background

"Не адзін я ў свеце". Выстава, прысвечаная Міжнароднаму дню сям’і

15.05.2020

Сям’я – самы каштоўны скарб для кожнага  чалавека. Гэта дарагія людзі, якія, куды б ні заводзілі нас сцежкі жыцця, заўсёды ў нашым сэрцы, гэта любімыя дзеці – іх радасці і няўдачы, страхі і дасягненні. Сям’я – гэта шчасце.

20 верасня 1993 года Генеральная асамблея ААН сваёй рэзалюцыяй вызначыла 15 мая Міжнародным днём сям’і. У календары знамянальных дат гэта асаблівы дзень – свята радасці, цеплыні і адчування надзейнасці блізкіх людзей. Менавіта ў сям’і маленькі чалавек упершыню адчувае глыбокую радасць ад сагравальнай бацькоўскай любові, што з’яўляецца залогам яго ўпэўненага ўступлення ў вялікае няпростае жыццё. Тут перадаецца мудрасць ад пакалення да пакалення.

Будучы народны паэт Беларусі Якуб Колас нарадзіўся ў вялікай сялянскай сям’і. Бацька Міхал Казіміравіч Міцкевіч служыў палясоўшчыкам у князя Радзівіла.

Міхал... вы лепш спытайце самі
Пра палясоўшчыка Міхала:
Яго ўся воласць наша знала,
Ён быў вядомы між панамі!
Ды што паны?! сам князь Антоні,
Я памятаю, як сягоння,
Не раз з Міхалам меў размову.
І знаў жа службу леснікову!

Якуб Колас. "Новая зямля"

 

Маці Ганна Юр’еўна Міцкевіч, звычайная сялянская жанчына, займалася домам, побытам, клапацілася пра мужа і дзяцей.

Непрыветна цераз вокны
Ночка пазірае.
Ціха ў хаце. Уся сямейка
Спіць, адпачывае.
Натрудзіўшы добра рукі,
Натаміўшы плечы,
Толькі маці з вераценцам
Туліцца пры печы...
... Ўсё прыпомнілася беднай, —
Горка, цяжка стала,
Галаву набок схіліла,
Прасці перастала.

Якуб Колас. "Маці"

Па гаспадарцы Ганне Юр’еўне дапамагаў малодшы нежанаты брат Міхала Антось – Антон Казіміравіч Міцкевіч.

Антось жа правіў гаспадарку,
Рабіў за двух, на сваім карку
Цягнуў ярэмца хлебароба,
Ну, словам, дзядзька наш — асоба!

Якуб Колас. "Новая зямля"

У сям’і Ганны і Міхала нарадзілася 13 дзяцей, але да сталага веку дажыло 9:

Дзяцей, як тых снапкоў на току! —
Сямейка, праўда, немалая:
Чатыры хлопцы, тры дзяўчаці
Ды бацька з дзядзькам, трэцця маці;
І кожны месца сваё мае.

Якуб Колас. "Новая зямля"

Сваю сям’ю Якуб Колас з асаблівай любоўю апісаў у славутай паэме "Новая зямля", якая мае аўтабіяграфічную аснову. Твор стаў помнікам простым людзям, у вобразах якіх увасоблены найбольш характэрныя і тыповыя рысы беларуса з яго працавітасцю і прыроджанай мудрасцю, з нястомнымі пошукамі шляхоў да лепшай долі і з адметным успрыняццем свету. Яркія і запамінальныя ілюстрацыі да паэмы "Новая зямля", зроблены мэтрамі беларускага выяўленчага мастацтва: Васілём Шаранговічам і Лазарам Ранам.

Сям’я бацькоў, паўсядзённы ўклад, побыт, узаемаадносіны бацькоў паміж сабой, іх стаўленне да дзяцей сталі для будучага паэта тым падмуркам, які сфармаваў яго як асобу і творцу.

