background

Сардэчна запрашаем!

01.07.2022

08 ліпеня 2022 года ў 16.00 у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца цырымонія ўрачыстага адкрыцця часовай экспазіцыі пейзажаў мастака Анатоля Бяляўскага «Уражаны “Новай зямлёй”».

ПРЭС-РЭЛІЗ

«Уражаны “Новай зямлёй”»

Часовая экспазіцыя мастацкіх работ Анатоля Бяляўскага

Народны паэт Беларусі Якуб Колас увайшоў у сусветную літаратурную класіку перш за ўсё як аўтар выдатнай паэмы «Новая зямля». Па шырыні ахопу падзей і паказу народнага жыцця «Новая зямля» вылучаецца не толькі ў творчасці пісьменніка, але і ва ўсёй нацыянальнай літаратуры, гэта адзін з лепшых здабыткаў духоўнай спадчыны беларусаў. Паэт, выразнік дум народных, Якуб Колас глыбока ўспрымаў да сэрца карціны і вобразы галечы народа, якія вельмі ўяўна бачыліся яму на фоне прыгажосці Прынёманскага краю,  і ён марыў, каб  родная Беларусь стала «новай» зямлёй. Беларуская прырода паўстае ў паэме «Новая зямля» ва ўсёй сваёй прыгажосці. Рэчка, поле, луг, лес у розныя поры года – гэта тое звычайнае асяроддзе, без якога мы не можам сабе ўявіць герояў «Новай зямлі». Прырода ўздзейнічае на іх характары, паводзіны, фарміруе светаадчуванне. З якім захапленнем і замілаваннем аўтар апісвае «малюнкі родныя і з’явы»!

Творчасць Якуба Коласа з’яўляецца невычэрпнай крыніцай натхнення для творцаў розных відаў мастацтваў. Паэма «Новая зямля» зачароўвае і вабіць паэтычнымі радкамі і мастакоў. Сярод тых жывапісцаў, хто цудоўна апісвае сваім чароўным пэндзлем прыгажосць роднай прыроды – як Колас у сваёй паэзіі! – можна вылучыць асобу Анатоля Бяляўскага. Мастака ўражвае, з якой любоўю піша аб родных мясцінах Якуб Колас.

Ад пейзажаў Анатоля Бяляўскага літаральна немагчыма адарваць позірк – яны зачароўваюць спакойнымі гарманічнымі рашэннямі, яркай вобразнай характарыстыкай. Калі глядзіш на карціны Анатоля Іванавіча, захапляешся адлюстраваннем вады і неба, чыстым і ясным позіркам сонца праз невялікія хмаркі альбо густую лістоту, велічныя постаці дубоў – любімых дрэў Якуба Коласа.

З пачатку сваёй творчай дзейнасці член Саюза мастакоў Беларусі, вядомы творца Анатоль Бяляўскі напісаў больш за 3000 карцін! Пейзаж "Ручэй", на стварэнне якога мастака натхніў аднайменны верш Якуба Коласа, знаходзіцца ў калекцыі жывапісу нашчадкаў Якуба Коласа. Усе працы творцы аб’яднаны любоўю да сваёй роднай зямлі, да яе загадкавай прыгажосці.

Сардэчна запрашаем!

Кантактны тэлефон: (017) 270 17 02

Адрас: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

e-mail: info@kolasmuseum.by

сайт: www.kolasmuseum.by