background

Віртуальная выстава Анатоля Бяляўскага "Вандроўкі па Беларусі"

30.04.2020

У Дзяржаўным літаратурна-мемарыльным музея Якуба Коласа новая віртуальная выстава "Вандроўкi па Беларусі" Анатоля Бяляўскага.

З пачатку сваёй творчай дзейнасці член саюза мастакоў Беларусі, вядомы творца Анатоль Бяляўскі напісаў каля 3000 карцін! Сярод іх партрэты, намаляваныя амаль з фатаграфічнай дакладнасцю, маляўнічыя пейзажы, палотны на гістарычную тэматыку, графічныя працы. Яго карціны карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод калекцыянераў, многія размяшчаюцца ў вядомых айчынных і заходніх калекцыях. Пейзаж "Ручэй", на стварэнне якога мастака натхніў аднайменны верш Якуба Коласа, знаходзіцца ў калекцыі жывапісу малодшага сына Песняра Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча.

Нямала павандраваўшы з мальбертам па Беларусі і іншых краінах свету, Анатоль прызнаецца, што нідзе не сустракаў такой цудоўнай прыроды, як у роднай старонцы.

Цяперашняя выстава прысвечана маляўнічым беларускім краявідам і гісторыі нашай Радзімы.

Першая прадстаўленая на нашай незвычайнай выставе цікавая карціна мае назву "Калядныя цары", і яе нараджэнне звязана з унікальным народным абрадам. Сваім узнікненнем ён абавязаны салдатам і афіцэрам царскай арміі, якія ў XVIII стагоддзі, знаходзячыся на Капыльшчыне, падчас калядных свят хадзілі па хатах мясцовых жыхароў і паказвалі вясёлыя сцэнкі. За ўсмешкі і добры настрой сяляне дзякавалі "акцёрам" прысмакамі. Салдаты пайшлі з вёскі, а яе жыхары захавалі традыцыю і нават узбагацілі святочнае дзеянне. Дарэчы, у 2009 годзе ўнікальны беларускі народны абрад "Калядныя цары", які існуе толькі ў вёсцы Семежава (Капыльскі раён, Мінская вобласць), увайшоў у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Выглядае гэта так, як вы можаце пабачыць на палатне Анатоля Іванавіча Бяляўскага.

"Царская" дэлегацыя, што складаецца з "салдат" (маладых мужчын, апранутых па-святочнаму, у белае, падперазаныя крыж-накрыж саматканымі паясамі з геаметрычным арнаментам, на галаве ў іх — высокія шапкі з рознакаляровымі папяровымі стужкамі), двух цароў, лекара, бабы і кульгавага дзеда, наведвае вясковыя хаты, разыгрывае драму "Цар Максіміліян" і віншуе з Калядамі. Лічыцца, што калі "цары" завіталі да вас, то наступны год будзе шчаслівы і багаты. З надыходам цемры "цары" запальваюць паходні, што надае дзеі незвычайную відовішчнасць.

Другая карціна называецца "Вёска Сцюдзенка. Брама ў мінулае". Менавіта ля вёсак Студзёнка і Брылі пад Барысавам, у 1812 годзе Напалеон пацярпеў самае знішчальнае сваё паражэнне. Страціўшы каля 35 тысяч вайскоўцаў, большую частку артылерыі і абозаў, французская армія тады фактычна перастала існаваць.

На карціне мы бачым своеасаблівую браму з дрэў-сведкаў тых падзей. У адрозненне ад, напрыклад, трыумфальнай аркі ў Парыжы, яна перавернутая "галавой" уніз, і сімвалізуе трагедыю, якая адбылася два стагоддзі таму.

Карціна "Сон прыроды" нагадвае нам, якой прыгожай можа быць беларуская прырода ў час позняй восені: на ўскрайку вёскі вырасла высокая трава ў рост чалавека. Яе пакрывае шэрань, нібы чароўным ўзорам… Першыя замаразкі. Восеньская казка. Сон прыроды…

Сюжэт карціны "Цуд у лесе" здаецца казачным, але такое чароўнае месца рэальна існуе на карце радзімы. Калісьці на гэтым месцы стаяў маёнтак, падобны на нейкі касмічны шар. Вы бачыце незвычайную гіпсавую вазу, якая стаіць у лесе пасярод балота, вакол вада, расліны, дрэвы, грыбы… Атмасфера неверагодная! Карціна была створна пад час вандровак мастака па Беларусі.

"Фатамаргана ў Суле". З’ява фатамаргана, як вядома – гэта непрадказальны цуд прыроды, міраж, аптычная ілюзія. На карціне мы бачым зімовы міраж.

