background

Новая анлайн-выстаўка "Беларускі Кнут Гамсун: да гісторыі сяброўства Якуба Коласа і Кузьмы Чорнага"

03.08.2020

Кнут Гамсун – вядомы нарвежскі пісьменнік, лаўрэат нобелеўскай прэміі па літаратуры, якую ён атрымаў у 1920 годзе за раман «Сокі зямлі» – адзін з самых любімых пісьменнікаў Якуба Коласа. Беларуская зямля дала не менш таленавітых майстроў слова. У гэтым годзе адзначаецца 120-годдзе беларускага празаіка, драматурга, публіцыста Кузьмы Чорнага, з якім Якуб Колас быў добра знаёмы, перапісваўся і сябраваў. Менавіта Кузьму Чорнага класік беларускай літаратуры называў беларускім Кнутам Гамсуным.

  • Новая анлайн-выстаўка "Беларускі Кнут Гамсун:  да гісторыі сяброўства Якуба Коласа і Кузьмы Чорнага"
  • Новая анлайн-выстаўка "Беларускі Кнут Гамсун:  да гісторыі сяброўства Якуба Коласа і Кузьмы Чорнага"
  • Новая анлайн-выстаўка "Беларускі Кнут Гамсун:  да гісторыі сяброўства Якуба Коласа і Кузьмы Чорнага"
  • Новая анлайн-выстаўка "Беларускі Кнут Гамсун:  да гісторыі сяброўства Якуба Коласа і Кузьмы Чорнага"
  • Новая анлайн-выстаўка "Беларускі Кнут Гамсун:  да гісторыі сяброўства Якуба Коласа і Кузьмы Чорнага"
  • Новая анлайн-выстаўка "Беларускі Кнут Гамсун:  да гісторыі сяброўства Якуба Коласа і Кузьмы Чорнага"
  • Новая анлайн-выстаўка "Беларускі Кнут Гамсун:  да гісторыі сяброўства Якуба Коласа і Кузьмы Чорнага"
  • Новая анлайн-выстаўка "Беларускі Кнут Гамсун:  да гісторыі сяброўства Якуба Коласа і Кузьмы Чорнага"

 

          Аб значным унёску Кузьмы Чорнага ў гісторыю беларускай літаратуры пісаў  Алесь Адамовіч: «Калі дваццацітрохгадовы светлавалосы юнак з добрымі і сур’ёзнымі блакітнымі вачамі пачаў у 1923 годзе падпісвацца сакавітым і тлустым, як сама зямля Случчыны, псеўданімам «Кузьма Чорны», проза беларуская яшчэ не каласілася шырокім ураджайным масівам». Разам з Якубам Коласам, Максімам Гарэцкім, Змітраком Бядуляй, маладымі у той час празаікамі Міхасём Лыньковым, Кандратам Крапівой і іншымі Кузьма Чорны стаяў ля вытокаў фарміравання высокамастацкай, шматстылёвай і шматжанравай беларускай прозы. 

Кузьма Чорны (сапраўднае імя Мікалай Карлавіч Раманоўскі) нарадзіўся 11 (24) чэрвеня 1900 года у маёнтку Боркі на Случчыне, у сям’і панскага парабка. Пазней яго сям’я пераязджае ў Цімкавічы, дзе будучы пісьменнік скончыў пачатковае вучылішча. Аб сваіх дзіцячых гадах пісьменнік пісаў: «Гэта быў жудасны час, калі кавалак хлеба і палатняная рубашка – адна на год, здавалася шчасцем. Так жылі ўсе тыя людзі, сярод якіх я вырас і выгадаваўся. Так жыў народ. Бацькі мае цьмяна марылі аб нейкай невядомай ім лепшай долі для сваіх дзяцей». У 1916 годзе Кузьма Чорны паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Пісьменнік пісаў: «гэта была найбольш зручная школа для тых, хто не меў за што вучыцца: там не бралі платы за навуку, а лепшым вучням давалі стыпендыю». Раней за Кузьму Чорнага ў Нясвіжскай семінарыі вучыўся Якуб Колас (з 1989 па 1902 г.), які выказваў прыкладна такія ж самыя думкі, як і яго паслядоўнік: «…семінарыя з’яўлялася нібы продухавінай. Куды яшчэ маглі падацца сялянскія дзеці?...Хто лепш вучыўся – залічалі на казённы кошт. Рублёў дваццаць з нечым прыпадала на нос у кожную чвэрць. За гэтыя грошы нас кармілі, адзявалі, куплялася папера». Але ў адрозненне ад Якуба Коласа, скончыць Кузьме Чорнаму семінарыю не давялося, бо ў 1919 годзе яе зачынілі польскія ўлады.

