background

Азарычы: дзесяць жудасных дзён на балоце

19.04.2024

Шаноўныя наведвальнікі! Наша новая анлайн-выстаўка "Азарычы: дзесяць жудасных дзён на балоце" да Дня Перамогі, прысвечана 80-годдзю выхаду ў друк артыкула Якуба Коласа "Лагер смерці" і

 

Фотаздымкі для анлайн-выстаўкі "Азарычы: дзесяць жудасных дзён на балоце" прадастаўлены ў межах супрацоўніцтва Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і Карціннай галерэі Г. Х. Вашчанкі. Праект "Озаричи. Черные зори", у межах якога былі прадстаўлены карціны, падрыхтаваны Гомельскай абласной арганізацыяй ГА "Беларускі саюз мастакоў".  

 

...Першае спатканне Якуба Коласа з роднай зямлёй, якая 80 гадоў таму паступова вызвалялася ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адбылося 14 сакавіка 1944 года, калі класік прыехаў у прыгарад Гомеля – Навабеліцу. За 1944 год народны паэт пабываў у Гомелі, Калінкавічах, Мазыры. Вясной 1944 года паэт сустрэўся з вязнямі канцэнтрацыйнага лагера, створанага ў Азарычах. Тут пакутавалі тысячы беларусаў. А 19 красавіка 1944 года ў газеце «Известия» з’явіўся артыкул Якуба Коласа "Лагер смерці", у якім пісьменнік са шчырым хваляваннем патрыёта, з бязмежным спачуваннем да ахвяр расказваў аб злачынствах гітлераўцаў на беларускай зямлі. «Ніколі ў жыцці, – пісаў Колас, – я не сустракаў такой колькасці і ў такім выглядзе знясіленых людзей. Яны сапраўды прайшлі крэсны шлях, шлях неўявімых пакут і неўявімага здзеку». Артыкул "Лагер смерці" стаў часткай агульнага абвінавачвання злачыннай дзейнасці фашысцкіх драпежнікаў на тэрыторыі Беларусі. У фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа захоўваецца газета “Красная Армия” за 20. 04. 1944, дзе таксама змешчаны гэты артыкул. 

У чарнавым варыянце нарыс "Лагер смерці" аўтар назваў "Крестный путь", але цягам працы вырашыў зрабіць загаловак больш публіцыстычным. Сабе класік адвёў ролю журналіста, які пачынае размову, каментуе і робіць высновы, а асноўны сюжэт падаецца праз расказы людзей.

Лагер знаходзіўся на адкрытым мохавым балоце, залітым бруднай, халоднай вадой. Дзясяткі тысяч людзей, сагнаных сюды, размяшчаліся на купінах, пад сцюжай і непрыветным небам. Аповед у артыкуле вядзецца ад імя сведкі, якая пабывала ў кіпцюрах нямецкіх драпежнікаў, – чатырнаццацігадовай дзяўчынкі Кацярыны Хаменкавай з вёскі Фалевічы. Артыкул працягваецца расказам шасцідзесяцігадовай беларускай сялянкі Арыны Ігнатаўны Гаўрыленкі з вёскі Талочкі Рагачоўскага раёна, у якой гітлераўцы забілі чатырох дзяцей. Аб тым, як каты заганялі насельніцтва ў лагер, які шлях пакут давялося прайсці зняволеным, расказвае дзевятнаццацігадовая Людміла Пякарская са Жлобіна. Артыкул "Лагер смерці" фактычна стаў састаўной часткай агульнага абвінавачвання злачыннай дзейнасці фашысцкіх драпежнікаў на тэрыторыі Беларусі.

Крыніцай глыбокага патрыятычнага пафасу артыкулаў Якуб Колас сталі незлічоныя прыклады гераізму простых савецкіх людзей, а праўдзівыя публіцыстычныя расказы аб гэтых подзвігах у сваю чаргу натхнялі народ на барацьбу, умацоўвалі яго адвагу і стойкасць. Неўміручае свабодалюбства савецкага чалавека, яго магутная воля да перамогі – такая асноўная ідэя публіцыстычных твораў паэта ваеннага перыяду. Пісьменнік верыў у перамогу над фашызмам, верыў у духоўныя сілы народа, які смела ўступіў у барацьбу з ворагам. Творы Якуба Коласа, прасякнутыя гэтай верай, яго вершы і публіцыстыка, напісаныя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, не страцілі свайго эмацыянальнага ўздзеяння і пазнавальнага значэння.

Як адзначае ў сваім навуковым даследаванні "Нарыс «Лагерь смерти» Якуба Коласа як узор мастацкай публіцыстыкі" В. М. Губская, «Артыкул "Лагер смерці" мае яшчэ адну каштоўнасць − менавіта з яго ў беларускай літаратуры распачалася тэма «вогненных вёсак», ён стаў прадвеснікам "магнітафоннай літаратуры"».

Андрэй Валянцінавіч Крылоў "Азарычы", 108 х55, палатно, алей, ірыядзін, алюміній.

Вольга Генадзьеўна Копачава "Вызваленыя", 50х40, папера, акварэль 

Генадзь Васільевіч Говар "Азарыцкая Мадонна", 40х60, папера, пастэль.

Таццяна Уладзіміраўна Гершгорына «Памяць і жалоба», 65х50, кардон, аловак, гель       

Віктар Уладзіміравіч Стамброўскі "Не наш выбар", 110х90, палатно, алей          

Святлана Львоўна Курашова "Асенні партрэт маці", 50х59, папера, акварэль

 

Святлана Георгіеўна Ноздрын-Плотніцкая «Акно. Сціранне жыцця», 60х100, змешаная тэхніка 

Сяргей Мікалаевіч Сінякоў "Дарога смерці", "Жывыя і мёртвыя", "Вызваленне", 42х66, кардон, алей

 

Уладзімір Леанідавіч Скрыганаў "Дарогай начы",  "Мёртвы лес", 75х105, аргаліт, акрыл

Леанід Пятровіч Вялічка  "Дарога ў адзін канец", "Ніколі не забудзем", 48х76см, туш, пяро.         

Уладзімір Іванавіч Слесараў "Прысвячэнне", 100х110, палатно, алей

Сафія Мікалаеўна Шах "Вязнi балота",  50х70, палатно, алей

 

Выстаўку падрыхтавала загадчык навукова-асветніцкага аддзела Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа

Вольга Наважылава

Выражаем шчырую падзяку дырэктару Дзяржаўнай установы «Карцінная галерэя Г. Х. Вашчанкі»  Л. М. Шымбалёвай за дапамогу ў стварэнні анлайн-выстаўкі.