background

«ЯКУБ КОЛАС: ВЯДОМЫ І НЕВЯДОМЫ»

02.11.2020

Выстаўка з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа «ЯКУБ КОЛАС: ВЯДОМЫ І НЕВЯДОМЫ», прысвечаная 138-годдзю з дня нараджэння народнага паэта

  • «ЯКУБ КОЛАС: ВЯДОМЫ І НЕВЯДОМЫ»
  • «ЯКУБ КОЛАС: ВЯДОМЫ І НЕВЯДОМЫ»
  • «ЯКУБ КОЛАС: ВЯДОМЫ І НЕВЯДОМЫ»
  • «ЯКУБ КОЛАС: ВЯДОМЫ І НЕВЯДОМЫ»
  • «ЯКУБ КОЛАС: ВЯДОМЫ І НЕВЯДОМЫ»
  • «ЯКУБ КОЛАС: ВЯДОМЫ І НЕВЯДОМЫ»
  • «ЯКУБ КОЛАС: ВЯДОМЫ І НЕВЯДОМЫ»
  • «ЯКУБ КОЛАС: ВЯДОМЫ І НЕВЯДОМЫ»
  • «ЯКУБ КОЛАС: ВЯДОМЫ І НЕВЯДОМЫ»
  • «ЯКУБ КОЛАС: ВЯДОМЫ І НЕВЯДОМЫ»
  • «ЯКУБ КОЛАС: ВЯДОМЫ І НЕВЯДОМЫ»
  • «ЯКУБ КОЛАС: ВЯДОМЫ І НЕВЯДОМЫ»
  • «ЯКУБ КОЛАС: ВЯДОМЫ І НЕВЯДОМЫ»
  • «ЯКУБ КОЛАС: ВЯДОМЫ І НЕВЯДОМЫ»
  • «ЯКУБ КОЛАС: ВЯДОМЫ І НЕВЯДОМЫ»
  • «ЯКУБ КОЛАС: ВЯДОМЫ І НЕВЯДОМЫ»
  • «ЯКУБ КОЛАС: ВЯДОМЫ І НЕВЯДОМЫ»
  • «ЯКУБ КОЛАС: ВЯДОМЫ І НЕВЯДОМЫ»
  • «ЯКУБ КОЛАС: ВЯДОМЫ І НЕВЯДОМЫ»
  • «ЯКУБ КОЛАС: ВЯДОМЫ І НЕВЯДОМЫ»
  • «ЯКУБ КОЛАС: ВЯДОМЫ І НЕВЯДОМЫ»
  • «ЯКУБ КОЛАС: ВЯДОМЫ І НЕВЯДОМЫ»
  • «ЯКУБ КОЛАС: ВЯДОМЫ І НЕВЯДОМЫ»
  • «ЯКУБ КОЛАС: ВЯДОМЫ І НЕВЯДОМЫ»
  • «ЯКУБ КОЛАС: ВЯДОМЫ І НЕВЯДОМЫ»
  • «ЯКУБ КОЛАС: ВЯДОМЫ І НЕВЯДОМЫ»
  • «ЯКУБ КОЛАС: ВЯДОМЫ І НЕВЯДОМЫ»
  • «ЯКУБ КОЛАС: ВЯДОМЫ І НЕВЯДОМЫ»
  • «ЯКУБ КОЛАС: ВЯДОМЫ І НЕВЯДОМЫ»
  • «ЯКУБ КОЛАС: ВЯДОМЫ І НЕВЯДОМЫ»

 

Сёлета 3 лістапада спаўняецца 138 гадоў з дня нараджэння класіка нацыянальнай літаратуры Якуба Коласа.

У сузор’і слынных імёнаў, якімі па праве ганарыцца беларускі народ, Якубу Коласу (Канстанціну Міхайлавічу Міцкевічу, 1882 – 1956) належыць адно з найбольш пачэсных месцаў. Класік нацыянальнай і сусветнай літаратур, непераўзыдзены мастак слова, аўтар паэтычных шэдэўраў, педагог, літаратурны крытык, публіцыст, перакладчык, вучоны, дзяржаўны дзеяч, чалавек вялікай і шчодрай душы — такім быў Якуб Колас ва ўспрыманні сучаснікаў. Такім ён застаецца і сёння ў свядомасці беларускага грамадства, шматлікіх прыхільнікаў яго таленту. Творчасць Якуба Коласа — гэта цэлы свет, свет дзівосны, багаты і непаўторны, у якім месціцца родная зямля, народ, яго жыццё і гісторыя.

Матэрыялы выстаўкі «Якуб Колас: вядомы і невядомы» дазваляюць паглядзець на слыннага паэта не толькі як на славутага сына сваёй краіны, грамадзяніна, культурнага дзеяча, але, перш за ўсё, як на чалавека. Са сваімі радасцямі і турботамі, набыткамі і стратамі, са сваімі чалавечымі слабасцямі і звычкамі. Нароўні з афіцыйнымі фотаздымкамі, дзе Колас прадстаўлены як народны паэт, вядомы дзяржаўны дзеяч, віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук БССР у выстаўку ўключаны малавядомыя або нават невядомыя шырокаму наведвальніку фотаздымкі Коласа ў яго доме і на сядзібе, сярод родных і блізкіх, сяброў, прыяцеляў. Кожны фотаздымак — яшчэ адзін штрых да партрэта Якуба Коласа як звычайнага чалавека, сем’яніна, сябра, гасціннага гаспадара. Некаторыя фотаздымкі праілюстраваны цытатамі з твораў самаго паэта, вытрымкамі з дзённіка і ўспамінаў людзей, з якімі лёс звёў беларускага Песняра. Тэксты не толькі эмацыянальна-фонава афармляюць візуальныя вобразы, але і раскрываюць сутнасць, змест кожнай фотавыявы.

Кожны чалавек раскрываецца ў зносінах. Акружэнне Якуба Коласа, народнага паэта БССР, віцэ-прэзідэнта АН БССР, дэпутата, надзвычай шырокае: сябры, знаёмыя, калегі па пяру, супрацоўнікі, проста людзі, з якімі Колас сустракаўся як дэпутат і якім ён дапамагаў.

Яшчэ адна частка выстаўкі «Якуб Колас: вядомы і невядомы» рэпрэзентуе асобу народнага Песняра ў соцыуме: Якуб Колас сярод дзяржаўных дзеячаў падчас дзяржаўных свят; на пасяджэннях з нагоды юбілеяў супрацоўнікаў і калег; Якуб Колас за межамі нашай краіны.

