background

Тэма роднага краю ў зборніках “Песні-жальбы” Якуба Коласа і "Вянок” Максіма Багдановіча

09.06.2020

Добры дзень, шаноўныя сябры! А мы распачынаем публікаваць матэрыялы новай рубрыкі "Свой погляд", дзе вы зможаце пазнаёміцца з самымі цікавымі навуковымі і навукова-папулярнымі артыкуламі коласазнаўцаў. Першая ластаўка - артыкул старшага навуковага супрацоўніка навукова-асветніцкага аддзела нашага музея Аляксандра Крыжэвіча.

  • Тэма роднага краю ў зборніках “Песні-жальбы” Якуба Коласа і "Вянок” Максіма Багдановіча
  • Тэма роднага краю ў зборніках “Песні-жальбы” Якуба Коласа і "Вянок” Максіма Багдановіча
  • Тэма роднага краю ў зборніках “Песні-жальбы” Якуба Коласа і "Вянок” Максіма Багдановіча
  • Тэма роднага краю ў зборніках “Песні-жальбы” Якуба Коласа і "Вянок” Максіма Багдановіча

 

“Спелым паэтам”, “майстрам паэтычнага слова” і “ўдумлівым крытыкам” называе Якуб Колас у сваіх публіцыстычных артыкулах Максіма Багдановіча[1].Сапраўды цяжка пераацаніць спадчыну Максіма Багдановіча, які праз сваю творчасць паказаў розныя бакі чалавечага жыцця і яго шматграннасць, прыгажосць прыроды, багатую міфалагічную спадчыну народа, а таксама пакінуў філасофскія роздумы на вечныя тэмы, што і па сёння з’яўляюцца надзвычай актуальнымі. Творчасць двух беларускіх класікаў Якуба Коласа і Максіма Багдановіча не так часта параўноўвалася ці аналізаваліся праз прызму агульных матываў і сюжэтаў. Дадзены матэрыял з’яўляецца спробай разглядзець аднолькавыя матывы роднага краю, што сустракаюцца ў некалькіх вершах Якуба Коласа ў зборніку “Песні-жальбы” і зборніку “Вянок” Максіма Багдановіча.

 

Праз агульныя вобразы мы можам убачыць успрыняцце роднага краю і яго метафізіку класікамі айчыннай літаратуры. Абодва зборнікi з’яўляюцца шматаспектнымі і рознакаляровымі, з разнастайнымі тэмамі, праблематыкай і вобразамі, якія ў іх апісваюцца і малююцца паэтычным словам. Аўтар даследвання сканцэнтраваўся толькі на адным аспекце шэдэўраў айчыннай літаратуры – вобразе роднага краю. Прычым матывы ў апісанні роднага краю ў двух зборніках можна знайсці вельмі падобныя. І гэта нягледзячы на крытычную ацэнку першага Коласаўскага зборніка вершаў Максімам Багдановічам, што насіла яўна суб’ектыўны характар: “Цэльнай выглядае яна па светагляду, моцна зросшыміся адзін з адным здаюцца яе вершы, але ёсць у ёй і якаясь акамянеласць: на працягу аж 4-х гадоў Колас не зрабіў значнага кроку ўперад і ў самых апошніх вершах пяе аб тым жа і так жа, як і ў пачатку сваёй працы. Ведама, турэмнае жыццё не дае яму развівацца і павялічыць круг сваіх тэм. А іх у Коласа вельмі мала: бедныя абразы роднага краю, доля нашага народа, турэмныя думкі і жыццё – вось, здаецца, і ўсе тэмы яго твораў”[2][1, c. 189]. Адчуванне радзімы, яе вобразы і панарама краю двух паэтаў не проста блізкая, а часам сугучная, што стварае агульную карціну жыцця. І хоць у апошніх даследваннях зборнік “Песні-жальбы” літаратуразнаўцамі прапануецца чытаць суцэльна (як таго патрабуе фармат выдання) [5, c. 38], што пажадана рабіць і з “Вянком” Багдановіча, аднак для дадзенага агляду ўсё ж возьмем метад праблемна-тэматычны. Для адчування эпохі ў якой ствараліся паэтычныя творы беларускіх паэтаў, а таксама ўсёй шырыні, сапраўднасці і нескажонасці вобразаў, прапануецца чытаць вершы па першакрыніцах, з усімі асаблівасцямі яшчэ неўнармаванай беларускай мовы.

Першым друкаваным вершам Якуба Коласа з’яўляецца “Наш родны край”, што быў змешчаны ў першай легальнай газеце на беларускай мове “Наша доля” (у нумары за 1 верасня 1906 г.), а таксама ўключаны ў зборнік “Песні-жальбы”. Там мастацкімі сродкамі вельмі дэталёва паказваецца выгляд уласнага краю, усе яго складнікі і асаблівасці:

Край наш бедны, край наш родны!

