background

Палессе праз аб’ектыў амерыканскага фатографа Джона Кунстадтэра

01.11.2021

Часовая экспазіцыя фотаработ Джона Кунстадтэра, якія прысвечаны Піншчыне, мясцінам, дзе пасля настаўніцкай семінарыі, а потым пасля турэмнага зняволяння настаўнічаў Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас).

 

Жыццё і творчасць Якуба Коласа цесна звязаны з Пінскім Палессем, дзе ён працаваў настаўнікам з 1902 па 1905 гг., а потым з 1912 па 1915-ы. Менавіта тут, у Пінску ён сустрэў сваё каханне, узяў шлюб у чыгуначнай царкве з Марыяй Дзмітрыеўнай Каменскай, менавіта тут нарадзіўся яго першынец Даніла. Палессе прыцягвала Песняра ўсё жыццё. Нездарма так па-мастацку апісаны ў першай кнізе трылогіі “На ростанях” палескія краявіды, вёскі, выведзены яскравыя вобразы палешукоў. І зараз Палессе, а асабліва Піншчына, з’яўляюцца адным з найбольш цікавых куточкаў нашай Бацькаўшчыны, дзе арганічна спалучыліся ўнікальныя прыродныя ландшафты і багатая гісторыка-культурная спадчына, што спрыяе прыцягненню да гэтага кутка беларускай зямлі шматлікіх аматараў нашай культуры. Не застаўся гэты край і без увагі замежных гасцей, у тым ліку і Джона Кунстадтэра, былога дыпламата і цудоўнага фатографа, які да нашага часу працуе ў чорна-белай тэхніцы і здымае толькі на стужку.

Джон Кунстадтэр нарадзіўся ў г. Чыкага, ЗША. У 2005 г. выйшаў у адстаўку з дыпламатычнай службы Злучаных Штатаў Амерыкі. Апошнія 15 гадоў ён увесь свой час прысвячае фатаграфіі. Ён супрацоўнічаў з народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным і бардам Алесем Камоцкім над двума зборнікамі вершаў Рыгора Барадуліна: «Чаму» (2009) і «Вяроўка» (2011), а таксама з Алесем Камоцкім над трэцяй кнігай вершаў Барадуліна «Аднойчы. Час» (2016). Сумесна з Пастаянным прадстаўніцтвам Беларусі пры ААН у Нью-Ёрку правёў персанальную выставу аб архітэктурнай і духоўнай спадчыне Беларусі ў штаб-кватэры ААН, а таксама выставы ў шматлікіх беларускіх гарадах — у Гродне, Паставах, Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў Мінску, ў філіяле Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Вязынцы, у Браславе, у народным фотаклубе «Мінск», Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, у каледжы Уільямс ў Масачусецы , саборы Св. Кірылы Тураўскага ў Брукліне. Ён таксама ўдзельнічаў у трох сумесных выставах у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і падарыў серыю фатаграфій амбасадзе Беларусі ў Анкары для доўгатэрміновага выкарыстання. Пад час дыпламатычнай службы ў Беларусі Джон Кунстадтэр быў частым і жаданым госцем на шматлікіх мерапрыемствах у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музея Якуба Коласа.

У часовай экспазіцыі прадстаўлены фотаработы Джона Кунстадтэра, прысвечаныя Піншчыне, мясцінам, дзе пасля настаўніцкай семінарыі, а потым пасля турэмнага зняволяння настаўнічаў Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас). На фотаздымках адлюстраваны культавая грамадзянская традыцыйная архітэктура, палескія прыродныя ландшафты, мемарыяльныя знакі. Шэраг прац экспанавалася на шматлікіх выставах, практычна ўсе фатаграфіі прадстаўлены ў розных тэматычных раздзелах на асабістым сайце фатографа: https://radzimaphoto.com/.