background

Запрашаем на новую выставу

02.04.2021

«Ёсць яшчэ людзі, сябры і сяброўкі…»: Якуб Колас і пісьменніцкае асяроддзе 40 ‒ 50-х гг.

  • Запрашаем на новую выставу
  • Запрашаем на новую выставу
  • Запрашаем на новую выставу
  • Запрашаем на новую выставу
  • Запрашаем на новую выставу
  • Запрашаем на новую выставу
  • Запрашаем на новую выставу
  • Запрашаем на новую выставу
  • Запрашаем на новую выставу
  • Запрашаем на новую выставу
  • Запрашаем на новую выставу
  • Запрашаем на новую выставу
  • Запрашаем на новую выставу
  • Запрашаем на новую выставу
  • Запрашаем на новую выставу
  • Запрашаем на новую выставу
  • Запрашаем на новую выставу
  • Запрашаем на новую выставу
  • Запрашаем на новую выставу
  • Запрашаем на новую выставу
  • Запрашаем на новую выставу
  • Запрашаем на новую выставу
  • Запрашаем на новую выставу
  • Запрашаем на новую выставу
  • Запрашаем на новую выставу
  • Запрашаем на новую выставу
  • Запрашаем на новую выставу
  • Запрашаем на новую выставу

 

Сардэчна запрашаем на новую выставу, якая доўжыцца да 8 красавіка.

Ёсць яшчэ людзі, сябры і сяброўкі,

Што ўспомняць мяне:

Танк, і Лужанін, і Глебка, і Броўка,

І Маўр зазірне.

 

Прыязным вокам Кандрат непаўторны

Акіне мой дом,

Лынь, у машыне агледзеўшы шворны,

Прымчыцца арлом.

 

Выгляд мой будзе, нібы маладзею

Дзясяткаў на два,

Быццам бы старасць, мае дабрадзеі,

Мне — тфу! трын-трава.

 

Эхе-хе, братцы! Цішком жа з сабою

Я горка ўздыхну —

Мала ўжо ходу і мала развою,

А чарку кульну.

Якуб Колас. 66

Кола кантактаў Якуба Коласа (Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча) надзвычай шырокае. Гэта тлумачыцца, вядома, у першую чаргу статусам дзяржаўна значнай і ўплывовай асобы, шэрагам адказных пасад, наяўнасцю пэўнай колькасці безумоўна заслужаных высокіх званняў і ўзнагарод. Народны паэт Беларусі, віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук БССР, Заслужаны дзеяч навукі БССР, член праўлення Саюза савеціх пісьменнікаў, дэпутат СССР і БССР, член Камітэта па Дзяржаўных прэміях у галіне літаратуры і мастацтва СССР, віцэ-старшыня Усеславянскага антыфашысцкага камітэта, старшыня Беларускага і членам Савецкага камітэта абароны міру. Нідзе ўдзел Я. Коласа не быў фармальным, займаўся ён як праблемамі асобных грамадзян, так і паслядоўна адстойваў нацыянальныя інтарэсы беларусаў. Узнагароджаны пяццю Ордэнамі Леніна, Ордэнам Чырвонага сцяга, Ордэнам Працоўнага Чырвонага сцяга, медалямі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1946, за вершы ваеннага часу; 1949, за паэму «Рыбакова хата»).

Кожны чалавек раскрываецца ў зносінах. Акружэнне Якуба Коласа ― гэта сябры, знаёмыя, калегі па пяру, супрацоўнікі, проста людзі, з якімі Колас сустракаўся як дэпутат, лісты ад якіх ішлі з усіх куточкаў нашай краіны і з замежжа, дзе воляю лёса апынуліся землякі і па розных прычынах прасілі дапамогі, і якім ён дапамагаў.

Да таго ж, са шматлікіх успамінаў родных і блізкіх, з творчасці самога Коласа мы можам зразумець, што ён быў чалавекам мудрым, шчырым, чэсным, добразычлівым, вельмі гасцінным, а асабістыя якасці чалавека, безумоўна, маюць не меншае значэння для фарміравання яго акружэння.

У выстаўцы «Ёсць яшчэ людзі, сябры і сяброўкі…» мы не ставілі за мэту з навуковай дакладнасцю класіфікаваць і апісаць акружэнне народнага паэта, а засяродзіліся на пэўных асобах, з якімі Коласа лучылі асабліва цёплыя сяброўскія адносіны, і не маглі абыйсці ўвагаю пісьменнікаў-юбіляраў. У бягучым 2021 годзе споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна, 125 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы, 100 гадоў народнаму пісьменніку Івану Мележу, 135 гадоў споўніцца выдатнаму пісьменніку Змітраку Бядулю, а ў наступным годзе нас чакае 110-гадовы юбілей народнага паэта Максіма Танка, якога Колас любіў, як сына… Часавы перыяд абмежаваны 40 ‒ 50-і гг. ХХ ст.

