background

Дзень нараджэння Янкі Маўра

10.05.2023

  • Дзень нараджэння Янкі Маўра

“Бацька беларускай дзіцячай літаратуры”, “беларускі Жуль Верн”,  “капітан дзіцячых падарожжаў”, “чалавек з крылатай фантазіяй” – так гавораць пра вядомага айчыннага пісьменніка Янку Маўра, дзень нараджння якога адзначаецца сёння. Янка Маўр – аўтар апавяданняў, аповесцяў і раманаў для дзяцей і моладзі, адзін з заснавальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры, пачынальнік прыгодніцкага і навукова-пазнавальнага жанраў, стваральнік першай айчыннай навукова-фантастычнай аповесці.

Янка Маўр знаходзіўся ў сяброўскіх адносінах з класікам беларускай літаратуры Якубам Коласам. Абодва вучыліся ў настаўніцкіх семінарыях (дзе таксама атрымалі і музычную адукацыю). Абодва ўдзельнічалі ў настаўніцкім з'ездзе (дзе і пазнаёміліся) у 1906 годзе, пасля якога Якуб Колас быў асуджаны і адпраўлены ў астрог, а Янка Маўр (тады яшчэ Іван Фёдараў) аддадзены пад нагляд паліцыі і пазбаўлены права выкладаць у школе. У гады вайны сям'я Янкі Маўра знаходзілася ў Алма-Аце, пісьменнік вёў сяброўскае ліставанне з Якубам Коласам, які ў гады эвакуацыі жыў у Ташкенце. Цікава, што Маўр стаў правобразам настаўніка Івана Тадорыка з трылогіі Я. Коласа “На ростанях”. Пісьменнікі сталі сваякамі: дачка Янкі Маўра Наталля выйшла замуж за сына Якуба Коласа Міхася. Наталля Іванаўна і Міхась Канстанцінавіч былі разам амаль 65 гадоў. Разам працавалі над кнігай успамінаў Наталлі Міцкевіч “Доўгая дарога ад дома Янкі Маўра да дома Якуба Коласа”.