background

Сардэчна запрашаем!

17.02.2022

Куратарскія экскурсіі па часовых экспазіцыях “Дружбы праменні: Якуб Колас і Казахстан” і “Мастацкая каласіяна — графіка: прыжыццёвыя партрэты Якуба Коласа. Выстаўка мастацкіх работ Сямёна Геруса”

  • Сардэчна запрашаем!

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае на куратарскія экскурсіі па часовай экспазіцыі, прысвечанай сувязям Якуба Коласа і казахскай літаратуры, а таксама па выстаўцы прыжыццёвых партрэтаў класіка айчыннай літаратуры ў выкананні мастака С.Геруса. 

Беларускі класік быў знаёмы з многімі пісьменнікамі Казахстана, сустракаючыся з імі падчас важных пісьменніцкіх з’ездаў і іншых публічных мерапрыемстваў. Народны паэт Беларусі ведаў класіка казахскай літаратуры Сабіта Муканава. Кніга “Сыр-Дарья” Муканава, што знаходзіцца ў асабістай бібліятэцы Якуба Коласа, яскрава пра гэта сведчыць. Менавіта Сабіту Муканаву належыць першае сістэматычнае выкладанне жыцця і творчасці вялікага казахскага паэта Джамбулы Джабаева, а Якуб Колас, яшчэ ў далёкім 1938 годзе, напісаў паэтычные віншаванне акыну казахскага народа з нагоды 75-годдзя яго паэтычнай дзейнасці. Народны паэт Беларусі быў знаёмы і з вядомым казахскім пісьменнікам Мухтарам Ауэзавым. Абодва творцы былі ўзнагароджаны ў 1949 годзе Дзяржаўнай (Сталінскай) прэміяй. Мухтару Ауэзаву была прысуджана ў гэтым годзе Сталінская прэмія першай ступені за раман «Абай». Якуб Колас, у сваю чаргу, атрымаў Дзяржаўную прэмію за вершаваную паэму «Рыбакова хата», аднак  другой ступені.

Нягледзячы на вялікую адлегласць паміж Беларуссю і Казахстанам, беларускі класік Якуб Колас быў знаёмы і высока цаніў традыцыі казахскага народа. Нездарма ў 1952 годзе, на 70-гадовы юбілей, Якубу Коласу ад імя ўсіх пісьменнікаў Казахстана быў дасланы змястоўны віншавальны адрас на рускай мове, які сведчыць пра глыбокую павагу да беларускага творцы. А вядомы казахскі паэт Таір Жарокаў падараваў юбіляру нацыянальны казахскі мужчынскі халат і цюбецейку, якія сталі адметнымі экспанатамі фондаў музея. Важна адзначыць, што розныя паэтычныя творы Якуба Коласа былі перакладзены на казахскую мову, а некаторыя  кнігі народнага паэта Беларусі зберагаецца і ў фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа зберагаецца серыя графічных аркушаў Сямёна Геруса «Знаёмства з Якубам Коласам». Храналагічны перыяд іх стварэння — 1953 - 1956 гады. Мастак неаднаразова сустракаўся з Якубам Коласам, рабіў замалёўкі, эскізы яго партрэтаў. С. Герус успамінаў: «У розны час сустракаючыся з Коласам, я стараўся зрабіць замалёвачку, пару разоў Колас згаджаўся пасядзець спакойна, папазіраваць мне, хаця заўсёды гаварыў, што не любіць сядзець спакойна, чалавек павінен варушыцца як чарвячок».

Мастак распавядаў, што ў 1950-я гады яго часта накіроўвалі на розныя з’езды, пленумы, канферэнцыі, сходы. Ён рабіў замалёўкі, накіды партрэтаў удзельнікаў, прэзідыума, залы. Так з’явілася цэлая серыя партрэтаў Якуба Коласа, зробленых падчас яго выступленняў на з’ездзе пісьменнікаў, пасяджэннях Прэзідыума Акадэміі навук БССР, юбілейным вечары, прысвечаным 100-годдзю Адама Міцкевіча і розных іншых мерапрыемствах. Часам падзеі, падчас якіх рабіўся той ці іншы эскіз, дакладна вызначыць немагчыма. Адна з замалёвак зроблена С. Герусам у лечкамісіі, калі мастак наведаў хворага паэта. «З Коласам было вельмі цікава размаўляць, толькі я не раз караў сябе ў душы, што я трохі саромеўся, бянтэжыўся перад аўтарытэтам… І цяпер, успамінаючы свае размовы, думаю, што калі б цяпер, то інакш сказаў бы, разумней, пагаварыў бы на шмат якія тэмы…» — успамінаў мастак. На часовай выстаўцы «Мастацкая каласіяна — графіка: прыжыццёвыя партрэты Якуба Коласа» прадстаўлены 22 замалёўкі Сямёна Геруса, кожная з якіх мае сваю ўнікальную гісторыю.

Увага! Куратарскія экскурсіі адбываюцца штодня, пачатак а 17-й гадзіне. Кошт квітка 6 рублёў.

Запіс па спасылцы:

https://docs.google.com/forms/d/e/1FAIpQLSdld5A_V5Gr_2U6gShMbJwEJQg0sIx5Rp0MmPjx5FxblhB1UA/viewform

Кантактны тэлефон: (017) 270 17 02

Адрас: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

www.kolasmuseum.by; e-mail: info@kolasmuseum.by