Даніла Канстанцінавіч Міцкевіч, старэйшы сын Якуба Коласа і першы дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа у сваёй кнізе ўспамінаў пра бацьку «Любіць і помніць» пісаў: «Дом i сядзiбу Якуба Коласа наведвала шмат люду. Дарагiмi i жаданымi гасцямi былi перш за ўсё яго калегi па пяру – беларускiя пiсьменнiкi. Сярод iх Мiхась Лынькоў i Максiм Лужанiн, Пятрусь Броўка i Пятро Глебка, Кандрат Крапiва i Максiм Танк, Янка Маўр i Аркадзь Куляшоў; пазней – больш маладыя сябры паэта: Пiмен Панчанка, Iван Шамякiн, Андрэй Макаёнак... Нямала вялося шчырых i задушэўных гаворак на сур'ёзныя тэмы, былi i вясёлыя, жартоўныя размовы.

М. Лынькоў, К. Крапіва, Д. Міцкевіч, І. Шамякін падчас адкрыцця мемарыяльнай дошкі на будынку галоўнага корпусу АН БССР. 1969

Калi ў Мiнск прыязджалi з нагоды розных юбiлейных дат з Масквы, Ленiнграда, Украiны, iншых братнiх рэспублiк вядомыя паэты i пiсьменнiкi, яны лiчылi сваiм абавязкам наведаць Коласа. Усе знаходзiлi тут сардэчны прыём. Прыгадваюцца такiя славутыя iмёны, як Аляксандр Твардоўскi, Аляксандр Фадзееў, Максiм Рыльскi, Аляксандр Пракоф'еў, Канстанцiн Сiманаў, Аляксей Суркоў, Мiкалай Грыбачоў, Анатоль Сафронаў, Сяргей Мiхалкоў, Алесь Ганчар, Мiкалай Браўн, Марыя Камiсарава, Тэрэнь Масэнка, Мiкола Нагнiбеда, Iван Сакалоў-Мiкiтаў, Мiхаiл Iсакоўскi, Емяльян Букаў, Сцяпан Алейнiк, пiсьменнiкi з Лiтвы, Узбекiстана, Грузii, Арменii, Казахстана, Латвii, Эстонii, iншых рэспублiк».

Кандрат Крапіва

Крапіва (сапр. Атраховіч) Кандрат Кандратавіч (05.03.1896 ‒ 07.01.1991) — беларускі драматург, паэт, празаік, вучоны. Народны пісьменнік Беларусі (1956), акадэмік АН Беларусі, доктар філалагічных навук, у 1956 ‒ 1982 гг. — віцэ-прэзідэнт АН Беларусі.

Якуба Коласа віншуюць з 65-годдзем беларускія пісьменнікі (сярод іншых М. Танк, П. Броўка, М. Лужанін, К. Крапіва, М. Лынькоў, ). 1947

Літаратурную дзейнасць пачаў у 1922 годзе. Творы пераважна гумарыстычнага і сатырычнага плана. Асабліва плённа працаваў у жанры байкі. Пісаў таксама сатырычна-гумарыстычныя паэмы, апавяданні, п’есы.

У зборніку артыкулаў аб жыцці і дзейнасці Якуба Коласа «Вялікі пясняр беларускага народа» змешчаны артыкул К. Крапівы «Жыццё і творчасць народнага паэта Беларусі Якуба Коласа».

Адносіны з Якубам Коласам былі сяброўскія, але ж К. Крапіва адносіўся да яго як да «старэйшага сябра і настаўніка» — назва яго ўспамінаў.

Упершыню Крапіва ўбачыў Коласа ў 1926 годзе, калі адзначалася 20-годдзе літаратурнай дзейнасці апошняга. Але блізкіх сувязей у той час не было: пісьменнікі знаходзіліся ў розных творчых арганізацыях. К. Крапіва — у «Маладняку», пасля ва «Узвышшы», Якуб Колас — у «Полымі».

Часцей сталі сустракацца, калі быў створаны адзіны Саюз савецкіх пісьменнікаў. У час вайны ў канцы 1942 года К. Крапіва сумесна са старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета Наталевічам прыехалі ў Ташкент. Яны прывезлі Коласу прывітанне ў сувязі з яго 60-годдзем ад ЦК, ад урада Беларусі, ад беларускіх пісьменнікаў, што жылі тады ў Маскве. Крапіва выступіў там з дакладам аб жыцці і творчасці Якуба Коласа.