Упітаўшы лепшыя якасці народнага светапогляду, якімі кіраваліся бацькі, атрымаўшы ў спадчыну ад іх залацінкі народнай мудрасці, Якуб Колас становіцца клапатлівым мужам і бацькам, стваральнікам і ахоўнікам свайго ўласнага сямейнага агменю.

Будучая жонка паэта Марыя Дзмітрыеўна Каменская (26.01(07.02). 1891 – 21.05.1945) нарадзілася ў горадзе Ашмяны Віленскай губерні ў сям’і псаломшчыка ашмянскай Васкрасенскай царквы Дзмітрыя Аляксандравіча і Марыі Цімафееўны. У іх было пяць сыноў і дзве дачкі. Дзяўчынкаю Марыя Каменская вучылася ў духоўным вучылішчы, потым працавала настаўніцай чыгуначнай школы ў Вільні, пасля – у Пінску.

Якуб Колас пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, Марыяй Дзмітрыеўнай, у 1912 годзе ў Пінску. Туды Канстанцін Міцкевіч быў накіраваны ў якасці педагога. А ў пінскай чыгуначнай школе настаўніцай пачатковых класаў працавала Марыя Дзмітрыеўна Каменская.

У час заняткаў па ўдасканаленню педагагічнага майстэрства будучы паэт ўгледзеў маладую сімпатычную жанчыну. Тая гляне, зловіць яго погляд і сарамліва апусціць вочы, пачырванее, ізноў гляне, і ён не адрывае ад яе вачэй…

Пасля заняткаў падышоў, пазнаёміўся, правёў да хаты.

Пасля часта сустракаліся, ён далікатна даводзіў яе да дому і ні слова. І гэтак каля года. Відаць, у настаўніка не хапала рашучасці раскрыць свае пачуцці словамі. І маладая настаўніца, якой спадабаўся старэйшы за яе на дзевяць гадоў мужчына, узяла ініцыятыву ў свае рукі і прапанавала: "Костусь, а можа мы пажэнімся?". Прапанова з удзячнасцю была прынята. 3 чэрвеня 1913 года Марыя і Канстанцін пабраліся шлюбам.

25 ліпеня 2015 года на званіцы Свята-Варварынскай царквы ў Пінску з’явілася мемарыяльная дошка, якая напамінае аб значнай падзеі – вянчанні Марыі Дзмітрыеўны і Якуба Коласа. Для пісьменніка сустрэча з Марыяй Дзмітрыеўнай была падарункам лёсу. Сястра Якуба Коласа Алена Лойка ў сваіх успамінах пісала: "Каб не такая жонка брату надарылася, то, можа, ён і такім вялікім не стаў бы". Марыя Дзмітрыеўна ўзяла ўсе клопаты па хатняй гаспадарцы на сябе, каб стварыць свайму мужу спрыяльныя ўмовы для творчай працы.

"Мілы друг мой", "мая зорка", "мая добрая дружачка", "мая святыня", "яснюсенькая зорка" — так называў Якуб Колас сваю жонку. У сям’і панавалі пачуцці любові, вернасці і адданасці:

Як лепшае божжа стварэнне
Прайшла ты дарогай святою,
А следам святое гарэнне
У ногу ішло за табою.

Марыі Дзмітрыеўне Міцкевіч Якуб Колас прысвяціў шэраг вершаў. Вось адзін з іх:

Я хачу прыгадаць
Нашы дні былыя,
Вусце, луг, сенажаць
I дубы старыя;


Залатыя пяскі
Беразянскіх пустак,
Хвайнякоў паяскі,
Што пралеглі з густам;

I дарог абрусы
У шаўковай ткані,
Чабары, верасы
На глухой паляне.

Як мне дораг час той,
Той зямлі украсы,
Дзе хадзілі з табой
Мы ў грыбныя часы.

Эх, вярнуцца б нам зноў
К родным пералазам
Ды між рэчак, дубоў
Зноў прайсціся разам.