Асабліва цёплымі і светлымі з’яўляюцца фотаздымкі Якуба Коласа ў час адпачынку на Пухаўшчыне, з Канстанцінам Дзяткам, старшынёй калгаса ў вёсцы Балачанка, старым сябрам беларускага паэта (яшчэ ў даваенныя часы Колас некаторыя са сваіх летніх адпачынкаў з сям’ёй праводзіў у яго хаце), а таксама фотаздымкі 1950-х гг., зробленыя на возеры Нарач, дзе знаходзілася дача «Міхала-адмірала» — Міхася Лынькова.

Фота 1. Якуб Колас — семінарыст, 1901 год. Тут будучаму паэту 19 гадоў, і гэта самы першы ягоны фотаздымак (сялянскіх дзяцей не фатаграфавалі).

У 1898 годзе Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас) паступае ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Гэтую вучэльню называлі яшчэ «мужычы інстытут» — там вучыліся здольныя дзеці з сялянскіх сем’яў за казённы кошт. Паводле кнігі М. Лужаніна «Колас расказвае пра сябе»: «Жылі мы адарваныя ад свету, ледзь не пад замком. <…> Многае ў нашым выхаванні супадала з прыёмамі колішняй езуіцкай школы. У Нясвіжы брацці-езуіты доўга такі калечылі маладыя душы. Нешта падобнае рабілася і з намі. З другога боку — семінарыя з’яўлялася нібы прадухавінай. Куды яшчэ маглі падацца сялянскія дзеці? <…>

Хто лепш вучыўся — залічалі на казённы кошт. Рублёў дваццаць з нечым прыпадала на нос у кожную чвэрць. За гэтыя грошы нас кармілі, адзявалі, куплялася папера. Харчаваліся мы з агульнага катла».

Да гэтага перыяду адносяцца спробы літаратурнай творчасці. Спачатку па-руску, пасля і па-беларуску. Дабратворны ўплыў на будучага паэта аказаў настаўнік рускай славеснасці Фядот Андрэевіч Кудрынскі, які ўхваліў першыя вершы семінарыста. Малады Міцкевіч да таго ж збірае і запісвае творы вуснай народнай творчасці і матэрыялы па этнаграфіі. Паспяхова выступае на семінарскіх літаратурных вечарах з чытаннем вершаў і жартаўлівых беларускіх расказаў.

Фота 2. Якуб Колас танцуе са сваім знаёмым, 1907 год. У 2015 годзе ў Нацыянальную бібліятэку Рэспублікі Беларусь паступіў унікальны дакумент — фотапаштоўка з выявай і аўтографам народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Дакумент знаходзіўся ў асабістым архіве першага дырэктара бібліятэкі Іосіфа Бенцыянавіча Сіманоўскага.

Для коласазнаўства гэта вялікая знаходка. Да гэтага з найбольш ранніх нам былі вядомыя пагрудныя фотапартрэты Коласа-семінарыста 1901 года (гл. папярэдняе фота) і фота 1908 года. Дадзеная ж картка — віленская фотапаштоўка — зроблена ў 1907 годзе. Колас зняты ў поўны рост з адным са сваіх сяброў. Маладыя людзі выглядаюць вясёлымі і спрабуюць танцаваць. Унізе пад фота аўтограф: «Огарки [н]акануне роковых событий. Вильня 1907 г. ЯК». На адвароце фота змешчаны тэкст ліста Якуба Коласа. А дагэтуль вядомае даследчыкам ліставанне адкрываў ліст паэта ад 2 ліпеня 1908 года, што яшчэ раз падкрэслівае значнасць знаходкі. Прыводзім тэкст на мове арыгінала, звяртаючы ўвагу на пэўную яго зашыфраванасць: «Се. — Са. Милый друг-огарок! Прими на память сие изображение. Вот как реагирую я на наше горькое будущее, на всю долю человеческую. Ты спрашиваешь, запасся ли я достаточно нравственными силами, дабы поблазно восприять благодать конституционную. И вот я пред очами всего мира танцую. Хоть и не умею, а танцую, нарочно танцую. Твой Якуб ¼ [неразборліва чатыры літары]». Літары быў расшыфраваны дырэктарам БДАМЛіМ Г. В. Запартыкай: «Якуб ¼ века», што азначае 25 гадоў. Менавіта столькі было аўтару паштоўкі ў 1907 годзе.

«Агаркамі» называлі сябе былыя ўдзельнікі нелегальнага настаўніцкага з’езда 1906 года, звольненыя з працы, г. зн. «людзьмі, выкінутымі за парог жыцця». Так называў Якуб Колас і сваіх віленскіх сяброў — студэнтаў Віленскага настаўніцкага інстытута — Луку Гарбацэвіча (разам вучыліся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі), Канстанціна Саўчука, Сямёна Анішчыка, якіх ён падахвоціў да працы ў рэдакцыі «Нашай нівы» (працаваў з 1 верасня 1907 да пачатку 1908 года). Т. ч., утварылася «згуртаваная чацвёрка». 

На думку Веры Даніілаўны Міцкевіч, якая прадставіла знаходку на навуковай канферэнцыі «Каласавіны» ў тым жа 2015 годзе, чатыры літары напрыканцы паштоўкі  можна паспрабаваць прачытаць наступным чынам: С К К Л, а расшыфраваць як першыя літары названай чацвёркі: Сямён, Канстанцін, Канстанцін, Лука. А можна ўявіць і такі запіс: «Якуб Колас один из четверых в Лидеры Крамольной Партии». Але гэта толькі здагадкі.

Невядомым застаецца і хто побач з Коласам на фота: магчыма хтосьці з чацвёркі, але не выключана, што і нехта з настаўнікаў-агаркаў…

Адрасат віленскай паштоўкі, «милый друг-огарок», «Се. — Са.» — гэта Сямён Самахвал, блізкі сябар Якуба Коласа з в. Нейгартава, што насупраць коласаўскай Мікалаеўшчыны праз раку Нёман, з якім яны разам вучыліся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі і які стаў прататыпам Янкі Тукалы з трылогіі «На ростанях». На старонках рамана Андрэй Лабановіч не раз пісаў лісты свайму сябру Янку. (Паводле даследавання В. Д. Міцкевіч).

