background

Сёння дзень нараджэння Марыі Дзмітрыеўны Міцкевіч

07.02.2021

Сёння спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння любай жонкі Якуба Коласа Марыі Дзмітрыеўны Міцкевіч (Каменскай).

  • Сёння дзень нараджэння Марыі Дзмітрыеўны Міцкевіч
  • Сёння дзень нараджэння Марыі Дзмітрыеўны Міцкевіч
  • Сёння дзень нараджэння Марыі Дзмітрыеўны Міцкевіч
  • Сёння дзень нараджэння Марыі Дзмітрыеўны Міцкевіч
  • Сёння дзень нараджэння Марыі Дзмітрыеўны Міцкевіч
  • Сёння дзень нараджэння Марыі Дзмітрыеўны Міцкевіч
  • Сёння дзень нараджэння Марыі Дзмітрыеўны Міцкевіч
  • Сёння дзень нараджэння Марыі Дзмітрыеўны Міцкевіч
  • Сёння дзень нараджэння Марыі Дзмітрыеўны Міцкевіч
  • Сёння дзень нараджэння Марыі Дзмітрыеўны Міцкевіч
  • Сёння дзень нараджэння Марыі Дзмітрыеўны Міцкевіч

Марыя Дзмітрыеўна Каменская нарадзілася 7 лютага 1891 года ў Ашмянах ў сям’і псаломшчыка Дзмітрыя Аляксандравіча Каменскага, які быў родам з Яраслаўля, дзе вучыўся на багаслоўскім курсе Яраслаўскай духоўнай семінарыі. Дзядуля Марыі быў святаром.

Маці Марыі – Марыя Цімафееўна – паходзіла з сям’і памешчыцы Генрыеты Карлаўны Гагенлоэ, якая мела зямельныя ўладанні ў Віленскім краі. У Марыі Дзмітрыеўны было пяць братоў і сястра, якая памерла ў маладосці. Можа, таму Марыю як адзіную сястру так любілі і шанавалі яе браты – Іван, Васіль, Міхаіл, Мікалай, Аляксандр.

Марыя Дзмітрыеўна была адукаванай жанчынай. Дзяўчынкай яна вучылася ў духоўным вучылішчы, потым працавала настаўніцай – у Вільні, у Пінску, затым у Падмаскоўі, на Куршчыне.

Сярод яе важнейшых духоўных аўтарытэтаў быў Леў Талстой.

У 1912 годзе ў Пінску яна пазнаёмiлася з настаўнiкам Канстанцiнам Мiхайлавiчам Мiцкевiчам. Праз год яны пабралiся шлюбам.  Шлюбным падарожжам стала паездка ў Вільню, да маці і братоў Марыі.

Менавiта з яе "спiсваў" паэт Сымонкаву Ганну ў паэме "Сымон-музыка".

...Ён нiколi не забудзе,

Покi жыць на свеце будзе,

Пары ясненькiх вачок,

Тонкiх бровак, тварык ветлы,

I на губках такi светлы,

Такi добранькi смяшок...

Дык то Ганна! Ну й дзяўчынка!

I прыўдалая ж яна!..

Яшчэ да вяселля Якуб Колас прысвяцiў Марусi цыкл вершаў. З гэтай нiзкi захаваўся толькi адзiн верш — "Дзяўчыне".

А ў душы вясна настане,

Сэрца зноў палюбіць,

Прыйдзе доля, у вочкі гляне,

Шчыра прыгалубіць.

У сям’i Якуба Коласа i Марыi Дзмiтрыеўны нарадзiлiся тры сыны: Данiла (1914, Пiнск), Юрый (1917, Перм), Мiхась (1926, Мiнск).

Марыя Дзмітрыеўна ўзяла на сябе ўвесь цяжар хатніх праблем. У сваіх лістах яна расказвала аб тым, як завіхаецца па гаспадарцы: “Вольнай часіны я бадай што ня маю… Я ж астаюся з Міхасём гаспадарыць і варыць, і хату прыбіраць. Мне ж прыходзіцца і ў банк і ва ўсякія другія ўстановы”.

У сям’і Міцкевічаў у розныя часы жылі і выхоўваліся не толькі родныя дзеці. Напрыклад, падчас грамадзянскай вайны Міцкевічы ўзялі да сябе 8-гадовую Вольгу Прачук са шматдзетнай сям’і бежанцаў-беларусаў. Доўга жыла ў іх і далёкая родзічка Марыі Дзмітрыеўны Жэня Увядзенская – сірата. Кватараваў у Міцкевічаў і сын “дарэктара” Яські Базылёва. ..