 Першыя апавяданні і вершы Кузьмы Чорнага надрукаваны ў дзіцячым часопісе ў 1921 годзе. У 1923 годзе ён паступае на літаратурнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ, дзе правучыўся два курсы. Менавіта ў 1923 годзе, 16 кастрычніка дэканат педагагічнага факультэта на сваім  пасяджэнні пацвердзіў абранне Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча (Якуба Коласа) на пасаду выкладчыка беларускай мовы.  

З 1923 года Кузьма Чорны – член літаб'яднання «Маладняк». Яшчэ будучы студэнтам, у 1924 ён пачаў працаваць у газеце «Беларуская вёска». У 1925 выйшлі першыя кнігі – «Апавяданні» і «Срэбра жыцця». У 1926-1931 гг. пісьменнік быў старшынёй літаб'яднання «Узвышша», а ў 1932-1937 гг. – галоўным літкансультантам кабінета маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў БССР. Член Саюза пісьменнікаў БССР з 1934 года.

З Якубам Коласам Кузьма Чорны сустракаўся, сумесна працаваў з сярэдзіны 1920-х гг.: на нарадах беларускіх пісьменнікаў па розных пытаннях літаратуры, ўтварэнню рэпертуару для беларускіх тэатраў, на вечарах беларускай літаратуры. З 1925 па 1932 гг. з друку выходзяць зборнікі яго апавяданняў, пазней аповесці і раманы: «Сястра», «Зямля», «Лявон Бушмар», «Трэцяе пакаленне», «Пошукі будучыні». Побач з раманамі і апавяданнямі ў 1930-я гг. Чорны стварае і драматургічныя творы: «Бацькаўшчыну», «Ірынку».

У асабістай бібліятэцы Якуба Коласа захоўваюцца дзве кнігі Кузьмы Чорнага: “Выбраныя творы” (1934 г.) і “Трэцяе пакаленне”(1935 г.). 

У  1932 годзе Кузьма Чорны ўваходзіў у склад камісіі для правядзення святкавання 50-гадовага юбілею Якуба Коласа. Як і класік беларускай літаратуры Кузьма Чорны быў абраны дэлегатам І Усесаюзнага з’езда ССП СССР, на якім выступіў з прамовай. Знакавая падзея для маладога пісьменніка.  

На І з’ездзе пісьменнікаў Якуб Колас уздымаў праблему працы над сабою сярод пісьменнікаў, а ў артыкуле «Вучоба пісьменнікаў – важнейшая задача» за 1934 год класік пісаў: «Я не буду гаварыць аб канкрэтных шляхах павышэння нашай пісьменніцкай кваліфікацыі…Усякі, хто захоча вучыцца, знойдзе і спосабы для гэтага. Тым больш, што спосабаў ёсць многа…Той з нас, хто не стаіць на месцы, а ідзе наперад, працуючы над сабой, робіць і поспехі. Я назаву Кузьму Чорнага, Глебку, Крапіву, Зарэцкага, Галавача, Мікуліча. Іх творчая прадукцыя, у выніку работы над сабой, мае бясспрэчнае дасягненне».

У 1938 годзе Кузьма Чорны быў беспадстаўна арыштаваны. 8 месяцаў сядзеў у Мінскай турме, з іх 6 — у камеры-адзіночцы. Следчыя рэгулярна катавалі вязня, што адбілася на стане здароўя пісьменніка і значна паменшыла яго жыццёвы шлях. Кузьма Чорны – першы беларускі савецкі пісьменнік, які ў сваім дзённіку пакінуў сведчанні пра зверствы НКУС.

Якуб Колас адбыў тры гады турэмнага зняволення ў Мінскім астрозе за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе (з 1908 па 1911 г.), таму як ніхто іншы разумеў і перажываў за лёс маладога таленавітага пісьменніка. Старэйшы сын класіка Даніла Міцкевіча ўспамінаў: «Бацька расказваў, што яшчэ да вайны пытаўся ў яго сам Панамарэнка: «Что бы вы сказали о Черном?» А пісьменнік тады сядзеў у турме. Вядома ж, Колас, як і належыць, пахваліў свайго малодшага калегу — верны, сумленны чалавек, выдатны пісьменнік. Той выслухай, набраў тэлефон: “Лаврентий Фомич! Мнения сходятся. Освободить!” Лаўрэнцій Фаміч — гэта Цанава». Нявысветленым засталося з чыімі думкамі супалі Коласавы. Змардаваны душой і целам пісьменнік быў вызвалены 8 чэрвеня 1939 года.

Тры новыя раманы, аб'ёмнае літаратуразнаўчае даследаванне паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» згарэлі ў першыя дні вайны.