Аб табе, сваім дню,
I аб Беларусі
Я гадаю і сню,
Мілая Маруся.

Якуб Колас. "М. Д. М."

У сям’і Якуба Коласа і Марыі Дзмітрыеўны нарадзілася трое сыноў: Даніла (1914, Пінск), Юрый (1917, Перм), Міхась (1926, Мінск). Якуб Колас з вялікай любоўю і пяшчотай ставіўся да сваіх дзяцей, стараўся падтрымліваць іх захапленні, праводзіў часы летніх адпачынкаў разам з імі на прыродзе. За ўсё жыццё сыны Якуба Коласа ні разу не чулі, каб ён павысіў голас на каго-небудзь са сваіх блізкіх. Лісты Коласа да жонкі і сыноў дыхалі заўсёднай дабрынёй і клопатам. Дзеці ў сям’і Міцкевічаў гадаваліся ў атмасферы дабрыні, шчырасці, павагі і любові. У той жа час у кожнага былі свае абавязкі, інтарэсы і захапленні.

Даніла, старэйшы з сыноў, быў і апорай, і прыкладам для малодшых. Вучыўся добра, і школьнае захапленне хіміяй сталася прызваннем і асноўнай прафесіяй Данілы Канстанцінавіча. Скончыў хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1936 годзе. Як адзін з лепшых студэнтаў выпуску застаўся працаваць на факультэце асістэнтам, з 1939-га года стаў выкладчыкам.

У гады Вялікай Айчыннай вайны ён працуе па сваёй навуковай спецыяльнасці: уладкоўваецца на хімічны факультэт Сярэднеазіяцкага універсітэта, робіць там абарончыя распрацоўкі. Летам 1943 г. Вярхоўны савет і Урад БССР запрасілі Данілу Міцкевіча на працу ў адноўлены БДУ, які знаходзіўся ў той час на станцыі Сходня пад Масквой. Там ён некалькі месяцаў займаў пасаду дэкана хімічнага факультэта, але ўжо ў маі 1944-га перайшоў ў Інстытут хіміі Акадэміі навук, працаваў навуковым супрацоўнікам, вучоным сакратаром, загадчыкам лабараторыі.

Пасля смерці бацькі Даніла Канстанцінавіч Міцкевіч стаў першым дырэктарам Літаратурнага музея Якуба Коласа, і займаў гэтую пасаду да выхаду на пенсію, але да канца жыцця быў навуковым супрацоўнікам установы, актыўна ўдзельнічаў у яе жыцці. Увогуле, дзякуючы яго намаганням былі створаны тры музейныя экспазіцыі, адкрыты філіялы музея на Стаўбцоўшчыне. Тое, што сёння ў музее звыш 35 тысяч адзінак захавання — таксама вынік яго руплівасці. У музеі Даніла Канстанцінавіч працаваў амаль 40 гадоў, 23 з якіх — кіраўніком.

Д. К. Міцкевіч быў чалавекам вельмі высокай адукацыі і эрудыцыі, валодаў выключнай памяццю, практычна ўсе творы Якуба Коласа Даніла Канстанцінавіч ведаў напамяць. Ён быў шматгранным, таленавітым чалавекам, добра разбіраўся ў мастацтве, музыцы, прыгожа спяваў.

Выступаў на літаратурных вечарынах і сустрэчах. Аўтар шматлікіх артыкулаў пра жыццё і творчасць Якуба Коласа, успамінаў пра бацьку, Янку Купалу, Сяргея Гарадзецкага і інш. Браў удзел у складанні альбомаў "Якуб Колас. Жыццё і творчасць" (1959, 1974), збораў твораў Якуба Коласа. У выдавецтве "Полымя" ў 2000 г. выдадзена кніга Д. Міцкевіча "Любіць і помніць. Успамінае сын Якуба Коласа". Апошняе дзесяцігоддзе свайго жыцця Даніла Канстанцінавіч актыўна займаўся творчай працай, удзельнічаў у канферэнцыях, выступаў на розных мерапрыемствах, у друку, на радыё і па тэлебачанні.

