background

“Два Паэты, два Сусветы”

08.11.2023

9 лістапада 2023 года а 18-й гадзіне ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбудзецца прэзентацыя мастацка-дакументальнай выставы “Два Паэты, два Сусветы”, прысвечанай 110-годдзю зборніка вершаў Максіма Багдановіча і дню народзінаў Якуба Коласа.

Літаратурны музей Максіма Багдановіча працягвае святкаванне 110-годдзя зборніка вершаў “Вянок” (1913). Гэтым разам праз сэнсавыя перасячэнні з творамі іншага класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа і яго “Песнямі жальбы” (1910) на выставе “Два Паэты, два Сусветы…”.
Пры ўсіх адрозненнях у падыходзе да паэзіі, у творчасці Максіма Багдановіча і Якуба Коласа ярка прасочваюцца роднасныя патрыятычныя матывы і боль за лёс беларускага краю. Не менш цікава аналізаваць суадносіны эпічнага і прыватнага ў творчасці выдатных паэтаў, розныя спосабы мыслення, якія знайшлі адлюстраванне праз абагульненні і адлюстраванне прыватнага свету.
Важнай тэмай, якая злучала паэтаў, была тэма маці, мацярынства – ёй аддадзена на выставе адпаведнае месца. З аднаго боку, яна пераклікаецца са згаданай вышэй тэмай Радзімы – крыніцай жыцця, вобраз якой выдатна прадстаўлены ў творчасці абодвух паэтаў. З другога боку, гэта ўвасабленне асабістай сямейнай гісторыі.
Выстаўка арганізавана сумесна з Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа. У выставачным праекце, акрамя першых прыжыццёвых кніг вялікіх паэтаў, увазе наведвальнікаў прадстаўлена выдатная графіка беларускіх мастакоў. Гэта ілюстрацыі Васіля Шаранговіча, Антаніны Лапіцкай, Анатоля Александровіча, Генадзя Грака як візуальнае ўвасабленне беларускага слова.
Запрашаем сустрэцца на перасячэнні двух сусветаў – Максіма Багдановіча і Якуба Коласа.

Літаратурны музей Максіма Багдановіча
Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а
Даведкі па тэлефоне: +375 17 355 22 95