background

Сардэчна запрашаем на музейную ноч!

19.05.2021

22 мая 2021 года Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа далучаецца да міжнароднай акцыі «Ноч музеяў» з насычанай праграмай «Адзін на адзін з паэтам».

  • Сардэчна запрашаем на музейную ноч!

“Адзін на адзін з паэтам”

Міжнародная акцыя “Музейная ноч-2021”

Музей народнага паэта — адметная нацыянальная культурная прастора ў сталіцы, дзе захоўваецца непаўторная аўра святла і добразычлівасці беларускага песняра. Гэтым разам госці Дома Коласа змогуць здзейсніць займальнае падарожжа па інтэрактыўных пляцоўках і нібы паразмаўляць з паэтам пра жыццё, творчасць, гісторыю, музыку…

Падчас гутаркі «…пра творчасць…» можна будзе паспрабаваць сябе ў  разнастайных майстар-класах па вырабу паштовак у тэхніцы «квілінг», сілуэтнаму выразанню і роспісу экаторбы, далучыцца да лялечнага прадстаўлення па матывах беларускіх народных казак, паспяваць беларускія народныя песні, патанчыць пад вясёлую музыку, пазнаёміцца і пагутарыць з ажыўшымі героямі Коласавых твораў.

Размова «…пра гісторыю…» — своеасаблівы экскурс у ваенную гісторыю XVII ст., дэманстрацыя прыёмаў шабельнага бою, пікінерскага бою, правіл стральбы з фіцільнага мушкета, майстар-класы вайсковых прыёмаў. Акрамя таго,толькі на адну гадзіну наведвальнікам Дома Коласа будуць прадстаўлены некалькі загадкавых куфэркаў з асабістых рэчаў Якуба Коласа, якія маюць сваю гісторыю і таямніцы і яшчэ ніколі не дэманстраваліся наведвальнікам.

Не абыйдзецца і без разваг «…пра жыццё…». Для аматараў настольных гульняў адбудзецца прэзентацыя першай музейнай настолкі «Жыццё па Коласу».

Размова «…пра сучаснасць…» — выступленні беларускіх бардаў Зміцера Бартосіка і Віктара Шалкевіча, гурта «The Аpples», разнастайныя фотазоны і захапляючы квэст па мемарыяльнай экспазіцыі і сядзібе музея.

Адзін на адзін з паэтам
Праграма свята,
 прысвечанага Міжнароднаму дню музеяў

 

22 мая 2021 года

Час правядзення: 15.00 – 22.00

Месца правядзення: музей, сядзіба (вул. Акадэмічная, 5)

Кошт уваходнага білета з 15.00 да 18.30 – 1бел. руб., дзеці да 7-і гадоў – уваход вольны.

Кошт білета на канцэрт у Вялікай гасцёўні (з 18.30 да 22.00) – 6 бел. руб.

Госці Дома Коласа змогуць здзейсніць займальнае падарожжа па інтэрактыўных пляцоўках і нібы паразмаўляць з паэтам…

…пра творчасць

Музейная сядзіба:

 

15.00 – 18.00

Зона альтанкі.

15.00 18.00 – інтэрактыўная пляцоўка з займальнымі настольнымі гульнямі для дзяцей і дарослых.

15.00 – 18.00 – кожную гадзіну лялечныя прадстаўленні па матывах беларускіх народных казак: “Воўк-дурань”, “Як кот звяроў напалохаў”.

15.00 – 17.00майстар-класы: майстар-клас па вырабу паштоўкі ў тэхніцы квілінг; майстар-клас па сілуэтным выразанні “Сям’я ў мяне адна!”; майстар-клас па роспісу экаторбы (для ўдзелу ў майстар-класах абавязковы папярэдні запіс на тэлефоне 270-17-02).

15.0016.00– ажыўшыя героі Якуба Коласа ў выступленне драматычнага гуртка “Жывое слова” СШ № 125: прагучаць фрагменты з твораў Якуба Коласа.

