background

Да 95-годдзя Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча

31.01.2021

З нагоды 95-годдзя з дня нараджэння Міхася Канстанцінавіча ў музеі рыхтуецца цікавая выстаўка. На нашым канале для вас размешчаны дакументальны фільм "Колас вечна будзе жыць" з удзелам М. К. Міцкевіча.
А на сайце ў памяць аб Міхасю Канстанцінавічу мы публікуем урыўкі з яго цудоўнай кнігі "Пад бацькоўскім дахам"...
Успомнім разам!

"Для мяне Якуб Колас быў самым звычайным бацькам — клапатлiвым, абавязковым, ураўнаважаным, добрым. Мне, канешне, больш пашанцавала, больш дасталося ўвагі, чым старэйшым братам, як самаму меншаму. Ды і стан жыцця паступова наладжваўся. Галоўнае – была ўпэўненасць у будучынi, у заўтрашнiм днi.    

     Кожны год на лета бацька вывозiў сям’ю на ўлонне прыроды, блiжэй да лесу, да рэчкi. На хутары цi ў вёсачцы ён знiмаў пакойчык, а нязменны сенавал быў найлепшым прытулкам для начлегу. З пяцiгадовага ўзросту бацька пачаў мяне браць у лес, у грыбныя паходы, у невялiчкiя падарожжы. Хадзiць я не любiў, больш падабалася “ехаць” на бацькавых плячах. Так, кожны вечар з мамаю мы хадзiлi да поезда сустракаць бацьку, а назад кiламетры са два ён мяне нёс на плячах. З асалодаю i радасцю, я ўспрымаў такiя  прагулкi. Навокал у лясах было многа грыбоў, бо грыбнікоў было не шмат –  Ждановiчы, дзе мы адпачывалi ў 1930-1931 гадах, былi ў прыгранiчнай зоне i паездкi туды без адпаведнай вiзы не дазвалялiся. У цягніку ўзнiкалi канфлiкты пагранiчнiкаў  з пасажырамi з-за недасканальнасцi справак, дазволаў i iнш.

У грыбныя часы бацька хадзiў у лес разы па два ў дзень і прыносiў рэкордныя зборы на маёй памяцi –  па пяцьсот-семсот баравiкоў. Там жа ён паказваў мне, як хаваць маленькiя грыбочкi на выраст. І як цiкава было праз дзень цi два выцягнуць са сваёй сховы ладнага баравiка. Там, у Ждановiцкiм лесе, пару разоў мы пападалi пад абстрэлы, прыходзiлася хавацца за больш тоўстымi дрэвамi. Недалёка было стрэльбiшча, але вiдаць кепска абсталяванае. Бацька знаходзiў у лесе кулi ад вiнтоўкi, кулямёта. Я iх многiя гады хаваў i зберагаў, як нешта вельмi значнае. На другi год у весну мы наведалi гэтыя мясцiны ды крыху забавiлiся каля агеньчыка — бацька вельмi любiў сядзець каля агню, вiдаць, прывычка са сваiх дзiцячых i юнацкiх часоў. Гадзiннiк жа сапсаваўся i, калi мы ўзышлi на пагорак, з якога вiдна станцыя, ад яе ўжо адыходзiў цягнiк, пакiдаючы за сабою клубы дыму. А больш цягнiкоў не было. Якая роспач ахапiла мяне! З-за слёз слова не мог вымавiць. Нiбы канец сусвету! Бацьку прыйшлося доўга i цярплiва суцяшаць малога. “Мы возьмем падводу, спакойна даедзем да гораду — лепш, чым цягнiком. Дзе захочам — прыпынiмся, ды й разглядаць наваколле лепей”. Як даехалi – не памятаю, але бацька пераканаў мяне i супакоiў. Праз многа гадоў, успамiнаючы сваё дзяцiнства, я выпраўляўся ў падарожжа са сваiм сынам, а пасля i з унукам па тропках, узгорках… ... Не толькi прыгажосць краявiдаў, траў i кветак, валуноў i волатаў-дубоў зачаровывала малышню. Як палянiўчы з салiдным стажам, я iм паказваў сляды звяроў, стараўся звярнуць увагу на птушак i iх галасы, а iншы раз прывабiць птаха, iмiтуючы голас яго сабратаў. На жаль, нi  ў воднага з маiх патомкаў не абудзiўся iнстынкт паляўнiчага. У мяне ж — вельмi рана, аж у шэсць гадкоў. Цi то наш Юрка, цi Лёсiкаў зрабiў мне рагатку. І я шпурляў  з яе каменьчыкi, як i многiя мае равеснiкi. Аднойчы пацэлiў у жоўтаротага вераб’я i той звалiўся пад ногi ў агонii. Затрэсла лiхаманка i мяне — абудзiўся iнстынкт паляўнiчага. З такiмi ж падшыванцамi хадзiлi па садах, вышукваючы “здабычу”. Канешне, мае захапленне прыходзiлася ўтойваць ад бацькоў, асаблiва ад бацькi. Бо ўсё жывое, акрамя драпежнiкаў (ваўкоў, каршуноў), ён лiчыў чуць не святым. Ну, а ластаўка, бусел, плісачка – гэтыя ў яго ўяўленнi былi наздвычайнымі сябрамi чалавека. Іншы раз з малюнкамі такіх сяброў мне пад падушку бацька падкладаў размаляванае чорнымi чарнiламі яйка. Малюнак хаткi з буславым гняздом, цi сам цыбаты птах, альбо калодзеж, стажок сена. Другі раз знаходзiўся яблык цi шакаладка. Ранiцою, як толькi я прасынаўся, ён, хiтравата ўсмiхаючыся, пытаўся, цi не прынёс мне што-небудзь бусел. Мастаком бацька быў неважнецкiм, расказваў, што ў семiнарыі iншы раз браў забракаваны настаўнiкам чарцёж, падпраўляў i здаваў, не спадзяючыся атрымаць больш як траяк. Не было здольнасцi да малявання i ў мяне, i маiх братоў. Колькi часу мне прыйшлося затрацiць, каб навучыцца пiсаць стандартным шрыфтам! Музыка бацьку давалася лягчэй. У семiнарыі семінарыстаў вучылi iграць на срыпцы. І iншы раз вечарам бацька знiмаў маленькую скрыпачку, якая вiсела над яго ложкам, i наiгрываў простыя незамыславатыя мелодыi. У маладыя гады ён хадзiў у царкву, каб паслухаць хоры. Туды набiралiся спевакi з выдатнымi галасамi, музыку ж пiсалi лепшыя кампазiтары, ды i альтэрнатывы  гэтай музыцы ў тыя часы не было. Пасля, як з’явiлiся дабротныя радыепрыемнiкi Вiленскага завода, мы вечарамi заслухоўвалiся песнямi паўднёвых славян – з Сафii, Белграду. Цудоўна гучалi народныя песнi ў выкананнi Стэфанii Пятровай, а таксама ўкраiнскiя – у выкананнi Казлоўскага, Петрусэнкi, Нежданавай.            