Фота 3. Якуб Колас, 1921 год. У маі 1921 года Якуб Колас па запыту Беларускага камісарыята адукацыі разам з сям’ёй выязджае з Курскай губерні ў Мінск. У гады Першай сусветнай вайны Якуб Колас служыць у войску: у Маскоўскай губерні, у Пярмі, з камандай дэзерціраў трапіў на румынскі фронт, дзе яго напаткала цяжкая хвароба. Атрымаўшы ў 1917 годзе адпачынак па стану здароўя, народны паэт накіроўваецца ў г. Абаянь Курскай губерні, дзе ў той час у родных жыла яго сям’я: жонка Марыя Дзмітрыеўна з двума малымі дзецьмі, Данікам і Юркам. На Куршчыне Якуб Колас жыве з 1917 да 1921 года. Працуе настаўнікам у вёсках Другі Ліпавец і Малыя Крукі, пасля раз’язным школьным інструктарам, жыве ў г. Абаяні.

У курскі перыяд Якубам Коласам было напісана каля 20 вершаў, 2 апавяданні, увайшоўшыя ў філасофска-алегарычны цыкл «Казкі жыцця», некалькі замалёвак для дзяцей, нарысы. Была працягнута праца над паэмамі «Новая зямля» і «Сымон-музыка». Гады, праведзеныя на Куршчыне далі багаты матэрыял для сюжэтаў шматлікіх твораў, напісаных па вяртанні на радзіму. У Мінск Якуб Колас разам з сям’ёй прыязджае 15 мая 1921 года.

Фота 4. Якуб Колас, 1926 год. У 1926 годзе ў нашай краіне шырока адзначалася 20-годдзе творчай дзейнасці Якуба Коласа. З гэтай нагоды яму было прысвоена ганаровае званне Народнага паэта БССР.

Фота 5. Якуб Колас падчас выступлення на Міжнародным кангрэсе пісьменнікаў у абарону міру. Парыж, 1935 год. Кангрэс праходзіў у сталіцы Францыі ў апошняй дэкадзе чэрвеня 1935 года. У яго рабоце прынялі ўдзел 230 пісьменнікаў з 38 краін свету. У складзе савецкай дэлегацыі былі І. Бабель, Ус. Іванаў, У. Кіршон, М. Кальцоў, Я. Колас, А. Карняйчук, П. Панч, Б. Пастэрнак, М. Ціханаў, Г. Табідзе, А. Талстой і інш. 19 чэрвеня ўначы дэлегацыя прыбыла ў Парыж. Яна размясцілася ў гасцініцы «Палац Гатэль» на вуліцы Сен-Жэрмен. З 21 па 25 чэрвеня Якуб Колас прымае ўдзел у пасяджэннях кангрэса, 24 чэрвеня выступае з прамовай «Магутная савецкая рэчаіснасць жывіць нашы мыслі і нашы пачуцці». Расказвае аб мінулым Беларусі, аб вялікіх сацыяльна-эканамічных зменах, якія адбыліся ў жыцці беларускага народа за гады савецкай улады, аб росквіце беларускай культуры, мастацтва, літаратуры. Прысутнічае на таварыскай сустрэчы французскіх пісьменнікаў з дэлегатамі кангрэса.

З Парыжа Колас піша ліст да Сяргея Гарадзецкага, дзеліцца ўражаннямі ад горада. З ліста: «Я определенно прихожу к заключению, что я не городской человек. Париж прекрасный город, много интереснейших памятников и следов большой европейской культуры. Но всё же для меня, человека полей и лесов, гораздо милее моя Белоруссия. Вот почему в Париже мое тело, а мысли и чувства в нашем прекрасном Советском Союзе. С нетерпением жду дня отъезда. Поездка за границу измучила и измотала — словно я побывал на курорте: курортов я тоже не переношу. Конгресс закончился 25 июня. <…> Всё свободное время стараюсь использовать для ознакомления с Парижем. Жизнь в Париже очень дорога. Франция считается наиболее дорогой страной в Европе».

З паездкаю ў Парыж звязаны цікавы і вясёлы факт. Кандрат Крапіва, ведаючы любоў Коласа да роднай зямлі, захапленне яго беларускай прыродай, багаццем лясоў і вадаёмаў, напісаў сяброўскую эпіграму:

Быў я ў Парыжы на кангрэсе —

То ў Загібельцы, браце, лепш:

Грыбоў няма ў Булонскім лесе,

А ў Сене хоць бы адзін лешч.

Загібелька — вёска ў Пухавіцкім раёне, дзе Колас са сваёй сям’ёй праводзіў у 1935 годзе летні адпачынак. Адтуль ён і паехаў у Парыж.

Чатырохрадкоўе з шаржам В. Волкава было змешчана ў газеце «Літаратура і мастацтва» 16 верасня 1935 года. Неўзабаве Якуб Колас адказаў аўтару эпіграмы вершам «Загібелька»:

Быць можа, я крыху дзівак,

Але люблю я Загібельку:

Там кожны хвойнік мне сваяк,

Там ясным днём надрэчны гак

Мне суліць мяккую пасцельку.

 

Хадзіў я там, вітаў усход

І першыя праменні сонца,

Што дзень выводзяць у паход,

А з ім і хмарак карагод,

Замлеўшы смехам на сасонцы.

 

Запыніш крок. Спакой і ціш —

Былінка нават не схіснецца,

А ты разважліва стаіш,

Бы нейкі сон дзівосны сніш,

І песня нейкая снуецца.

<…>

Калі агледзіш хвайнякі

І гэты кут пазнаеш бліжай,

Збіраючы баравікі,

То вывад я раблю такі:

Мне Загібелька лепш Парыжа.

З Парыжа Якуб Колас прывёз сувенір — сілуэт, выразаны з чорнай паперай нейкім майстрам-умельцам у Эйфелевай вежы.

 

Фота 7.

Якуб Колас і Янка Купала з урачом Эліко Метэхелі і маленькім хлопчыкам. Цхалтуба, Грузія. 1941. 17 лютага 1941 года Якуб Колас у складзе дэлегацыі беларускіх пісьменнікаў (Янка Купала, Кандрат Крапіва) выязджае ў Грузію на святкаванне 20-годдзя савецкай улады. 28 лютага дасылае з Тбілісі кароткае паведамленне Сяргею Гарадзецкаму пра нечаканую паездку: «Хочу воспользоваться этой поездкой и малость подлечиться в Цхалтубо вместе с Янкой. Возможно, что выедем (из Тбилиси) завтра. На обратном пути остановлюсь в Москве».

У Цхалтуба пісьменнікі знаходзіліся з 2 па 21 сакавіка (санаторый № 1, палата 25). З ліста да М. Д. Каменскага: «Надо сказать, что за последнее время я сильно устал, чувствовалась слабость, наблюдались частые головокружения. Но я молчал, решил отдых и курортное лечение отложить на осень, так как занялся большой работой, которую планировал закончить к началу лета 1941 г. (поэму «Рыбакова хата») <…> Я вообще не поклонник курортов, но о Цхалтубо должен сказать, что это — прекраснейший и, может быть, лучший в мире курорт».

