background

Узнагароджанне пераможцы

17.02.2021

У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа прайшла цырымонія ўзнагароджання пераможцы творчага конкурсу "Песня сэрца" Таццяны Барысюк!

Знаёмцеся, калі ласка!

Таццяна Барысюк нарадзілася 18 кастрычніка 1971 года ў Мінску. Пасля сярэдняй школы № 149 і Мінскага педвучылішча № 1 скончыла філфак БДУ (1995) і аспірантуру Інстытута літаратуры (цяпер гэта Інстытут літаратуразнаўства) імя Янкі Купалы НАН Беларусі (2001), дзе працуе малодшым навуковым супрацоўнікам). Вершы Т.Барысюк друкаваліся ў часопісах “Першацвет”, “Маладосць”, “Крыніца”, “Полымя”, “Беларусь”, “Беларуская думка”, штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва” і некаторых альманахах. Друкуецца з 1993 г. Аўтар паэтычнай кнігі “Аўтапартрэт” (2002) і шматлікіх літаратурна-крытычных і літаратуразнаўчых публікацый. Выступае як паэт, літаратуразнавец, крытык і перакладчык. Аўтар кампаратывістычных прац «Сон у беларускай і польскай паэзіі 80-90-х гадоў ХХ стагоддзя», «Традыцыі англійскага і польскага рамантызму ў сучаснай беларускай паэзіі», «Пошукі бессмяротнасці ў сучаснай беларускай і рускай паэзіі», «Нацыянальныя вобразы свету і чалавека ў сучаснай беларускай і рускай паэзіі», “Канцэпты “сваё” і “чужое” ў сучаснай беларускай і брытанскай англамоўнай паэзіі”. Піша дысертацыю “Ідэйна-жанравыя пошукі ў сучаснай беларускай паэзіі”. Да лепшых твораў адносяцца таксама сыны – Андрэй і Пётр.

Спадарыня Таццяна - вельмі таленавітая паэтка, яна даслала на конкурс цудоўныя вершы пра каханне. Сёння мы публікуем іх для вас! 

І глядзіце наш святочны фотарэпартаж з цырымоніі ўзнагарожання! 

Таццяна Барысюк

ПЛАТАНІЧНАЕ КАХАННЕ (нізка вершаў)

Чым большае каханне, тым менш

на яго адпушчана часу.

(З фільма “Аса”)

Закаханасць

(залатое сячэнне перавернутае)

Мара пра страсць да яго – небяспечна,

невырашальна, адчайна-прывабна.

Помню, што я ўжо жанчына – не дзеўчына,

ды з ім лятункі ярчэй і прывабней.

 

Бачу – прыцягваю позіркам – б’юся

ў невыказальным спадзеве на шчасце.

Я прамаўчу. І хай будзе што будзе.

Гэты парыў мо патоне ў бясчассі.

 

Ён прамаўчыць? Проста сыйдзе і знікне?

Постаць апошні раз блісне ў люстэрку.

І зарагочуць з таго люцыферкі,

што закаханасць не знесла праверкі.

 

Акунуцца ў таемную страсць

(залатое сячэнне перавернутае; фантастыка мрояў)

 

Памаладзець – на дно нырнуць,

адкінуць рэшткі год нарослых,

на нас на абаіх зірнуць –

я маладая й Вы дарослы.

Разбежку ўзросту скасаваць

як найдакучную між ісцін

і доўга ў вочы пазіраць,

як часта то было калісьці.

 

Вачамі Вам сказаць “люблю”,

каб Вы адразу зразумелі.

Хвілінку кожную лаўлю

спатканняў хвалявальна-хмельных

і не хачу спускацца на зямлю!..

* * *

Куды прыводзяць мары? Да яго.

Да вуснаў, да вачэй, да доўгіх пальцаў.

Ва ўзроку я шукаю пробліск зор,

ва ўсмешцы – нашых дзвюх энергій танцы.

 

Баюся, што не стрэнемся калісь,

што будзе мне забыць яго так цяжка!

Жыццё таксама хутка праляціць.

Я так хацела, каб мяне заўважыў!

Так марыла да сэрца прытуліцца!..

 

* * *

Хачу наваражыць сабе каханне

і каб яно прыйшло ў мой скрушны свет,

каб я была шчасліваю ад рання,

каб разам мы ўсміхаліся вясне.

 

Я апранала б гожыя сукенкі

і вочы б мае сонцам зіхацелі!

Мой любы! Памажы мне мроі здзейсніць,

каб рай зямны адчулі нашы целы.

Каб мы ўзляцелі!..

 

* * *

Адваяваць цябе ва ўсіх мадам?

Запал малы і смеласці бракуе.

Табе душу і цела я аддам,

ды толькі ты ці марыш пра такую?

