background

Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцінаў

18.04.2023

Сёння ўвесь Сусвет адзначае Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцінаў. Гэты Дзень усталяваны ў 1982 годзе Асамблеяй Міжнароднай рады па пытаннях аховы помнікаў і цікавасных месцаў, дэвізам свята сталі словы: Захаваем нашу гістарычную радзіму.


У гэты дзень, мы не можам абмінуць увагай сталічныя аб’екты нашай культурнай спадчыны так ці інакш звязаныя з асобай Якуба Коласа.
Шмат дзе на Беларусі і за яе межамі давялося жыць Якубу Коласу, але нідзе Канстанцін Міцкевіч не жыў так доўга – Мінск быў яго домам амаль 36 гадоў.

Пачатак коласаўскага жыхарства ў Мінску прыпаў на 1908 год, калі маладога настаўніка Канстанціна Міцкевіча прысуд накіраваў адбываць пакаранне ў Пішчалаўскі замак. Мінскі астрог, пабудаваны ў 1825 годзе на адным з узвышшаў Раманаўскага прадмесця па праекце архітэктара Казіміра Хршчановіча (па замове памешчыка Рудольфа Пішчалы, у гонар якога будынак ахрысцілі Пішчалаўскім замкам). Насуперак распаўсюджанай памылцы, Пішчала не быў архітэктарам замка, а толькі генеральным падрадчыкам, які выйграў конкурс і атрымаў казённыя грошы на будаўніцтва новага каменнага астрога наўзамен састарэлага старога. За 200 гадоў існавання будынак заўсёды выкарыстоўваўся па прамым прызначэнні.. Не гледзячы на зняволенне, Колас не забываўся на літаратурную працу – ў няволі былі напісаныя шматлікія вершы, пачата паэма “Новая Зямля”, з’яілася ідэя паэмы “Сымон-музыка”. Дарэчы, адбыўся суд над настаўнікамі Мінскай губерніі, сярод якіх быў Я.Колас, у Мінскім акруговым судзе, у будынку кляштара базыльянаў на плошчы Свабоды (д.23), што быў реканструяваны ў 1835г. пад кіраўніцтвам таго самага К.Хршчановіча.
Пасля выхаду з астрогу ў 1911 года Колас пакідае Мінск на доўгія 10 год.
Вяртанне ў Мінск у 1921 годзе Колас спалучае з працягам настаўніцкай кар’еры – К.Міцкевіч працуе старшым выкладчыкам методыкі выкладання роднай мовы ў Беларускім педагагічным тэхнікуме (знаходзіўся на былой вуліцы Савецкай, д.107 – недалёка ад цырка).
Жыла сям’я Міцкевічаў у тыя гады на прыватнай кватэры ў даходным доме паляка Вільгельма Русецкага на Старажоўцы (вул.Старажоўская, д.1, кв.3, двор СШ№50 па вул. Кісялёва, непадалёку ад плошчы Перамогі), сям’я займала тры пакойчыкі і маленькую кухню. Штодзённасць жыхароў сядзібы Русецкага апісаная Коласам ў апавяданні “У двары пана Тарбецкага”, інтэрактыўны макет дома можна агледзець у экспазіцыі нашага музея.
З 1927 па 1941 гг сям’я Міцкевіча пражыла ва ўласным доме (быў пабудаваны беларускімі цеслярамі па амерыканскім архітэктурным праектам) на Вайсковым завулку, д.3. Зараз гэта тэрыторыя Дзіцячага парка імя Горкага, сам дом ужо 24 чэрвеня 1941 года быў зруйнаваны вайной, сям’я паспела эвакуявацца. У памяць аб гэтым доме на аднапавярховым адміністрацыйным будынку ўсталявана мемарыяльная шыльда.
Пасля эвакуацыі Колас стала вяртаецца ў Мінск у 1945 годзе, пасяліўся ў маленькай драўлянай хатцы, ля галоўнага корпуса Акадэміі навук Беларусі, па адрасе: вул.Пушкінская, 84. Хатка не мела ні электрычнасці, ні водазабеспячэння, але Коласа гэта не засмуціла, і, атрымаўшы гаспадара, хаціна пачала мяняцца, спачатку да яе ў 1947 годзе была прыбудаваная двухпавярховая цагляная пабудова, дзе на другім паверсе размясцілася “мирная обитель” Коласа. А ў 1952 годзе да 70-гадовага юбілея быў пабудаваны вялікі будынак, у аб’ём якога славутым архітэктарам Г.Заборскім была ўпісаная першасная камяніца. У гэтым прыгожым і светлым доме і размяшчаецца наш музей!

Шаноўныя сябры! Звяртаем вашу ўвагу, што з 17.04.2023 па 01.05.2023 у будынку музея адбываецца касметычны рамонт, і ў гэты час можна наведаць мемарыяльную сядзібу і экспазіцыі "Склеп" і "У хвалях няспыннага руху".