У час вайны паміж імі вялася перапіска, у фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа захоўваюцца лісты (1942, 1943 гг.).

Часцей яны сустракаліся пасля вайны, па акадэмічных справах: Я. Колас быў віцэ-прэзідэнтам АН БССР, К. Крапіва — дырэктар Інстытута мовазнаўства, калі працавалі над укладаннем беларускага правапісу, над складаннем «Руска-беларускага слоўніка».

К. Крапіва сумесна рэдагаваў з Я. Коласам, П. Глебкам «Беларуска-рускі слоўнік», «Руска-беларускі слоўнік».

«Якуб Колас заўсёды ўважліва адносіўся, рабіў слушныя заўвагі, даваў мудрыя парады, якія дапамагалі нам у працы».

Часцей заходзіў К. Крапіва да Якуба Коласа з іншымі пісьменнікамі: П. Глебкам, П. Броўкам, М. Лыньковым. «Сустрэча адбывалася альбо ў садзе, альбо ў доме Канстанціна Міхайлавіча. …Ён заўсёды клапатліва адносіўся, уважліва сачыў за тым, як растуць маладыя, пачынаючыя, дапамагаў ім сваімі парадамі. Часамі Канстанцін Міхайлавіч чытаў новы верш або расказваў якое-небудзь здарэнне з багатага ўласнага жыцця.

Мы ўсе з вялікай павагай ставіліся да Якуба Коласа. Ён для нас быў не толькі як старэйшы сябар, але і як настаўнік. Мы вучыліся ў яго. Не толькі пераймалі — перш за ўсё вучыліся пазнаваць людзей, іх узаемаадносіны. І гэта нам дапамагала ў нашай творчасці…»

Сяброўская сустрэча ў гонар 70-годдзя Я. Коласа. Т. Хадкевіч, К. Крапіва, П. Броўка, М. Лынькоў, І. Гурскі, А. Якімовіч і інш. Каралішчавічы, 1953

Міхась Лынькоў

Міхаіл Ціханавіч Лынькоў (30.11.1899 ‒ 21.09.1975) — беларускі празаік, крытык, літаратуразнаец, грамадскі дзеяч, акадэмік, народны пісьменнік Беларусі (1962). Друкаваўся з 1919 года. Моцны ўплыў на творчасць М. Лынькова зрабілі рамантычныя стылёва-выяўленчыя традыцыі рускай савецкай літаратуры.

Выйшлі зборнікі прозы «Апавяданні», «Гой», «Андрэй Лятун», «Астап», «Апошні зверыядавец» (аповесць), «За акіянам» (нататкі, апавяданні, нарысы), раман «На чырвоных лядах» (1934) і раман-эпапея ў 4 кнігах «Векапомныя дні» (1958, 1969) і інш.

Для дзяцей выдадзены кнігі «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў», «Міколка-паравоз», «Янка-парашутыст», «Ядвісін дуб» і інш.

М. Лынькову належаць літаратуразнаўчыя працы «Беларуская літаратура за 30 год» (на беларускай і рускай мовах), «Якуб Колас» (1952), «Летапіс эпохі: Беларускай савецкай літаратуры пяцьдзесят год» (1968), зборнік артыкулаў «Літаратура і жыццё», кніга «Публіцыстыка».

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы М. Горкага, М. Ціханава і інш.

Сяброўства Я. Коласа і М. Лынькова вельмі даўняе. З успамінаў М. Лынькова: «З Якубам Коласам я ўпершыню пазнаёміўся ў самым пачатку 30-х гадоў, калі пераехаў з Бабруйска ў Мінск. Працуючы гады са два ў Дзяржаўным выдавецтве і прымаючы блізкі ўдзел у штодзённых справах літаратурнай арганізацыі БелАПП, я меў магчымасць вельмі часта сустракацца з народным паэтам, галоўным чынам у сувязі з падрыхтоўкай да друку тых ці іншых твораў паэта…

Даведаўшыся, што я выйшаў з вясковых настаўнікаў, што таксама скончыў некалі настаўніцкую семінарыю, Якуб Колас неяк бліжэй зацікавіўся маёй асобай. У час выпадковых сустрэч у Дзяржаўным выдавецтве ён распытваў мяне аб маёй колішняй настаўніцкай працы, аб семінарскай вучобе, аб семінарскіх выкладчыках…

З уласцівым яму гумарам расказваў Колас шматлікія эпізоды са сваёй настаўніцкай працы на Палессі: як ён сутыкаўся з папамі, з рознымі чынамі царскай адміністрацыі, з панскімі ўпраўляючымі і г. д.

