background

Сёння дзень нараджэння Марыі Дзмітрыеўны Міцкевіч

07.02.2023

Сёння дзень нараджэння любай жонкі Якуба Коласа Марыі Дзмітрыеўны Міцкевіч - яго лепшага сябра, першага дарадцы, музы. 

Прапануем ажыццявіць падарожжа ў мінулае і пачытаць лісты Якуба Коласа, у якіх ён віншуе Марыю Дзмітрыеўну. 

"Мой добры, слаўны, бясконца дарагі друг", "радасць мая", "мая мілая, дарагая Марусенька", "мой дарагі і бясцэнны друг", "яснюсенькая зорка" - так называў Я. Колас жонку.

 

Марыя Дзмітрыеўна нарадзілася 7 лютага, але ў сям’і свята адзначалі 8-га. Таму ў лістах Я.Коласа фігуруюць дзве даты.

 

08.02.1942

"Мілая, слаўная, любая Маруся! Абнімаю цябе, горача цалую ў гэты дзень. Ад усяго сэрца жадаю табе здароўя, шчасця. Маё самае вялікае жаданне - заехаць нам усім у свой родны край ды пажыць там, папрацаваць, каб пабудаваць новае жыццё, аднавіць нашу зямлю, апаганеную немцам. Як бы мне хацелася бачыць цябе, мая слаўная Маруся!

...Маіх мілых сыноў цалую моцна-моцна і прашу іх самім асцерагацца, каб не захварэць, і даглядзець сваю маму, як самае даражэйшае наша багацце. Цалую вас усіх".

06.02.1943 Кзыл-Арда

"Мой мілы, дарагі друг!..

Думаю пра 7/II, твае гадавіны. Дазволь жа многа-многа разоў пацалаваць цябе. Шануйся, мая ясная зорка, думай пра сваё здароўе".