 

Вачэй тваіх прываблівы сусвет –

ён праглынае ўсю мяне, дарэшты.

Табе ці ёсць у страсці гэтай сэнс?

І я ці ёсць тваёю мрояй-мэтай?

 

* * *

Самы прыгожы мужчына – каханы.

Мне не хапае пяшчотных абдымкаў.

Быць з Вамі разам – мне так нерэальна,

а быць у пекле наяўным – так звыкла.

 

Я ратавалася б Вашымі вуснамі,

позіркам Вашым і Вашай усмешкай.

Я – у адчаі і на сэрцы – вусцішна.

Я несвабодна, а з вамі – бязмежна.

Вы – непазбежнасць…

 

* * *

Незвычайны. Нязведаны. Схоўнае шчасце!

Наглядзецца на Вас не хапае хвілінаў.

Я адна патанаю ва ўяўленай страсці,

і мне скрушна, што тая ўжо хутка загіне.

 

За акном снег ляжыць – сакавік распачаўся,

а на сэрцы трывога, што я не кахана.

Я змагу адпусціць Вас – свабоднаю чаіцай –

і ў лядовай самоце гаіць свае раны.

 

Мой нязведаны! Прыйдзеце стомным змярканнем,

каб прасіць аб спагадзе, уцехах, любові.

Ці змагу Вам адмовіць, адзіна каханаму?

Ваш пагляд абязбройвае, дзёрзкі, чароўны...

 

Уява і ява-2

 

Я ўяўляю нас, скажам, у Лондане,

усміхаемся ў кадры з Біг-Бэнам,

у Балгарыі, пляжнай і сонечнай,

ці ў Італіі йдзем набярэжнай.

 

Я ўяўляю: мы ў жарсных абдымках,

пацалункамі страсць разганяем,

з Вамі мы, як Сусвет, неабдымны,

у мілоснай пяшчоце згараем.

 

Уявіць можна ўсё. Што заўгодна.

Мы ў лятунках – шчаслівы і рады.

Плюс – у тым, што не ўбачу раптоўна

Вашай жорсткай нянавісці й здрады! 

 

Новае нараджэнне

(залатое сячэнне перавернутае)

 

Як б’ецца Ваша сэрца?

Ці згадваеце мой твар?

Так хочацца ў НАС верыць мне

насупраць людзям злосным.

Шукаю сэнс у еднасці –

як неабходнасць шчасця,

магчымасць разам сцвердзіцца,

ніць лёсу разам прасці.

 

Быць не хачу пакінутай

ля вогнішча мінулага.

Былое ўжо загінула.

Я з Вамі – як прачнулася.

Як зноў на свет вярнулася!

 

* * *

Вясна, зноў акрылены стан,

Ці станеш маёй ты сяброўкай?

Каб мне не зрабіць новых ран,

не плакаць аб ім зноў употай.

 

Каб ведаць: магчыма – усё,

што й ён мяне моцна кахае,

што радасным стала жыццё,

у мроях мяне калыхае,

гайдае на сонечных хвалях…

 

* * *

Гасподзь, не карай! Я кахаю,

імя яго ўслых выдыхаю.

І нашу мілосць я зазначу

галоўнай у снах варыянтаў[1].

Сваю маладосць раблю вечнай,

каханне яго – неаспрэчным!

 

* * *

Часам думаю: з кім ты і дзе ты,

часам мару і рушу да мэты.

Дом, быт, бібліятэка і праца…

Так мне хочацца разам застацца!

Разважаю: ці гэта магчыма?

Тады крылы растуць за плячыма.

Бо каханне дае мне натхненне,

а яшчэ – сэнс жыццю і цярпенне.

Я прашу: мяне не выракайся,

бо адно ў табе лёс мой і шчасце…

 

* * *

Снег на маёй лёг душы.

Новых сняжынак кружэнне.

Што там далей? Лёс? Крыжы?

Значных падзей набліжэнне?

 

Вы – быццам промень святла

ў змрочным маім каралеўстве.

Спалены цмок мой датла.

Дождж ачышчальны пральецца

ў скрухай працятае сэрца.

 

* * *

Ці ведаеш ты, я дачушку хачу – ад цябе!

Мяркую, што ты толькі страсць прачытаў па вачах маіх…

Так хутка расстанне! Ці буду шчасліваю – без

паглядаў тваіх і прамоваў з душою распахнутай?

 

А сэрца тваё не саспела для жарсных падзей,

і я не запала ў свядомасць адзінай жанчынай.

Праз лёс твой яшчэ пройдзе шмат разнастайных людзей.

Забыць мяне будзеш мець мноства дарэчных прычынаў.

 

Успомніш мяне – як успышкаю памяць азорыш.

Ці знойдзеш імпэт пазваніць і спытаць, што са мною.

