background

Якуб Колас і Аляксандр Твардоўскі: памятныя сустрэчы

28.10.2020

У гэтым годзе адзначаецца адразу два юбілея, звязаных з іменем рускага паэта, грамадскага дзеяча Аляксандра Твардоўскага – 110 год з дня яго нараджэння і 75 год выхаду ў друку яго самай вядомай паэмы  – «Васіль Цёркін». Гэты твор і сапраўды стаў галоўным у творчасці аўтара, атрымаў усенародную любоў і прызнанне.  У сувязі з гэтым мы вырашылі прадставіць вашай увазе некалькі цікавых фактаў аб знаёмстве і сяброўстве юбіляра з класікам беларускай літаратуры Якубам Коласам.

  • Якуб Колас і Аляксандр Твардоўскі: памятныя сустрэчы
  • Якуб Колас і Аляксандр Твардоўскі: памятныя сустрэчы
  • Якуб Колас і Аляксандр Твардоўскі: памятныя сустрэчы
  • Якуб Колас і Аляксандр Твардоўскі: памятныя сустрэчы
  • Якуб Колас і Аляксандр Твардоўскі: памятныя сустрэчы
  • Якуб Колас і Аляксандр Твардоўскі: памятныя сустрэчы
  • Якуб Колас і Аляксандр Твардоўскі: памятныя сустрэчы
  • Якуб Колас і Аляксандр Твардоўскі: памятныя сустрэчы
  • Якуб Колас і Аляксандр Твардоўскі: памятныя сустрэчы

 

 

Якуб Колас і Аляксандр Трыфанавіч сустракаліся не раз. Адна з такіх сяброўскіх сустрэч адбылася падчас Другога з’езда Саюза пісьменнікаў БССР, што праводзіўся 20-24 чэрвеня 1949 года ў Мінску. З уступнай прамовай на з’ездзе выступіў Якуб Колас. 

А Аляксандр  Твардоўскі, выступаючы там, адзначыў: «Вось у ХХ стагоддзі ці многа мы можам назваць імёнаў, якія  можна было б паставіць побач з Купалам і Коласам? Баюся, што вельмі не многіх. Думаю нават, што ў гэтых адносінах беларускай літаратуры, даволі маладой па ўзросту, па часе, пашанцавала. Твораў такого аб’ёму, як «Новая зямля» Якуба Коласа, твораў такога адлюстравання народнага жыцця я проста не магу назваць». 

Па ўспамінах старэйшага сына Якуба Коласа Данілы Міцкевіча 25 чэрвеня 1949 года Аляксандр Твардоўскі, сумесна з украінскім паэтам Андрэем Малышкам і Аркадзем Куляшовым наведалі Якуба Коласа, які сустрэў іх у двары каля свайго дома. Якуб Колас паказаў гасцям сваю сядзібу, у тым ліку і купінку жыта, якую сам пасадзіў.

Твардоўскі пажартаваў: «У Беларусі ніколі не угадаеш, што цябе чакае: вось ехаў да паэта, а трапіў яшчэ і да агранома». Размова працягнулася ў доме гаспадара. У той час Твардоўскі быў рэдактарам «Анталогіі беларускай паэзіі», ён высока цаніў дасягненні беларускіх літаратараў, раіўся з Якубам Коласам адносна  зместу  выдання. Адзначым, што Твардоўскі перакладаў на рускую мову некаторыя творы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Аркадзя Куляшова і іншых пісьменнікаў, праўда іх было няшмат.

У асабістай бібліятэцы Якуба Коласа захоўваюцца некалькі кніг, якія ён атрымаў у дар ад Аляксандра Твардоўскага. Адна з іх – паэма «Василий Теркин», якая выйшла ў друку ў Маскве ў 1949 годзе. На кнізе аўтар твора пакінуў наступны дарчы надпіс: «Старшему собрату по перу, народному поэту Белоруссии,  дорогому Константину Михайлавичу, Якубу Коласу. А.Твардовский. 23.VІ.49. Минск»    

На паліцах асабістай бібліятэцы класіка беражліва захоўваецца і яшчэ адна кніга – «Антология белорусской поэзии».

Аб сустрэчах Якуба Коласа з Аляксандрам Трыфанавічам сведчыць і яшчэ адзін падарунак –двухтомнік А. Твардоўскага «Стихотворения и поэмы». На кнізе захаваўся наступны дарчы надпіс: «Константину Михайлавичу (Якубу Коласу) от автора. А.Твардовский. 8.VІІ.52.Минск».  Кніга была падаравана аўтарам у дні святкавання 70-годдзя Янкі Купалы, на якіх прысутнічаў і рускі паэт.   

 

З ушанаваннем памяці лепшага сябра і паплечніка Якуба Коласа Янкі Купалы звязана і яшчэ адна сустрэча паэтаў. У фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа захаваліся сумесныя фотаздымкі пісьменнікаў на адкрыцці помніка Янку Купалу ў Мінску, на якіх можна ўбачыць     Аляксандра Твардоўскага на трыбуне пад час яго выступлення, а таксама разам з Коласам і іншымі гасцямі свята. Сярод іх – Л. П. Александроўская, К. Сіманаў, К. Т. Мазураў і іншыя.

 

         Сустрэчы Коласа і Твардоўскага адбываліся не толькі ў Мінску, але і ў Маскве. У фондах музея ў калекцыі «Фотадакументы» захоўваецца фотаздымак Якуба Коласа у час яго прыезда ў складзе беларускай дэлегацыi на  II Усесаюзны з'езд пiсьменнiкаў ў 1954 годзе. На Беларускім вакзале Якуба Коласа і іншых удзельнікаў з’езда сустракаў Аляксандр Твардоўскі.

 

          Нават па-за межамі афіцыйных мерапрыемстваў Аляксандр Твардоўскі і Якуб Колас падтрымлівалі сувязь. Рускі паэт дасылаў Якубу Коласу віншавальныя тэлеграмы да дня нараджэння і іншых значных падзей у жыцці класіка.    

 

Васіліна Міцкевіч, галоўны захавальнік фондаў

Наталля Шувагіна-Адамовіч, навуковы супрацоўнік навукова-фондавага аддзела