можна заўважыць, што некаторыя творы пісаліся пісьменнікамі на працягу доўгага перыяду. Адзін з сваіх самых выдатных твораў – “Ціхі Дон” – Шолахаў пісаў доўгіх 14 год свайго жыцця з 1926 па 1940 год. Даволі працяглы час Якуб Колас працаваў над трылогіяй “На ростанях”: першыя дзве часткі пабачылі свет ў 1921-1922 гг. і 1926-1927 гг. адпаведна, а апошняя дапісвалася напрацягу 1948-1954 гг., кніга выйшла ў друку асобным  выданнем у 1955 годзе. Першы том рамана “Паднятая цаліна” Шолахава выйшаў у 1932 годзе, рукапіс другой часткі рамана знаходзіўся ў доме пісьменніка ў станіцы Вёшанская, але пачалася Другая сусветная вайна  і пад час бамбардзіроўкі ён быў страчаны. У 1950-я гг. Шолахаў вярнуўся да працы над кнігай і ў 1959 годзе другая частка рамана выйшла ў друку. Шмат рукапісаў Якуба Коласа было страчана пад час Другой сусветнай вайны, яны згарэлі разам з домам пісьменніка. Колас даволі працяглы час працаваў над узнаўленнем рукапісу паэмы-рамана “На шляхах волі”, які пісьменнік пачаў пісаць ў 1926 годзе, але пад час вайны рукапіс быў старчаны. Дзякуючы таму, што раман пачаў выходзіць у друку ў даваенных перыядычных выданнях, частку твора Колас узнавіў. Давесці працу над раманам да канца ў Коласа не атрымалася, ён так і застаўся незавершаным, выходзіў у зборах твораў Якуба Коласа, а асобным выданнем кніга выйшла толькі ў 2014 годзе, дзякуючы намаганням малодшага сына Якуба Коласа Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча.

 Агульнай для абодвух аўтараў з’яўляецца і тэматыка асобных твораў, так “Паднятая цаліна” Шолахава і “Адшчапенец” Коласа прысвечаны праблемам калектывізацыі, “Ціхі Дон” і “На шляхах волі” – падзеям Першай сусветнай вайне. Шмат твораў напісана пісьменнікамі пад час Другой сусветнай вайны. У Шолахава выйшла ў друку шмат апавяданняў на ваенную тэму: «Они сражались за родину», «Судьба человека», «Слово о родине», «Борьба продолжается», «Наука ненависти», «На Юге», «На Дону», «Казаки», «Свет и мрак» і іншыя.  Пад час вайны ў Якуба Коласа выходзіць шмат вершаў на ваенную тэму, зборнікі вершаў “Адпомсцім” (1942 г.) і “Голас зямлі” (1943 г.), паэмы “Суд у лесе” (1942 г.), “Адплата”(1943-1944 гг.), шмат публіцыстычных артыкулаў у якіх ён услаўляў патрыятызм, гераізм савецкіх людзей, выкрываў чалавеканенавісніцкую сутнасць фашызму. 

У артыкуле “Современность и писатель”, які ўпершыню быў надрукаваны 8 студзеня 1956 годзе ў газеце “Правда” (№8) пад рубрыкай “Заметки писателя” Якуб Колас узгадаваў рускага пісьменніка: Мало сказать, что мы с нетерпением ждём новых глав «Поднятой целины» и с неослабевающим вниманием прочитываем их. Творчество Михаила Шолохова именно потому и получило всенародное признание, что мы не просто читаем его книги, а вступаем в жизнь героев. Становимся их соучастниками в радости и в горе. Родниковая свежесть и жизненная полнота образов волнуют нас в произведениях М. Шолохова.  Артыкул быў напісаны напярэдадні Трэцяй Усесаюзнай нарады маладых пісьменнікаў, якая пачалася ў Маскве 9 студзеня 1956 года.

Якуб Колас і Міхаіл Шолахаў былі дэлегатамі ХХ з’езда КПСС, які адбыўся 14-25 лютага 1956 года. Менавіта на гэтым з’ездзе быў развенчаны культ асобы І.В. Сталіна.