А я пачакаю пяшчоты тваёй, ясназорны,

каб мы ў пацалунку адчулі яднання гармонію.

 

Акрыленасць

(залатое сячэнне перавернутае)

 

Я крылы вырошчваю ў неба ўзляцець

і фарбы Сусвету захоўваю ў памяці.

Мой любы, без Вас – спусташэнне і смерць,

а з Вамі – яднанне ў касмічным арнаменце.

Вы мне прапануеце ў неба ўзляцець

ці я застануся бяскрылай і сумнай?

Без Вас – Сонца шлях мой асветліць ледзь-ледзь,

каб мне дажываць між рэаліяў тлумных.

 

Я крылы распростваю ў неба ўзляцець,

мае ланцугі ападаюць пры ўзлёце.

Я вольная птушка, не зомбі, не цень,

шчаслівая з Вамі ці ў новай самоце.

О не пакідайце мяне ў тым балоце!..

 

* * *

Хацела б яшчэ раз – апошні – каханаю быць!..

А там – буду моўчкі сябе забіваць як жанчыну.

Пяшчоту мужчынскую трэба хутчэй мне забыць,

паверыць, што шчасце ўва мне, не вытворна мужчынай.

 

Паверыць, што я – цэнтр Сусвету свайго, значны сэнс,

дазволіць сабе вырашаць, быць самотнай ці ў пары,

у план найбліжэйшы ўпісаць слова рэдкае “секс”

і марыць на лета пра Кіпр, Туапсэ ці Канары.

 

Шчасліваю стаць! Для сябе! Хай згараць

масты паміж мной і мінулым – яскравым агменем!

Хай вера ў сябе стане зброяй – як моцная раць,

што знішчыць праклёны зайздроснікаў, злыбедаў цені!

 

Шчасліваю стаць! Дачакацца мужчыну – Свайго! –

і разам з каханым ісці да таго, што прызначана.

Дзяцей гадаваць і падтрымліваць страсці агонь

і верыць, што сёння ў мяне – не ўсё страчана!

 

Трыялет

 

Каб пакахалі Вы мяне,

была б шчаслівай я і светлай.

Мы адхілілі б усе вета,

каб пакахалі Вы мяне.

 

Любоў наймоцным запаветам

хай сутнасць нашую кране.

Каб пакахалі Вы мяне,

была б шчаслівай я і светлай.

 

* * *

Ці забываць Вас доўга, цяжка,

ці помніць, ціха, патаемна?

Хоць шчасце з Вамі недасяжна,

ды марыць так пра Вас прыемна!

 

Дні схлынуць хваляй прахалоднай,

і праляцяць гады, як вецер.

Мы з незваротнасцю самотнай

увойдзем кожны ў рай і Вечнасць.

 

Спыняючы каханнем час

 

Мы разам. Я хачу стрыножыць час,

спыніць імгненне, з тамніцай зорнай.

Хачу да дробязей запомніць Вас,

бо хутка цуд растане, ілюзорны.

 

Спыніць кахання міг, чароўны, дарагі,

вачамі цалаваць Ваш твар прыгожы.

І ні адна з суперніц-варагінь

нас раз’яднаць у гэты час не зможа!

 

* * *

Божа, зрабі мяне ўраз – незабыўнай!

Каб пакахаў ён, са мною застаўся.

Моцны характар дай – быць незабіўнай,

каб з перашкодамі, горам змагацца.

 

Божа, дай волі да мэты імкнуцца

і дасягаць, перамогу здабыць.

Хочацца бачыць і вочы, і вусны

сябра майго, каб зноў марамі жыць…

 

* * *

Колеру хвалі марской

некалькі маю сукенак.

Любы, Вы – мой неспакой,

Вы – маё шчасце ў адценнях.

 

Хутка расстанне і змрок.

Трэба душой паміраць мне.

І забываць Ваш узрок,

да ўваскрашэння збірацца

зноў…

 

* * *

Якое кіно я пабачыць хацела б?

Як рукі твае абдымаюць мне цела,

як вусны да вуснаў маіх прыпадаюць –

натхненнем гаючым і шчасцядайным.

 

Хачу я пабачыць у прышлым далёкім

дачушку і сына, на бацьку падобных.

Што ты пазіраеш мне ў вочы з любоўю,

што ты мне не здрадзіш з дзяўчынай любою.

 

* * *

Вас забываць – як сябе забіваць.

Кожная хвіля – у сэрца кінжалам.

Будзеце, любы, мяне ўспамінаць

ці я для Вас прамільгну незаўважнай?

 

Толькі ці здолею Вас я забыць,

сэрца схаваўшы ў жалобнай скарбонцы?

Птушкай сягнуўшы з нябёс да глыбінь,

ці ўваскрашу я ў душы сваёй сонца?..