Быў я ў той час пачынаючым пісьменнікам, а таму і сустрэчы з народным паэтам, гутаркі з ім, нават па самых нязначных пытаннях, былі для мяне вялікімі падзеямі у маім асабістым жыцці. Я глядзеў яшчэ на кожнага вядомага пісьменніка як на вельмі рэдкую з’яву, тым больш на такога пісьменніка, які пісаў і публікаваў свае творы яшчэ да рэвалюцыі ды за гэтыя творы адсядзеў у турме некалькі гадоў.

Чалавек выключнай маральнай чысціні і прынцыповасці, Якуб Колас быў прыкладным сем’янінам…»

Яднала іх і творчае сяброўства, сумесныя паездкі ў складзе дэлегацый на розныя ўрачыстасці за межы рэспублікі: Украіна, Расія. Яны часта сустракаліся і ў час вайны. У кожны прыезд песняра ў Маскву з Ташкента яны сустракаліся ў гасцініцы «Масква», дзе звычайна спыняўся Якуб Колас. Там жа ў вузкім коле сяброў адзначалася 60-годдзе Якуба Коласа.У фондах музея захоўваецца шмат фотаздымкаў, дзе яны разам.

А пасля вайны яны сустракаліся вельмі часта, сябравалі.

З успамінаў М. Лынькова: «Для многіх з нас — і маладых, і пісьменнікаў больш старэйшага пакалення — Канстанцін Міхайлавіч быў старшым таварышам, надзейным другам і слаўным настаўнікам. Ён чытаў нашы творы, цярпліва крытыкаваў іх. Крытыкаваў і афіцыйна, у друку, у выступленнях, крытыкаваў і адзін на адзін — у гутарках, у таварыскіх пісьмах…

Крытыкаваў ён і некаторыя мае кнігі, скажам, раман “На чырвоных лядах”. Гаварыў і аб рыхласці кампазіцыі, і злоўжыванні многімі дыялектызмамі, неабгрунтаванасці ўчынкаў паасобных герояў і г. д.».

Вось адзін з лістоў Я. Коласа да М. Лынькова:

«Дарагі Міхал!

Прачытаў “Векапомныя дні”. Аб іх хачу пагутарыць з табою, не выносячы крытычных заўваг на шырокае поле, у друк.

Раман “Векапомныя дні” — мастацкі твор, вялікі па свайму дыяпазону, шырокі па ахопу жыцця. У ім шмат высокамастацкіх мясцін, добрых апісанняў, трапных паасобных сцэн, удалых характарыстык, шмат персанажаў і г. д. Хацелася б, каб раман стаў “векапомным раманам”. Вось чаму мне хочацца, каб аўтар уважна сам перачытаў тое, што ўжо напісана, і зрабіў рэдактарска-стылістычную праўку».

Гэту крытыку аўтар прызнаў поўнасцю. І не было ніякіх падстаў ні быць незадаволеным, ні тым больш — гневацца. Гэта былі добрыя, удумлівыя парады, якія ішлі ад самага шчырага сэрца старэйшага таварыша, прызнанага настаўніка. У сваіх успамінах Міхал Ціханавіч распавядае пра іхняе сяброўства, якое доўжылася да апошніх дзён жыцця паэта, пра паездкі песняра на возера Нарач.

Я. Колас, М. Лынькоў, М. Лужанін. Нарач, 1956

«Канстанцін Міхайлавіч любіў пасядзець на беразе ля цяпельца. Прыслухоўваючыся да ціхага шолаху хваль ці да шумлівага прыбою, ён расказваў нам шматлікія гісторыі са свайго багатага жыцця. Гутарка зацягвалася. На прыбярэжны лес паволі апускалася сонца…

Колас маўчыць яшчэ колькі хвілін. Ён у глыбокім задуменні, у стане зачаравання. Згушчае наваколныя змрокі полымя цяпельца. Яго водбліскі трапечуцца на твары паэта. Вось ён урэшце ўздыхне, загаворыць:

        — А мы шукаем часам красу і не бачым яе… Дзівакі, ездзім за гэтай красой ліха ведае куды, а не заўважаем, што яна паблізу нас, побач з намі…

        Апошні раз Канстанцін Міхайлавіч наведаў Нарач у канцы ліпеня 1956 года. Ён прабыў у нас тады ўсяго некалькі дзён…»

        У музеі паэта захоўваецца некалькі дзясяткаў лістоў М. Ц. Лынькова да паэта, а таксама шэраг віншавальных тэлеграм.

