background

Міжнародны дзень музеяў у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа

13.05.2023

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа шчыра запрашае на

Міжнародны дзень музеяў

Штогод 18 мая адзначаецца Міжнародны дзень музеяў, пачынаючы з 1992 года, свята мае сваю пэўную тэму, прысвечаную пытанням музейнай дзейнасці і ў 2023 годзе дэвіз наступны: “Музеі, устойлівае развіццё і дабрабыт”. І гэта назвычай акутальна сёння, бо музеі ў сучасным свеце не толькі адыгрываюць ролю выставачнай пляцоўкі, але і з’яўляюцца месцам, дзе ініцыіруюцца цікавыя і незвычайныя праекты, абмяркоўваюцца важныя пытанні. Менавіта ў музеі чалавек можа слухаць мінулае, адчуць тую кропку, дзе “жыве” воля да будучага. Аперыруючы фактамі з мінулага, музей імкнецца паказаць сучаснасць. Сучасны музей у адрозненне ад музеяў мінулага – гэта шматфункцыянальны культурны цэнтр, дзе вакол калекцый ствараюцца дадатковыя актыўнасці, запатрабаваныя сёння.

18 мая ў Доме-музеі Якуба Коласа адбудзецца прэзентацыя трох часовых экспазіцый.

“Выстаўка адной карціны” з фондаў УК “Віцебскі абласны краязнаўчы музей”пазнаёміць наведвальнікаў з унікальным палатном Юдаля Пэна “Майстар гадзіннікаў”.

Юдаль Пэн – беларускі мастак-жывапісец яўрэйскага паходжання. Пачынаючы свой творчы шлях з пейзажаў, Пэн упісаў сябе ў летапіс вядомых мастакоў як Майстра інтэр’ернага псіхалагічнага партрэта. На ўражваючых рэалістычных карцінах прадстаўлены ў асноўным партрэты гараджан – жанчын, старцаў, рабінаў, шаўцоў, краўцоў, швачак і іншых рамеснікаў, паказаны іх штодзённая праца і жыццёвая мудрасць. У карціне “Майстар гадзіннікаў”, якая будзе экспанавацца ў музеі да канца месяца, Юдаль Пэн увасобіў філасофію часу: стары майстар валодае таямніцамі не гадзіннікавых механізмаў, але Часу, каштоўнасць якога добра знаёмая нам усім.

Часовая экспазіцыя “Кола(с) часу”, дзякуючы магчымасцям інтэр’ернага паказу, з’яўляецца лагічным і канцэптуальным працягам выстаўкі адной карціны “Майстар гадзіннікаў”.

Новая выстаўка з музейных фондаў  –  гэта своеасаблівая даніна памяці падкрэслена ўважліваму стаўленню Паэта да Часу, ягонаму  захапленню: Колас доўгі час калекцыянаваў адрыўныя насценныя календары.

Акрамя ўсяго, гэта магчымасць для наведвальнікаў пазнаёміцца з дробязямі штодзённасці 50-х гадоў, такімі маленькімі і такімі найцікавейшымі рэчамі з якіх складаецца адна вялікая гісторыя аднаго жыцця.

Прэзентацыя часовай экспазіцыі “Кола(с) часу” адбудзецца ў 16.30.

 

Мастацкая інтэграцыя Максіма Петруля “Паралелі”.

У мастацтва шмат форм для выражэння. У кагосьці гэта слова, у іншага – пластычная форма. Макcім Пятруль – беларускі скульптар, сябра музея Якуба Коласа. Дзякуючы плённаму творчаму супрацоўніцтву ў 2022 г. здзейснілася важная падзея – на Вайсковых могілках была адчынена памятная дошка сярэдняму сыну Якуба Коласа Юрыю Міцкевічу, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

На часовай выставе “Паралелі”, з дапамогай творчай інтэграцыі канцэптуальнай скульптуры Максім Пятруль асэнсоўвае такія простыя і родныя для кожнага словы класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Дзякуючы скульптурнаму мастацтву, уплеценаму ў мемарыяльныя залы, глыбей адчуваецца сувязь мінулага і сучаснасці.

Прэзентацыя мастацкай інтэграцыі “Паралелі”  адбудзецца ў 17.30.

18 мая уваход у музей вольны!

Сардэчна запрашаем!

Кантактны тэлефон: (017) 270 17 02

Адрас: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

www.kolasmuseum.by; e-mail: info@kolasmuseum.by