 

* * *

Буду Вашу душу я гукаць,

калі будзе самотна і горка.

Некаханаю – доля чакаць,

што згадаеце ў час надвячорка.

 

Што прыпомніце сэрца цяпло

і пагляд спадзявання на шчасце.

Я малюся, каб наша “было”

стала росквітам будучай страсці.

 

Мой родны!

 

Мой родны! Здаецца, чужым быў,

калі ўпершыню Вас сустрэла.

Цяпер як без Вас буду жыць я,

як з сэрца мне выцягнуць стрэлы?

 

Мой родны! З Радзімаю роўны!

Каханаю, мілай не стала.

Адзіны мой, любы, чароўны!

Хай нас уратуе расстанне.

 

* * *

Калі лёс азмрочаць нягоды і злосць,

калі раз’яднае шляхі недарэчнасць,

трымай моцна, любы, мяне і мілосць,

каб разам сустрэлі мы згоду і Вечнасць.

 

* * *

Сотні дажджоў, сотні сонцаў, снягоў

раздзяляць будуць нас у імкненні да смерці.

Так хачу я пабачыць Вас, любы мой, зноў!

Не аднойчы. Штодзень у жыцці сваім. Верыце?..

 

* * *

Лепшая карціна –

фота каханага:

глядзела б бясконца!

 

На Мядовы Спас

 

На Мядовы Спас час

думаць пра вусны твае.

У тваіх карых вачах

мару прачнуцца я!

 

У мядовых снах – ах! –

я ў абдымках тваіх згараю.

Толькі ці суджана нам

разам быць у тым раі? 

 

* * *

Каталагізаваць!

Шчасце, каханне і поспех.

Хібы, памылкі прызнаць,

мець усвядомленасць, досвед.

 

Жыць без цябе не змагу.

Буду знікаць паступова:

страчваць і колер, і гук

стануць і свет мой, і слова.

 

Яблычны Спас

3

Яблык спакусы табе не падам,

я пачакаю.

Помніш мяне ты, мой любы Адам?

Моўчкі кахаю.

 

Як я хачу быць у раі з табой,

смелым, наіўным.

Толькі з табой маю светлы настрой,

лёгкія крылы.

 

Жыццё і смерць

 

Замест “секс” пішу “success”,

хоць сэнсу няма ў абодвух

паводле духоўных законаў.

 

Мой абавязак –

дзеля дзіцяці мужа цярпець –

гэта смерць.

 

Там, дзе каханы, – жыццё,

мараў маіх адкрыццё,

моўчкі сумую…

 

* * *

У час вечаровы

ў прызначаным месцы

з табой мы сустрэнемся

пад зорным месяцам.

 

У вочы глядзецьму

да самазнікнення.

Мой любы! Ты стаў

толькі зданню і сненнем…

 

Любоўныя таямніцы

(трайны санет, 1+2 чытаць парадкова)

 

Мяне змаглі б Вы пакахаць                                    Пяшчотна, хмельна, назаўсёды

Усёй душой, да самых нетраў,                               Хачу піць мёд з жаданых вуснаў,

Каб нам упасці ў бездань-страсць                         Каб думак сустракаць усходы,

І знікнуць там для ўсіх і свету?                             Зноў зачароўвацца спакусай.

 

У Вашы мары зазірнуць                                         Таемна, можа, забаронна,

Хацела б я і там застацца.                                                  Карціць мне зведаць Вашу сутнасць.

Віхроў-пачуццяў каламуць –                                 І сімфанічна, і стазвонна,

Як быццам дзвюх энергій танцы.                         Прыемна Ваша мне прысутнасць.

 

Тугі мілоснай, жарснай рух.                                   Малюся я, каб разам быць,

Жадаю (ды не гавару)                                             Каб не забіў лятункі быт.

Да сэрца ціха прытуліцца.                                                 Я Вам прызнаюся вачыма:

 

А Вы маўчыце. Я не трэба?                                   Я так аддана Вас люблю.

Аб тым не скажа й Бог на небе.                            Нам знакі лёсу мойры шлюць,

Ёсць у жыцці шмат таямніцаў.                              Не ўсе спасцігнуць нам магчыма.

 

 

* * *

Імя тваё пішу

фарбай на гаражы.

Моцна кахаю.

 

* * *

Слёзы мае – лёзы па сэрцы.

Любы мой, свеце мой, ясны мой месяц!

Вам непатрэбная, Вамі забыта.

Вам напішу смс-ку з нябыту.

 

Я не прывыкла мілосці вымольваць.

Гонар жаночы ўскрасае, адноўлены.

Я напішу Вам яшчэ – наастачу.

Боль, што нічога для Вас я не значу.

