background

Літаратурна-музычнае свята “Мядовы спас” прайшло ў дворыку Дома Коласа

14.08.2020

Урачыстыя мерапрыемствы да народнага свята Мядовага Спасу сталі добрай традыцыяй Дома Коласа.

  • Літаратурна-музычнае свята “Мядовы спас” прайшло ў дворыку Дома Коласа
  • Літаратурна-музычнае свята “Мядовы спас” прайшло ў дворыку Дома Коласа

 

Беларускі Пясняр быў знаёмы з мастацтвам здабычы мёду: выдатным бортнікам быў родны дзядзька Якуба Коласа Антон Міцкевіч.

У народзе са старажытных часоў кажуць: «Працавіты, як пчала». І сапраўды, гэтыя малюсенькія стварэнні працуюць на дзіва многа. Толькі і чуваць над квітнеючым садам ці над грэчневым полем бесперапынны гуд: пчолы збіраюць мёд — бессмяротны напітак міфічных багоў, які надаваў ім цудадзейную сілу і вынослівасць, а таксама дзіўную працягласць жыцця. Сярод вяскоўцаў да нашых дзён захаваліся паасобныя адбіткі пакланення пчолам, ці, як іх яшчэ называлі, «боскім істотам».

У гэтым дачыненні вельмі характэрны раздзел паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» — «Падгляд пчол». У ім расказваецца пра збор мёду на пасецы галоўнага героя твора — Міхала. Прачытаўшы гэтае месца паэмы, не можаш не задаць пытанне: «Навошта было гаспадару збіраць сваіх сародзічаў, наладжваць з гэтага выпадку для іх баль і, самае галоўнае, дзяліць між імі мёд?» Прычым робіць гэта не сам гаспадар, а адзін з яго гасцей. Адказ на яго вядзе нас яшчэ ў родава-абшчынны лад, калі ўсё, у тым ліку і борці, было ў агульным уладанні родаў і ўсё здабытае і сабранае, таксама і мёд, дзялілася паміж членамі роду. І як гэта нядзіўна, такі архаічны звычай мог захавацца ў асяроддзі панямонскіх беларусаў аж да пачатку ХХ стагоддзя і пад пяром Якуба Коласа перарос у мастацкую карціну аднаго з самых светлых помнікаў нялёгкага сялянскага жыцця.

У паэме "Новая зямля" ў раздзелах "Леснікова пасада" і "Падгляд пчол" мы чытаем:
Пладзілісь пчолкі з кожным годам:
Штолета вулляў прыбывала -
На пчолкі вельмі шанцавала.
Гул іх стаяў і ўдзень і ўночы.
Бывала, улетку, у час рабочы
Не раз там чуўся крык вясёлы:
-Го, тата! дзядзька! выйшлі пчолы!
На вішні селі каля плоту! -
Мужчыны кідалі работу,
Касьбу над рэчкай за кустамі,
І беглі шыбка, каб часамі
На лес дзе пчолкі не зляцелі,
Дык іх там пільненька глядзелі.

Сёлета свята Мядовага Спасу адбылося 14 жніўня на тэрыторыі мемарыяльнай сядзібы музея Якуба Коласа ў Мінску. Культурна-забаўляльная праграма прайшла ў Коласавым панадворку. Надвор’е спрыяла добраму настрою!

А для тых, хто хоча заўсёды заставацца бадзёрым, у дворыку музея была арганізавана “сцяжынка” здароўя і актыўнага даўгалецця, на якой наведвальнікі атрымалі парады па правільным харчаванні, пазнаёміліся з методыкамі лячэбнай фізкультуры і асновамі выкарыстання апіфітапрадуктаў. Маленькія наведвальнікі паўдзельнічалі ў гульнях і конкурсах, старэйшыя разгадалі красворды і віктарыны.