У лісце да Н. А. Нагіной распавядае пра выдатныя ўмовы знаходжання ў санаторыі Цхалтуба і выключную ўвагу з боку медыцынскага персаналу: «Наша докторша, Тина Дмитриевна, грузинка, очень милый человек и прекрасная девушка, которой можно только восхищаться. Нам прописаны ванны, и мы вчера приняли первую». 21 сакавіка Якуб Колас і Янка Купала выязджаюць з Цхалтуба.

Эліко Метэхелі — на той час галоўны ўрач бальнеалагічнага курорта Цхалтуба.

Фота 8. Якуб Колас з Янкам Купалам, Петрусём Броўкам і Змітраком Бядулем. Масква. 1939 год.

Фота 9. Якуб Колас. Здымак М. Лынькова. 1946

У сонца свой абход і шлях,

І той шлях цяжка змераць.

Што наш? – Вайшоў праз дзверы ў гмах,

Ў другія выйшаў дзверы.

 

Ідзеш з развагай. Ціхі жаль
Атуліць недарэчы:
Не вечна ты на ўлонні хваль

Вандруеш, чалавеча!

                                               Якуб Колас. Вандроўнікі

            Фота 10. Якуб Колас, 1945. З дарчым надпісам С. Сомавай: «Дорогому другу Светлане. Смотрите — гляжу сердито, чтобы Вы сердито относились к жизни. Я. К. 12.3.1946».

Пачатак Вялікай Айчыннай вайны.

Палаючы Мінск. Эвакуацыя ў Ташкент.

На лёс Якуба Коласа выпала шмат выпрабаванняў, i асаблiва балючай была страта ў першыя днi вайны сына Юркi, якi загiнуў у адным з першых баёў з фашысцкай навалай, хвароба, а затым i смерць любiмай спадарожнiцы жыцця Марыi Дзмiтрыеўны.

Бяда звычайна аб’ядноўвае людзей нават зусiм незнаёмых, рознай веры, розных нацыянальнасцяў. За тысячы кiламетраў ад параненай, акупаванай Беларусi Якуб Колас знайшоў шчырае спачуванне з боку многiх мясцовых насельнiкаў i асаблiвую сардэчнасць i дапамогу лiткансультанта Саюза пiсьменнiкаў Узбекiстана С. А. Сомавай.

Святлана Аляксандраўна нарадзiлася ў Пецярбургу, разам з бацькамi ў раннiм узросце пераехала ў Ташкент. Тут раскрыўся яе паэтычны талент, i ўжо ў 1943 годзе была выдадзена кнiга вершаў «Ташкент». Пачынаючая паэтэса брала актыўны ўдзел у лiтаратурных вечарах i сустрэчах разам з вядомымi паэтамi. А ваеннае лiхалецце закiнула сюды пiсьменнiкаў розных рэспублiк. Тут пражывалi рускiя пiсьменнiкi — А. Талстой, С. Гарадзецкi, Г. Ахматава, У. Лугаўской, К. Чукоўскi, Б. Лаўранёў, iншыя, з украiнскiх пiсьменнiкаў — М. Тарэшчанка, беларускiя — Якуб Колас, Э. Агняцвет, У. Агiевiч, М. Модэль.

Добразычлiвасць, сардэчнасць i, безумоўна, талент маладой паэтэсы С. Сомавай iмпанавалi Я. Коласу, чыё сэрца было перапоўнена скрухай у далёкiм узбекскiм горадзе.

Якуба Коласа i Святлану Сомаву звязала чыстае моцнае сяброўства, якое доўжылася да апошнiх гадоў жыцця паэта. Сведкамi iх сяброўства з’яўляюцца вершы-прысвячэннi, змешчаныя ў выданнях твораў паэта, перапiска, якая захоўваецца ў музеi песняра. Iх звязала роднасць душ, нягледзячы на ўзроставую рознiцу.

Бывае музыка і ў стуку,

Хоць можа гэта і дзіўно, —

Благаслаўляю тую руку,

Што мне пастукала ў акно.

 

Жывуць яшчэ той усмех, бровы

I вочы-зоркі з-пад брывей,

I той агеньчык, ветлы, новы,

Што заструменіўся з вачэй.

 

Не варта, можа быць, аб гэтым

Ні ўспамінаць, ні гаварыць:

Ці мала песень непрапетых,

Ці мала іх, агнёў, гарыць!

 

Сустрэла хваля хвалю ў моры,

Ды зноў плывуць за рубяжы;

I сумна станецца ў прасторы.

Чаму ёй сумна? Адкажы.

 

Я паплыву, як тая хваля,

Агні і песні прытаю,

Я прывітаю песняй здаля

Яе, красу-вясну маю.

                            Якуб Колас, 1943 (верш-прысвячэнне С. Сомавай)

Фота 10а. Святлана Сомава, Эдзі Агняцвет і ўзбекская паэтэса Зульфія. Ташкент, 1942 ‒ 1943 (?)

Фота 11. Якуб Колас у майстэрні Заіра Азгура, 1949.

Заір Ісакавіч Азгур (1908 ‒ 1995) — савецкі і беларускі скульптар, народны мастак СССР. Скончыў Віцебскі мастацка-практычны інстытут у 1925 годзе, вучыўся ў Марка Шагала і Міхаіла Керзіна. У 1925 ‒ 1928 гг. вучыўся ў Акадэміі мастацтваў у Ленінградзе, у 1928 ‒ 1929 гг. — у Мастацкім інстытуце ў Кіеве. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1939), Народны мастак БССР (1944), Народны мастак СССР (1973). Сярод ягоных твораў: партрэты Ф. Смалячкова, В. Талаша, К. Ракасоўскага, прадстаўнікоў айчыннай і сусветнай культуры Ф. Скарыны, А. Бразера, З. Бядулі, Л. Александроўскай, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Гусоўскага, К. Чорнага Р. Тагора, Лу Сіня і інш. Па яго праектах створаны помнікі П. Машэраву ў Віцебску, Я. Коласу і С. Грыцаўцу ў Мінску, Ф. Багушэвічу ў Жупранах, Я. Купалу ў Вязынцы, В. Талашу ў Петрыкаве і інш.