К. Крапіва,П. Броўка, Я. Колас, А. Куляшоў, М. Танк. Масква, 1948

Пятрусь Броўка

        Пётр Усцінавіч Броўка (1905 - 1980) — беларускі паэт, празаік, перакладчык, грамадскі дзеяч. Народны паэт БССР (1962), Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР (1975), Ганаровы грамадзянін г. Мінска (1980).

        Першае завочнае знаёмства П. Броўкі з Якубам Коласам адбылося яшчэ ў дзяцінстве, калі пачаў чытаць творы: «Малым, калі прачытаў “Тоўстае палена” Якуба Коласа, я быў захоплены гэтай кніжкаю, так і ў нашай вёсцы. А хіба я мог думаць, што ў жыцці здзейсніцца нават нечаканае для мяне. Хіба я мог уявіць, што прыйдзе такі час, калі я буду часта бачыць, слухаць любімага пісьменніка і нават стану блізкім да яго».

        Пазней, у 30-я гг. Пётр Усцінавіч пазнаёміўся асабіста з Якубам Коласам. Іх знаёмства перарасло ў сямейнае сяброўства, якое доўжылася да апошніх гадоў жыцця Коласа. Перапіска паміж імі пачалася падчас Вялікай Айчыннай вайны і працягвалася таксама да самай смерці народнага паэта. Падчас адпачынкаў, нейкіх іншых цікавых вандровак яны пісалі адзін аднаму лісты. Усяго ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа захоўваецца 42 лісты Якуба Коласа да Петруся Броўкі, верш-прысвячэнне «У сабачым вусе». У лістах гаворка вялася і па справах, і пра асабістае.

        З лістоў Якуба Коласа да Петруся Броўкі:

        21.11.1942. «…Сяк-так жыву сёмы дзясятак. У хуткім часе чакаю гасцей з Масквы — прыедуць на сесію Акадэміі. Я працаваў над дакладам для гэтай сесіі. Цяпер яшчэ трэба пісаць другі даклад да пленума пісьменнікаў у Ташкенце. Так у дакладах і праходзіць час. У кастрычніку напісаў паэму… Можа трапіць і табе ў рукі — пачытай. Паэма называецца “Суд у лесе”… Прывітанне ад маіх. Жыву думкаю — па зіме заварочваць аглоблі ў бок Масквы. Цяжка жыць далёка ад вас. Ужо кліча зямля маё цела, родная зямля».

        30.03.1943. «Напісаў у “Савецкую Беларусь” артыкул “Здраднікі”, напісаў адзін верш з ліку такіх, што пры жыцці ў друк не трапляюць. Быў такі настрой і напісаў. Думаю напісаць яшчэ адзін раздзел у паэму “Суд у лесе”, а потым узяцца за аповесць, пачатую яшчэ летась. Таксама гадаю і аб пераездзе бліжэй да вас, мае дарагія сябры. Што ж чуваць у вас там? Як здароўе? Што парабляеш? Эх, збыць бы хутчэй наша ўсенароднае гора ды вярнуцца б на свае спаленыя, разбураныя котлішчы, забіўшы асінавы кол на магіле нямецкіх забойцаў!»

        11.06.1947. «Я, Пятрунька, многа прапакутаваў за гэты час у сувязі з тым, што доўгі час не было дажджу, што на полі ўсё гарэла, збажына і трава. З гэтага поваду нават напісаў верш “З майго летапісу”. Прачытаеш ды памяркуеш — можа пусціць яго ў “Полымя”. Зараз пайшлі дажджы. Цяпер у мяне на сэрцы спакайней: дажджы направяць і нівы, і сенажаці, і мы будзем з хлебам».

        Захоўваюцца ў фондах музея і лісты П. Броўкі да Якуба Коласа (усяго 20 лістоў). Першы ліст датуецца 1.09.1941, апошні 10.06.1953.

        4.09.1942. «…Страшна баліць сэрца, як успомню пра сваю маці. Чамусьці яна стала сніцца мне з ночы ў ноч. А як прыгадаю родныя мясціны, проста не знаходжу сабе месца. …Дарагі мой дзядзька Якуб! Будзем верыць, што яшчэ доўга паходзім па роднай зямлі. Вельмі цяжка без яе… А зводка ўсё благая і благая. Чакаў я чакаў другога фронта, і ноччу ўсхопліваўся, бег да радыё, і зняверыўся. Калі ж гэта нарэшце нашы саюзнікі надумаюць па-сапраўднаму біць Гітлера. Пара ўжо!»