У 1941-1944 гадах Кузьма Чорны знаходзіўся ў эвакуацыі (пераважна ў Маскве). Удзельнічаў у выданні газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», з якім супрацоўнічаў і Якуб Колас. 

 

Пад час Другой сусветнай вайны Якуб Колас знаходзіўся ў эвакуацыі ў Ташкенце. З ліставання пісьменнікаў ваеннага часу захаваліся два лісты:

 «Дарагі мой, мілы Канстанцін Міхайлавіч!

Пішу Вам у настроі вядома якім: смутак аб Беларусі не дае спакою. Урэшце гэта ўжо не настрой, гэта стала натурай. Так дзень за днём і ідзе, і ўсё чакалася, што гэта скора скончыцца. Але і цяпер я ў вялікі песімізм не падаюся. Лета гарачае мы перабылі, і цяпер наперадзе больш прасвятлення, як было раней. Пакуль што знаходжу забыццё і ўцеху ў працы. У гэтыя дні якраз пішу біяграфію Янкі Купалы, для зборніка, прысвечанага яго памяці.

Вайна і страта роднай зямлі выбіла нас з каляіны, і мы яшчэ не можам як мае быць ацаніць да канца, якую страту мы панеслі ад смерці Янкі Купалы, і што значыце ён і Вы для цэлай эпохі жыцця нашага народа. Гэта жывая гісторыя, і на ўсіх нас вялікі абавязак, каб яно ўсё не забылася, больш таго, каб з-пад нашых пер’яў вырасла ў вялікія вобразы. Я глыбока ўпэўнены у тым, што ніколі як цяпер і ва ўсе наступныя гады, беларускі пісьменнік будзе і гісторыкам (можа, у пэўным сэнсе), і крытыкам літаратуры, і даследчыкам яе. І толькі так, скарыстаўшы ўсё нам дадзенае, мы не дарма для нашага народа і роднай зямлі пражывём сваё жыццё.

З новай сілай паўстае перада мной прывабная і трагічная сваім лёсам беларускага простага чалавека постаць Міхала з «Новай зямлі». Усё будзе добра, вернемся на родную зямлю, па-новаму ацэнім вялікае шчасце жыць на ёй, і я зноў вярнуся да Міхала. Ён не дае мне спакою якраз у гэтыя дні смутку і надзей…

…Хочацца многае сказаць. Прыемна ведаць і адчуваць, што ёсць на свеце чалавек любы і дарагі, душа якога так многа змяшчае ў сабе, што зразумее і мяне — і не асудзяць строга і за маё доўгае маўчанне, і за сумбурныя думкі. Шчырае прывітанне Марыі Дзмітраўне! Няхай яна будзе здаровая і радасная. Да мяне прыехала мая сям’я… І мы цяпер жывём у Маскве ўтраіх. Дзень за днём, тыдзень за тыднем  – і прыйдзе шчасце варочацца на родную зямлю.

Ваш Кузьма Ч. 26.VII. 42 г.» 

У адказ Кузьма Чорны атрымаў наступны ліст ад класіка ад 29 жніўня 1942 года:

«Дарагі Кузьма!

Прымі маё сяброўскае беларускае шчырае прывітанне. Даўно мне хочацца напісаць табе хоць некалькі словак. Змаркоціўся я без ляшчоў, без баравікоў. Нават сняцца яны мне тут рэдка, а думаю аб іх часта. Не так аб баравіках, як аб той зямлі і тых лясах, што родзяць баравікі. Цяжкія хвіліны перажываў я тут, бо сябры мае далёка, бо рэдка даходзіць да мяне іх слова. Мне прыслаў т.Кавалёў  і твае фельетоны. Дзякую табе за іх напісанне. Трэба было б нешта прыдумаць, каб ашальмаваць тых сволачаў-пісак, што ліжуць зад Гітлера…..

Выпі чарачку за мой сум па роднай зямлі, па нашым мілым дарагім народзе. Няхай восеньскае сонца 1942 года абласкае яго, сагрэе цеплынёй вызвалення.

Цалую цябе. Твой Я. Колас».

Якуб Колас перажываў за Кузьму Чорнага, у лістах да сваіх сяброў і знаёмых класік вельмі часта згадаваў пісьменніка, цікавіўся станам яго здароўя, перадаваў прывітанні. Так, напрыклад 28 лістапада 1942 года Міхась Лынькоў напісаў Коласу, што Чорны ляжыць у вельмі цяжкім і небяспечным стане ўжо колькі дзён. У адказ Колас піша Міхасю Ціханавічу: «Што ж гэта з Кузьмою за напасць такая? Скажы яму, няхай не падае духам — абміне яго ліха: беларускі чалавек цягавіты».