Слова Данілы Міцкевіча надзвычай высока цанілася грамадскасцю. Шаноўныя газеты і часопісы краіны запрашалі яго на свае старонкі. Рубрыка "Успамінае сын Коласа" рабіла магічнае ўздзеянне на чытачоў.

У яго выдатных артыкулах бачна і валоданне літаратурнай мовай, і дасведчанасць аўтара ў розных пытаннях. Узнагароджаны медалём "За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.", медалём Францыска Скарыны (1995 г.). Меў ганаровае званне Заслужаны дзеяч культуры Беларусі.

Ад першага шлюбу з Зарынай Уладзіміраўнай у Данілы Міцкевіча нарадзілася двое дзяцей – сын Андрэй і дачка Алёна.

Класік вельмі любіў унукаў, у лісце да знаёмай сям’і Таісіі Мікалаеўны Ганчаровай 22 мая 1952 года ён пісаў: "Внуки мои растут. Очень любят деда Якуба. Андрей – богатырь. Ест много, спит много. Смеется, любит купаться". Андрэй Данілавіч мае дачку Іну Міцкевіч і унучку, самую маленькую прадстаўніцу коласавай сям’і.

Унучка Якуба Коласа Алёна назвала свайго сына Юрыем, у гонар свайго стрыечнага дзеда, сярэдняга сына Якуба Коласа, які загінуў на вайне. Юра на выдатна скончыў філалагічны факультэт БДУ, ведае 5 моў – беларускую, рускую, англійскую, французскую і карэйскую.

Ад другога шлюба з Алай Цімафееўнай Міцкевіч Даніла Канстанцінавіч мае дачку Веру Данілаўну, якая актыўна займаецца даследаваннем і папулярызацыяй спадчыны свайго дзеда, яна аўтарка кніг і шматлікіх артыкулаў аб жыцці і творчасці Якуба Коласа. Вера Данілаўна мае дачку Ціну Міцкевіч, юрыста па адукацыі, якая зараз гадуе сына Данілу, названага ў гонар дзеда.

Сярэдні сын Георгій (Юрый) Міцкевіч нарадзіўся 1 мая 1917 года ў Пярмі, дзе сям’я Якуба Коласа знаходзілася падчас Першай сусветнай вайны.

У 1940 годзе закончыў геаграфічны факультэт БДУ і быў прызваны на вайсковую службу, якую праходзіў пад Беластокам. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны яфрэйтар Ю. Міцкевіч знаходзіўся ў Мінску на спаборніцтвах па стэндавай стральбе, з Мінска і быў накіраваны ў 49-ы карпусны артылерыйскі полк. Удзельнічаў у абароне Смаленска. Сярэдні сын Якуба Коласа, на жаль, не вярнуўся з вайны – верагодна, загінуў у баях пад Вязьмай увосень 1941 г.

Трагічны лёс Юркі назаўсёды стаў болем душы яго родных. У дзённіку "Гаворыць Клязьма" ў 1944 г. Якуб Колас пісаў: "30/IV. Бедная Маруся, яна засталася адна ў хаце, рыхтуецца да заўтрашняга дня. Успомніла дзень нараджэння Юркі – 1 мая, расчулілася, расплакалася. Як цяжка ёй было. Яе настрой перадаўся і мне. Юрка, Юрачка – загінуў ты бясследна. І мы не ведаем твайго лёсу. А як ты перажываў з таго дня, калі вайна, пажар Мінска разлучылі нас. І не ведалі мы, што разлучыліся навекі!"

Гады вайны былі цяжкім выпрабаваннем для Марыі Дзмітрыеўны. Сям’я паэта пакінула ахоплены пажарам Мінск… Эвакуацыя… Ташкент… У першыя месяцы вайны загінуў сын Юрка… Яна моцна перажывала, хварэла.

