background

Сямейная рэліквія ад класіка

04.12.2020

З невядомай рукапіснай спадчыны Якуба Коласа

  • Сямейная рэліквія ад класіка
  • Сямейная рэліквія ад класіка
  • Сямейная рэліквія ад класіка
  • Сямейная рэліквія ад класіка
  • Сямейная рэліквія ад класіка
  • Сямейная рэліквія ад класіка
  • Сямейная рэліквія ад класіка
  • Сямейная рэліквія ад класіка

 

У кожнай сям’і ёсць свае звычаі і традыцыі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, а часам і рэліквіі. Апошнімі могуць быць рэдкія фотаздымкі, лісты, дзённікі, ювелірныя ўпрыгажэнні, розныя рэчы – адным словам прадметы, з якімі звязаны цікавыя гісторыі, успаміны, аб якіх з гонарам і хваляваннем расказвалі продкі сваім нашчадкам. Адну з такіх сямейных каштоўнасцей перадала ў фонды Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Марына Жалязняк.

Дырэктар музея Аляксандр Васільевіч Храмы, унучка Адама Бічова Марына Жалязняк і галоўны захавальнік фондаў музея Васіліна Міцкевіч

 

Васіліна Міцкевіч і Марына Жалязняк у музеі Якуба Коласа

Якуб Колас 1921 год 

 Адам Мацвеевіч Бічоў

Адам Мацвеевіч нарадзіўся ў 1913 годзе ў Капыльскім раёне Слуцкай вобласці, працаваў настаўнікам гісторыі ў Белпедтэхнікуме, дзе дарэчы працаваў і Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч (Якуб Колас) з 1922 года.

Якуб Колас сярод выпускнікоў і выкладчыкаў 7-га выпуска настаўнiкаў Менскага Дзяржбелпедтэхнiкума iмя Усевалада Iгнатоўскага.

 

Якуб Колас сярод выпускнікоў і выкладчыкаў 8-га выпуска настаўнiкаў Менскага Дзяржбелпедтэхнiкума iмя Усевалада Iгнатоўскага

А.М. Бічоў сярод выпускнікоў Белпедтэхнікума. 1939 г.

Падчас Другой сусветнай вайны малады настаўнік быў накіраваны на фронт і прапаў без вестак ў 1941 годзе. Ліст ад класіка захоўваўся ў дачкі адрасата Іны Адамаўны як напамін аб бацьку. Яна сама нарадзілася ў Магілёве, але падчас вайны яе сям’я перабралася ў Тулу. Іна Адамаўна пайшла па стапах бацькі, стала настаўніцай, выкладала гісторыю ў чыгуначнай вучэльні. І толькі ў пачатку 1990-х вярнулася ў Беларусь. Напэўна дзякуючы такім пераездам ліст класіка захаваўся, не знік і дайшоў да нас.

 З тэкста ліста бачна, што Адам Мацвеевіч не быў знаёмы з Якубам Коласам, бо паэт пачынае ліст фармальна – «паважаны таварыш». Малады настаўнік звярнуўся да класіка з шэрагам пытанняў, на якія і атрымаў адказы.

Якуб Колас 1920-я гг.

Адказ на першае пытанне яшчэ раз падцвярджае, што паэма «Новая зямля» пачала пісацца, калі Якуб Колас знаходзіўся ў астрозе. Аўтар і сапраўды сумаваў па родных мясцінах і сваіх блізкіх, таму з-пад пяра і выходзілі радкі:

Малюнкі родныя і з’явы!

Як вы мне любы, як цікавы!

Як часта мілай чарадою

Вы ўстаяце перада мною!

Адказ на другое пытанне раскрывае перад намі літаратурныя перавагі маладога паэта. Якуб Колас узгадвае Пушкіна і Лермантава, якіх пазней ён перакладаў на беларускую мову, Кальцова і Някрасава. 

 Палтава А.С. Пушкіна ў перакладзе на беларускую мову Якуба Коласа

 

А вось прозвішча Марыі Канапніцкай сярод літаратурных пераваг класіка сустракаецца бадай што ўпершыню. Яе прозвішча ў рукапіснай спадчыне класіка ўзгадваецца толькі аднойчы, у артыкуле «Янка Купала і яго паэзія» за 1943 год, дзе Якуб Колас піша, што ў школьныя гады яго сябар і паплечнік захапляўся вершамі Марыі Канапніцкай, Адама Міцкевіча і іншых польскіх паэтаў. Ну і канешне цікава, што Якуб Колас сам узгадвае паэта-народавольца Пятра Якубовіча-Мельшына, з імем якога з’вязваюць паходжанне псеўданіма класіка.