Кузьма Чорны прысвяціў Якубу Коласу артыкул «Вялікі паэт беларускага народа», дзе адзначаў: «Уся творчасць вялікага паэта ёсць найглыбейшае адлюстраванне жыцця беларускага народа за некалькі самых бурных і яркіх дзесяцігоддзяў яго гісторыі. Выйшаўшы з самых глыбінь народа, Якуб Колас стаў песняром народнай душы. Імя яго ёсць гордасць народа».

У ваенныя гады Кузьма Чорны працаваў над раманамі «Вялікі дзень» (1941—1944), «Пошукі будучыні» (1943), «Млечны Шлях» (1944), аповесцямі (засталіся незакончанымі) «Сумліцкая хроніка», «Смага». Апошнія творы пісьменніка доўгія гады заставаліся ў рукапісах.

У 1944 годзе ў дзённіку «Гаворыць Клязьма» Якуб Колас напісаў: «трэба прагледзець “Млечны шлях” Кузьмы Чорнага. Перапісана слепа, чытаць цяжка. Напісана мнагаслоўна. Трудна вылузваць асноўнае…».  Твор быў прачытаны класікам да канца. Якуб Колас дае крытычную ацэнку твора:  «Задумана аповесць няблага. Бракуе ёй яснасці, прастаты. Мала адшліфавана». Але пры ўсім пры тым, даючы крытычную ацэнку твора, Якуб Колас параўноўвае Чорнага з Нобелеўскімі лаўрэатамі: «Як у Метэрлінка, у Кузьмы Чорнага персанажы пазнаюць сябе ў сваіх узаемаадносінах па маўчанні, па тых ледзь улавімых ценях і руках на твары, якія праяўляюцца ў той ці іншы момант. Манера гаварыць паміж сабою такая ж, як і ў персанажаў Кнута Гамсуна».

У гады Вялікай Айчыннай вайны ў Кузьмы Чорнага выйшлі зборнікі фельетонаў «Кат у белай манішцы» (1942) і апавяданняў «Вялікае сэрца» (1945). У верасні 1944 года ён вярнуўся ў Мінск, працаваў у рэдакцыі часопіса «Беларусь». Памёр ад інсульту ў выдзеленай Саўнаркамам кватэры-пакоі 22 лістапада 1944 года. Якуб Колас пісаў Святлане Сомавай.: “23 ноября умер наш белорусский писатель Кузьма Чорный. Это — лучший наш писатель. Прекрасный человек. Белорусские писатели понесли за войну тяжелые утраты.”

У артыкуле «Культура і навука БССР за 30 год» за 1949 год Якуб Колас пісаў: «Намоцна запісаныя ў гісторыі беларускай літаратуры заўчасна памёршыя маладыя пісьменнікі: празаік буйнейшага і яскравейшага таленту Кузьма Чорны, выдатны паэт Паўлюк Трус, пранікнёны майстар Эдуард Самуйлёнак». 

У сваіх публіцыстычных творах Якуб Колас не раз адзначаў талент Кузьмы Чорнага: «…уместно отметить работу крупнейшего белорусского прозаика Кузьмы Чорного. Он незаслужено малоизвестен союзному читателю. Переводов его произведений на русский язык явно недостаточно. Кузьма Чорный смело вводит нас в широкий мир страстей, отношений. поступков, где склалывается характер человека. Не зглаживая противоречий в образе, он вскрывает их, достигая цельности созидаемого характера. Герои Черного проходят сложные пути роста… Образы К. Чорного глубоко самобытны, но в то же время настолько широко обобщены, что перерастают национальные рамки. По силе изображения, по глубине проникновения в человеческую психологию этот яркий талант стоит на одном из первых мест в белорусской прозе».

Якуб Колас высока ацэньваў Чорнага, як перакладчыка, які пакінуў нам «таленавітыя пераклады “Капітанскай дачкі” і “Дуброўскага”».

У артыкуле «Развіваць і ўзбагачаць літаратурную мову» Якуб Колас адзначае «вельмі паказальнай у адносінах моўнай дбайнасці, чыстаты, цікавай пабудовы сказаў, з’яўляецца пісьменніцкая работа Кузьмы Чорнага. Літаратурная спадчына гэтага, так рана памёршага, мастака патрабуе самай пільнай увагі з боку як літаратурнай моладзі, так і старшых пісьменнікаў. Там ёсць шмат чаму павучыцца: пісьменнік умеў адкрыць новае гучанне слова, умеў выказваць ўсё, што турбавала яго, з вялікай дасканаласцю».

Матэрыял падрыхтавалі галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Васіліна Міцкевіч і навуковы супрацоўнік навукова-фондавага аддзела Наталля Адамовіч.