background

“Павыцінаем?”

14.07.2021

Сардэчна запрашаем на творчую сустрэчу ў межах музейнага праекта “Кватэрнік у дзядзькі Якуба”!

15 ліпеня 2021 года ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца творчая сустрэча з майстрамі выцінанкі Стасяй Кузьміч і Віталём Назарэвічам.

Працэс выразання карункавых узораў з паперы меў у нашай краіне велізарную папулярнасць ў канцы XIX − пачатку ХХ стагоддзя, хаця першыя спробы з’явіліся яшчэ ў часы Вялікага княства Літоўскага. Сёння выцінанка не страціла народнай любові. Гэты від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. 

Часовая экспазіцыя выцінанак двух маладых аўтараў паказвае на няспыннасць народнай мастацкай традыцыі, а таксама на яе развіццё і трансфармацыю. Працы Стасі Кузьміч і Віталя Назарэвіча − рознатэматычныя і вельмі вобразныя. 

Серыя выцінанак з драўлянымі ліштвамі Стасі Кузьміч мае пад сабой рэальную гісторыю. Стася вырашыла не стылізаваць ліштвы, а прыкласці свой мастацкі густ пры апрацоўцы краёў фотаздымкаў. Усе прадстаўленыя ліштвы збіраліся аўтаркай падчас вандровак і экспедыцый па Беларусі. Там жа былі зробленыя і фотаздымкі. Ідэю размяшчэння ліштваў на фотаздымках прапанавала таленавітая народная майстрыха, загадчыца секцыі выцінанкі Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Вольга Бабурына. Здымкі ліштваў з Віцебска і Бабруйска даслалі сяброўкі  ̶  Кацярына Малькоўская і Алёна Костылева. Вялікую падтрымку ў “паляванні” на ліштвы аказаў Ігар Латушка.

Сама мастачка так адзначае зварот да такой тэматыкі: “Калі вандравала па Беларусі, мне траплялася шмат знішчаных ліштваў, замененых на пластыкавыя вокны. Туга бярэ за сэрца, калі бачыш такое стаўленне. Так хочацца, каб мінаючы тую ці іншую вёску, ты бачыў гэтыя маленькія творы вялікага народнага мастацтва, якія быццам пазіраюць на цябе. Адсюль і імкненне захаваць гэтую прыгажосць”.

Працы Віталя Назарэвіча адрозніваюцца нетрадыцыйным поглядам на справу стварэння выцінанкі. Чаго вартая хаця б серыя выцінанак пад назвай “Дрэва жыцця”! Адметная серыя выцінанак, дзе прасочваецца міфалагічны падтэкст, а таксама бачны нестандартны аўтарскі погляд на навакольны свет. Сам мастак адзначае: “Мае выцінанкі  ̶ гэта вынік фантазіі і натхнення.Калі колькасць маіх прац перайшла межы дапушчальнага, паўстала пытанне сістэматызацыі назапашанай "спадчыны".

У межах творчай імпрэзы “Павыцінаем?” 15 ліпеня ў Доме-музеі Якуба Коласа адбудзецца таксама прэзентацыя кніжнага праекта Марыі Шыбанец “Пасланцы цмокаў”, а таксама выступленне фальклорных гуртоў “Ліцвіны”, “Стажары” і музыкі Аляксея Крукоўскага.

Пачатак у 18.30.