21 мая 1945 года Марыя Дзмітрыеўна пайшла з жыцця. Праз некаторы час паэт пісаў:

І толькі мне адно сягоння горка:
Няма таго, з кім думкі я дзяліў,
З кім тут стаяў,
З кім я шчаслівы быў,–
Пагасла ты, яснюсенькая зорка

Колас пранёс праз ўсё жыццё вернасць, маральную чысціню і высакародства пачуццяў да сваёй Марусі.

У лісце ад 8. 12. 1952 года да Ніны Іванаўны Загурскай-Паддубнай паэт шчыра прызнаецца: "Марыя Дзмітрыеўна, мая нябожчыца жонка, была самым лепшым другам маім. Такія жанчыны, як яна, пападаюцца не часцей, як адна на 10 000 жанчын. На маёй дарозе траплялася многа прыгожых дзяўчат і маладзіц. Шмат кім з іх я глыбока захапляўся, але перад Марыяй Дзмітрыеўнай я быў чысты. Скажу болей (а Ваша справа — паверыць ці не паверыць): і да жаніцьбы і пасля жаніцьбы я ніколі не здрадзіў сваёй жонцы…"

Пасля смерці Марыі Дзмітрыеўны асірацелы Колас вярнуўся ў Мінск:

Мой мілы сын, мая Маруся!
Нас разлучыў няўмольны лёс.
За вас зямлі я памалюся
І акраплю расою слёз.

Малодшы сын Якуба Коласа Міхась нарадзіўся ў Мінску ў 1926 годзе. У 1933 годзе пайшоў у першы клас 14-й сярэдняй школы г.Мінска, якая размяшчалася на Вайсковым завулку, недалёка ад дома, дзе жыў Якуб Колас са сваёй сям’ей.

У 1940 г. перавёўся у 49 –ю сярэднюю школу г. Мінска, дзе на выдатна скончыў восьмы клас. У 1941 г. разам з сям’ёю эвакуіраваўся ў Ташкент. Вучыўся ў 36-й і 47-й сярэдніх школах г. Ташкента. У 1943 г. на выдатна скончыў дзесяцігодку ў Ташкенце. Паступіў ў Варонежскі авіяцыйны інстытут на маторабудаўнічы факультэт, які знаходзіўся ў Ташкенце ў час эвакуацыі, потым перавёўся ў Маскоўскі авіяцыйны інстытут на аналагічны факультэт. Там пазнаёміўся з будучай жонкай – дачкой Янкі Маўра – Наталляй Фёдаравай. Разам у 1949 годзе яны скончылі Політэхнічны інстытут у Мінску.

У 1947 г. Міхась Канстанцінавіч пераехаў у Мінск, перавёўся на факультэт машынабудавання Політэхнічнага інстытута. З 1949 года года працуе ў Фізіка-тэхнічным інстытуце НАН Беларусі. З 1974 года Міхась Міцкевіч – загадчык лабараторыі электрафізікі. У 1985 годзе М. К. Міцкевічу прысвоена ступень доктара тэхнічных навук, ён аўтар звыш 180 навуковых прац у галіне тэхналогіі і абсталявання для электраэразійнай апрацоўкі металаў, мае каля 30 вынаходніцтваў. За поспехі ў працы Міхась Канстанцінавіч быў узнагароджаны ганаровымі граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР (1981 г.), Савета Міністраў БССР (2001 г.). У 1980 годзе атрымаў званне лаурэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, у 1986 годзе ўзнагароджаны ордэнам "Знак пашаны".