 

* * *

Мара, каханы, бывай, не вяртайся!

Іншаю буду і з іншым узрокам.

Сутнасць маю не прыняў – выракайся.

Толькі не кайся – хай будзе па-простаму.

 

Дзякуй, мой любы, табе за надзею,

за акрылёнасць, за выбух натхнення.

Успамінаючы, я маладзею.

Яву вяртаючы, я камянею.

 

Скрозь прастору і час

(пантум)

 

Скрозь прастору і час

Вас прашу аб сустрэчы.

Блаславяць, светлых, нас

Бог-Сусвет, Маці-Вечнасць.

 

Вас прашу аб сустрэчы.

Я сумую! Кахаю!

Бог-Сусвет, Маці-Вечнасць,

паспрыяць заклінаю!

 

Я сумую, кахаю,

ён маўчыць. Мо забыўся?

Паспрыяць заклінаю

маёй справе заблытанай.

 

Ён маўчыць. Мо забыўся?

Ад тых дум халадзею…

Маёй справе заблытанай

я дам моц і надзею!

 

* * *

Пісаць не буду больш, трывожыць

Вас напамінам пра сябе.

Прашу цябе, магутны Божа,

дай моцы ў гэтай барацьбе!

 

Мая параза: не кахана!

Змірыцца! Сцерці вобраз любы!

Суцішыць скрушнае дыханне.

Бывай! Навечна! Вораг… Люты…

 

* * *

Няма. Не будзе. Не было

цябе ў жыцці маім самотным.

І толькі ўпартае сціло

кранае літары, як ноты.

 

Быў сонца пробліск залаты,

і ён свяціў усмешкай мілай.

Мне сонцам гэтым здаўся ты.

Ты быў не явай. Я сасніла…

 

Крумкач

(мой татэм паводле Верхняга Задыяка Паўла Глобы)

 

Зімні вечар. Крумкач. Nevermore.

Эдгар По адгадаў маю скруху.

Любы знік. Я не спальваю мост.

Толькі плачу пад свіст завірухі.

 

Ён не вернецца, плач ці не плач.

Не пазвоніць на нейкае свята.

Ведаць цяжка, бо я – той крумкач.

Маю талент прароцтва пракляты.

 

* * *

Апошні дзень зімы.

Расстанне мне – як згуба.

Сустрэнемся ці мы,

любы?

 

Апошняе жаданне –

мець толькі Вас у сэрцы.

Самота існавання –

без сэнсу.

 

* * *

Дарэмна пустымі спадзевамі жыць!

Магчыма ж ужо! Ды, здаецца, не трэба.

Дождж доўгачаканы не хоча імжыць

На гэту сасмяглую, прагную глебу.

 

Апалена сонцам бязбожным, ліхім.

Вампірыць яно найапошнія сілы.

Паслана мне ўсё за якія грахі?

Люблю цябе, Божа! Кахаю Вас, мілы!

 

О марныя мары! Мне ўсё – для чаго?

Каб я зразумела ілюзію шчасця?

Не хоча згасаць вераломны агонь,

І целам каханага чар прычашчацца.

 

Мо любы! Вы згуба! Кармічны мой кат!

За Вамі пайду я і ў рай, апраметную.

Па мне застанецца шмат вершаў і згад

Аб тым, як шукала я шчасце – адметнае.

 

* * *

Быць некаханай – горкі вырак.

Забыць – і шчасця дачакацца!

Вас з сэрца кіпцюрамі выдраць!

Няхай мяне суцешыць праца.

 

Ён прыйдзе, моцны і пяшчотны.

Не зможа воч адвесці нават.

Забыць Вас – кон добраахвотны.

Сустрэну новага – за кавай!

 

Ён нечакана прыйдзе ў лёс мой

І прынясе з сабой адхланне,

надзею, радасць, мудрасць, гожства,

святло ў душы і рай-каханне.

 

* * *

Кахаць яго – шчасце.

 

* * *

Забыць яго! Не набліжацца!

У аддаленні – моц, прываба!

Каб ідэальнымі застацца

ў вачах адно аднога нам бы!

 

О толькі б не расчаравацца!

Для Вас гатова ўсё зрабіць я!

І толькі б Вам не адцурацца!

Калісь ці здолею забыць Вас?..

 

Пошукі і знаходкі

 

Шукаю каханне –

знаходзіцца вопыт.

Шукаю стасункаў –

Ды позніцца водзыў.

Далёка ты. Чую

прысутнасць праз сэрца.

Што помніш і любіш –

мне хочацца верыць.

Мне мроіцца: ты мне

пазвоніш, запросіш

на доўгі шпацыр

ці то ўлетку, ці ўвосень,

узімку, вясною,

заўжды, назаўсёды…

Мой мілы, каханы,

ты мара, ты одум…

 

* * *

Мілосць – стыхія, акіян.