    Мацi вельмi хацела навучыць нас iграць, запрасiла рэпетытара –  старэнькага Жухавiцкага. Юрка  наадрэз адмовiўся, хаця музыку любiў i iмгненна падхоплiваў мелодыi новых песень. Данiк з год пазаймаўся i прыпынiў заняткi, хаця Жухавiцкi запэўнiваў мацi, што з яго яшчэ можа атрымацца добры скрыпач – слых абсалютны. Пра мяне ён так не мог сказаць, бо музыкальнага слыху не было i не было жадання цягаць смыкам па струнах. Той самастойнасцi, што была ў Юркi, у мяне не было. І ўсё ж я вельмi ўдзячны маці, што атрымаў невялiкую падрыхтоўку ў галiне музыкi. Гэта дало магчымасць зразумець i палюбiць сапраўдную музыку –  класiчную. У тыя гады амаль у кожнай сям’i спявалi песнi, спявалi і ў нашай хаце – i беларускiя, i рускiя, асаблiва, калi прыходзiлi госцi. Хаця i не часта збiралiся блiзкiя, сябры, але кожнае застолле суправаджалася песнямi. А буднiя днi праходзiлi па заведзенаму распарадку.

Бацька быў “жаваранкам”, уставаў рана i займаўся простымi гаспадарскiмi справамi. Часта адзiн і  пілаваў,  і  сек калоддзе, а як лепш, з якога боку ад сучка пакалоць, ведаў добра. Пры снегападах рабiў акуратныя праходы –  зiмы былi снежнымi.

Пасля снядання – работа за пiсьмовым сталом да абеду, а пасля дзве-тры гадзiны адпачынку i зноў за свой пiсьмовы стол. Чарнiлы – чорныя, пяро толькi № 86, i то не кожнае. Уначы бацька спаў не больш чатырох-пяцi гадзiн. Ён сапраўды пакутаваў ад бяссоння. Магчыма, яно было выклiкана напружанай штодзённай творчай работай. Было такое здарэнне. У часе працы над перакладам пушкiнскай “Палтавы” нiяк не даваўся радок: “Тиха украинская ночь”. Вырашэнне прыйшло ў часе сну. Абдумванне твораў адбывалася i ў  часе вуджэння рыбы, да якога Колас прызвычаiўся  ў Тальцы, а таксама ў грыбных паходах. Пагэтаму ён не любiў хадзiць па грыбы кампанiямi, iншы раз браў з сабою жонку, радзей – мяне. Аб спрыяльных умовах для творчай работы бацькi клапацiлася мацi. Пад яе ўвагаю i клопатам былi ўсе жыхары нашага вялiкага дому, дзе было многа моладзi..."