background

Навукова-педагагічная дзейнасць Якуба Коласа ў 20-30-я гг.

10.11.2020

Да Сусветнага дня навукі

  • Навукова-педагагічная дзейнасць  Якуба Коласа ў 20-30-я гг.
  • Навукова-педагагічная дзейнасць  Якуба Коласа ў 20-30-я гг.
  • Навукова-педагагічная дзейнасць  Якуба Коласа ў 20-30-я гг.
  • Навукова-педагагічная дзейнасць  Якуба Коласа ў 20-30-я гг.
  • Навукова-педагагічная дзейнасць  Якуба Коласа ў 20-30-я гг.
  • Навукова-педагагічная дзейнасць  Якуба Коласа ў 20-30-я гг.
  • Навукова-педагагічная дзейнасць  Якуба Коласа ў 20-30-я гг.
  • Навукова-педагагічная дзейнасць  Якуба Коласа ў 20-30-я гг.
  • Навукова-педагагічная дзейнасць  Якуба Коласа ў 20-30-я гг.
  • Навукова-педагагічная дзейнасць  Якуба Коласа ў 20-30-я гг.
  • Навукова-педагагічная дзейнасць  Якуба Коласа ў 20-30-я гг.
  • Навукова-педагагічная дзейнасць  Якуба Коласа ў 20-30-я гг.
  • Навукова-педагагічная дзейнасць  Якуба Коласа ў 20-30-я гг.
  • Навукова-педагагічная дзейнасць  Якуба Коласа ў 20-30-я гг.
  • Навукова-педагагічная дзейнасць  Якуба Коласа ў 20-30-я гг.
  • Навукова-педагагічная дзейнасць  Якуба Коласа ў 20-30-я гг.
  • Навукова-педагагічная дзейнасць  Якуба Коласа ў 20-30-я гг.
  • Навукова-педагагічная дзейнасць  Якуба Коласа ў 20-30-я гг.
  • Навукова-педагагічная дзейнасць  Якуба Коласа ў 20-30-я гг.
  • Навукова-педагагічная дзейнасць  Якуба Коласа ў 20-30-я гг.
  • Навукова-педагагічная дзейнасць  Якуба Коласа ў 20-30-я гг.
  • Навукова-педагагічная дзейнасць  Якуба Коласа ў 20-30-я гг.

 

 

Сёння, 10 лістапада, адзначаецца Сусветны дзень навукі.

Вялікі пясняр Беларусі Якуб Колас вядомы не толькі сваёй літаратурнай творчасцю. Абсягі яго дзейнасці надзвычай шырокія: паэт і празаік, драматург і перакладчык, крытык і публіцыст, педагог, настаўнік літаратурнай моладзі, а таксама і буйны вучоны, выдатны лінгвіст, этнограф, фалькларыст, арганізатар навукі і выдавецкай справы ў рэспубліцы. На працягу 35 гадоў, пачынаючы з 1921 года і да самай смерці, ён стаяў ля вытокаў і на чале беларускай навукі. З часу заснавання Акадэміі навук Якуб Колас з’яўляўся нязменным яе віцэ-прэзідэнтам.

ІНСТЫТУТ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ, АКАДЭМІЯ НАВУК.

Даследчыцкай дзейнасцю Якуб Колас пачаў займацца будучы семінарыстам. Падчас вучобы ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі ён напісаў свой першы літаратурна-этнаграфічны твор «Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле», дзе аўтар галоўную ўвагу ўдзяляў апісанню народных прымет, павер’яў, замоў, звестак па народнай медыцыне. Як адзначала этнограф Э. Р. Сабаленка, не страціла сваёй каштоўнасці і сёння яшчэ адна этнаграфічная праца Якуба Коласа ― «О крестьянских постройках (деревня Люсино Минской губернии, Пинского уезда)», яна дае падставу сцвярджаць, што перад намі ўдумлівае, сур’ёзнае даследаванне быту беларускага сялянства.