Гразь, балота ды пясок…

Чуць дзе крыху луг прыгодны…

Хвойнік, мох ды верасок.

А туманы, як пялёнка,

Засьцілаюць лес і гай.

Ой, ты, бедная старонка!

Ой, забыты Богам край!

Нашэ поле дрэнна родзіць;

Бедна тут жыве народ.

У гразі ён, бедны, ходзіць,

А працуе – льецца пот.

Пазіраюць сумна вескі,

Глянеш – сэрцэ забаліць.

На дварэ – паленьня, цёскі,

Куча сьметніку ляжыць [3, c. 34].

У вершы Максіма Багдановіча“Краю мой родны! Як выкляты богам…” не толькі блізкія вобразы роднай старонкі, але і практычна ідэнтычная настраёвасць да паэтычнага твора Якуба Коласа:

Краю мой родны! Як выкляты Богам –

Столькі ты зносіш нядолі.

Хмары, болоты… Над збожэм убогім

Вецер гуляе на волі.

Поруч раскідалісь родные вёскі.

Жалям сціcкаюцца грудзі! -

Бедныя хаткі, таполі, бярозкі,

Ўсюды панурыя людзі…

Шмат што зрабілі іх чорныя рукі,

Вынясьлі моцныя спіны;

Шмат іх прымусілі выцярпіць мукі

Пушчы, разлогі, нізіны [2, c. 62].

Прыведзеныя вершы адлюстроўваюць суцэльную пакуту, жыццё напоўненае песімізмам, што не мае ніякага светлага промня. Прычым вершы Коласа і Багдановіча дапаўняюць адзін аднаго і ствараюць поўны спектр пакутаў, што ўключае ў сябе “забыты Богам край”. На мой погляд, больш лаканічна вобразы смутку і нэнзы ўдалося мастацкімі сродкамі перадаць Багдановічу, у сваю чаргу як маладому Якубу Коласу спатрэбілася крыху больш вершаваных радкоў. Панарамы роднага краю ў абодвух пісьменнікаў атрымаліся даволі змрочныя, настолькі, што ў паэтаў “сціскаюцца грудзі” і “сэрца забаліць” ад становішча “беднай старонкі”, на якой гаротна жывуць людзі ў бедных хатках. Ды нават прырода спрыяе такому падыходу да жыцця, бо вакол “гразь, балота ды пясок”, праз якія беднаму люду прыйшлося “выцерпець мукі”. Тутэйшаму жыхарству прыходзіцца шмат працаваць, каб хоць як-небудзь жыць, таму што іх “поле дрэнна родзіць”.  Такім чынам, паэтамі ў сваіх першых зборніках малююцца вельмі нярадасныя і шэрыя карціны жыцця роднага краю, дзе вакол “пазіраюць сумна вескі” і “ўсюды панурыя людзі”.

Пры ўсёй рознасці паэтычнай творчасці двух беларускіх класікаў, матывы і метафізіка ўласнага краю ў іх вершах калі не ідэнтычная, то вельмі падобная. Гэта сугучнасць і адзначанае падабенства заўважалася і даследчыкамі, якія лічылі, што вобраз смутку і нядолі Багдановіча з’явіўся пад уплывам вершаў Купалы і Коласа. Рэалістычныя карціны вершаў Якуба Коласа, што паказвалі горкае жыццё народа Беларусі, сталі пэўным арыенцірам для ранняй творчасці Максіма Багдановіча. Як адзначае літаратуразнавец Алег Лойка: “У літаратуру Багдановіч прыйшоў некалькімі гадамі пазней Купалы і Коласа і прыйшоў вельмі маладым. Гэта не магло не адбіцца на характары ранняй паэзіі Багдановіча, якая па агульнаму настрою, па трактоўцы тагачаснай рэчаіснасці і паэтычнаму мысленню аказалася вельмі блізка да асобных вершаў Купалы і Коласа”[4, c. 36-38]. Відавочна, што гэта тэза працуе, калі ўважліва пачытаць і параўнаць два прадстаўленых верша.

Вобраз песні ў абодвух паэтычных творах з’яўляецца адлюстраваннем няшчаснай долі простага чалавека і ў нейкім сэнсе яскравым яго сімвалам. Нездарма Якуб Колас піша, што бег бы ад іх “ня ведаю куды”. Песні прасякнуты жалем і толькі распальваюць суцэльны смутак і наганяюць шэрых думак:

А як песьня панясецца,

Колькі ў песнях той нуды!