У 1924 годзе, калі Заір Азгур быў яшчэ студэнтам Віцебскага мастацка-практычнага інстытута, яму даручылі ляпіць з натуры бюст Коласа. Тады ён і сустрэўся ўпершыню з народным паэтам, пазнаёміўся з яго блізкімі. Паступова між імі усталяваліся даволі цесныя ўзаемаадносіны. Колас з сімпатыяй ставіўся да маладога скульптара, апекаваўся ім, аказваў дапамогу, у тым ліку і грашовую. Пэўны час Заір Азгур жыў у Якуба Коласа і ў Янкі Купалы. З успамінаў скульптара: «Шмат чуласці і чалавечнасці было ў яго адносінах да мяне. Я на працягу трох гадоў (1925 ‒ 1927), калі вучыўся ў Ленінградзе, кожны месяц атрымліваў па 40 рублёў, якія высылалі мне з Мінска то дзядзька Саша, то Марыя Дзмітрыеўна, то сам Якуб Колас. <…> Потым я даведаўся, што Канстанцін Міхайлавіч дапамагаў пачынаючым пісьменнікам і многім студэнтам, якія вучыліся ва ўніверсітэце».

Заір Азгур сярод шматлікіх прэтэндэнтаў стаў пераможцам конкурса на лепшы помнік, які ўпрыгожыць плошчу, названую імем народнага паэта ў рамках правядзення комплексу мерапрыемстваў па ўшанаванні памяці пасля смерці Коласа. Створаная ім скульптурная кампазіцыя з помніка класіку і мастацкіх выяў герояў ягоных твораў і сёння радуе вока мінчан і гасцей сталіцы.

Фота 12. Якуб Колас з Соф’яй Лыньковай, 1949 год.

Фота 13. Якуб Колас. Пухаўшчына. 1946 год.

З дзённіка Якуба Коласа «На схіле дзён»: «1/ІХ. Кожная дата, што пачынае новы лік, заслугоўвае таго, каб на ёй спыніцца. Верасень. Восень. Канец лета. А зямля яшчэ багата дарамі. Іх трэба сабраць. На жаль, яшчэ не ўмеем планаваць пагоды…

            Ездзіў у Балачанку. Першы баравік на першым пажарышчы — самы лепшы з тых, што даводзілася знайсці мне ў маіх паходах за баравікамі. Аказваецца, мае дарагія лужкі жывуць, іх не вынішчыла сякера і піла людзей-драпежнікаў. А чаго варты баравік на маёй старой сяброўцы-дарожцы!.. Не, яшчэ я прыйду да вас, мае дарагія баравіны, баркі і лужкі!»

Фота 13а. Якуб Колас. Пухаўшчына. 1946 год.

Мой лепшы друг згас у пуці.

Глядзець на рэчы можна розна,

Другога ж друга шукаць позна,

І друга ўжо мне не знайсці.

 

Ці то ад суму і нуды
На спад пайшлі здароўе, сілы.

Праціўна цемра мне магілы,

Бо сэрцам я ўсё ж малады.

                                               Якуб Колас. Самому сабе

Фота 13б. Піянеркі ў гасцях у Якуба Коласа. 1946

І да сваіх і да чужых дзяцей ён адносіўся прыхільна, патрабавальна і душэўна. Памятаю, кожны раз, калі прыязджаў з горада, прывозіў ім цукеркі.

                                                                                                                       З успамінаў А. Есакова

Фота 13в. Янка Маўр і Якуб Колас з унукам Сяргеем, 1953 год.

З Янкам Маўрам (Іванам Міхайлавічам Фёдаравым) Якуб Колас быў знаёмы яшчэ у маладосці. Разам удзельнічалі ў настаўніцкім з’ездзе 1906 года — Іван Фёдараў быў настаўнікам у школе вёскі Бытча на Барысаўшчыне. Былі калегамі-настаўнікамі, калегамі-пісьменнікамі, сябрамі, а пасля сталі яшчэ і сваякамі — малодшы сын Коласа Міхась ажаніўся з дачкою Маўра Наталляй.

Фота 14 — Якуб Колас з пісьменнікамі ў Ленінградзе, 1947.

 

Фота 14а — Якуб Колас сярод дэлегацыі пісьменнікаў у Петрапаўлаўскай крэпасці ў час экскурсіі. Ленінград, 1947.

У 1947 годзе Якуб Колас узначальвае дэлегацыю беларускіх пісьменнікаў (Броўка, Танк, Панчанка, Пестрак, Лужанін і інш.), якая па запрашэнні ленінградскага аддзялення ССП СССР знаходзілася ў Ленінградзе. Дэлегацыя наведала Эрмітаж, Рускі музей, шалаш Леніна ў Разліве, магілу І. Рэпіна, Петрапаўлаўскую крэпасць.

З дзённіка Якуба Коласа «На схіле дзён»: «18/VІІI/ 1947. Прыехалі ў Ленінград. Самыя лепшыя ўражанні засталіся ад гэтай паездкі. <…> Трудна запісаць дзень за днём. І цяжка было, і ў той жа час надзвычай прыемна. Дзённік не адлюструе, а памяць поўна ўспамінамі аб цудоўным горадзе Пятра».

Фота 15. Якуб Колас у рабочым кабінеце АН БССР. 1950.

Акадэмія навук БССР утварылася на базе Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта) напрыканцы 1928 года. У студзені 1929 года Якуб Колас становіцца яе правадзейным членам, а з верасня гэтага ж года і да канца свайго жыцця займае адказны пост віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук БССР.

Фота 16. Якуб Колас з А. Фадзеевым і П. Броўкам на Рэспубліканскім сходзе пісьменнікаў БССР. 1948

Фота 17. Якуб Колас у садзе каля свайго дома. 1947

Фота 18. Якуб Колас, 1948 год.

Прайшла вайна, як віхар-навальніца

Пад грукат перуноў,

А край жыве, гаючая крыніца

Струменіцца ізноў.

 

Разгорне люд, нібы арол той, крылы,

Плячамі павядзе, —

Такі размах раскованае сілы

Не быў яшчэ нідзе.

                                    Якуб Колас. Наш шлях

Фота 19. Якуб Колас з гасцямі каля свайго дома, 1946 год.

Фота 20. Якуб Колас і Аляксандра Кетлер, 1946 год.

Ён называў яе былінкай… З 1993 года ў Дзяржаўным лiтаратурна-мемарыяльным музеi Якуба Коласа зберагаюцца рукапiсы сарака чатырох вершаў, 176 пiсем, а таксама чатыры фотаздымкi i дзесяць кнiг Якуба Коласа з цёплымi дарчымi надпiсамi паэта, адрасаванымi Аляксандры Антонаўне Кетлер-Яцкевiч. Яны датуюцца 1945 ‒ 1956 гг. Матэрыялы былi перададзены ў музей паэта з умовай: вершы, прысвечаныя А. А. Кетлер-Яцкевiч, апублiкаваць праз пяць гадоў, эпiсталярная спадчына можа ўбачыць свет толькi ў 2013 годзе. Пасля тэрмін забароны быў яшчэ падоўжаны.