Талент Якуба Коласа-лінгвіста садзейнічаў яго паспяховай дзейнасці ў першых беларускіх навуковых установах.

Калі Якуб Колас вярнуўся ў 1921 г. з Расіі ў Мінск, на Беларусі толькі пачыналася стварэнне навуковых устаноў. На грамадскіх пачатках пры Наркамасветы БССР у 1921 годзе была створана Навукова-тэрміналагічная камісія. У камісіі прымалі ўдзел лепшыя прадстаўнікі беларускай навукі і літаратуры ― узначаліў камісію беларукі мовазнаўца Сцяпан Некрашэвіч.

Сцяпан Некрашэвіч.

У склад камісіі увайшлі Якуб Колас і Янка Купала.

Якуб Колас сярод супрацоўнікаў Інбелкульта. Злева направа сядзяць: У. В. Чаржынскі, Алесь Гурло, Б. І. Эпімах-Шыпіла, Якуб Колас, І. І. Замоцін, С. М. Некрашэвіч. Стаяць: М. Я. Байкоў, Язэп Пушча (Іосіф Плашчынскі), В. Ф. Мачульскі. 1927 год.

У час работы ў Навукова-тэрміналагічнай камісіі Якуб Колас прымаў непасрэдны ўдзел у распрацоўцы навуковай тэрміналогіі., адсутнасць якой тармазіла разгортванне народнай асветы, вышэйшай школы, культуры, навукі. Актуальнасць распрацоўкі беларускай навуковай тэрміналогіі і ролю камісіі ў гэтай справе ён адзначаў у прамове “Культура і навука ў БССР за 30 год”: “Ужо 10 лютага 1921 года пры акадэмічным цэнтры Наркамасветы БССР узнікае першая навукова-даследчая ячэйка ў выглядзе навукова-тэрміналагічнай камісіі. Задача гэтай камісіі, якая складалася з трох секцый – гуманітарнай, прыродазнаўчай і матэматычнай, з’яўлялася распрацоўка навуковай тэрміналогіі, неабходнай для развіцця беларускай навукі і для складання падручнікаў па беларускай мове для пачатковай і сярэдняй школы. У выніку дзейнасці камісіі з’явіўся шэраг тэрміналагічных зборнікаў па розных галінах ведаў.”

У студзені 1922 г. на базе Навукова-тэрміналагічнай камісіі была заснавана першая шматгаліновая навукова-даследчая ўстанова рэспублікі - Інстытут беларускай культуры. У яго склад сапраўднымі членамі ўвайшлі: І. Д. Луцэвіч (Янка Купала), К. М. Міцкевіч (Якуб Колас), Я. Ф. Карскі і інш.

«Белорусская речь» Я. Ф. Карскага (нарысы народнай мовы з гістарычным асвятленнем).

Інбелкульт працаваў на былой Койданаўскай вул.(цяпер Рэвалюцыйная) і падзяляўся на два аддзелы – гуманітарных і прыродазнаўчых навук. У аддзелах былі створаны камісіі і кафедры.

Будынак у Мінску, у якім у 1922 ‒ 1928 гадах знаходзіўся Інбелкульт
(вул. Рэвалюцыйная, 15. У часы ІБК будынак меў адрас Койданаўская, 19).

Якуб Колас працаваў у літаратурна-даследчай камісіі (потым – Інстытут беларускай мовы) пры Інбелкульце, займаўся вывучэннем і збіраннем вуснай народнай творчасці,  фальклору. Колас часта выступаў і на агульных зборах, падтрымліваў пастаноўку цэлага рада экспедыцый – геалагічных, геабатанічных. Паводле ўспамінаў Я. Сушынскага, Якуб Колас “заўсёды быў самым актыўным членам камісіі і ўносіў часта найбольш удалыя, трапныя і глыбока народныя тэрміны ў той ці іншай галіне навукі. Камісія засядала тры разы на тыдзень вечарамі пасля службы ўсіх членаў камісіі звычайна з 18 да 22-23 гадзін. Колас на працягу ўсяго пасяджэння быў актыўным і, здавалася, не стамляўся. Тэрміналагічная камісія прарабіла вялікую працу. Была выпрацавана тэрміналогія па ўсіх прадметах сярэдняй школы і выпушчана з друку асобнымі выпускамі па кожнаму прадмету. Камісія працавала на грамадскіх пачатках, а потым была ўзята на бюджэт Інстытута беларускай культуры і працавала ў Інбелкульце пад новай ужо назвай Інстытута навуковай мовы”.