        30.09.1941. «… Просім мы, каб Вы сталі сталым супрацоўнікам нашай роднай газеты “За Савецкую Беларусь”. Прысылайце нам усё, што можаце. Нашы сябры, якія змагаюцца з ворагам на радзіме, прачытаюць і не раз успомняць Вас добрым словам. Ведаючы Вашу акуратнасць, мы спадзяемся, што хутка атрымаем ад Вас усё, што можна. Напішыце і прозай зварот да беларускіх партызанаў».

        У зборніках матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці Якуба Коласа «Жыццё для народа» (Мн., 1962) і «У сэрцы народным» (Мн., 1967) змешчаны вершы П. Броўкі, прысвечаныя народнаму паэту.

 

Якубу Коласу

                                               Нам цяжкая пара,

                                               Час трывожны, нягожы.

                                               Гора, болю ў грудзях,

                                               Помсты гнеўнае шмат.

                                               Ходзіць сэрца тваё

                                               Па-над Нёманам, Сожам,

                                               Плачуць вочы

                                               Над попелам спаленых хат.

                                               Бачыш, маці брыдзе

                                               З абяздоленым сынам,

                                               Загарнуўшы дзіця

                                               Ў абгарэлы прыпол.

                                               ……………………….

                                               Гэта клічаш змагацца

                                               Ты, любімы наш Колас,

                                               І сыны адгукаюцца

                                               Грозна ў барах…

                                                                          

Якубу Коласу

                                      Твой сад густы, расцвіўшы і высокі,

                                      Там шум паэм і песень даўніх сказ…

                                      Я піў не раз іскрыстыя іх сокі,

                                      З крыніц жывых напіўся я не раз.

                                      …………………………………….

                                      Твой сад цвіце ў радаснай краіне,

                                      Ягоны шум прасторамі звініць…

                                      І доўга будзеш ты пад небам сінім

                                      Ісці, спяваць, паэт, і жыць, і жыць!

Удзельнікі ІІІ з’езда СП БССР – А. Пракоф’еў, К. Сіманаў, С. Міхалкоў, Я. Колас, Х. Гулям, П. Броўка, К. Крапіва, І. Шамякін у Каралішчавічах. 1954

Верш Якуба Коласа, прысвечаны Петрусю Броўку:

 

Петрусю Броўку

                                                                  Да пяцідзесяцігоддзя

                                               Азірнёмся, Пятруська, назад —

                                               Колькі кветак пасохла ў пракосе!

                                               І чаго, эх, чаго толькі, брат,

                                               Перажыць, перачуць не прыйшлося!

                                               ……………………………..

                                               Дык закасвай, Пятрусь, рукавы —

                                               Папацець яшчэ трэба нямала,

                                               Каб на голас прызыўны, жывы

                                               Песня дружбы, як гром, бушавала!

 

 

Пятро Глебка

 

        Глебка Пётр Фёдаравіч (1905 ‒ 1969) — беларускі паэт, драматург, перакладчык, грамадскі дзеяч. Акадэмік АН Беларускай ССР (1957, член-карэспандэнт з 1950). Член Саюза пісьменнікаў СССР (1934).

        Скончыў уздзенскую сямігодку, вучыўся ў Белпедтэхнікуме (1923 ‒ 1927) гг. Там пазнаёміўся з П. Трусам і М. Лужаніным.

        Пачынаў як тыповы маладняковец  — з «маладняцкім задорам», са «стальной» верай у «залатое ранне» краіны. З пераходам П. Глебкі ў 1926 у літаратурна-мастацкае аб’яднанне «Узвышша» мяняецца яго творчая манера. Яна становіцца больш стрыманай, рэфлексійна-разважлівай, псіхалагічна-паглыбленай.

            У гады Вялікай Айчыннай вайны пад псеўданімам Язэп Касіла друкаваў сатырычныя творы ў газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну» і ў «Партызанскай дубінцы». У 1943 ‒ 1945 рэдактар выдавецтва ЦК КП(б)Б «Савецкая Беларусь», галоўны рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР у Маскве.

З 1945 года працаваў у Інстытуце літаратуры, мовы і мастацтва Акадэміі навук Беларускай ССР, узначальваў групу па складанні «Руска-беларускага слоўніка» (1953). У 1952 – 1956 гадах кіраваў сектарам лексікаграфіі, з 1957 года – дырэктар Інстытута мовазнаўства. У 1957 – 1969 гадах Глебка ўзначальваў інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларускай ССР. У 1966 – 1969 гадах — акадэмік-сакратар Аддзялення грамадскіх навук Акадэміі навук Беларускай ССР.

Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР у 1955 ‒ 1967 гадах. Удзельнічаў у рабоце сесій Генеральнай Асамблеі ААН (1955, 1956, 1957, 1964).

Знаёмства Якуба Коласа з Петрусём Глебкам было вельмі даўняе, з часоў юнацтва П. Глебкі, калі ён быў маладым паэтам. Затым гэта знаёмства перарасло ў сяброўства. Пра гэта сведчыць перапіска, дзённікавыя запісы Якуба Коласа, вершы-прысвячэнні, дарчыя надпісы, падарункі.

З ліста П. Глебкі да Я. Коласа ад 3.02.1942: «Я пішу Вам, дарагі Канстанцін Міхайлавіч, бо размова з Вамі — адзіная мая ўцеха і радасць…»

І Пятра Глебку, і Петруся Броўку Колас паважаў і любіў, і жартоўна называў мае Петрусі.

Петрусям

Броўку і Глебку

Я люблю Беларусь,

Як здароўе, дабро.

Ёсць у ёй і Пятрусь,

Ёсць у ёй і Пятро

Мог бы шмат налічыць

Беларускіх дароў.

Аб іх слава гучыць

Ужо многа вякоў.

І нарэшце такі

І да вас, Петрукі,

Завітала слава.

Рухам дзеўчай рукі

Да ілба, да шчакі

Дакранулася лёгка, ласкава.

І сказала яна:

«Я кахання паўна

Да вас, хлопцы-паэты.

Пакахала я вас,

І на доўгі час, —

Будзьце ж мною навекі сагрэты!»

                                               Якуб Колас

М. Танк, Я. Колас, Герой Савецкага Саюза Ф. Маркаў у час адпачынку на возеры Нарач. 1953 год.

Максім Танк

Максім Танк (сапр. Яўген Іванавіч Скурко, 1912 ‒ 1995) — беларускі паэт, грамадскі дзеяч. Народны паэт Беларусі (1968), акадэмік АН Беларусі (1972).

Яго паэзіі ўласцівы інтэлектуалізм; шырокамаштабнасць, найноўшыя мастацкія формы і сродкі, багацце вобразнай, рытміка-меладычнай (верш сілаба-танічны, танічны, дольнік, верлібр), страфічнай (тэрцэт, катрэн, санет і інш.) арганізацыі верша. Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. Пушкіна, А. Міцкевіча, У. Маякоўскага і інш.

Завочнае знаёмства з Якубам Коласам адбылося ў 1937 ці 1938 годзе, калі Танк даслаў яму свой зборнік вершаў. Сын класіка Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч успамінае, што ўважліва прачытаўшы выданне, Колас сказаў: «Гэта сапраўдны сын беларускай зямлі!» Пазней у лісце да Гарадзецкага, які датуецца 16.10.1939 г., піша: «Он — поэт огромного дарования». Адзначаў Колас і майстэрства Танка як перакладчыка.

У складзе пісьменніцкіх груп калегі па пяры прымалі ўдзел у Рэспубліканскіх сходах, з’ездах, нарадах. Былі сумесныя паездкі ў Маскву, Ленінград. Гэтыя сустрэчы перараслі ў шчырае сяброўства. Максм Танк быў жаданым госцем у доме Коласа. А за некалькі тыдняў да смерці Канстанціна Міхайлавіча адбылася сяброўская сустрэча на Нарачы. Пра гэта нам сведчаць аматарскія фотаздымкі Міхася Лынькова, зробленыя ў ліпені 1956 года.

Сяброўства Танка працягвалася з сям’ёй класіка і пасля яго смерці. На тытульным лісце зборніка вершаў «След бліскавіцы» чытаем: «На добрыя ўспаміны аб нашых нарачанскіх сустрэчах дарагому Данілу Канстанцінавічу Міцкевічу. Максім Танк. Мінск 10/ ХІІ.57 г.».

Дарчы надпіс М. Танка Якубу Коласу на сваёй кнізе «Выбраныя творы» (1952):

Дарагому і любімаму Настаўніку

Канстанціну Міхайлавічу Коласу

…Сягоння сонцам даль шляхоў азорана,

Але заўжды я помню голас Твой,

Што над далёкімі вілейскімі азёрамі

Прыйшоў за хлопцам-пастухом, за мной.

                                               Максім Танк

Мінск. 6.07.1952 г.

 

Такія звароты, як Настаўнік, Бацька, Пясняр, Танк заўсёды пісаў з вялікай літары.