Міхась Канстанцінавіч – майстар спорту па стэндавай стральбе, якой пачаў займацца ў 1949 г. З пачатку 1950-х гг. Міхась пачынае ўдзельнічаць у спаборніцтвах. У 1955 годзе на першынстве БССР Міхась Канстанцінавіч устанавіў рэкорд рэспублікі з вынікам 129 мішэняў з 150 магчымых на круглым стэндзе і атрымаў першае месца ў індывідуальных спаборніцтвах. У 1956 годзе ён удзельнічаў у першай Спартакіядзе Народаў ССР, дзе заняў чацвёртае месца па парных мішэнях і шостае на круглым стэндзе. У актыве Міхася Канстанцінавіча больш за 30 узнагарод, грамат і дыпломаў рэспубліканскіх і саюзных спаборніцтваў.

Любімым заняткам Міхася Міцкевіча была і аматарская фатаграфія. У яго архіве каля 40 альбомаў з фотаздымкамі розных мясцін і куточкаў Беларусі, родных і знаёмых сям’і Якуба Коласа.

Выстаўкі фотаздымкаў Міхася Міцкевіча некалькі разоў праходзілі ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа ў Мінску. Яго фотаздымкі таксама ўпрыгожваюць экспазіцыю "Якуб Колас: прырода і людзі роднага краю" ў Мар’інай Горцы.

 

З 2006 па 2013 год Міхась Міцкевіч працуе ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Ён вядзе актыўную грамадскую і літаратурную дзейнасць, часта выступае на літаратурных вечарах і сустрэчах з успамінамі пра свайго бацьку, пра тагачаснае культурнае і навуковае жыццё, па-майстэрску дэкламуе вершы і ўрыўкі з паэм Якуба Коласа, сам піша вершы і эпіграмы.

Міхась Міцкевіч з’яўляецца аўтарам шматлікіх артыкулаў і публікацый, якія выходзілі ў перыядычным друку: "Кроплі і слёзы Якуба Коласа", "Песні ў доме Коласа" і іншых, а таксама ўспамінаў пра Якуба Коласа, якія выйшлі ў кнізе "Пад бацькоўскім дахам" (2009 г.).

З успамінаў М. К. Міцкевіча: "Для мяне Якуб Колас быў самым звычайным бацькам – клапатлівым, ураўнаважаным, добрым. Мне, канешне, як самаму меньшаму больш пашанцавала, больш дасталася ўвагі, чым старэйшым братам".

Міхась Міцкевіч – укладальнік кнігі, якая выйшла да 130-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі "Якуб Колас: у думках, у сэрцах, у песнях"(2012 г.), аўтар успамінаў пра брата Юрыя Міцкевіча, якія выйшлі ў кнізе "Апалены золак" (2013 г.), член рэдакцыйнай калегіі Збора твораў Якуба Коласа ў дваццаці тамах. У 2009 годзе ўзнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства культуры "За ўклад у развіццё культуры Беларусі" за добрасумленную працу, значны ўклад у развіццё навуковага коласазнаўства і прапаганду творчасці народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, мае нагрудны знак "За вялікі ўклад у літаратуру" Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 2016 годзе атрымаў падзяку ад Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за асабісты ўклад у справу захавання нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны.

Міхась Міцкевіч – прататып галоўнага героя дзіцячай паэмы Якуба Коласа "Міхасёвы прыгоды" (1934), яму паэт прысвяціў вершы "Рагатка" (1934), "Дронік" (1935-1936), "Не тужы" (1939), "Сыну" (1942), "Міхасю" (1943), "Адстану я і час разлукі" (1946).

З табою разам я ў дзень гэты,
Хоць ты далёка ад мяне,
І грэеш ты мяне, як лета,
Цябе я бачу ў яве, сне.
У кожны міг ты прада мною,
Такі мне блізкі, дарагі,
Ты на мяне глядзіш вясною,
Праз холад снежнае смугі.
На захад еду я ў трывозе
Адзін без вас. Што стрэну там?
Дзе паварот шляху, дарозе,
Каб зноў усім сысціся нам?
Адзін я тут. А думкі з вамі,
Тулю вас к сэрцу я здалёк.
Хоць многа легла вёрст між намі,
Я ж бачу кожны рух ваш, крок.
Вось ты сядзіш над кнігай дбала.
І твой від строг, чапаць не варт,
Ды знаю я свайго Міхала –
Скрозь строгасць пырсне раптам жарт.
Жыві ж, мой сын, расці шчаслівы!
У свой семнаццаты гадок
Дай, Божа, трапіць нам на нівы
У родны край, у свой куток!