Якуб Колас і Янка Купала з супрацоўнікамі Інбелкульта. 1925 год.

Інбелкульт вёў навукова-даследчую работу па многіх актуальных пытаннях. Вялікае навуковае значэнне  мела складанне тэрміналагічных слоўнікаў – быў  закладзены пачатак шырокага ўсебаковага вывучэння беларускай мовы. З 1922 па 1930 гг. былі створаны і выдадзены спецыяльныя слоўнікі па 24 галінах навукі. У 1926  годзе выйшла ў свет буйная навуковая праца па беларускай мове – “Методыка роднае мовы”, падрыхтаваная Якубам Коласам.

Мемарыяльная дошка на будынку, дзе знаходзіўся Інбелкульт.

У  канцы 1928 года ўрад рэспублікі прыняў пастанову аб рэарганізацыі Інстытута беларускай культуры ў Беларускую Акадэмію навук, і 1 студзеня 1929 года адбылося адкрыццё Акадэміі навук Беларускай ССР. У снежні 1928 г. Якуб Колас быў зацверджаны правадзейным членам акадэміі, а ў 1929 годзе абраны віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук. На гэтай пасадзе ён плённа працаваў да апошніх дзён свайго жыцця.

Якуб Колас у рабочым кабінеце АН БССР. 1950 год.

 З пачатку стварэння АН Беларусі існавала два аддзяленні – грамадскіх і прыродазнаўчых навук. Якуб Колас у асноўным быў звязаны з аддзяленнем грамадскіх навук. У той жа час ён прымае ўдзел у рабоце канферэнцый і сесій, ездзіць па краіне, выступае сярод рабочых, калгаснікаў, інтэлігенцыі ў Мінску, Оршы, Быхаве, Шклове, Магілёве, Полацку, Віцебску.

У 1932 годзе ў азнаменаванне 50-годдзя  Якуба Коласа Прэзідыум Акадэміі навук пастанавіў выдаць на працягу двух год поўны юбілейны акадэмічны Збор твораў. Прэзідыум зацвердзіў Якуба Коласа членам рэдкалегіі “Запісак Акадэміі навук”.

2.10.1932 года Якуб Колас прымаў удзел у аб’яднаным пасяджэнні Акадэмічнага савета Беларускай Акадэміі навук, Аргамітэта ССП Беларусі, Цэнтральнага бюро секцыі навуковых работнікаў, прысвечаным М.Горкаму.

30 студзеня 1935 года Пастановай СНК БССР акадэмік, віцэ-прэзідэнт Беларускай Акадэміі навук Якуб Колас зацверджаны членам Прэзідыума, выбранага студзеньскай сесіяй Акадэміі навук.