Аляксандра Антонаўна Кетлер-Яцкевiч нарадзiлася 27 верасня 1914 года, памерла 27 снежня 1997 г. Усё жыццё пражыла ў Мiнску. З Якубам Коласам Аляксандра Антонаўна была знаёмая з восенi 1945 года (15.10.1945 г. — датуецца першы лiст Якуба Коласа да А. А. Кетлер). У той час яна працавала галоўным бухгалтарам у Доме друку, жыла з мужам i дачкою ў Пушкiнскiм пасёлку.

33 лiрычныя вершы Якуб Колас прысвяцiў Алесi Кетлер, дзе перададзены чыстыя, высакародныя, часам узнёслыя пачуццi да жанчыны.

Нагадаем, што 21 мая 1945 года памерла жонка Якуба Коласа Марыя Дзмiтраўна. Колас вельмi балюча адчуваў сваю адзiноту.

Яна была прыгожая, тоненькая, дробненькая. I Колас называў яе Былiнка. А яна ў адказ: «Не называйте меня Былинкой, я больше похожа на высохший чертополох».

Сплылі дзянькі, мільгнуўшы нібы сон,

Мне ж дорага ў ім кожная хвілінка,

Калі была са мною ты, Былінка,

Бо ты – душа, украса гэтых дзён.

                                               Якуь Колас. Былінцы

Фота 21. Якуба Коласа віншуюць з 65-годдзем беларускія пісьменнікі. 1947

Ёсць яшчэ людзі, сябры і сяброўкі,

Што ўспомняць мяне:

Танк, і Лужанін, і Глебка, і Броўка,

І Маўр зазірне.

 

Прыязным вокам Кандрат непаўторны

Акіне мой дом,

Лынь, у машыне агледзеўшы шворны,

Прымчыцца арлом.

Якуб Колас. Ёсць яшчэ людзі, сябры і сяброўкі…

Фота 21а. Якуб Колас і Сяргей Гарадзецкі каля дома народнага паэта, 1947 год.

Сяргей Гарадзецкі —  шырокавядомы рускі паэт на пачатку ХХ стагоддзя. Ён быў адным з заснавальнікаў акмеізму — мадэрнісцкай плыні ў рускай паэзіі на пачатку стагоддзя, куды ўваходзілі такія славутыя паэты, як  Гумілёў, Ахматава, Мандэльштам. Універсітэцкі сябар Аляксандра Блока, апякун Сяргея Ясеніна. Адзін з арганізатараў «Цэха паэтаў».     

З Сяргеем Гарадзецкім Канстанцін Міхайлавіч сябраваў з 1933 года. Сяргей Мітрафанавіч быў адным з першых перакладчыкаў паэзіі Коласа на рускую мову. Не заўсёды яму ўдавалася зрабіць добры пераклад, між аўтарам і перакладчыкам узнікалі спрэчкі і разыходжанні, але ўсё ж пераважалі  сяброўскія адносіны.

 

Якубу Коласу (на его 60-летие)

Седьмой десяток незаметно

К тебе подкрался  друг и брат.

Но, видно тайною заветной

Владеют голос твой и взгляд.

Сяргей Гарадзецкі, альбом

Фота 21б. Якуб Колас і Сяргей Гарадзецкі ў нумары гасцініцы «Масква». Масква,1949

Ці так, ці сяк, а мы сябры:

І я стары, і ты стары,

І ты адзін, і я адзін,

І сходзіцца дарога наша ў клін.

Наш лёс — глядзець ужо назад.

Што скажаш новага, мой брат?

                                               Якуб Колас. Сяргею Гарадзецкаму

Фота 22. Якуб Колас, 1940-я гг.

Не ўсё ж дабро, набытае гадамі,                                                                                       

Сабранае трудом,

Данёс  ты ў свой дом:

Шмат знішчана халоднымі вятрамі!

 

Не аднавіць яго, бо часу мала, ―

Не вернеш сваіх страт!

Не падай духам, брат,

І новы скарб збірай старанна, дбала.

                                               Якуб Колас. З падарожжа

            Фота 23. Колас з сынам і сваякамі каля свайго дома у гадавіну смерці жонкі Марыі Дзмітрыеўны, 1949.

Жонка паэта, Марыя Дзмiтрыеўна Мiцкевiч, нарадзiлася 7 лютага 1891 года ў Ашмянах у сям’i псаломшчыка ашмянскай Васкрасенскай царквы Дзмiтрыя Аляксандравiча Каменскага i Марыi Цiмафееўны. У iх было пяць сыноў i дзве дачкi. 

Дзяўчынкаю Марыя Каменская вучылася ў духоўным вучылiшчы, потым працавала настаўнiцай у Вiльнi, у Пiнску. Там у 1912 годзе пазнаёмiлася з настаўнiкам Канстанцiнам Мiхайлавiчам Мiцкевiчам. Праз год яны пабралiся шлюбам у Пiнску.

Менавiта з яе «спiсваў» паэт Сымонкаву Ганну ў паэме «Сымон-музыка».

Марыя Дзмітрыеўна Міцкевіч (Каменская), 1912 год

Яшчэ да вяселля Якуб Колас прысвяцiў Марусi цыкл вершаў. З гэтай нiзкi захаваўся толькi адзiн верш — «Дзяўчыне».

У сям’i Якуба Коласа i Марыi Дзмiтрыеўны нарадзiлiся тры сыны: Данiла (1914, Пiнск), Юрый (1917, Перм), Мiхась (1926, Мiнск).

Марыя Дзмiтрыеўна была першым чытачом, слухачом, крытыкам твораў свайго мужа. Яна ведала шмат беларускiх народных песняў, часта спявала «Ой, зацвiла ружа, белы цвет», «З гары па далiне галубы ляталi».

Якуб Колас с жонкай Марыяй Дзмітрыеўнай, сынамі Данілам, Юркам і Міхасём, 1928 год.