Я прападаю ва ўспамінах.

Не падарвацца б на той міне.

Твая пасмешка – як маяк.

 

Хоць я не мэта для цябе

і не каханая, не мроя,

чаму твой голас, як Тыбет,

душу прыцягвае парою?

 

* * *

Будзе сон. Будзе ранак і снег

за акном. Будзе кава з карыцай.

Будуць мроі пра позірк твой, смех,

пра жаданне аднойчы скарыцца.

 

Так хачу я, каб выбраў мяне!

Каб прызнаўся аднойчы ў каханні!

Бо іначай – жыццё праміне,

сэрца будзе крывавіцца ранай.

 

* * *

Мой любы, адзіны мой катарсіс!

Табе аднаму шлю я мары-сны!

Сусвету малюся, каб разам быць,

мяне каб не змог з сэрца зжыць.

З’яднаныя светлай любоўю,

жылі каб у згодзе й гармоніі!

 

* * *

Мой свет, што без Вас, – не жыццё – існаванне.

Бязважкіх і тлумных дзён марнаснаванне.

Бо толькі пра Вашы я мару абдымкі,

пра нашых сумесных падзей фотаздымкі.

Пра нашы спатканні, дзяцей, адпачынкі,

як разам катаем вазочак з дзяўчынкай.

Пра сына, што ў Вас на руках засынае,

пра шчасце страчаць з Вамі кожны світанак.

Вы Сонца, якога – я ведаю – варта.

Прабачце, цягнуся да Вас так упарта!..

 

* * *

Я нікога так не пакахаю,

як цябе! Ці водгук будзе?

Я паветра мёртвае ўдыхаю.

Не-натхненне цёплы лоб асцюдзіць.

 

Не прызнаюся табе ў любові.

Скрушны сорам гонар прыціскае.

Тваю ўсмешку, вочы, чорны бровы

ў вечаровым сне не прачытаю.

 

Наша Італія

 

Ты быў у Венецыі, я – у Бергама.

Італіі нашай чароўная аўра.

І мора, і горы, дубы, кіпарысы.

Аблічча твайго незабыўныя рысы.

Слоў, намі нясказаных, белыя маскі.

І нашых нядотыкаў вабныя ласкі.

 

* * *

Вачамі ў вочы – захапляцца.

Нібы душой душы прыняцце.

А ты – не свой. Ужо – чужы.

Далёкі. Любы. Як мне жыць?..

 

Пераднавагодні ліст

(залатое сячэнне перавернутае)

 

Яліны прыбраныя ў цацкі.

Кружляюць гулліва сняжынкі.

Калядамі марым пра шанцы,

здзяйсненне жаданняў, смяшынкі.

Не верым у Дзеда Мароза –

няма падарункаў цудоўных.

Чароўна-нязбытныя крозы –

у сэрцы, у самым прадонні.

 

Утульна ў вячэрняй кватэры.

І хутка курантаў бой – стрэча.

Год Новы ўваходзіць у дзверы,

каб штосьці змянілася ў рэчах.

Каб новае штосьці засведчыць.

 

Магчыма ўсё

 

Магчыма ўсё – калі паверыць! –

Спяваюць мантры экстрасэнсы.

Ты – малады, свавольны вецер,

Лавіць цябе не мае сэнсу.

 

Лавіць цябе? У шлюб? Крый Божа!

Хапіла мне расчараванняў!

Не варта мне цябе трывожыць.

Няхай жыве адно Каханне!

 

Балада Грэйс Келі

 

Княгіняй Манакскаю быць найпрыгожай –

здаецца, што здольнае з тым параўнацца?

Уборы мяняць і ўсміхацца вяльможна,

з Рэнье княствам правіць – няпыльная праца.

 

Дзяцей нараджаць, уладарнікаў трону,

на фота пазіраваць – як для гісторыі.

І быць паслухмянай для мужа, пакорнай,

усладай яго ў хвілі радасці й горы.

 

Прыгожая, мілая – шанец на вернасць

манарха таго, што абраў цябе жонкай.

Ён проста мужчына, і заканамернасць –

што пойдзе за новаю таліяй тонкай.

 

Няма тых, каго замяніць немагчыма?

Жаночае сэрца – гульня для ўладарцы!

Загінула ты – ён панікнуў плячыма.

І сумны сядзеў ля партрэта ў палацы.  

 

Маналог сучаснай Іжоты

(залатое сячэнне перавернутае)

 

Праз вочы каханне да сэрцаў ішло.

…Каб кроў супыніць, я дала табе лекі.

Сустрэліся пальцы – узнікла мілосць

такая, якая існуе навекі.

Нявольная я, муж нямоглы, стары,

А ты малады, светлы месяц мой ясны!

