Дзень Святога Валянціна – гэта як кавалачак вясны пасярод зімовай сцюжы, бо нішто так не сагравае душу як цёплыя словы, шчырыя пажаданні, прызнанні ў каханні, пранікнёныя вершы і песні.
Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае адсвяткаваць Дзень усіх закаханых разам. Свята распачнецца 14 лютага з самай раніцы акцыяй “Закаханыя ў Доме Коласа”. Прыходзьце ў Дом-музей Якуба Коласа ўдвух, а плаціце – за адзін білет! А на сайце музея і ў сацсетках размешчаны конкурс для ўсіх закаханых: той, хто натхніўшыся творчасцю Якуба Коласа, напіша для сваёй другой палавінкі верш-прысвячэнне і прынясе яго ў музей, атрымае спецпрыз!
Увечары ж чакаем усіх аматараў добрай музыкі на “Кватэрнік у дзядзькі Якуба”, у межах якога адбудзецца канцэрт любімага многімі трэб’ют-дуэта The Apples. Музыка, як і паэзія, здольна знаходзіць самыя патаемныя сцежкі да кожнага чалавечага сэрца, творчасць музыкаў і паэтаў аб’ядноўвае людзей па ўсім зямным шары.
Творчасць гурта The Apples дорыць мора станоўчых эмоцый слухачам і зараджае пазітыўнай энергіяй надоўга!
Багатыя вакальныя партыі разам з рэтра-саўндам даюць магчымасць слухачам адчуць сябе сведкамі таго залатога часу рок-н-ролу, калі “лета кахання” адкрыла перад усімі свае музычныя дзверы.
На дадзены момант у рэпертуары The Apples каля сотні старанна падабраных кампазіцый ад лепшых выканаўцаў залатой эпохі рок-н-ролу, разам з сусветнымі рэтра-хітамі сярод якіх пераважаюць тварэнні легендарных The Beatles. На рахунку калектыву больш за пяцьсот канцэртаў у Беларусі і іншых краінах, удзел у найбуйнейшых фестывалях на тэрыторыі СНД, шматлікія здымкі ў тэлепраектах. Музыкі ўдзельнічалі ў міжнародным фестывалі Beatle Week у Ліверпулі (Англія), у межах якога The Apples далі дванаццаць канцэртаў на сцэне легендарнага Cavern Club, дзе калісьці пачыналі свой творчы шлях самі “бітлы”!
На чарговым “Кватэрніку ў дзядзькі Якуба” 14 лютага у выкананні дуэта The Apples прагучаць знакамітыя і любімыя ўсімі хіты The Beatles, Oasis, Red Hot Chilli Peppers, Metallica і іншых гуртоў. Пачатак канцэрта ў 18.30. Кошт білета 6 рублёў.
Сардэчна запрашаем!
Колькасць месцаў абмежавана.
Тэлефоны для даведак і замовы білетаў: 270-17-02, +375 29 778 25 99.
Адрас музея: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5.
Наш сайт: http://kolasmuseum.by.