У кнізе «Праз вогненны небасхіл» на адваротным баку тытульнага ліста напісаны верш рукой Максіма Танка ў якасці прысвячэння класіку:

 

Дарагому і паважанаму Настаўніку

Якубу Коласу

Тады ў мяне быў свет не большы выгана,

Дзе лапці плёў я, пасучы кароў,

Дзе кнігаўкі ўздымаліся над выгарам,

Спалоханыя крыкам пастухоў.

                                     Тады звісала з плечаў торба зрэбная,

                                     Чужыя літары вучыўся я складаць,

І ў школе, і ў жыцці быў безпатрэбным я,—

                                      Пра што не раз хацеў табе пісаць.

Але стрымала мяне пошта дальняя,

Мяжа-граніца, а перад усім

Я не асмеліўся пасланне прывітальнае

Слаць з асабістым клопатам сваім.

                                      Тым больш табе ўсё гэта было ведама,

                                      Аб чым дазнаўся я, чытаючы лісты

                                      Тваіх паэм, якія нас наведалі,

                                      Прайшоўшы праз калючыя драты.

Я ўслухаўся ў сугучча непаўторнае,

Загледзеўся ў ззянне струн Тваіх, —

І хлынулі на вочы ліўні зорныя,

І гром напомніў музыкай мой слых…

 

Верш-прысвячэнне Максіму Танку ад Якуба Коласа:

 

Максіму Танку

Экспромтам

Максіма, па прозвішчу Танка,

Забыць я ніяк не магу:

Паэзія светлага ранку

І нашай зямлі калыханка

Квітнее ў яго мурагу.

 

Мурог! Ды што за травіца!

І шоўк у ёй мяккі, і лён,

І вечная наша крыніца

З гаючай жывіцай-вадзіцай

Ад бацькаўскіх, дзедаўскіх дзён!

 

Нясі ж ты, мой дружа, народу

Жывучасць, гаючасць зямлі,

І песні складай пра свабоду,

І больш паддавай ты ёй ходу,

Каб мы к нашым святам прыйшлі.

 

Я. Колас сярод удзельнікаў 1 Рэспубліканскай нарады маладых пісьменнікаў Беларусі Побач Э. Валасевіч, А. Васілевіч, Я. Маўр, П. Броўка, П. Глебка, А. Вялюгін, А. Макаёнак, М. Аўрамчык, І. Шамякін, М. Лужанін, П. Панчанка, Я. Брыль і інш.

А. Пракоф’еў, К. Крапіва, Я. Колас, П. Броўка ў прэзідыуме Рэспубліканскага сходу беларускіх пісьменнікаў. Мінск, 1948

Удзельнікі ІІІ з’езда СП БССР – А. Пракоф’еў, К. Сіманаў, С. Міхалкоў, Я. Колас, Х. Гулям, П. Броўка, К. Крапіва, І. Шамякін у Каралішчавічах. 1954

І. Шамякін, К. Буйло, П. Броўка, А. Пракоф’еў, Я. Колас, і інш. Падчас ІІІ з’езду пісьменнікаў БССР. Мінск, 1954

Сяброўская сустрэча ў гонар 70-годдзя Я. Коласа: І. Мележ, Л. Мележ, А. Бачыла. Каралішчавічы, 1953

Сяброўская сустрэча ў гонар 70-годдзя Я. Коласа: П. Глебка, Я. Брыль, А. Бачыла, М. Машара, жонкі пісьменнікаў. Каралішчавічы, 1953

М. Танк, Я. Колас, Герой Савецкага Саюза Ф. Маркаў у час адпачынку на возеры Нарач. 1953 год.

П. Глебка, К. Крапіва, І. Шамякін і ўзбекскія пісьменнікі на адкрыцці філіяла Літаратурнага музея Якуба Коласа. 1967

Беларускія пісьменнікі з кіраўнікамі ўрада рэспублікі. У першым радзе – П. Броўка, М. Патолічаў, Я. Колас, К. Крапіва; у другім радзе – М. Танк, М. Баскакаў, П. Абрасімаў, М. Лынькоў, А. Куляшоў. 1956

Сяброўская сустрэча ў гонар 70-годдзя Я. Коласа: Я. Колас, Э. Агняцвет, К. Буйло. Каралішчавічы, 1953

Я. Колас, П. Броўка, П. Глебка, К. Крапіва, І. Шамякін у прэзідыуме  VI Рэспубліканскай нарады маладых пісьменнікаў. Мінск, 1955

Я. Колас і З. Бядуля. Масква, 1939

Удзельнікі дэкады беларускай літаратуры і мастацтва сярод рабочых Маскоўскага аўтамабільнага завода. 1940

П. Броўка, Я. Колас, А. Ільінскі, І. Шамякін на ХХІ з’ездзе КПБ. 1954