Уцекаў бы, бег, здаецца,

Сам ня ведаю куды! [3, c. 34]

І хоць радкі верша М. Багдановіча гучаць па-іншаму, аднак вобраз песні па-сутнасці падобны, што з’яўляецца ілюстрацыяй бязрадаснага жыцця простага чалавека і дадае цёмных фарбаў у агульную невясёлую карціну:

Песьня пяе, як удовіна сына

Янку каханьне згубіло;

Там, дзе панура схілілась каліна,

Беднага хлопца магіла[2, c. 62].

Апісанні роднай краіны Багдановічам і Коласам характэрны фіксаваннем сумнай  рэчаіснасці, што ў вышэй прыведзеных вершах бачыцца адназначна непазітыўнай, часам з адценнем поўнай безнадзейнасці. Аднак пры гэтым абодва пісьменніка маюць спадзяванні на лепшую будучыню, а іншыя вершы насычаны пазітывам і верай у шчаслівую будучыню свайго краю. Адным з яскравейшых твораў у зборніку Якуба Коласа з падобнымі матывамі з’яўляецца верш “Не бядуй”:

Не бядуй, што сонцэ нізка,

Што праходзіць нудны дзень;

Не бядуй, што восень блізка

І легла на землю цень.

<>

Будзе час, і сьнег растане,

Прыйдзе к нам ізноў весна;

Ціха з неба сонца гляне,

Ачуняе старана!

<>

- Пойдзе дымам ўсё ліхое,

Усё, што душыць нас і гне!

Вер, што жыцце залатое

Будзе ў нашай старане! [3, c. 94]

Вершам з вельмі падобным настроем ў “Вянку” Максіма Багдановіча  з’яўляецца паэтычны твор “Кінь вечны плач аб старонцы!...”, у якім аўтар жадае бачыць светлую будучыню і забыць “вечны плач”:

Кінь вечны плач свой аб старонцы!

Ня ўжо жэ цёмнай ноччу ты

Не бачыш, што глядзіцца сонцэ

Ў люстэрка – месяц залаты?

 

Не згасла сонцэ! Сонцэ гляне,

Усіх падыйме ада сна.

Ён, гэты дзень, ешчэ настане, -

І ачунее старана!

 

Я пад яе зімовай маскай –

Пад сьнегам – бачу твар вясны,

І вее верш мой дзіўнай казкай,

І ясны ён, як зорак сны [2, c. 65].

Галоўны так бы мовіць мэсэдж адобвух паэтаў у сваіх вершах  - не думаць пра благое, не бедаваць і плакаць, а настроіцца на пазітыўны лад, чакаючы лепшых часоў. Прычым гучыць гэта як заклікі і нязломная вера дзвюх постацей беларускай літаратуры ў тое, што “ачуняе старана”. І зноўку радкі вершаў двух розных паэтаў фактычна дадаюць адзін аднаго і сапраўды наталяюць пачуццём веры і натхняюць, бо “прыйдзе к нам ізноў вясна”. З гэтага можна зрабіць выснову, што абодва беларускіх паэта мелі вялікую надзею ў абуджэнне краю і выступаюць як прарокі адраджэння роднай стараны. Максім Багдановіч сцвярджае, што “..гэты дзень, яшчэ настане”, а гэты радок практычна стаў жыццёвым прынцыпам і галоўнай мэтай для многіх паэтаў перыяду беларускага адраджэння. Багдановіч наогул нібыта бачыць светлую будучыню, заяўляючы “Ня ўжо жэ цёмнай ноччу ты”/“Не бачыш, што глядзіцца сонцэ”. Цікава, што абодва творцы абралі вобразную паралель паміж росквітам краю і абуджэннем прыроды вясною пасля зімы, калі многае прачынаецца пасля доўгага сну. Падобныя паралелі сустракаюцца і ў іншых вершах Коласа і Багдановіча датычных апісання роднай краіны і народа. У іх таксама ёсць надзеі і спадзяванні на тое, што ўздымецца дух народны і засвеціць ясна сонца над беларускімі прасторамі.

У“Вянку” Багдановіча такога кшталту вершам з’яўляецца “Не блішчыць у час змерканьня”:

Не блішчыць у час змерканьня і ў глыбокай цемні ночы

Дыямент каштоўны,

Але белым днём красою, нам чаруе, вабіць вочы

Блеск яго цудоўны.

Бо калі  на гэты  камень упадзець праменьня сонца,

Ўраз ён блісьне дзіўна

І вясёлкавые іскры  разсыпаць пачне бясконца

Ярка, пераўліна.

