background

Заіру Азгуру - 115!

15.01.2023

Сёння адзначаецца 115-годдзе з дня нараджэння знакамітага беларускага скульптара, народнага мастака Беларусі, народнага мастака СССР, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, сапраўднага члена Акадэміі мастацтваў СССР, лаўрэата Сталінскай прэміі, Героя Сацыялістычнай Працы Заіра Ісакавіча Азгура.

Узаемаадносіны Якуба Коласа і Заіра Азгура выходзілі за межы "майстар-натуршчык".

Упершыню Заір Азгур пазнаёміўся з Якубам Коласам тады, калі быў студэнтам Віцебскага мастацкага тэхнікума. У 1924 годзе ён адправіўся разам з загадчыкам гарадскога музея Васілевічам выконваць “пачэсны і нялёгкі” заказ установы: малады скульптар павінен быў вылепіць Песняра з натуры. Азгур узгадваў: “Першая сустрэча з Якубам Коласам і работа над яго партрэтам засталіся глыбока ў маёй памяці… Ён ахвотна пазіраваў мне ў 1928 і 1939 гадах”.

1949 годзе Колас пакідае дарчы надпіс на рускамоўным выданні паэмы “Рыбакова хата” ўжо сталаму мастаку: “Дарагому Заіру Ісакавічу, “Беларускаму маэстра-скульптару”. Якуб Колас. 25.VІІ.1949 г.” У 1952 годзе святкуецца 70-годдзе класіка нацыянальнай літаратуры. З гэтай нагоды яму была падорана карціна “Нёман у ваколіцах Мікалаеўшчыны” ад сям’і мастака, якую намалявала спадарожніца жыцця Заіра Азгура Галіна Гаўрылаўна. Сёння гэтае жывапіснае палатно з’яўляецца аздобай мемарыяльнай часткі коласаўскага музея. Зрэшты, цёплыя ўзаемаадносіны сем’яў працягваліся да апошніх дзён паэта. Сведчыць пра гэта і тое, што кожнае свята Заір і Галіна Азгуры высылалі віншавальныя тэлеграмы, поўныя павагі і шчырай падзякі.

У фондах музея захоўваецца пасмяротная маска Я. Коласа і бюст жонкі Песняра Марыі Дзмітрыеўны работы З. Азгура.

 

Помнік Я.Коласу, усталяваны на аднайменнай плошчы ў Мінску, стаў сімвалам Беларусі. Як успамінаў мастак: «Мне не аднойчы даводзілася ствараць скульптурны вобраз Якуба Коласа, упершыню яшчэ ў 20-я гады. Чатыры разы ляпіў паэта з натуры. Вось чаму работу над помнікам паэту лічу завяршэннем тэмы, якая прайшла, пэўна, праз усё маё жыццё".