…пра жыццё

Зона настольных гульняў:

17.00 – прэзентацыя музейнай настольнай гульні “Жыццё па Коласу”. Першая музейная гульня, пад час якой можна адчуць сябе вандроўнікам у часе і прасторы і даведацца пра жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа.

 

Зона каля часовай экспазіцыі “У хвалях няспыннага руху…”

17.00 – 18.00 –  выступленне этничнага гурта “Арацэя”

 Вас чакае магічная атмасфера фолку і лёгкай шаманіі! У гурта калабарацыя інструментаў і стыляў -  ірландскі інструмент бузукі (сумесь гітары і мандаліны), перкусія, беларускія цымбалы і беларуская дуда!

 

 

…пра гісторыю

15.00 – 17.00

 

Круглая пляцоўка:

15.00 – 17.00рэканструкцыя сярэднявечнага лагера, фотазона, дзе можна прымерыць рыцарскі рыштунак.

17.00 19.00 –Група ваенна-гістарычнай рэканструкцыі “Рубеж” г. Брэст, аддзел “Берасцейская харугва”: мінілекцыі па гісторыі войска ВКЛ і Рэчы Паспалітай, вайсковай гісторыі 17 ст., дэманстрацыя прыёмаў шабельнага бою, пікінерскага бою, правіл стральбы з фіцільнага мушкета, абучэнне жадаючых вайсковым прыёмам 17 ст.

ІІ паверх музея:

 

17.00 – 18.00 – жывая экскурсія “Сакрэты Дома песняра”

Толькі на адну гадзіну наведвальнікам Дома Коласа будуць прадстаўлены некалькі куфэркаў з асабістых рэчаў Якуба Коласа, якія маюць сваю гісторыю і таямніцы і яшчэ не дэманстраваліся наведвальнікам.

…пра сучаснасць

Вялікая гасцёўня: 19.00 – 22.00

19.00 – выступленне гурта The Аpples

У рэпертуары “The Apples” каля сотні старанна падабраных кампазіцый ад лепшых выканаўцаў залатой эпохі рок-н-ролу, сярод якіх пераважаюць тварэнні легендарных “The Beatles”.

 

20.00 – выступленне беларускага барда і пісьменніка Змітра Бартосіка.

Зміцер паходзіць з тэатральнай сям'і: бацька — рэжысёр, маці — актрыса.Будучы бард вырас на песнях Высоцкага і Акуджавы, авалодаў гітарай у 13 гадоў. Піша песні і літаратурныя творы.

 

21.00 – выступленне Віктара Шалкевіча.

 

Віктар Шалкевіч стварае свята, у якім хочацца паўдзельнічаць, усюды – на сцэне, у жыцці. Абыякавых і сонных не бывае гэты апантаны погляд, ашаламляльны запал, заразлівыя кампанейскасць і жыццярадаснасць робяць Шалкевіча ўнікальным сярод бардаў, сярод акцёраў, сярод паэтаў і пісьменнікаў…

 

…пра патаемнае

І паверх музея:

 

21.00–22.00 – Магічны рытуал запісу запаветнага жадання за сталом Якуба Коласа.

Магічны рытуал запісу свайго запаветнага жадання за сталом Якуба Коласа пяром паэта. Толькі адзін раз на год пяро № 86, якім пісаў Якуб Колас, зможа патрапіць у рукі наведвальнікаў музея. Кажуць, што самые запаветныя жаданні, напісаныя Пяром Паэта, здзяйсняюцца. Ёсць магчымасць праверыць…

II паверх

 

15.00 – 18.00 – Выстаўка аднаго экспаната.

Маска – адна з самых цікавых і загадкавыхз'яў у гісторыі чалавецтва. Рытуальная, тэатральная або карнавальная яна з'яўляецца неад'емнай часткай многіх традыцый.

Пасмяротныя маскі прызнаюцца творамі мастацтва, іх капіююць, калекцыянуюць, падрабляюць, прадаюць на аўкцыёнах і выстаўляюць у музеях.

 

 

Сардэчна запрашаем на "Ноч музеяў"!

Кантактны тэлефон: (017) 270 17 02

Адрас: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

e-mail: info@kolasmuseum.by

сайт: www.kolasmuseum.by