Да  Коласа часта заходзілі госці, для якіх Марыя Дзмітрыеўна гатавала шмат смачных страў, многія з якіх мала хто ведае сучасныя гаспадыні! Жонка  Канстанціна Міхайлавіча была вельмі гасціннай і уважлівай гаспадыняй.

Падчас Першай сусветнай вайны сям’я Якуба Коласа апынулася ў бежанцах (г. Старыкаў у Падмаскоўi, г. Перм, г. Абаянь Курскай губернi). У Падмаскоўi i на Куршчыне Марыя Дзмiтрыеўна працягвала працаваць настаўнiцай. Пасля пераезду ў 1921 г. у Менск яна — хатняя гаспадыня.

Марыя Дзмiтрыеўна была першым чытачом, слухачом, крытыкам твораў свайго мужа. Яна ведала шмат беларускiх народных песняў, часта спявала "Ой, зацвiла ружа, белы цвет", "З гары па далiне галубы ляталi".

Колас заўсёды ёй першай чытаў толькі што напісаны верш або ўрывак з паэмы, аповесці. Ён вельмі цаніў заўвагі жонкі, лічыўся з яе думкай.

Руская па нацыянальнасці, сведчыць сын Даніла Міцкевіч, Марыя Дзмітрыеўна дасканала ведала і любіла беларускую мову, якая стала для яе роднай. Многім даказвала, што беларуская мова захавала больш ад старажытнаславянскай асновы, чым руская. У доме гаварылі па-беларуску, і яна часам папраўляла дзяцей у правільным вымаўленні слоў. "Яна была чалавекам, поўным любові да людзей, - з цеплынёй адзначае Даніла Канстанцінавіч, - вельмі сціплай, нават самаахвярнай. Мама з вялікай любоўю і пяшчотай ставілася да нас, сваіх дзяцей, вучыла нас быць добрымі, сумленнымі, працавітымі".

Цiкавы артыкул пра жыццёвы шлях сваёй бабулi змясцiла ў часопiсе "Роднае слова" (1996, № 3) Вера Данiлаўна Мiцкевiч. Яна пiша: "Лёс Марыi Дзмiтраўны Каменскай сапраўды быў шчаслiвым, але i цяжкiм. Нялёгка быць жонкай паэта-генiя. Быць побач з iм — i быць не навiдавоку, як бы ягоным ценем: ствараць атмасферу ўтульнасцi ў хаце i гадаваць дзяцей, падтрымлiваць сувязь са шматлiкiмi родзiчамi i прымаць гасцей. I ўсё гэта праз дзве сусветныя вайны, праз горкiя страты самых блiзкiх людзей... Маёй бабулi не пашчасцiла пабачыць анiводнага ўнука цi ўнучкi. А калi ў дзеда Якуба нарадзiлася першая ўнучка, то яе, зразумела, назвалi Марыяй".

У гады Вялiкай Айчыннай вайны, у эвакуацыi, Марыя Дзмiтрыеўна часта хварэла, у канцы 1944 года стан яе здароўя сур’ёзна пагоршыўся. Марыя Дзмiтраўна памерла ў Маскве, у бальнiцы 21 мая 1945 года…

Яе перавезлi ў Мiнск у труне на самалёце i пахавалi на Вайсковых могiлках.

У канцы мая 1945 года ў лісце да сваякоў у Мікалаеўшчыну Якуб Колас паведамляў:

“У ноч з 20 на 21 мая памёр мой самы блізкі, самы дарагі друг, Маруся. Памерла ў Маскве ў бальніцы, 24 мая пахавалі яе ў Мінску на Ваенных могілках. Адчуваю сябе так, як бы мне адсеклі правую руку і абарвалі палавіну душы. Цяжка мне і пуста.”

У тым жа 1945 годзе ў вершы “У родных мясцінах” паэт напіша:

Праз пяць гадоў я зноў наведаў Вусце,

Прытулак дум, абраны мой куток,

Дзе высіцца Вусцянскі мой грудок

І вецер лёгенька гайдаецца на кусце.

Іду на груд павольнаю ступою.

Сумотна мне, бо я цяпер адзін,

Мне шмат чаго прыходзіць на ўспамін,

І нікну я паныла галавою.

<…>

І толькі мне адно сягоння горка:

Няма таго, з кім думкі я дзяліў,

З кім тут стаяў, з кім я шчаслівы быў,-

Пагасла ты, яснюсенская зорка.

