background

Памяці Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча

28.05.2020

Малодшы сын Якуба Коласа Міхаіл Канстанцінавіч Міцкевіч нарадзіўся 31. 01. 1926 у Мінску.

У 1933 г. пайшоў у першы клас 14-й сярэдняй школы, якая размяшчалася на Вайсковым завулку, недалёка ад дома дзе жыў Якуб Колас са сваёй сям’ей. У 1940 г. перавёўся у 49-ю сярэднюю школу г. Мінска, дзе на выдатна скончыў восьмы клас. У 1941 г. разам з сям’ёю эвакуіраваўся ў Ташкент. Вучыўся ў 36-й і 47-й сярэдніх школах г. Ташкента. У 1943 г. на выдатна скончыў дзесяцігодку ў Ташкенце. Паступіў ў Варонежскі авіяцыйны інстытут на маторабудаўнічы факультэт, які знаходзіўся ў Ташкенце ў час эвакуацыі, потым перавёўся ў Маскоўскі авіяцыйны інстытут на аналагічны факультэт. Там пазнаёміўся з будучай жонкай – дачкой Янкі Маўра – Наталляй Фёдаравай. Разам у 1949 годзе яны скончылі Політэхнічны інстытут у Мінску. У сям’і Міхася і Наталлі Міцкевічаў нарадзілася трое дзяцей – Сяргей, Марыя і Канстанцін. У 1947 г. пераехаў у Мінск, перавёўся на факультэт машынабудавання Політэхнічнага інстытута. З  1949 года года працуе ў Фізіка-тэхнічным інстытуце НАН Беларусі. З 1974 года Міхась Міцкевіч – загадчык лабараторыі электрафізікі.

У 1985 годзе М. К. Міцкевічу прысвоена ступень доктара тэхнічных навук, ён аўтар звыш 180 навуковых прац у галіне тэхналогіі і абсталявання для электраэразійнай апрацоўкі металаў, мае каля 30 вынаходніцтваў. За поспехі ў працы Міхась Канстанцінавіч быў узнагароджаны ганаровымі граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР (1981 г.), Савета Міністраў БССР (2001 г.). У 1980 годзе атрымаў званне лаурэата  Дзяржаўнай прэміі Беларусі, у 1986 годзе ўзнагароджаны ордэнам “Знак пашаны”. 

Міхась Канстанцінавіч  – майстар спорту па стэндавай стральбе, якой пачаў займацца ў 1949 г.  З пачатку 1950-х гг. Міхась пачынае ўдзельнічаць у спаборніцтвах. У 1955 годзе на першынстве БССР Міхась Канстанцінавіч устанавіў рэкорд рэспублікі з вынікам 129 мішэняў з 150 магчымых на круглым стэндзе і атрымаў першае месца ў індывідуальных спаборніцтвах. У 1956 годзе ён удзельнічаў у першай Спартакіядзе Народаў ССР, дзе заняў чацвёртае месца па парным мішэням і шостае на круглым стэндзе. У актыве Міхася Канстанцінавіча больш за 30 узнагарод, грамат і дыпломаў рэспубліканскіх і саюзных спаборніцтваў.

Любімым заняткам Міхася Міцкевіча была і аматарская фатаграфія. Вось фота бацькі, якое Міхась Канстанцінавіч зрабіў у 1956 годзе.

У яго архіве  каля 40 альбомаў з фотаздымкамі розных мясцін і куточкаў Беларусі, родных і знаёмых сям’і Якуба Коласа. Выстаўкі фотаздымкаў Міхася Міцкевіча некалькі разоў праходзілі ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа у Мінску. Яго фотаздымкі таксама ўпрыгожваюць экспазіцыю “Якуб Колас: прырода і людзі роднага краю” ў Мар’інай Горцы. Гэта фота з экспазіцыі.