 

Пётр Якубовіч-Мельшын, паэт-народаволец

Параўнанню творчасці Коласа і Някрасава прысвечаны шэраг артыкулаў, сапраўды бачны ўплыў гэтага рускага пісьменніка на станаўленне Якуба Коласа як паэта.

Асабліва цікавым з’яўляецца  аўтарская трактоўка назвы паэмы «Новая зямля», новая ў тым сэнсе, што ўносіць змены ў жыццё герояў, хаця сам аўтар і адзначае, што доля сімвалічнасці ў назве таксама прысутнічае. На жаль, сшыткі рукапісаў паэмы «Новая зямля» не захаваліся, у фондах музея захоўваюцца толькі некалькі рукапісных правак  некаторых радкоў паэмы, якія былі зроблены ўжо ў пасляваенны час.

Праўкі Якуба Коласа да паэмы "Новая зямля"

Цікава, што сам аўтар адзначае, што нелегальны настаўніцкі з’езд праводзіўся пад знакам эсэраўскай праграмы. Доўгія гады лічылася і пісалася, у тым ліку і ў аўтабіяграфіі Якуба Коласа, што ён быў членам толькі бальшавіцкай партыі (з 1945 года), аб іншым партыйным мінулым паэт ніколі не пісаў. Коласу, як выхадцу з простай сялянскай сям’і, былі блізкімі погляды сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў). Сялянам вельмі імпаніравала эсэраўская аграрная праграма сацыялізацыі ўсіх земляў, якая прадугледжвала ліквідацыю прыватнай уласнасці на зямлю і перадзел усіх земляў паміж вяскоўцамі па раўнапраўнаму прынцыпу. Невыпадкова, што адзін з псеўданімаў Канстанціна Міцкевіча быў «Андрэй-сацыяліст». 

 

Паколькі ліст ніколі не друкаваўся – прыводзім яго цалкам:

«Паважаны таварыш!

Атрымаў Ваша пісьмо і адказваю на пытанні:

1.Самым правільным адказам, думаю, будзе такі: паэма «Новая зямля» выклікана тымі малюнкамі і тымі настроямі, якія абуджаліся ў памяці, калі я знаходзіўся ў Менску ў вастрозе і ўспамінаў свае дзіцячыя гады і блізкіх мне людзей. Ніякі іншы літаратурны твор тут ні прычым. 

Уладзімір Якаўлевіч Сулкоўскі. Якуб Колас у Мінскім астрозе. Палатно, алей,1982 г.

2.Сказаць, хто з паэтаў-народнікаў найбольш мяне цікавіў, мне трудна,  трудна аддаць каму-небудзь з іх перавагу. Я любіў Някрасава. Бадай што, някрасаўскія матывы паэзіі найбольш узрушылі мяне і асталіся ў памяці. Таксама любіў я і Мельшына (Якубовіча), але чытаць я стаў яго пазней, калі мне было гадоў за дваццаць. Падабалася мне і Марыя Канапніцкая. Любіў я і Кальцова і асабліва Крылова, Пушкіна і Лермантава.

3.«Новую зямлю» ў сувязь з някрасаўскім «Кому на Руси жить хорошо» я ніколі не стаіў, і калі гэта сувязь і ёсць, то яна – з’ява выпадковая.

4.Назву паэмы я разумеў проста –  «новая»  па стольку, па скольку яна магла ўнесці змену ў жыццё маіх герояў. Б.[ыць] м.[ожа]  была тут і доля сімвалічнасці.

5.Ёсць сшыткі, у якія запісваў тэкст паэмы.

6.З’езд быў нелегальны. Праводзіўся ён пад знакам эсэраўскай праграмы. Быў ён у с. Мікалаеўшчыне на маёй радзіме 9 VII ст.[арога]ст.[ылю] 1906 году.

Уладзімір Якаўлевіч Сулкоўскі. Прыстанька. Палатно, алей, 1987 г.

P.S. Калі будуць яшчэ запытанні, напішыце. Усяго добрага. Якуб Колас.

Мінск, 19 ХІ 1940 г.»

З кожным выяўленым рукапісам Якуба Коласа адкрываюцца новыя старонкі яго біяграфіі, невядомыя асобы з яго акружэння і творчыя памкненні класіка. Спадзяюся, што яшчэ шмат такіх адкрыццяў чакае нас наперадзе.

 

Матэрыял падрыхтавала галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Васіліна Міцкевіч