Цiкавы артыкул пра жыццёвы шлях сваёй бабулi змясцiла ў часопiсе «Роднае слова» (1996, № 3) Вера Данiілаўна Мiцкевiч. Яна пiша: «Лёс Марыi Дзмiтраўны Каменскай сапраўды быў шчаслiвым, але i цяжкiм. Нялёгка быць жонкай паэта-генiя. Быць побач з iм — i быць не навiдавоку, як бы ягоным ценем: ствараць атмасферу ўтульнасцi ў хаце i гадаваць дзяцей, падтрымлiваць сувязь са шматлiкiмi родзiчамi i прымаць гасцей. I ўсё гэта праз дзве сусветныя вайны, праз горкiя страты самых блiзкiх людзей... Маёй бабулi не пашчасцiла пабачыць анiводнага ўнука цi ўнучкi. А калi ў дзеда Якуба нарадзiлася першая ўнучка, то яе, зразумела, назвалi Марыяй».

У гады Вялiкай Айчыннай вайны, у эвакуацыi, Марыя Дзмiтрыеўна часта хварэла, у канцы 1944 года стан яе здароўя сур’ёзна пагоршыўся.

«Апошнiя чатыры гады жыцця для Марыi Дзмiтраўны былi цяжкiм выпрабаваннем... Iшла Вялiкая Айчынная вайна. Мiцкевiчы пакiнулi ахоплены пажарамi Мiнск, дзевяць дзён дабiралiся да Масквы. Потым эвакуявалiся ў Ташкент... Апошнi лiст ад сына Юркi з фронту... Гарачы ташкенцкi клiмат... Несцiханы боль за лёс краiны, за родную Беларусь, за людзей, за сына, якi прапаў без вестак... Частыя хваробы... Усё пераплялося — i гэтая навала канчаткова "ўдушыла" яе — добрую, разумную, але i слабую жанчыну <...> Марыя Дзмiтраўна памерла ў Маскве, у бальнiцы. Яе перавезлi ў Мiнск у труне на самалёце i пахавалi на Вайсковых могiлках. Побач Канстанцiн Мiхайлавiч пакiнуў месца i для сябе» (Вера Мiцкевiч).

            Ляжыш ты ў зямлі, мая зорка.

Адвечнае неба ўсё тое,

І тая ж навокал гаворка,

І тое ж жыццё маладое.

 

Як лепшае божжа стварэнне,

Прайшла ты дарогай святою,

А следам святое гарэнне

У ногу ішло за табою.

                                               Якуб Колас. М. Д. М.

            Фота 24. Якуб Колас каля свайго дома, пачатак 50-х гадоў.

            Мяне ў жывых не стане,

           Сыду я ў небыццё,

           Ды вечным будзе ранне,

            І песні, і жыццё.

                                                Якуб Колас. Сам сабе

Фота 25.  Якуб Колас з Марыяй Дзятка і Канстанцінам Дзяткам. Балачанка. 1951.

Канстанцін Дзятка — старшыня калгаса ў вёсцы Балачанка, сябра Якуба Коласа. Свае пасляваенныя летнія адпачынкі народны паэт з сям’ёй праводзіў у Балачанцы.

З дзённіка «На схіле дзён»: «20/IV. Дасканалая дарога ў падбярэжска-балачанскім лесе. Які мілы, утульны лес абапал дарогі! У Вусці Міхась сышоў з машыны. Прыемна парадавала вока балачанскае поле. Косцік стараецца. Сустрэўся з ім з радасцю».

Фота 26. Якуб Колас каля дома сябра Канстанціна Дзяткі. Ліпень 1952 года.

А колькі думак – божа мой!

Але ж не маюць яны сведак,

Плывуць дарогаю сваёй!

Як запісаць іх? Як, скажэце,

Іх улавіць хады-сляды?

Эх, думкі, думкі, мае дзеці,

Далёка час наш малады!

А колькі з’яў, малюнкаў розных

Жывуць у памяці маёй!..

                                               Якуб Колас. «Ляжу я хворы, аслабелы…»

Фота 27. Якуб Колас з сябрам Канстанцінам Дзяткам і інш. Балачанка. 1952

…Дарагая прырода! Адвечны закон жыцця! Схіляю галаву перад вамі і прашу прабачэння, што я часта вас лаю, як нецярплівы мужык.

            Якуб Колас. На схіле дзён

Фота 28. Якуб Колас, 1952 год.

Я — часовы вандроўнік, чые гадзіны адлічаны. Я — той, каму прыйшла пара сказаць: я ваш нядоўгі госць.

Надыходзіць вясна. Жыццё абуджаецца з новай сілай, а я так моцна звязаны з жыццём, што мне не хочацца пакідаць вас, мае сябры, мае лясы, мае лугі, мае рэчкі, мае крыніцы і чорнагаловыя баравікі.

Я прыйшоў у жыццё не для сябе самога – я прыйшоў дзеля Вас. Калі вам будзе добра, калі Вы (тут я разумею ўвесь комплекс жыцця) пойдзеце па праўдзівай дарозе жыцця, калі Вы будзеце мець на ўвазе не толькі сябе, але і народ, які Вас пусціў у жыццё, і калі Вы будзеце жыць народам дзеля народа, тады я скажу: няхай жа будзе шчасліва ваша дарога!

            Так гаворыць у мінуты шчырасці мікалаўскі чалавек, Якуб Колас.

                                                                                                                      Якуб Колас. Мой запавет

Фота 29. Якуб Колас у сваім рабочым кабінеце, 1952 год.

Канчаецца шлях мой, стаміўся я дужа,

Ніхто ж мне не скажа: прысядзь!

Засмейся, маршчыны разгладзь

Ды сілы, здароўя займі яшчэ, дружа!

                                               Якуб Колас. У старэчай адзіноце

            Фота 30. Якуб Колас сярод жонак беларускіх пісьменнікаў у час сяброўскай сустрэчы ў гонар яго 70-годдзя. Дом творчасці «Каралішчавічы», 1953.

            Не ведаю, папраўдзе, што сказаць:

Ці радавацца мне ці гараваць.

Прызнаны я пясняр народа,

І не адна была мне нагарода.

Бяда ж у тым, мае сябры,

Што я, браточкі, — грыб стары.

Ды ўсё ж адзначу штрых адзін —

З прыемнасцю глядзеў на балярын.

Якуб Колас. «Не ведаю, папраўдзе, што сказаць…»

            Фота 31. Якуб Колас і дзяржаўныя дзеячы на ўрадавай трыбуне ў свята кастрычніка. Якуб Колас, К. Т. Мазураў, М. В. Зімянін і інш. Мінск, пл. Цэнтральная. 1950-я гг.

          

  Фота 32, Фота 33. Якуб Колас у час застолля ў гонар замежных журналістаў. 1956 г.

