background

“…Чаго варты стары Талаш?”

09.02.2024

 

лагатып
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа

Мемарыяльны музей-майстэрня Заіра Азгура

Дом-музей дзеда Талаша

Прэс-рэліз

“…Чаго варты стары Талаш?”

Часовая экспазіцыя з фондаў музея

 

13 лютага 2024 года ў 17.30 у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа пачне сваю працу часовая экспазіцыя з фондаў музея “…Чаго варты стары Талаш?”, прымеркаваная да 90-годдзя выхаду з друку аповесці Якуба Коласа “Дрыгва” і 180-годдзя з дня нараджэння В. І. Талаша.

 “Летам 1932 г. была наладжана экспедыцыя трох Акадэмій навук – Усесаюзнай, Украінскай і Беларускай для шырокага навуковага вывучэння паўднёвых раёнаў Савецкага Палесся. Расказ старога партызана аб яго баявой дзейнасці сумеснай з Чырвонай Арміяй быў перададзены мне. Расказ гэты мяне дужа зацікавіў, і я палажыў яго ў аснову сваёй аповесці “Дрыгва”, – так піша сам Якуб Колас пра гісторыю напісання аповесці.

Прататыпам галоўнага героя аповесці з’яўляецца рэальны персанаж – Васіль Ісакавіч Талаш, актыўны ўдзельнік партызанскага  руху ў час савецка-польскай вайны, які ў гэтым годзе адзначыў бы 180-гадовы юбілей. Васіль Ісакавіч быў асабіста знаёмы з Якубам Коласам і Заірам Азгурам.

Аповесць Якуба Коласа “Дрыгва” – адзін з самых знакамітых твораў беларускай літаратуры, упершыню была апублікавана ў 1934 годзе, была перакладзена на казахскую, кітайскую, латышскую, літоўскую, малдаўскую, нямецкую, польскую, румынскую, рускую, таджыкскую, узбекскую, украінскую, яўрэйскую –  усяго на трынаццаць моў, так шмат не перакладалі ніводны іншы твор Якуба Коласа.

Аповесць “Дрыгва” мае сваю тэатральную гісторыю, у 2012 годзе атрымала сваё экраннае ўвасабленне, над вобразам дзеда Талаша шмат працавалі мастакі. З-пад рук славутага скульптара Заіра Азгура выйшлі бюсты дзеда Талаша, скульптурная група па аповесці “Дрыгва” на плошчы Якуба Коласа.  

Часовая экспазіцыя “…Чаго варты стары Талаш?”, падрыхтаваная сумесна з Домам-музеем дзеда Талаша, Мемарыяльным музеем-майстэрняй Заіра Азгура, пазнаёміць наведвальнікаў з гісторыяй напісання і выдання твора, з візуальнымі інтэрпрэтацыямі твора і галоўнага героя і з асобай Васіля Ісакавіча Талаша.

Падчас прэзентацыі вас чакае куратарская экскурсія па экспазіцыі, тэматычная фотазона, інтэрактыўнае паглыбленне ў часы дзеда Талаша ад ВГР “Нашчадкі”.

 

Сардэчна запрашаем!

Кантактны тэлефон: (017) 270 17 02

Адрас: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

www.kolasmuseum.by; e-mail: info@kolasmuseum.by