Шмат гадоў працаваў з Якубам Коласам у акадэмічнай сферы Канстанцін Васільевіч Гораў. З 1938 па 1947 год ён узначальваў Акадэмію навук Беларусі: “З Канстанцінам Міхайлавічам мне пашчасціла сумесна працаваць на працягу многіх гадоў у Акадэміі навук Беларусі. Я з ім упершыню пазнаёміўся ў 1938 годзе, у пачатку гэтага года, калі прыехаў у Мінск на работу ў Прэзідыум, у Акадэмію навук БССР. Ён тады з’яўляўся віцэ-прэзідэнтам і практычна ўсю асноўную работу, увесь цяжар па кіраўніцтву Акадэміяй навук нёс на сваіх плячах. Хаця быў яшчэ адзін член Прэзідыума ў даваенным Мінску, у Акадэміі – Вальфсон. Ён быў хворы і таму ўдзелу ў нашай Акадэміі не мог прымаць. Таму, калі я прыехаў у Мінск, я адчуў, што Канстанцін Міхайлавіч быў задаволены маім прыездам, паколькі я сваёй работай у нейкай меры мог палегчыць яго лёс па кіраўніцтву Акадэміяй навук Беларусі. І павінен сказаць, што ў нас з ім за кароткі час устанавіліся вельмі харошыя ўзаемаадносіны, і мы на працягу работы ў Акадэміі з ім вельмі дружна працавалі.

У рабоце Акадэміі навук Беларусі Канстанцін Міхайлавіч вельмі вялікую аказваў дапамогу. Ён быў цесна звязаны з людзьмі Беларусі, з рознымі слаямі насельніцтва, добра ведаў жыццё рэспублікі, яе патрэбы. І таму добра ведаў задачы па развіццю народнай гаспадаркі, навукова-культурнага жыцця. І, безумоўна, ведаў тое, над чым павінны працаваць навуковыя работнікі.”

Якуб Колас  цікавіўся і клапаціўся пра развіццё беларускай навуковай тэрміналогіі. Ён правёў вялікую арганізацыйную работу па стварэнні тэрміналагічнай камісіі пры Акадэміі навук БССР, у задачы якой ён планаваў уключыць каардынацыйную і  нармалізатарскую дзейнасць у распрацоўцы тэрміналогіі, а таксама выданне бюлетэня рэкамендаваных тэрмінаў. Аднак смерць перашкодзіла яму ажыццявіць гэту задачу.

Дзейнасць Якуба Коласа на пасту віцэ-прэзідэнта  была шматграннай.

Якуб Колас сярод вучоных у АН БССР. 1951 год.

Адзін з пачынальнікаў Акадэміі, знакаміты геолаг Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі адзначаў: “Уплыў яго на Акадэмію быў велізарны. Якуб Колас быў душою Беларускай Акадэміі навук. Яго  галоўная думка аб развіцці навукі на Беларусі была такая – навука не павінна адрывацца ад штодзённага жыцця. Навуку трэба накіраваць на тое, каб вывучалася народная гаспадарка, культура.

Ён пакінуў пасля сябе багатую спадчыну ідэй, задумаў. І вось адна з іх, апрача асушкі балот Палесся, была такая – ачыстка беларускіх зямель ад камення, ад валуноў. Гэта выключнай важнасці ідэя. Ён падлічыў, якая прастора Беларусі занята камяністымі глебамі. На яго думку, гэта – палова. Прычым, ён браў даведкі ў геолагаў, у Інстытуце геалагічных навук. Ён разлічыў, колькі камення на кожным гектары – на некаторых дык 180 кубаметраў, у большасці – 60-80 кубаметраў. Якуб Колас разлічыў, што гэтага камення хапіла б на тое, каб упарадкаваць усе дарогі на Беларусі, каб яны былі з камення. Ён разлічыў, што гэтага хопіць для будаўніцтва – жыллёвага, гаспадарчага, прамысловага. Але галоўнае было не ў тым, каб толькі збіраць каменне, а ў тым, каб павялічыць ураджайнасць беларускіх зямель. Па яго падліках – не меней чым на 50 працэнтаў узрасла б ураджайнасць, а нават і болей”.  

Якуб Колас вельмі цікавіўся і вітаў развіццё матэматычных, фізічных, хімічных і тэхнічных навук. Пра адносіны Якуба Коласа да дакладных навук узгадваў акадэмік АН БССР Фёдар Іванавіч Фёдараў: “У нашай Акадэміі фізіка і матэматыка развіваліся вельмі слаба. Доўгі час яны зусім не існавалі ў ёй. Першыя інстытуты, нават не інстытуты, толькі падраздзяленні фізіка-матэматычныя ўзніклі ў 1953 годзе... І Канстанцін Міхайлавіч быў сярод тых, хто зразумеў неабходнасць для нашай рэспублікі развіцця гэтых навук. Каб яны былі на ўзроўні сусветнай навукі. І сваім аўтарытэтам садзейнічаў арганізацыі падраздзяленняў па фізіцы і матэматыцы ў межах нашай акадэміі.”