Каханне агеньчыкам жарсным гарыць,

хай вечна палае, няхай не пагасне!

 

Ваду падала табе – смагу спыніць,

а ў ёй былі мары, табой апантаны.

І гэты любоўю асветлены німб

напоўніў напой той чароўнаю тайнай.

…Іжотай была. Цяпер кліч мяне Таняй…

 

Ваўчыца


Таямніца прыцягнення 
між мужчынам і жанчынай. 
Наймагутнага натхнення 
для паэзіі прычына. 

Не магу адолець скруху 
ад таго, што Вы маўчыце. 
Абярнуся ў завіруху 
я самотнаю ваўчыцай. 

Дабягу да Вас палямі, 
снегам, сцюжай, бездарожжам. 
Ў Вашай цішы развітальнай 
для мяне ёсць вырак Божы. 

 

* * *

Неспакойны месяц люты –

быццам мой прыгожы любы:

зімны недасяжнасцю,

светлы – сэрца важнасцю.

 

Трансерфінг маёй рэальнасці

(паводле тэорыі Вадзіма Зеланда)

 

Я была у пекле Данта,

прасвятляю лёс зласлівы.

Бо ў прасторы варыянтаў

ёсць такі, дзе я шчасліва.

 

***

Яшчэ крыху – і льдом растане люты.

Цяплей надвор’е – гэта добры знак.

У промнях сонца заспявае лютня,

і ў нашых снах паселіцца вясна.

 

Зноў лета. Восень. Злая зімавея.

Дні пралятаюць – вецер за акном.

Хай будуць моц, і радасць, і надзея

і добрай аўрай поўніцца Ваш дом.

 

Душа

(залатое сячэнне перавернутае)

 

Аднойчы Вас знайшла душа,

якая прагла трансфармацый.

Узніклі Вы – як мройны шанц

майму жыццю даць памяняцца.

Праходжу праз руіны мар.

Мінулага хачу пазбыцца.

І Вы прайшлі. І Вас няма.

Мне птушкай аб акно не біцца.

 

Хацела Сонцам быць для Вас

і саграваць цяплом мілосці…

Апошні бляск надзеі згас.

Вас і мяне сагрэе хтосьці.

А шчасце – пройдзе міма нас…

 

* * *

Ён прыйдзе раптам.

Жыццё аквеціць.

Напоўніць даты.

Мой змрок асветліць.

 

Я стану сэнсам

яго карціны.

Мы будзем зместам

любві адзінай.

 

Газель

 

Глядзець на каханага твар я хачу,

каб страсць палыхала агнём уваччу.

 

Каб ён абдымаў мяне жарсна і смела,

яго пацалункаў сп’янелых хачу.

 

Хай не зразумеюць нас іншыя людзі,

я вечнасць правесці з абранцам хачу!

 

* * *

У неўзаемным каханні ёсць слодыч?

Проста маўчаць, не прызнацца ў каханні.

Думаць, што вечнасць – адчай прахалодны,

І не адчуць асалоды-адхлання.

 

Не надакучваць яму смс-камі,

Не дазваляць сабе марыць пра шчасце,

Нават пра кайф ад банальнага сексу,

І абясцэньваць магчымыя шанцы…

Любы! О не забывайце!

 

* * *

Бываюць такія мары,

якім ніколі не здзейсніцца.

Бываюць такія кашмары,

ад якіх не адчэпішся.

 

Бываюць такія ўспаміны,

якія ў мінулае вабяць.

Усмешка твая, позірк мілы –

такая прыемная памяць!

 

Лебядзіная песня

(залатое сячэнне перавернутае)

 

Зноў плакала мая душа,

Тваёй хацелася пяшчоты.

Імя хацела прамаўляць.

Я так жадала, каб прыйшоў ты!

Твой позірк мне патрэбны быў.

Каб толькі бачыць твар і постаць!

Са мною шчасце б ты набыў

адзінае, якога – досыць.

 

Нягоды маю – лёс такі:

Выпрабаванні, гора, стрэсы.

Табе жахлівы негатыў.

Ты мкнешся прэч ад тых дэпрэсій.

Мой любы – лебядзінай песняй…  

 

Праверка пачуццяў часам

 

Правяраю я ЧАСАМ цябе:

Ты не пішаш, не трэба цяпер.

Прымушаюся дужаю быць

І каханага ўмомант забыць.

Ды нагадваю ўмёрлай душы:

“Не пішы ты яму, не пішы…”

 

Уява і ява-3

(згадваючы Платона і Пастарнака)

 

А я ўявіла нас з табою – у пасцелі.

Як мы, бы свечкі на вятры, з табой трымцелі.

Шчаслівы мы былі, натхнёны, ясны, вольны.