А ў 1946 годзе ў паэме “Рыбакова хата” з’явяцца наступныя радкі:

Я мімаволі ўспамінаю

І ў той куток імкнуся зноў,

Дзе жыў я ціха, як у раю,

З сваёй сям’ёю між дубоў.

Былі вы жывы і шчаслівы –

Ты, друг мой жонка, і ты, сын…

<…>

Мой мілы сын, мая Маруся!

Нас разлучыў няўмольны лёс.

За вас зямлі я памалюся

І акраплю расою слёз…

Вось яшчэ некалькі вершаў, якія Якуб Колас прысвяціў сваёй жонцы.

М. Д. М.

Я хачу прыгадаць

Нашы дні былыя,

Вусце, луг, сенажаць

I дубы старыя;

 

Залатыя пяскі

Беразянскіх пустак,

Хвайнякоў паяскі,

Што пралеглі з густам;

 

I дарог абрусы

У шаўковай ткані,

Чабары, верасы

На глухой паляне.

 

Як мне дораг час той,

Той зямлі украсы,

Дзе хадзілі з табой

Мы ў грыбныя часы.

 

Эх, вярнуцца б нам зноў

К родным пералазам

Ды між рэчак, дубоў

Зноў прайсціся разам.

 

Аб табе, сваім дню,

I аб Беларусі

Я гадаю і сню,

Мілая Маруся.

 

 

У дарозе з Ташкента ў Маскву

8/ІІ 1942

 

Ты без мяне, а я далёка

Над стэпам звіс нябёсаў тын,

А снег стэповы слепіць вока,

I сумна мне, бо я адзін.

 

За час наш доўгі я нямала

Быў у разлуцы і журбе.

Рука мая не ўсё спісала

З таго, што думаў аб табе.

 

Я знаю — шмат ты мела гора

I горыч дум піла да дна,

I шмат было тваіх дакораў,

Хоць ты ў душы маёй адна.

 

— Даруй жа мне! — скажу я толькі,

Схіліўшы нізка галаву. —

Забудзь пакуты, гора, болькі —

Табой я жыў, табой жыву.

 

I блізка ты, і ты далёка.

Над стэпам звіс нябёсаў тын.

Змярцвелы стэп не цешыць вока,

I сумна мне, бо я адзін.

 

25/І 1943

 

М.Д.М.

Я радасці большай не ведаў бы ў свеце,

Каб толькі была ты здарова.

Ачуньвай жа, зорка, ачуньвай, мой квеце,

Пачуй маё шчырае слова!

 

Вясна пазірае з высокага неба,

У сонцавых косах іскрыцца.

З-пад снегу выходзіць знямелая глеба,

Расплюшчвае вочы крыніца.

 

I хата ўжо блізка, і лес наш духмяны

Пах смолак зычліва струменіць.

Няхай жа загояцца болі і раны

I сыдуць панурыя цені.

 

Вясна расчыняе наўсцяж аканіцы

I сцеле на дол аксаміты.

Зачэрпвай жа сілы з гаючай крыніцы,

З зямлі нашай, горам спавітай!

 

Распусціцца лісце на белай бярозе,

I ляжа прад намі шлях новы.

Дык рана яшчэ прыставаць у дарозе,

Не ўсе нашы сказаны словы.

 

Я радасці большай не ведаў бы ў свеце,

Каб толькі была ты здарова.

Ачуньвай жа, зорка, ачуньвай, мой квеце,

Пачуй маё шчырае слова!

 

21/ІІІ 1945

 

М.Д.М.

Ляжыш ты ў зямлі, мая зорка.

Адвечнае неба ўсё тое,

I тая ж навокал гаворка,

I тое ж жыццё маладое.

 

Як лепшае божжа стварэнне,

Прайшла ты дарогай святою,

А следам святое гарэнне

У ногу ішло за табою.

 

I сёння адзін я і хворы,

Прадсмертным ахоплены страхам,

Стаю анямелы і ў горы,

Схіліўшыся ціха над прахам.

 

21 мая 1946

Каханне Якуба Коласа і яго жонкі было вельмі моцным, чыстым, светлым і шчырым. Канстанцін Міхайлавіч і Марыя Дзмітрыеўна пранеслі яго праз усё жыццё...

У выдавецтве "Мастацкая літаратура" рыхтуецца да выдання кніга "Табой я жыў, табой жыву": пра жонку Якуба Коласа", дзякуючы якой чытачы пазнаёмяцца з невядомымі лістамі Марыі Дзмітрыеўны.