Памяць пра Якуба Коласа-акадэміка свята ўшаноўваецца ў галоўнай навуковай установе рэспублікі. Інстытуту мовы АН Беларусі  нададзена ганаровае імя Якуба Коласа. У Акадэміі навук Беларусі існаваў мемарыяльны кабінет песняра, куды прыходзіў Канстанцін Міхайлавіч на работу, дзе прымаў многіх людзей, працуючы віцэ-прэзідэнтам АН па грамадскіх навуках, клапаціўся пра выхаванне навуковых кадраў, прымаў удзел у сесіях, канферэнцыях, сходах, накіроўваў маладых вучоных.

 

БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ

Пастанова аб стварэнні БДУ была прынята яшчэ ў 1919 годзе, але адкрыццё адбылося ў кастрычніку 1921 года.

Для работы ў БДУ былі запрошаны вучоныя з Масквы, Петраграда, Кіева, Смаленска, іншых гарадоў. Першы рэктарам універсітэта быў Ул. І. Пічэта. Спачатку БДУ меў такія факультэты: рабочы, грамадскіх навук, медыцынскі. Пазней быў створаны педагагічны факультэт з 4-ма аддзяленнямі. Адно з іх – літаратурна-лінгвістычнае – мела беларускую, рускую, польскую і яўрэйскую секцыі.

Сярод першых выкладчыкаў БДУ былі вучоныя У. М. Перцаў, І. І. Замоцін, М. М. Піятуховіч, М. А. Прыляжаеў, В. А. Лявонаў, С. М. Мелкіх, беларускі пісьменнік К. М. Міцкевіч  – Якуб Колас.

Якуб Колас і прафесар Сяргей Міхеевіч Мелкіх. 1948 год.

Колас разумеў, што яго педагагічны вопыт вельмі патрэбен будучым настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Ён падаў заяву ў БДУ з просьбай залічыць яго на кафедру беларускай мовы, і 3 лістапада 1923 года Колас абраны на пасаду выкладчыка беларускай мовы на педагагічным факультэце, а 3 снежня зацверджаны дацэнтам БДУ (працаваў да сярэдзіны студзеня 1926 г.).

Якуб Колас сярод удзельнікаў гуртка беларускай культуры рабфака БДУ. 1925 год.

Былы настаўнік М. Сяўрук прыгадвае:

“З першага верасня пачаліся заняткі. 3 радасцю даведаліся мы, што лекцыі на беларускай мове чытаць будзе Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч. З ахвотай мы наведвалі яго лекцыі. Па-майстэрску чытаў Канстанцін Міхайлавіч курс беларускай мовы. Выдатны метадыст, спрактыкаваны настаўнік, ён так праводзіў заняткі, што ўвесь матэрыял засвойваўся на лекцыях.

Заўсёды ветлівы і чулы, па-бацькоўску адносіўся да студэнтаў, дапамагаў тым, хто раней не быў знаёмы з беларускай мовай, заставаўся пасля лекцый і працаваў дадаткова”.

Колас быў прыроджаным настаўнікам і педагогам. Ён ніколі не чытаў лекцый па паперах, а стараўся ўцягнуць у гутарку пабольш прысутных. У аўдыторыю заўсёды заходзіў з прыўзнятым, бадзёрым настроем, усміхаўся. У Коласа была надзвычай добрая памяць, ён ведаў прозвішчы сваіх студэнтаў і навучэнцаў. Вялікае жаданне выхоўваць і вучыць маладое пакаленне вымушала паэта займацца педагагічнай работай, нягледзячы на тое, што стан яго здароўя у той час патрабаваў лячэння і адпачынку.