            Дом і сядзібу Якуба Коласа наведвала шмат люду. Дарагімі і жаданымі гасцямі былі перш за ўсё яго калегі па пяру — беларускія пісьменнікі. Сярод іх Міхась Лынькоў і Максім Лужанін, Пятрусь Броўка і Пятро Глебка, Кандрат Крапіва і Максім Танк, Янка Маўр і Аркадзь Куляшоў, пазней больш маладыя сябры паэта: Пімен Панчанка, Іван Шамякін, Андрэй Макаёнак… Нямала вялося шчырых і задушэўных гаворак на сур’ёзныя тэмы, былі вясёлыя, жартоўныя размовы.      

Калі ў Мінск прыязджалі з нагоды розных юбілейных дат з Масквы, Ленінграда, Украіны, іншых братніх рэспублік вядомыя паэты і пісьменнікі, яны лічылі сваім абвязкам наведаць Коласа. Усе знаходзілі тут сардэчны прыём. Прыгадваюцца такія славутыя імёны, як Аляксандр Твардоўскі, Аляксандр Фадзееў, Максім Рыльскі, Аляксандр Пракофьеў, Канстанцін Сіманаў, Аляксей Суркоў, Мікалай Грыбачоў, Анатоль Сафронаў, Сяргей Міхалкоў, Алесь Ганчар, Мікалай Браўн, Марыя Камісарава, Тэрэнь Масэнка, Мікола Нагнібеда, Іван Сакалоў-Мікітаў, Міхаіл Ісакоўскі, Емяльян Букаў, Сцяпан Алейнік, пісьменнікі з Літвы, Узбекістана, Грузіі, Арменіі, Казахстана, Латвіі, Эстоніі, іншых рэспублік.

Даніла Міцкевіч. Любіць і помніць

Фота 34. Якуб Колас з Андрэем Макаёнкам у час адпачынку ў Каралішчавічах. 1952 год.

…Яго сялянская прастата і мудрасць таксама прыводзілі да таго, што чалавек адчуваў сябе перад ім вольна, проста, як са сваім. Трэба сказаць, што ён быў вельмі ўважлівы да маладых пісьменнікаў. Я помню, з якой павагай, з якой дабратой ён гаварыў пра Івана Шамякіна, пра Янку Брыля. Ён ускладваў на іх вялікія надзеі... Наогул да таленавітых людзей у яго была і ўвага, і, як бы гэта сказаць, нюх, добры нюх. І калі ўжо да чалавека праяўлялася прыхільнасць, Якуб Колас стараўся і падмагнуць. І такі чалавек ужо з-пад яго вока не выходзіў.

            З успамінаў Андрэя Макаёнка.

Фота 34а. Гурскі Ілля, Якуб Колас, Стаховіч Алесь у час адпачынку ў Доме творчасці пісьменнікаў у Каралішчавічах. 1952 год.

У 1949 годзе рашэннем Урада краіны былы паляўнічы домік старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларусі Нічыпара Наталевіча ў Каралішчавічах быў перададзены Саюзу пісьменнікаў у якасці дома адпачынку. Гэты дом з 1950 года стаў лецішчам і для Песняра. Колас адносіўся да гэтай мясціны з філасофскім спакоем і значнай доляй гумару, часам нават называў іх Камарышчавічамі і прысвячаў ім жартаўлівыя вершы.

Фота 35. Максім Танк, Якуб Колас, Герой Савецкага Саюза Фёдар Маркаў у час адпачынку на возеры Нарач. 1953 год.

Фота 36. Якуб Колас у прэзідыуме вечара, прысвечанага 70-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы. Злева направа: Луцэвіч Уладзіслава Францаўна, Твардоўскі Аляксандр Трыфанавіч, Лынькоў Міхась Ціханавіч, Якуб Колас. Мінск. 1952 год.

Мне шмат чаго відаць са ўзвышша:
Знайшоў вачамі я Пятруся —

Сядзіць, прыгнуўся, нешта піша.
А што? аб чым? сказаць баюся.

                                    Якуб Колас. З вышыні прэзідыўма

Фота 37. Якуб Колас у час адпачынку ў Доме творчасці пісьменнікаў. Каралішчавічы. 1952 год.

Я хворы. Спяшаецца сэрца
Адстукаць свой пай.
Зачыняцца ў свет мае дзверцы,
Якубе, зважай!
Прыпамятай, покі не позна,
Ці ўсё ты зрабіў…

                                    Якуб Колас. Я хворы. Спяшаецца сэрца…

            Фота 38. Кандрат Крапіва, Мікола Аўрамчык, Максім Лужанін, Якуб Колас, Алесь Стаховіч. Каралішчавічы. 1952 год.

Не спяшайся, мой Платоне,

Уляцець з бальніцы.

Мы ж тут, браце, не ў палоне,

Больш займай жывіцы.

Няхай цалкам згінуць «хрыпы»

І асядуць «роі» —

І без нас пасадзяць ліпы,

І дубкі, і хвоі.

                                               Якуб Колас. П. В. Саевічу

            Фота 39. Якуб Колас, Міхась Лынькоў і Максім Танк на возеры Нарач. 1956 год.

            У 1953 годзе і ў маі 1956 года Якуб Колас адпачываў на Нарачы, на дачы Міхася Лынькова. Міхала-адмірала, як называў яго народны паэт. Міхась Лынькоў набыў сабе кацер і з задавальненнем калыхаўся на хвалях Нарачы.

Фота 40. Якуб Колас у час адпачынку на возеры Нарач. 1956 год.

            Адно цяпер маё жаданне,

            Адзін у сэрцы клопат лёг —

            Зірнуць на край шляхоў, дарог,

            На той канец апавядання,

            Што свеціць іскрамі світання,

            Апошні ставячы парог…

                                    Якуб Колас. З паэмы «На шляхах волі»

Фота 41. Паэт на беразе возера Нарач. 1953 год.

А прырода! Колькі вялікага задавальнення дае нам яна! Бо прырода найцікавейшая кніга, якая разгорнута перад вачамі кожнага з нас. Чытаць гэту кнігу, умець адгадаць яе мнагалучныя напісы – хіба ж гэта не ёсць шчасце? Адно толькі шкада, што наша жыццё несузмерна малое для таго, каб начытацца гэтай кнігай.

            Якуб Колас. На ростанях

Фота 42.

Што ні кажы, а жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар. Ёсць важныя дзве часціны, з якіх складаецца жыццё, і яго глыбокі сэнс і хараство – чалавек і прырода.

            Якуб Колас. На ростанях

Матэрыял падрыхтавала вядучы навуковы супрацоўнік навукова-асветніцкага аддзела Iрына Казловiч