Якуб Колас. "Сыну"

У сям’і Міхася Канстанцінавіча і Наталлі Іванаўны Міцкевічаў нарадзіліся сыны Сяргей, Канстанцін, дачка Марыя.

Сяргей Міцкевіч нарадзіўся 5 мая 1947. Яму пашчасціла сфатаграфавацца разам з дзедам Коласам і дзедам Маўрам, якія ў сваіх лістах узгадвалі свайго агульнага ўнука.

З ліста Янкі Маўра да Якуба Коласа:

"– Няма дзеда Якуба і мне ніхто шакаладу не купляе, — кажа Сярожка, не звярнуўшы ўвагі, што і я прынёс яму плітку шакаладу. — Дзед ціханька адзенецца, выйдзе і прынясе мне шакаладу. А раз мы пайшлі разам з ім у магазін. Дзед сказаў: "Выбірай, што хочаш. Там былі дзве шакаладкі, адна вялікая, другая малая, я і "выбелім" дзве… Ён мне даў сваю кнігу і напісаў, што я "філосаф"…Усё ён памятае і расказвае…Мы з ім "вывучаем" Міхасёвы прыгоды…".

Сяргей Міхайлавіч Міцкевіч працаваў галоўным канструктарам завода, а на пенсіі – вядучым інжынерам у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. Мае сына Яраслава Міцкевіча,

які працуе ў Міністэрстве замежных спраў намеснікам начальніка ўпраўлення каардынацыі знешнеэканамічнай дзейнасці Дэпартаманта знешнеэканамічнай дзейнасці, і унука Яна, студэнта 1 курса БДАТУ.

Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч – поўны цёзка Якуба Коласа, які, як і яго славуты дзед, выкладае беларускую мову, працуе старшым выкладчыкам у БНТУ.

Марыя Міхайлаўна Міцкевіч, па адукацыі матэматык, на выдадтна скончыла матэматычны факультэт БДУ, выкладала вышэйшую матэматыку ў вышэйшых навучальных установах Мінска. Як і яе дзед Якуб Колас, займаецца дабрачыннай дзейнасцю, узначальвае ГА "Дзіцячы фонд духоўнага і культурнага адраджэння "Сакавік", а таксама актыўна папулярызуе творчасць сваіх дзядоў, з’яўляееца аўтарам шматлікіх артыкулаў.

Мае трох дзяцей – сыноў Івана Федчанка, якога назвалі ў гонар Янкі Маўра, і Васіля Фёдчанка, які вельмі падобны на маладога Якуба Коласа. А таксама дачку Васіліну Міцкевіч (прозвішча па жаночай лініі ў сям’і Якуба Коласа захоўваецца) – галоўнага захавальніка фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, аўтара артыкулаў аб жыцці і творчасці свайго прадзеда.

Жонка Якуба Коласа Марыя Дзмітрыеўна, у гонар якой Якуб Колас і назваў сваю першую ўнучку Марыяй, марыла мець дачку. Марыя Міхайлаўна не толькі мае дачку, але і чатырох унучак – Лілю, Лізу, Юлю і Наталлю.

Сёння ў Мінску жывуць 6 унукаў, 7 праўнукаў, 7 прапраўнукаў аўтара "Новай зямлі".

Матэрыял падрыхтавала навуковы супрацоўнік навукова-асветніцкага аддзела
Вольга Наважылава.

Неацэнную дапамогу ў падрыхтоўцы праекта аказала праўнучка Якуба Коласа, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа
Васіліна Міцкевіч.

Выкарыстаны фотаздымкі з фондаў музея і асабістага архіву нашчадкаў Песняра.