Мінулае тут сутыкаецца з сучаснасцю, міраж з рэчаіснасцю. Старадаўняе паляванне з сокалам, здаецца, адбываецца на нашых вачах…

"Мірскі замак. Летні пейзаж". Калі мастак прыехаў у Мір на плэнэр, яго вельмі ўразіла прыгажосць неба — яно адлюстроўвалася ў возеры, быццам бы гіганцкая жамчужына… І творца адлюстраваў свае ўражанні на палатне.

На карціне "Дуб у старым парку" як быццам адбываецца сустрэча волата-дуба з красунямі-ружамі. Стварэнне пейзажу звязана з рамантычнай легендай. За польскім часам жыў сабе на гэтых месцах адзін пан. І хоць тады не прынята было жаніцца на простых дзяўчатах-беларусках, але мужчына ўсё ж не мог справіцца са сваімі пачуццямі. Ён назначаў сваім каханым сустрэчы вось пад гэтым дубам. Там жа пасадзіў ён і кусты ружаў… А пасля пакінуў гэтую зямлю назаўсёды. Куст вырас і стаў яшчэ прыгажэйшым, а дуб… Дуб стаіць маўкліва пасярод ляснога гушчару, але ў памяці ён захаваў усё, што бачыў у маладосці…

"Возера Вішнева" так і маніць акунуцца ў яго празрыстыя воды. Размяшчаеца яно на малой радзіме Анатоля Бяляўскага ў Смаргонскім раёне. Тут ён хлапчуком купаўся, на яго берагах загараў пад ласкавым сонейкам. А яшчэ … возера дапамагала сямікласніку Толю карміць сям’ю. Хлопчык прачынаўся ў 5 гадзін раніцы і ішоў рыбачыць, дадому прыносіў па два кілаграмы рыбы! Пасля напраўляўся ў лес па грыбы… Добрая падтрымка для родных была!

Назва карціны "Восень у Сеніцы" гаворыць сама за сябе. Прыгожыя краявіды дыхаюць рамантыкай…

"Асмалоўка". Зямным раем для творчых асоб называюць мінскі раён Асмалоўка – унікальны гістарычны раён у цэнтры Мінска.

Ён быў пабудаваны ў 1940—1950-я гады. Архітэктар Асмалоўскі праектаваў гэтыя кварталы ў якасці жылля для вышэйшага кіраўніцтва штаба Беларускай ваеннай акругі.

Існуюць нават параўнанні мінскай Асмалоўкі з кварталам "Вулей" у Парыжы па прычыне наяўнасці мастацкіх студый і адпаведных магчымасцяў стварэння турыстычнай славутасці. У аднай з мансардаў гэтых мілых жоўтых домікаў і размяшчаецца студыя Анатоля Бяляўскага.

"Дарога на возера Рудакова". Чароўныя краявіды Мядзельшчыны кранаюць сэрца любога падарожнага, які вырашыць завітаць у гэты чароўны край. Возера Рудакова ў свой час натхніла і бацьку Анатоля Іванавіча на напісанне аднайменнага верша!

Яно празрыстае і глыбокае, найбольшая глыбіня – амаль 30 метраў!

Вада там чысцюткая, і Анатоль Іванавіч вельмі любіць там пагружацца з аквалангам. Усе, хто купаўся ў возеры, сцвярджаюць, што яно напаўняе нейкай чароўнай, амаль незямной энергіяй.

Мастака натхнілі і аршанскія краявіды – "Эцюд у горадзе Орша" быў напісаны з натуры на плэнэры.

"Легкія хвалі". Перад намі казачны вечар на возеры Свір…

"Беларускія Мальдзівы". Анатоль Бяляўскі некалькі разоў прызджаў у гэты маляўнічы беларускі куточак – колеры прыроды там проста неверагодныя!

На наступнай карціне мы бачым Беларускую АЭС, якую будуюць у Гродненскай вобласці. Пісалася з натуры. Калі нараджаўся гэты мастацкі твор, набліжалася навальніца і нават як ўключыце фантазію, зможаце пабачыць, быццам, чыесьці вочы пазіраюць за намі з неба…

Анатоль Бяляўскі шмат павандраваў па роднай Беларусі, але, па яго прызнанню, засталіся яшчэ не адкрытыя чароўныя, нават казачныя мясціны, куды імкнецца яго сэрца. Па выніках аднаго з наступных падарожжаў-плэнэраў мастак плануе зрабіць выставу "Казачная Беларусь". Чакаем!

Матэрыял падрыхтавала навуковы супрацоўнік навукова-асветніцкага аддзела
Вольга Наважылава