background

Рэха Чарнобыля ў душы Анатоля Копача

26.04.2020

Зусім хутка наступіць 26 красавіка — Міжнародны дзень памяці пра Чарнобыльскую катастрофу. Усё цывілізаванае чалавецтва ў гэты дзень згадвае пра падзеі на Чарнобыльскай АЭС, пра тых, хто, не шкадуючы жыцця і здароўя, стаў на барацьбу з радыяцыйнай стыхіяй.

І мы ганарымся, што ў нас, на філіяле Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа “Мікалаеўшчына”, працуе наглядчыкам адзін з такіх самаахвярных людзей — Анатоль Копач.

  • Рэха Чарнобыля ў душы Анатоля Копача

У 1986 годзе ён у складзе зводнага атрада міліцыі Мінскай вобласці нёс службу па ахове грамадскага парадку ў Нараўлянскім раёне, пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Анатоль Іванавіч добра памятае той час.

…Як у зоне адсялення сіратліва пазіралі сваімі пустымі аканіцамі пакінутыя жыхарамі дамы, а ў кожным двары стаялі нікому не патрэбныя вазы, лодкі. У лесе ўсё было ўсыпана … белымі баравікамі.

Міліцыянераў размясцілі ў школе ў адселенай вёсцы Цешкава, гэта паміж Нароўляй і Славуцічам. З яе можна было на свае вочы разгледзець рэактар…

На адселенай тэрыторыі Анатоль Копач з калегамі займаўся дэзактывацыяй транспарту, які выязджаў з закрытай зоны. Трэба было ўважліва сачыць, каб староннія не пранікалі туды. Забяспечваць захаванасць маёмасці паўсюль: і ў дамах, і ў крамах, і на прадпрыемствах…

Уявіце сабе: стаяла жудасная спёка, ад радыяцыі ў роце нават прападала сліна, а дзяжурства трэба было несці па 12 гадзін!

Анатоль Іванавіч успамінае, што з сабой на дзяжурства яны з напарнікам бралі дазіметр, рэспіратар, фляшку з вадой. Хадзілі ўздоўж Прыпяці і для параўнання замяралі радыяцыю ў рачной вадзе, а потым у невялікіх ямінах-копанках ля хат. Там, дзе была стаячая вада, дазіметр зашкальваў, а ў праточнай паказваў норму.

…У А. І. Копача ёсць узнагароды як за тэрміновую ваенную службу, так і за ліквідацыю аварыі на Чарнобыльскай АЭС, за бездакорную службу ў міліцыі.

Памятаючы цяжкія дні ліквідацыі наступстваў на ЧАЭС, Анатоль Іванавіч лічыць, што галоўнае багацце — гэта прырода, і яна павінна радаваць нас, натхняць.

«…Апрануты ў беларускі нацыянальны строй ды яшчэ з кнігай Якуба Коласа пад пахай, Анатоль Копач заахвочвае любіць і ведаць сваё, зберагаць яго для нашчадкаў», — піша журналіст  Таццяна Пяткевіч у артыкуле, прысвечаным Анатолю Іванавічу, які ў хуткім часе выйдзе ў газеце «Прамень». З задавальненнем прачытаем пра калегу!

Ад усяго сэрца жадаем Анатолю Іванавічу фізічнага і душэўнага здароўя, а таксама, канешне ж, плённай працы!