Так здаецца ў змроку ночы цёмным і народ мой родны,

Бедны і нешчасны;

Але як устане сонца, ўраз прачнецца дух  народны

І засьвеціць ясна! [2, c. 70]

У працытаваным вершы бачна паралель, дзе параўноўваецца “дыямент каштоўны”,“блеск яго цудоўны” і“народ мой родны”,“дух народны”. Гэта можа сведчыць пра любоў да ўласнага краю (пра высокі патрыятызм сучаснай мовай) аўтара радкоў і пра стаўленне да свайго народу як носьбіта найкаштоўнейшага “духу” і традыцый. Радкі пацвярджаюць меркаванне, што Багдановіч мае вялікі спадзеў (а мабыць і перакананне) на тое, што “але як устане сонца, ўраз прачнецца дух народны”. Больш завуаліравана пададзена ў вершы “Толькі стогне зямля…” Якуба Коласа, дзе аўтар апісвае  свае надзеі на адраджэнне краю, перадаючы іх  цалкам праз вобразы прыроды:

Толькі стогне земля,

Толькі вецер  шуміць;

А у бедным краю

Ўсюды ночка ляжыць.

Што ж? Сьцяліся, туман,

Покі восень  стаіць:

Восень – сьвята твае,

Ўсюды цемень ляжыць.

Не маўчыж ты, сава,

Ў цёмным лесе гукай!

Ведай: ночка- ня год,

Заварушыцца гай… [3, c. 95]

Ночка/цемра ў вершы Якуба Коласа асацыюецца за сном народа, а ключом для разгадкі радкоў творцы з’яўляюцца радкі “А у бедным краю/ Ўсюды ночка ляжыць”. З гэтага становіцца зразумелым, пра што піша аўтар. Пад радком “заварушыцца гай” маецца на ўвазе абуджэнне ўласнага народа і краю. Якуб Колас выказвае не толькі спадзяванні на лепшую долю сваёй краіны ў будучым, але і ўпэўненасць у гэтым, бо “ночка - ня год”. Больш за тое, ноч і восень маюць асацыяцыі са сном прыроды і адпаведна сном народа, бо, калі прыйдзе цёплая пара, ўсё абудзіцца. Якубам Коласам прыменена ў вершы тонкая алегорыя, якая будзе характэрна для многіх паэтычных твораў народнага пісьменніка.

Такім чынам, сугучча і падабенства матываў роднага краю двух класікаў невыпадкова, бо лучыць Якуба Коласа і Максіма Багдановіча хваляванне за лёс уласнай краіны. Нездарма кажуць, што думкі могуць станавіцца матэрыяльнымі, а вобразы роднай старонкі, напісаныя ў вершах, могуць увасабляцца ў рэальнасці. Відавочна адно, каб не было пазітыўнага погляду Багдановіча і Коласа на абуджэнне краю і бясконцай веры ў свой народ, якая часам гучыць як нейкае прароцтва, то наўрад ці мы мелі сённяшнюю краіну з усімі атрыбутамі незалежнай дзяржавы, якая жыве нягледзячы на ніякія ліхалецці і перашкоды.

 

 

 

Спіс літаратуры

  1. Багдановіч. М. Поўны збор твораў : у 3 т. Т. 2 : Мастацкая проза, пераклады, лiтаратурныя артыкулы, рэцэнзiii нататкi, чарнавыя накiды / М. А. Багдановіч. -Мн.: Навука і тэхніка, 1993. -600 с.
  2. Багдановіч. М. Вянок, друкарня Марціна Кухты - Вільня. 1913. – 128 с.
  3. Колас Я. Песні-жальбы. - Вільня, 1910. – 123 с.
  4. Лойка А.А. Максім Багдановіч. Мінск, “Навука і тэхніка”, 1966 г.– 362с.
  5. Трафімчык Анатоль. Колас зямлі беларускай: дапам. для настаўнікаў / А.В. Трафімчык. – Мінск: Народная савета, 2017.- 143 с. 

 

Падрыхтаваў старшы навуковы супрацоўнік  Аляксандр Крыжэвіч

Апублікавана было ў матэрыялах міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Максім Багдановіч у сучаснай навуковай і культурнай прасторы” (2018 г.)

 

 

[1]Матэрыялы па літаратурнай крытыцы Якуба Коласа ў якіх змешчана ацэнка Максіма Багдановіча маюць наступныя назвы: “Сонца нашай паэзіі” (пра Пушкіна А.С., 1949 г.), “Шаўчэнка і беларуская паэзія” (1939 г.).

[2]Праўда, ў пазнейшыя часы Максім Багдановіч змяніў свой погляд датычна паэзіі Якуба Коласа.