На ложку тым з табою нам было раздольна.

 

Хацела я спыніць зусім імгненні шчасця,

мяне каб доўга мог і цалаваць, і лашчыць.

Закрэсліваю ў скрусе я гульню ўяўлення.

Мы цені. Гэты думкі – быццам нашы сненні.

 

Акеанічная прывабнасць[2]

 

Цаню часовую прынаднасць

у адрас мой мрой-парыванняў.

Акеанічная прывабнасць

тваіх вачэй і спадзяванняў.

 

Містычнасць стоеных пачуццяў,

калі Вы сэнс жыцця й адхланне…

Але – сам-насам апынуцца

звыш сіл маіх выпрабаванне!

 

Ілюзія кахання

 

Твой кароткі парыў да мяне быў ілюзіяй.

Ты мне быў, ёсць цяпер найчароўнейшай музыкай.

 

Так хацела тваёй быць насуперак пасткам!

Так хацела з табою навекі застацца!

 

Хай мне кажуць, што шчасце амаль недасяжна.

Мне твой выбар такі лёсаносны і важны!

 

Верасень, у дзень асенняга сонцастаяння

(залатое сячэнне перавернутае)

 

Гэты верасень – кава з карыцай.

Плямы святла на лісці шматкалёрным.

Хочацца любаму ў страсці скарыцца,

ды ён далёкі, як Шлях небазорны.

Верасень – яблыкі, астры, касмеі,

гонар пабітых дажджамі гартэнзій.

Я аб каханні прасіць Вас не смею.

Ціха канаю, без слёз і прэтэнзій.

 

Верасень – полымя клёнаў, каштаны.

Дзён сонцаззянне – спадзеў на цяпло.

Помніш мяне ты, мой родны, каханы?

Бо забыццё – найвялікшае зло,

марам маім неадольны заслон.

 

Мара мая

 

Мара мая – з табой быць.

Гора маё – золь-маўчанне.

Ты падарыў мне настрой жыць.

Ты запаліў цуд-каханне.

 

Шчасце было так магчыма!

Мы б свой сусвет збудавалі.

Ды за маімі плячыма

ўсе, хто душу прадавалі.

 

Любы – агмень векапомны.

Я не суджу – адпускаю.

Ты быў нібы сонца промнем.

Што закахалася – каюся.

 

* * *

Вочы твае з зелянінаю караю.

Чар – васільковая глыбіня.

Без усялякага каментарыя

ведаю, што закаханая я.

 

Мне не хапае паглядаў тваіх,

вуснаў і постаці любай.

Бо без цябе кожны мройлівы ўздых

поўны смяротнае згубы.

 

Зможам пражыць паасобку, павер,

стрэцца сам-насам са смерцю.

Толькі з табой чую музыку сфер,

толькі табе кон даверыцца.

 

Ты – Вечнасць

(залатое сячэнне перавернутае)

 

Я мару пра букет валошкаў ад цябе…

Пішу табе лісты. Хачу сустрэчы.

Даўно не бачыла. Сумую па табе

і згадваю пра фразы, рухі, рэчы.

Апанавана сутнасцю тваёй.

Ці ж ты не бачыш: не магу забыцца!

Прабач мне мой мілосны неспакой.

Я не хачу, каб ты быў толькі “быццам”.

 

Калі забуду і знайду замену,

пазвоніш ты, запросіш на сустрэчу.

Я ацаню і ўвагу тваю, й смеласць

і не змагу ў жаданні тым пярэчыць.

Ты – Сонца, сэнс жыцця, ты – Вечнасць…

 

Партрэт каханага мужчыны

(залатое сячэнне перавернутае)

 

Высокі – бы манументальны.

Смарагдава-карыя вочы.

Наіў першародна-крыштальны.

Да ведаў дакладных ахвочы.

Пагляд то задумны, то зімны.

А вусны – пяшчотаю поўны.

Раздвоенасць на падбароддзі мне

здаецца “разынкай” чароўнай.

 

Партрэт маёй мары мужчыны –

найлепшы, найлюбы, прыгожы.

Ён лёгкасць і свята, прычына

жыць сэрцам: яно дапаможа.

…Красою тваёй пераможана!..

 

* * *

Калі сыходзяць людзі – адпускай

у іншасвет, да іншых дамаў.

Не асуджай, не наракай:

жыццё не рай, усё складана.

 

Каб Твой прыйшоў – хай сыйдуць тыя.

Ён будзе, бо яго ты варта.

Часы настануць залатыя.

…Пра гэта мне сказалі карты…

 


[1] Пра прастору варыянтаў як магчымасць выбару лёсу – у Вадзіма Зеланда.

[2] Тэрмін “акеанічнае пачуццё” ёсць у містычнай філасофіі С.Л.Франка.