background

“Мой добры друг, мая святыня…”

13.05.2023

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа

“Мой добры друг, мая святыня…”

Імпрэза, прысвечаная Міжнароднаму дню сям’і

 і 110-годдзю шлюбу К. М. Міцкевіча і М. Д. Каменскай.

Сям’я – самы каштоўны скарб для кожнага  чалавека. Гэта дарагія людзі, якія, куды б ні заводзілі нас сцежкі жыцця, заўсёды ў нашым сэрцы.

15 мая адзначаецца Міжнародны дзень сям’і. У календары знамянальных дат гэта асаблівы дзень – свята радасці, цеплыні і адчування надзейнасці нашых блізкіх. Менавіта ў сям’і перадаецца мудрасць ад пакалення да пакалення.

Будучы народны паэт Беларусі Якуб Колас нарадзіўся ў вялікай сялянскай сям’і. Бацька Міхал Казіміравіч Міцкевіч служыў палясоўшчыкам у князя Радзівіла, маці Ганна Юр’еўна Міцкевіч займалася домам, побытам, клапацілася пра мужа і дзяцей. Па гаспадарцы Ганне Юр’еўне дапамагаў малодшы нежанаты брат Міхала Антось – Антон Казіміравіч Міцкевіч. У сям’і нарадзілася 13 дзяцей, але да сталага веку дажыло 9. Усё гэта па-майстэрску і з асаблівай любоўю Якуб Колас апісаў у славутай паэме “Новая зямля”.

Сям’я бацькоў, паўсядзённы ўклад, побыт, узаемаадносіны бацькоў паміж сабой, іх стаўленне да дзяцей сталі для будучага паэта тым падмуркам, які сфармаваў яго як асобу і творцу. Упітаўшы лепшыя якасці народнага светапогляду, якімі кіраваліся бацькі, атрымаўшы ў спадчыну ад іх залацінкі народнай мудрасці, Якуб Колас становіцца клапатлівым мужам і бацькам, стваральнікам і ахоўнікам свайго ўласнага сямейнага агменю. Для пісьменніка сустрэча з Марыяй Дзмітрыеўнай Каменскай была падарункам лёсу. У сям’і панавалі пачуцці любові, вернасці і адданасці. У Якуба Коласа і Марыі Дзмітрыеўны нарадзілася трое сыноў: Даніла, Юрый, Міхась. Якуб Колас з вялікай любоўю і пяшчотай ставіўся да сваіх дзяцей. Лісты Коласа да жонкі і сыноў дыхалі заўсёднай дабрынёй і клопатам. Дзеці ў сям’і Міцкевічаў гадаваліся ў атмасферы дабрыні, шчырасці, павагі і любові. Якуб Колас вельмі любіў і сваіх унукаў, набываў для іх прысмакі, сумаваў, калі даводзілася разлучацца… Сёння ў Мінску жывуць 6 унукаў, 7 праўнукаў, 7 прапраўнукаў аўтара “Новай зямлі”.

У імпрэзе “Мой добры друг, мая святыня…” 15 мая 2023 возьмуць удзел родныя Якуба Коласа, вядомы архітэктар Галіна Левіна з мужам-калегам Аляксандрам Капыловым, папулярны артыст Яўген Крыжаноўскі з жонкай Ганнай, кампазітар і паэт Таццяна Шурынава з мужам-музыкантам і педагогам Васілём Коназам пры  ўдзеле спевака Андрэя Шумака, сям’я Юрыя і Святланы Платуновых, якія не так даўно адсвяткавалі “залатое” вяселле. Аздобіць вечарыну музыка ў выкананні талентавітых навучэнцаў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Пачатак а 15 гадзіне.

Кошт білета – 3 рублі.

Сардэчна запрашаем!

Кантактны тэлефон: (017) 270 17 02

Адрас: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

www.kolasmuseum.by; e-mail: info@kolasmuseum.by