Аб педагагічнай дзейнасці Якуба Коласа захавалася шмат успамінаў яго вучняў. Яны ствараюць вобраз цудоўнага педагога, метадыста, выхавацеля моладзі. Вось як успамінаў аб сваім настаўніку заслужаны дзеяч навукі Беларусі дацэнт БДУ М. І. Жыркевіч: “Студэнты ў аўдыторыі чакалі выкладчыка мовы Міцкевіча К. М. Не ўсе ведалі, што гэта будзе Колас. Стрэлі мы яго з вялікай радасцю. Перад намі быў выдатны майстар слова, вядомы беларускі пісьменнік. Заняткі па роднай мове, методыка правядзення іх адразу захапілі нас, ён вёў іх так, што мы адчулі мастацкасць, прыгажосць і сілу роднага слова. Мову беларускую мы вывучалі з вялікаю ахвотаю, заўсёды старанна рыхтаваліся да заняткаў. Часта студэнты звярталіся да Канстанціна Міхайлавіча з просьбай прачытаць свае новыя творы. Наш любімы настаўнік задавальняў просьбу. Чытаў ён выразна, з натхненнем, гэта быў узор таго, як трэба карыстацца мастацкім словам, даносіць яго да слухача...”

Якуб Колас звяртаў увагу студэнтаў на глыбіню і мацунак ведаў, на неабходнасць развіваць мысліцельную дзейнасць і духоўныя якасці дзяцей, вучыў удумлівасці і сур’ёзнасці ў далучэнні да сваёй прафесіі.

Многія з вучняў, студэнтаў Коласа былі ўдзячны свайму настаўніку. Яны сталі настаўнікамі, дырэктарамі школ і інстытутаў, загадчыкамі кафедр, добрымі і шчырымі людзьмі. На творах паэта вучыліся  і вучацца жыць, працаваць, любіць сваю Бацькаўшчыну і чалавека.

 

БЕЛАРУСКІ ПЕДАГАГІЧНЫ ТЭХНІКУМ

Цёплымі і сардэчнымі словамі ўспаміналі Якуба Коласа і выхаванцы Белпедтэхнікума – беларускія пісьменнікі П. Трус, П. Глебка, М. Лужанін, С. Дарожны, С. Шушкевіч,З. Бандарына, С. Ліхадзіеўскі, А. Якімовіч, В. Маракоў і іншыя, хто вучыўся ў яго.

У Белпедтэхнікуме Якуб Колас працаваў выкладчыкам методыкі беларускай мовы з верасня 1922 года па 1930 год.

Колас быў не толькі выдатным выкладчыкам, але і вельмі чула ставіўся да сваіх выхаванцаў. Цікавіўся і побытам студэнтаў. Калі-нікалі заходзіў у інтэрнат, гутарыў са студэнтамі, а некаторым дапамагаў грашыма.

Вядомы беларускі паэт Максім Лужанін, які таксама вучыўся ў Белпедтэхнікуме ў Коласа, прысвяціў свайму настаўніку верш “Экзамен”:

          Даўно мінуўся гэты час,

         Юнацтва клопат даўні.

         ...Прасторны тэхнікумскі клас,

         І за сталом настаўнік.

              Уважна, з-пад брывей густых

              Глядзеў, падсочваў крышку,

              Каб мы не спісвалі ў другіх,

              Не заглядалі ў кніжку.

                      ...Тады мы ўспомнілі партрэт

                      Са сцен вясковай школы:

                      Насупраць нас сядзеў паэт –

                      Жывы, сапраўдны Колас!

         Ні пра пагляд, ні пра падказ,

         Мы думаць больш не смелі

         І свой нязграбны пераказ

         Пісалі, як умелі.

                   Цераз гады, праз вір падзей

                   Усплыў прад вачамі

                   Юнацкі ўсхваляваны дзень,

                   Уступны мой экзамен. (1951 г.)

