background

50 імгненняў жыцця

09.06.2022

У музеі адбылося ўрачыстае адкрыццё часовай экспазіцыі «50 імгненняў: фоталетапіс жыцця Народнага паэта Беларусі Якуба Коласа», прымеркаванай да юбілея песняра.

  • 50 імгненняў жыцця

Жыццё кожнага чалавека складаецца з мільёнаў мімалётных імгненняў, якія з кожнай хвілінай знікаюць, застаюцца ў мінулым і ўжо больш ніколі не вернуцца. Захаваць іх можа наша памяць, а яшчэ фотаздымак. Кожны здымак з’яўляецца ўнікальным і непаўторным. Ён дае нам магчымасць зазірнуць у мінулае і ўбачыць вобраз былога.

На фотавыстаўцы прадстаўлены 50 імгненняў з жыцця класіка беларускай літаратуры, Народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. 50 фотапартрэтаў беларускага песняра складуць яго фоталетапіс – пачынаючы ад першага вядомага нам здымка Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча (Якуба Коласа), які быў зроблены ў 1901 годзе ў Нясвіжы, і заканчваючы фотаздымкам 1956 года, апошняга года жыцця пісьменніка.

Імгненні жыцця Народнага паэта Беларусі Якуба Коласа трапілі ў аб’ектыў розных вядомых фатографаў, сярод якіх неабходна адзначыць Генрыха Фрыда, Рыгора Міхайлавіча Вайля, Майсея Саламонавіча Напельбаума, Зянона Станіслававіча Паўлоўскага, Іллю Навумавіча Берліна, Яўгена Паўлавіча Рапасава, Уладзіміра Якаўлевіча Кітаса, Міхаіла Іванавіча Савіна, Георгія Канстанцінавіча Бугаенку, а таксама фотааматараў – беларускага пісьменніка, сябра Якуба Коласа Міхася Ціханавіча Лынькова і малодшага сына песняра Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча.

Якуб Колас не толькі знакаміты беларускі пісьменнік, навукоўца, грамадскі і дзяржаўны дзеяч, але яшчэ і мудры філосаф, якога заўсёды хвалявалі адвечныя пытанні дабра і зла, праўды, волі, справядлівасці, сэнсу і мэты чалавечага жыцця. Філасофскія выказванні пісьменніка, многія з якіх сталі «крылатымі», дапаўняюць вобраз Народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.

Шчыра запрашаем!