background

Успамінаем Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча

28.05.2020

Да 26-годдзя Міхася Міцкевіча на канверце з невялікім падарункам бацька напісаў сыну: "Міхаську. Дарагому сыну - хлопцу - чалавеку. Памятай: М. Ю. Лермантаў пражыў толькі 26 год. След жа для патомкаў пакінуў вялікі. Імкніся ж, мой дарагі сын, таксама пакінуць за сабою след - каб людзі бралі "раўненне" на цябе". Я. Колас. 31.01.1952 г.

  • Успамінаем Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча
  • Успамінаем Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча
  • Успамінаем Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча
  • Успамінаем Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча
  • Успамінаем Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча

Бог адвёў Міхасю Канстанцінавічу доўгі зямны век - 94 гады. І за гэты час ён мноства разоў выканаў бацькоўскі запавет. Такі след, які пакінуў пасля сябе сын Якуба Коласа, ніколі не забудзецца роднымі, калегамі і нават зусім не знаёмымі з ім людзьмі...

З 2006 па 2013 год Міхась Канстанцінавіч працаваў у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Ён вёў актыўную грамадскую і літаратурную дзейнасць, часта выступаў на літаратурных вечарах і сустрэчах з успамінамі пра свайго бацьку, пра тагачаснае культурнае і навуковае жыццё, па-майстэрску дэкламаваў вершы і ўрыўкі з паэм Якуба Коласа, сам пісаў вершы і эпіграмы.

Міхась Міцкевіч з’яўляецца аўтарам шматлікіх артыкулаў і публікацый, якія выходзілі ў перыядычным друку: “Кроплі і слёзы Якуба Коласа”, “Песні ў доме Коласа” і іншых, а таксама ўспамінаў пра Якуба Коласа, якія выйшлі ў кнізе “Пад бацькоўскім дахам” (2009 г.). Ён –  укладальнік кнігі, якая выйшла да 130-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі “Якуб Колас: у думках, у сэрцах, у песнях”(2012 г.), аўтар успамінаў пра брата Юрыя Міцкевіча, якія выйшлі ў кнізе “Апалены золак”(2013 г.), член рэдакцыйнай калегіі Збора твораў Якуба Коласа ў дваццаці тамах... У 2009 годзе ўзнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” за добрасумленную працу, значны ўклад у развіццё навуковага коласазнаўства і прапаганду творчасці народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, мае нагрудны знак “За вялікі ўклад у літаратуру” Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 2016 годзе атрымаў падзяку ад Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за асабісты ўклад у справу захавання нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны.

У супрацоўнікаў Дома-музея Якуба Коласа аб Міхасю Канстанцінавічу засталіся толькі добрыя і цёплыя ўспаміны. Такого аптымістычнага, надзвычай лёгкага па характары, вясёлага, дасціпнага чалавека, напэўна, больш няма і не будзе. Але ў той жа час ён быў чалавекам глыбокіх ведаў, меў аналітычны розум, які спалучаўся з літаратурным талентам, мог адказаць практычна на любое пытанне, даць неабходную кансультацыю.

Ніколі не забудзецца яго шчырая зацікаўленасць асветай: з якім імпэтам ён імкнуўся расказаць як мага больш цікавага наведвальнікам, звычайным экскурсійным групам, якія нават і не спадзяваліся мець шчасце пазнаёміцца з легендарнай асобай М. К. Міцкевіча.

Ён быў вельмі клапатлівым мужам, бацькам, дзедам і прадзедам, цудоўным дбайным гаспадаром, таленавітым кулінарам.

 

Міхась Міцкевіч – прататып галоўнага героя дзіцячай паэмы Якуба Коласа "Міхасёвы прыгоды” (1934), яму паэт прысвяціў вершы “Рагатка” (1934), “Дронік” (1935-1936), “Не тужы” (1939), “Сыну” (1942), “Міхасю” (1943), “Адстану я і час разлукі” (1946).

А вось цікавы экспанат з нашых фондаў. Кніга “Суд у лесе”, якая была падаравана Якубам Коласам сыну ў час эвакуацыі ў Ташкенце. Паглядзіце на яе вокладку.

Дзякуючы Міхасю Міцкевічу, два гады таму выйшаў непадцэнзурны варыянт паэмы Якуба Коласа «Сымон-музыка». Ён лічыў канец першай рэдакцыі гэтага твора мацнейшым. У той час як усім больш вядома трэцяя рэдакцыя, пададзеная ў Поўным зборы твораў. А вось першая рэдакцыя там размешчана толькі ў каментарах,якія,на жаль звычайна амаль ніхто чытае.