                                    

МЕТОДЫКА РОДНАЕ МОВЫ.

“Методыка роднае мовы” Якуба Коласа  – першы метадычны дапаможнік для настаўнікаў. У ім знайшлі адлюстраванне не толькі асабісты педагагічны вопыт Якуба Коласа як настаўніка, але і дасягненні айчыннай метадычнай навукі таго часу. У сваёй “Методыцы...”  аўтар стараўся не навязваць тыя ці іншыя метады навучання, а даць настаўнікам магчымасць выбару гэтах метадаў, каб, выбраўшы найболей адпаведны, ён мог карыстацца ім у сваёй практычнай рабоце.

Родную мову Якуб Колас лічыў магутным сродкам развіцця індывіда. На яго думку, роднае слова – гэта тая крыніца, з якой пазнаюць жыццё, навакольны свет, таму што гэта – крыніца адукацыі чалавечага розуму і, што вельмі важна, – пачуццяў. Чужую мову, – сцвярджаў Якуб Колас, – можна вывучаць і нават думаць на ёй, а вось адчуваць – толькі на роднай.

Як метадыст і педагог ён раіў настаўнікам стымуляваць эмацыянальную і творчую актыўнасць вучняў. “Кожны ўрок, – пісаў Колас, – гэта чарадзейнае, казачнае царства ведаў, таямніца адкрыцця”.

Вызначыўшы задачы навучання роднай мовы (навучыць дзяцей чытаць, пісаць, разумець граматычны лад роднай мовы, развяваць вусную мову вучняў) і прынцыпы выкладання яе ў школе, Якуб Колас дае кароткі гістарычны агляд метадаў навучання грамаце. Асобна Якуб Колас раскрывае методыку чытання, пісьма, коратка закранае пытанне пра выкладанне граматыкі беларускай мовы. У заключнай частцы методыкі Якуб Колас робіць крытычны аналіз лемантароў.

Аўтар “Методыкі” накіроўвае ўвагу настаўнікаў на выбар такіх метадаў і прыёмаў навучання, якія актывізуюць вучняў, развіваюць іх творчыя здольнасці, выпрацоўваюць уменне спалучаць атрыманыя веды па граматыцы з практычнай моўнай дзейнасцю. Якуб Колас раіць выкарыстоўваць розныя віды творчага спісвання, вусныя і пісьмовыя пераказы, складанне дзелавых папер.

Хочацца адзначыць, што “Методыка роднае мовы” Якуба Коласа не страціла актуальнасці і ў нашы дні.

Фотагалерэя

Язэп Лёсік.

«Граматыка беларускай мовы» Язэпа Лёсіка.

Этнаграфічныя матэрыялы А. К. Сержпутоўскага.

Акадэмічнае пасведчанне Якуба Коласа.

Віншавальны адрас на 70-годдзе Якуба Коласа ад калектыва супрацоўнікаў геалагічнага інстытута АН БССР. 1952 год.

 

Віншавальны адрас на 70-годдзе Якуба Коласа ад калектыва супрацоўнікаў інстытута механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі АН БССР. 1952 год.

Віншавальны адрас на 70-годдзе Якуба Коласа ад калектыва супрацоўнікаў інстытута мовазнаўства АН БССР. 1952 год.

Віншавальны адрас на 70-годдзе Якуба Коласа ад калектыва супрацоўнікаў мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору інстытута АН УССР. 1952 год.

Віншавальны адрас на 70-годдзе Якуба Коласа ад Прэзідыума і Партбюро АН БССР. 1952 год.

Якуб Колас і акадэмік М. Я. Мацапура. Мінск, сядзіба Коласа, 1953 год.

Якуб Колас і акадэмік В. А. Лявонаў у АН БССР. 1950-я гады.

Якуб Колас і паэт і акадэмік Афанасій Ахрэм у гасцініцы «Масква». 1949 год.