На з’ездзе Шолахаў выступіў з прамовай, у якой уступіў у палеміку з Б. Гафуравым, даводзячы, што прычына адставання літаратуры ад жыцця не ў заняпадзе творчай актыўнасці, а ў адарванасці пісьменнікаў ад жыцця, ад народа, а часам і ад самой літаратурнай дзейнасці па прычыне загружанасці грамадскай працай. У якасці прыкладу ён прыводзіць пісьменніка А.Фадзеева, які ўзначальваючы Саюз пісьменнікаў, і па прычыне вялікай грамадскай загружанасці, акрамя “Разгрому” і “Маладой гвардыі” не змог даць чытачу яшчэ больш цудоўных твораў. Шолахаў перажывае, што адміністратыўная праца адняла ў пісьменніка “пятнаццаць лучших творческих лет его жизни”. Прыкладна аб тым жа перажываў і Якуб Колас, калі пісаў свой апошні ліст, ліст да Я.С.Мазалькова ад 13 жніўня 1956 года: “Вы должны расценивать меня не как поэта, писателя, а как работника канцелярии в её различных отраслях. Это меня возносит, и снижает. Ведь я поэт на 50%. А где остальные 50%, Вы, думаю, знаете”. Паэт меў на ўвазе сваю грамадскую дзейнасць (дэпутацкую, членства ў розных камісіях і ўдзел у шматлікіх паседжаннях), дзейнасць на пасадзе віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук Беларусі, што аднімала многа часу ад яго творчасці. 

У сваім выступленні на ХХ з’ездзе КПСС Шолахаў узгадваў імя беларускага паэта, гаворачы аб тым, што пасля смерці Максіма Горкага ў літаратуры засталіся такія таленты як Аляксей Талсты, Якуб Колас, Серафімовіч, Гладкоў, Прышвін і іншыя, але трэба думаць пра будучае літаратуры, пра падрыхтоўку маладога пакалення пісьменнікаў.

На гэтае выступленне Шолахава адгукнуўся тав. Гіндзін, які ў “Літаратурнай газеце” выступіў у падтрымку Б. Гафурава: “Вы правы, тов. Гафуров, когда предъявили к крупным писателям (в том числе, конечно, и к Шолохову) претензию, что они за последние годы мало дали народу. Это мнение не только Ваше. Это мнение огромного большинства народа. Это к Шолохову относится в особенности. Он живет в деревне, связан с народом, мало занимается международными делами и почти не участвует в руководстве Союзом писателей. От кого, кого, а от него народ в праве ждать большей творческой активности.

  Заява Гіндзіна не мінула ўвагі Коласа. Так у лісце да С.М. Гарадзецкага ад 12 сакавіка 1956 года Колас цікавіўся ў свайго сябра і перакладчыка “чем кончилась полемика некоего мифического Гиндина с Михаилом Шолоховым

У адрозненне ад Коласа Гарадзецкі прыняў іншы бок і выступіў з рэзкай крытыкай Шолахава, асабліва за яго выказаванні ў бок А. Фадзеева. У адказ на пытанне Якуба Коласа ён піша: “Великим писателем в советское время не может быть зазнавшийся феодал, оторвавшийся от профессиональной литературной среды, к которой он, как-никак принадлежит. Так смотрит большинство серьезных людей, с которыми я говорил по этому поводу”. У наступным лісце да Гарадзецкага Колас зноў уступае ў палеміку са сваім сябрам наконт Шолахава. Гарадзецкі даслаў Коласу фотаздымак, на якім ён у руках з бутэлькай сустракае масленіцу разам з сябрамі. Колас піша:Особенно хорош ты с бутылкой в руках…Там – на фото – еще два оптимиста, не знаю, кто они. Вероятно, тоже поэты или же люди, причастные к какому-либо искусству, не то, что Шолохов, «оторванный от писательской профессиональной среды феодал», как ты его неправильно называешь. У большого, талантливого писателя много завистников. Гиндин, о коем ты одобрительно отзываешься, по всей видимости, подставное лицо, граммофонная пластинка, наигранная побочными музыкантами. О Фадееве Шолохов отзывался в своем выступлении как о талантливейшем писателе современности, упрекнув его в том, что он слишком много времени отдавал бесплодной администраторской работе”. 

Якуб Колас і Міхаіл Шолахаў ведалі адзін аднаго, сустракаліся на сесіях Вярхоўнага савета і з’ездах пісьменнікаў. Беларускі паэт з павагай ставіўся да Шолахава, захапляўся яго творамі. Так як і  Шолахаў высока цаніў творчасць беларускага пісьменніка, узгадваў яго ў сваіх выступленнях, як аднаго з самых магутных пісьменнікаў сучаснасці. 

Матэрыял падрыхтавала галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Васіліна Міцкевіч